Павал Севярынец

Новая гісторыя

Заканчэньне. Пачатак у “НН” № 50, 52—53.

ІІІ.

Новае неба.

І ўбачыў я новую зямлю
й новае неба.

Адкрыцьцё, 21:1

Самае важнае вымярэньне новае гісторыі Беларусі — духовае Абуджэньне. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і нябёсах — на зямлі яны толькі разгортваюцца і прыводзяць да заканамерных вынікаў. Новае неба, неаглядная чысьціня і бясконцая веліч над Беларусяй — гэта ўжо ня сфэра прагнозу надвор’я, а адкрытыя вышыні духу. Якім чынам ажыцьцяўляюцца аксамітныя рэвалюцыі — і ў чалавеку, і ў масавай сьвядомасьці ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць грамадзтва, калі яго чакае Новая гісторыя? Што адчуеш ты сам? Адказы ясныя й глыбокія, як самі нябёсы.

Абуджэньне

Духовае Абуджэньне — гэта некалькі моцных, як разрад бліскавіцы, момантаў ісьціны.

Першы — адкрыцьцё таго, што ўсё навокал: і зямля зь ейным прыцягненьнем, і сонечнае сьвятло скрозь лісьце, і зорныя галяктыкі, і подых пачуцьцяў — увесь гэты вялізны, цудоўны й неверагодны Сусьвет створаны Богам. Творцу падуладна абсалютна ўсё, для Яго няма нічога немагчымага.

Другі момант, ня менш істотны, — Госпад Бог любіць сваё тварэньне, любіць і кожную асобу, і цэлыя народы, любіць такімі, якія мы ёсьць. Бог цябе любіць, чуеш? Няхай тваё сэрца адчуе покліч Ягонай любові!

І, нарэшце, трэці. Бог любіць нас так моцна, што ня можа пакінуць такімі, якія мы ёсьць. Дзьве тысячы год таму праз укрыжаваньне і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, Сына Божага ў чалавечым абліччы, кожнаму з нас была дадзеная магчымасьць ачысьціцца ад граху і зла ды жыць у Царстве Нябесным. Той, хто спасьцігае Хрыста й прымае Яго як Збаўцу, зьдзяйсьняе найвялікшую з усіх пераменаў у гэтым сьвеце. Новае жыцьцё розьніцца ад ранейшага, як бадзёры розум і цьвярозая памяць ад беспрабуднага сну.

Чалавек абуджаны пачынае ўдасканальвацца. Думкі, словы і справы набываюць сэнс, мудрасьць і гармонію. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот — магу засьведчыць на шматлікіх прыкладах сяброў і сваім уласным. Вера зьнішчае комплексы й стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражнёнасьць, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай зьяўляецца новая, поўная волі й любові спакойная сіла. Зь верай атрымліваеш сканцэнтраваны досьвед будучага жыцьця! Пачынаеш глядзець на гэтае жыцьцё нібыта зь нябеснае вышыні.

Грамадзтва, у якім ёсьць вера, кіруецца не фізыялягічнымі рэфлексамі ці псыхалягічнымі маніпуляцыямі, а жывой, паўсюднай адданасьцю найвышэйшаму дабру, справядлівасьці, салідарнасьці. Такое грамадзтва здольнае і да сацыяльнага спачуваньня, і да падпарадкаваньня закону. У грамадзтве, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, найлепш разьвіваецца рэальная дэмакратыя, пасьпяховая эканоміка, эфэктыўная дзяржава. Для чалавека, які прымае жывога Хрыста, апэруе духовымі катэгорыямі ды ідэаламі, поўніцца нябеснай дасканаласьцю, абстрактныя “дэмакратыя”, “права”, “адказнасьць”, “сумленнасьць”, “міласэрнасьць”, усе асноватворныя імпэратывы, на якіх трымаюцца цывілізацыя і культура, арганічныя й натуральныя.

У нацыі, якая перажывае крах дзяржаўнасьці, востры крызыс эліты і абвальны заняпад маралі, застаюцца толькі два варыянты — “быць” альбо “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі і ў яе мэнтальнасьці зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” — для нас настае час пакаяньня, эпоха посту й малітвы. Усеагульнае спавяданьне дазволіць нам асэнсаваць, скалануцца, прачуць увесь жах такога жыцьця і ўвесь боль адзінай надзеі. Супольная малітва — гэта душа нацыі. Так было ў Польшчы часоў “Салідарнасьці”, так было ў прыбалтыйскіх краінах падчас разбурэньня СССР. Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касьцёлах нараджаюцца трохсоттысячныя сьпевы на маніфэстацыях. Воля Божая і людзкія імкненьні зьліваюцца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сымфоніяй — і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і зьяўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца й гуртуецца нацыя!

Новыя вышыні

Пад новым небам у Беларусі выяўляюцца абсалютна нечаканыя рэчы. Беларуская гісторыя набывае глыбокі хрысьціянскі падтэкст, у якім угадваюцца ясныя асацыяцыі зь Бібліяй і празрыстыя эвангельскія вобразы. Узьнікаюць свой Стары і Новы Запаветы. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг паўстае як сьцяг Хрыста, а духовы гімн “Магутны Божа” — як сьпеўная малітва. Нацыянальныя асаблівасьці здаюцца проста прарочымі наканаваньнямі.

Усё робіцца настолькі відавочным, настолькі рэальным, што перад унутраным зрокам расхінаецца новая краіна. У пранізьлівых дэталях і намёках ты пачынаеш пазнаваць Новую Беларусь — цудоўную, маральную, эўрапейскую. Тую самую, якую мы так хочам убачыць.

