На Кастрычніцкай плошчы панавала эўфарыя: нямногія чакалі, што пратэставаць у цэнтар ізноў зьбярэцца столькі людзей. Асаблівую атмасфэру стваралі гудкі аўтамабіляў – большасьць аўтамабілістаў выяўлялі такім спосабам салідарнасьць зь мітынгоўцамі. Моладзь коўзалася на каньках зь бел-чырвона-белымі сьцягамі за плячыма. Сьцягоў, сьцяжкоў і сьцяжочкаў было нямала – людзі скарысталіся магчымасьцю спакойна пранесьці іх да плошчы. Здаецца, на падыходах да цэнтру затрымалі толькі аднаго чалавека – Уладзімер Кішкурну.

Пераважную большасьць мітынгоўцаў складала моладзь. Яна брала ініцыятыву ў свае рукі: сёй-той прыносіў і раздаваў стужкі, сінія балёнікі. У тэрмасах прыносілі чай.

Мітынг пачаўся з выступу Аляксандра Мілінкевіча. Ён заявіў пра непрызнаньне вынікаў выбараў.

Калі на плошчы зьявіўся кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч людзі віталі яго воклічамі: “Мі-лін-ке-віч! Мі-лін-ке-віч! Мі-лін-ке-віч!” Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з прамовай: (Мілінкевіч: ) “Дарагія суайчыньнікі, шаноўныя сябры! Яны нам сёньня аб’явілі іхныя вынікі. Яны думаюць, што кагосьці пераканаюць. Ім здаецца, што хтосьці паверыць. Большасьць нармальных людзей сьмяецца над гэтымі працэнтамі. Гэта ня выбары, гэта – дзяржаўны, антыканстытуцыйны пераварот! Ганьба!” Мілінкевіч заклікаў лічыць Лукашэнку незаконным прэзыдэнтам.

Другі кандыдат Аляксандар Казулін, які разам з прыхільнікамі ўсталяваў на плошчы зроблены беларускімі мастакамі “Звон свабоды” заклікаў людзей ухваліць Дэклярацыю народа Рэспублікі Беларусь. У ёй адзначаецца, што 19 сакавіка ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот і Аляксандар Лукашэнка у змове са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай узурпаваў уладу. Аляксандар Казулін выступіў з такімі прапановамі:

“Прызнаць Рэспублікі Беларусь праведзеныя 19 сакавіка 2006 году адбытымі, але несапраўднымі. Прызначыць правядзеньне паўторных выбараў у адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь на 16 ліпеня 2006 году”.

Мітынг адзінагалосна ўхваліў Дэклярацыю народу Рэспублікі Беларусь, прапанаваную кандыдатам Аляксандрам Казуліным.

Пасьля гэтага Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра сваё рашэньне застацца на плошчы на ноч і заклікаў людзей прыносіць гарачыя напоі і цёплыя рэчы.

Яго падтрымалі прадстаўнікі руху “Хопіць!”, што заклікалі прысутных на плошчы прыносіць з дому намёты і разьбіць на плошчы палатачны гарадок.

Аляксандар Мілінкевіч і ягоная давераная асоба Аляксандар Дабравольскі заклікалі прысутных не разыходзіцца, званіць родным, прасіць іх прыносіць на плошчу цёплае адзеньне, ежу, каву і гарбату.

Нягледзячы на спробу агентаў у цывільнам перашкодзіць, паўсталі першыя намёты. Вакол іх шчыльным шэрагам стаіць ахова.

Мілінкевіч асабіста прайшоў у намётавы гарадок і прывітаў яго насельнікаў. На 22.30 намётаў было восем.

Аляксандар Казулін таксама сказаў, што будзе на плошчы да таго часу, пакуль на ёй будуць людзі.

На мітынгу таксама выступілі Анатоль Лябедзька, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімер Рыжкоў, іншыя госьці з замежжа.

Людзі з захапленьнем сустракалі стайкі белых чаек у небе – вястунак вясны. Падпявалі Лявону Вольскаму, Зьмітру Бартосіку, што пяялі ўжывую. Горача віталі Ўладзімера Арлова, Андрэя Хадановіча. Пляскалі Іне Кулей, Мілінкевічавай жонцы.

Сам Мілінкевіч некалькі разоў браў слова, хоць быў зусім хрыплы. Народ вітаў яго авацыяй.

Мітынг ішоў сёньня жвавей, чым учора, дзякуючы лепшаму гукаўзмацненьню і чаргаваньню музыкі й выступаў.

Выступалі ня толькі палітыкі зь Менску. Слова давалі і прыежджым зь іншых гарадоў. Сьмех і воплескі сарваў палкоўнік-камуніст з Талачына Мікола Петрушэнка, абурыўшыся цэнамі на бульбу, якія вырасьлі пад тысячу рублёў. Цьвёрда прамаўляў дэпутат з Гомеля Юры Глушакоў.

Прадстаўніца Бабруйска распавяла, што іхную машыну затрымалі па дарозе, але яны здолелі прарвацца на плошчу.

Сяргей Салаш, які сёньня быў вызвалены з турмы на Акрэсьціна, выступіўшы на плошчы, сказаў, што за Мілінкевіча на Акрэсьціна прагаласавала 90%.

Пляменьнік Ніла Гілевіча перадаў вітаньні ад народнага паэта Беларусі, які хварэе.

Сын Міхаіла Марыніча Ігар перадаў пасланьне ад бацькі: “Я веру ў перамогу”.

Дэпутат парлямэнту Нарвэгіі, выступаючы на Кастрычніцкай плошчы, заявіў, што вочы сьвету сёньня прыкаваныя да гэтай плошчы ў Менску.

Мітынгоўцы авацыямі віталі паведамленьне, што Эўразьвяз не прызнаў выбараў справядлівымі, ЗША, Польшча, Літва не прызналі вынікаў гэтых выбараў.

Дружына "Правага альянсу" ахоўвае гукаўзмацняльную апаратуры і выступоўцаў.

Вакол плошчы ўлады забаранілі продаж гарачых напояў (чаю, кавы) – нават у “Макдональдзе”. Увечары некаторыя людзі пачалі падвозіць каву і прадукты хлопцам, што заселі ў намётах.

На Кастрычніцкую патроху пачалі падвозіць цёплыя рэчы, гарачую каву і гарбату.

Над намётамі лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Міліцыя працягвае пагражаць млявымі заявамі пра “адміністрацыйную адказнасьць”.

У 23.00 Мілінкевіч заявіў, што дасягнутая дамоўленасьць зь міліцыяй: людзі застаюцца на плошчы, але музыку выключаюць, “каб не парушаць грамадзкага парадку”.

Аляксандар Казулін паабяцаў, што заўтра пад’едуць ягоныя іншыя прыхільнікі з рэгіёнаў.

На 23.00 на плошчы заставалася некалькі тысячаў чалавек.

Вынікі дня: часам складалася ўражаньне, што лідэры апазыцыі ў сваёй тактыцы некрытычна капіююць украінскі сцэнар пратэсту. Але таксама складалася ўражаньне, што людзям на плошчы мала абыходзіць тактыка палітыкаў – яны настроеныя пратэставаць і не здавацца.

Аўторак пакажа, ці людзі ў Менску гатовыя выходзіць на плошчу штодзённа аж да Дня Волі, які сёлета можа набыць цалкам новы сэнс.

Навіны ў рэжыме он-лайн можна чытаць на community.livejournal.com/minsk_news