Мерыва прэстыжнасьці беларушчыны

У польскім часопісе Wprost улетку зьявіўся артыкул Яцка Бароўскага “Гісторыя па Інтэрнэце”, у якім аўтар даводзіць, што праз 200 гадоў наша эпоха можа стаць белай плямай у гісторыі, бо інтэрнэт-сайты – асноўныя носьбіты інфармацыі пра наш час – нетрывалыя ўтварэньні, і зьнішчаць іх прасьцей, чым, скажам, паліць Александрыйскую бібліятэку. Аднак Беларусі пэрспэктыва забыцьця не пагражае. Гісторыю першага дзесяцігодзьдзя нашай дзяржаўнасьці нашчадкі лёгка змогуць узнавіць. Нашы школьныя падручнікі ў электронных варыянтах пакуль не існуюць. А па падручніках зь любой гуманітарнай навукі можна прасачыць усе супярэчнасьці сёньняшняе Беларусі – настолькі моцна яны ўеліся ў школьныя дапаможнікі. Адно палохае — ці хопіць у гісторыкаў ХХІІІ ст. ведаў і вытрымкі, каб разабрацца ў гэтым спалучэньні рэшткаў старое ідэалёгіі, патрыятычнае патэтыкі, канфармізму складальнікаў і супрацьлеглых навуковых поглядаў, якія часта суседзяць у адным падручніку.

Мы, у сваю чаргу, празь сёньняшнія падручнікі можам пабачыць будучыню. Праўда, не на два стагодзьдзі, а ўсяго гадоў на 20—30 наперад, калі пакаленьне, якое цяпер па гэтых падручніках вучыцца, увойдзе ў самую сілу, зойме кіроўныя пасады і складзе ядро нацыі. Багата якія бацькі сёньня па савецкай завядзёнцы аддалі выхаваньне дзяцей на водкуп школе. То ці здолее яна ўкласьці ў іх беларускую душу? І што для гэтага трэба? 10 год таму хапала бел-чырвона-белага паса на вокладцы падручніка па гісторыі. Сёньня гэтага недастаткова. Той падручнік у дадатак мусіць быць разумна складзены і добра ілюстраваны, мусіць выпраменьваць дыхтоўнасьць і рэспэктабэльнасьць. Бо што толку адраджаць, калі ўсё адроджанае і вернутае ўспрымаецца як нешта другаснае, неабавязковае, кладзецца мёртвым грузам на далёкія паліцы сьвядомасьці. Мы мусім даводзіць прэстыжнасьць беларушчыны – такая патрэба часу і дзяржавы.

Ці даводзяць нашы падручнікі прэстыжнасьць беларускага? Вось тэма сёньняшняга нумару.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0