Поўнасьцю сьвет відаць толькі зь нябёсаў. Усю Беларусь, усю бездань багацьця й хараство адметнасьцяў, да сьцяблінкі, да кропелькі роднасьці, да апошняй жывой душы, да астатняга атаму сэнсу, можна спасьцігнуць толькі праз Госпада Бога. Мне згадваюцца бел-чырвона-белыя налепкі, якія распаўсюджвала адна зь менскіх эвангельскіх грамадаў, з дэвізам, што максымальна ёміста выказвае нацыянальнае духовае азарэньне: Беларусь для Хрыста.

Абмежаванаму чалавечаму розуму ўвесь час уласьціва зводзіць хрысьціянскае абуджэньне да перавагі якой-небудзь канфэсіі. Небясьпечная памылка. Гістарычна склалася, што Беларусь зьяўляецца сусьветнымі сутокамі найбуйнейшых хрысьціянскіх плыняў, унікальнай арэнай сустрэчы каталіцтва, праваслаўя й пратэстанцтва, месцам нараджэньня ўніяцтва. І дзякуй Богу! Жывое хрысьціянскае жыцьцё — гэта перадусім выбар, і проста здорава, калі ты можаш выбраць адпаведную духовым запытам сыстэму традыцыяў, мэтодыку вывучэньня і рытуал. Агульнавядома, што ў Заходняй Беларусі, дзе канфэсіі сустракаюцца, а розныя храмы літаральна глядзяць адзін аднаму ў вокны, віруе духовая актыўнасьць і сацыёлягі ды статыстыкі фіксуюць анамальна высокія паказьнікі ў культуры, шкале каштоўнасьцяў і гаспадарцы.

Новае пакаленьне

Сёньняшняя сытуацыя разгортваецца заканамерна: новыя нябёсы для Беларусi адкрывае новае пакаленьне. Маладыя людзi 18—30 гадоў ня проста ставяць сьвечкi ў царкве цi чытаюць Бiблiю — яны абсалютна свабодна гавораць пра Бога, абвяшчаюць хрысьцiянскiя прынцыпы нацыянальнай iдэi, на поўны голас кажуць пра пакаяньне нацыi i Сьцяг Хрыста. Грамадзтва зьмяняецца пад iх уплывам. Новая генэрацыя ўжо апаноўвае палiтыку і прэсу, нефармальныя тусоўкi й цэрквы, унiвэрсытэты й школьныя летнiкi. На Захадзе гэта ў парадку рэчаў.

Насамрэч, калi ня юная двухмiльённая хваля — тады хто?.. Яе эпiцэнтр у буйных гарадох, у асяродзьдзях адукаваных студэнтаў, творчае iнтэлiгенцыi, нацыянальна настроеных нефармалаў. Але й у асяродку сярэднестатыстычнае моладзi, не спустошанай марксісцкiм альбо лібэральным матэрыялiзмам, бачныя некаторыя хрысьцiянскiя акцэнты — у дачыненьнях, жыццёвых устаноўках, этыцы. Нягледзячы на постсавецкую сумятню субкультураў, базавыя каштоўнасьцi й жыцьцёвыя арыенціры беларускае моладзi ХХІ ст. набываюць усё больш выразныя й пазнавальныя эўрапейскія абрысы. Моладзь, а празь яе ў пэрспэктыве і ўсё грамадзтва, рыхтуецца да кардынальных сьветаглядных пераменаў. Залпу, зь якiм пачнецца iмклiвае разьвiцьцё Новае Беларусi, варта чакаць ад палiтызаваных, структураваных, дынамiчных, нацыянальных паводле характару й хрысьцiянскiх паводле духу супольнасьцяў. Такое разьвiцьцё падзей дазваляе пераменам спрацаваць у маштабах усяе краiны i мець менавiта нацыянальнае гучаньне. Элемэнтарная формуля нацыянальнае iдэi ўжо рэалiзуецца як “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест”. Найлепшая, самая сучасная беларушчына — беларуская палітыка й эканоміка, мова й культура, беларускія тэмы й вобразы, беларускае месца й час — для найвышэйшага, хрысьціянскага, Божага сэнсу, які яе напаўняе.

У Беларусі маладая генэрацыя часам інтуіцыйна, а часам цалкам сьвядома ўжо арыентуецца ў слушным кірунку. Малады Фронт зь яго імкненьнем да хрысьціянскае палітыкі, Партыя Свабоды, краёўцы зь лёзунгам “Бог, нацыя, дзяржава!”, скаўцкі рух, выхаваны на Бібліі, — гэта яўна пакаленьне новае гісторыі.

Такiм чынам, моладзь адкрывае для сябе абсалютна новае жыцьцё. Гэта ня проста эўрарамонт, мода, перагляд iдэй цi новы кiрунак руху. Моладзь адчувае, як нараджаюцца й высьпяваюць у ёй самой усёахопныя, радыкальныя, капiтальныя пераўтварэньнi. Генэтыка й палітыка, прырода й грамадзтва, беларуская прастора й эпахальны час — гэта ўжо робiцца неадольным болем, неспатольнай прагай i проста сэнсам жыцьця новага пакаленьня.

Новае пакаленьне пеараадольвае страх. Бо ў новым тысячагодзьдзі нам так хочацца бачыць новую зямлю і новае неба!… Бо старая зямля й старое неба ўжо мінулі. (Адкрыцьцё, 21:1).

Пачалася Новая гісторыя.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0