Заведзеная 13 траўня супраць клецкага актывіста Сяргея Панамарова крымінальная справа паводле ч.2 арт. 188 (паклёп у друкаваных сродках) спыненая з‑за адсутнасьці складу злачынства.

Нагодай для крымінальнай справы стала нататка ў газэце «Бойкі Клецк», якую Сяргей Панамароў выдае ўласнымі сродкамі і для якой сам піша тэксты. У артыкуле «Адплата за бацькоўскую любоў» вялося пра тое, як кіраўнічка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальля Семашкевіч адсудзіла ва ўласнага бацькі маёмасьць ды пазбавіла яго бацькоўскіх правоў на малодшую дачку. Раней яна ўжо судзілася з прадпрымальнікам, палічыўшы адзін з артыкулаў у газэце абразьлівым. Але й тады, і цяпер адмысловая экспэртыза не знайшла парушэньня Крымінальнага кодэксу. Пра спыненьне крымінальнай справы супраць Панамарова паведаміў ягоны адвакат Аляксандар Галіеў: «Справу спынілі тыдзень таму, але пакуль няма афіцыйнага рашэньня». Па яго словах, ёсьць сьведчаньні ціску асабістага характара на Сяргея. Нібыта муж Натальлі Семашкевіч спрабаваў «падрэзаць» Сяргея на аўто сёньня на вуліцы, калі той развозіў на ровары газэту.

Зь Н. Семашкевіч, былой вучаніцай жонкі, у Панамарова даўнія стасункі. Некалі яна аформіла дамову аб продажы Сяргею памяшканьняў былой вайсковай часткі. Былую казарму ён прыстасаваў пад сталярны цэх, дзе вырабляў дзеля патрэбаў месьцічаў мэблю. Калі жонка прадпрымальніка Сьвятлана ў 2004 годзе паспрабавала свае сілы на парлямэнцкіх выбарах, мясцовая вэртыкаль узялася за сямейны бізнэс Панамаровых. Н. Семашкевіч анулявала ўкладзеную ёй жа дамову, нібыта знайшоўшы ў ёй памылкі. У выніку шматлікіх судоў прадпрымальніка пазбавілі бізнэсу і ён дагэтуль ня можа вярнуць укладзеныя ў цэх грошы. Адных судовых мытаў Сяргей сплаціў на суму 1,5 млн рублёў.

Газэту Панамарова, ды й яго самаго, ведае ўвесь горад. «Бойкі Клецк» чытаюць міліцыянты, пракурор, судзьдзі ды мясцовая вэртыкаль. Зьмест газэты — ад камунальных праблемаў ды ўзаемадачыненьняў зь мясцовай уладай да перадрукаў зь незалежных інтэрнэт‑выданьняў. З дапамогай жонкі клецкі актывіст кансультуе землякоў па шматлікіх юрыдычных пытаньнях. Артыкулы Панамарова ня раз выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў мясцовай улады. Па яго словах, кожны панядзелак, калі выходзіць сьвежы нумар «Бойкага Клецку», старшыня райвыканкаму Анатоль Бойка пагражае пазьдзіраць у начальніка клецкай міліцыі пагоны. Сяргей Германавіч лічыць, што яго газэта і ёсьць галоўнай прычынай перасьледу з боку ўладаў.

Сваю справу каторы год Панамароў робіць фактычна адзін. «Не спадзяюся на нашых палітыкаў, якіх, відно па ўсім, цалкам задавальняе стан рэчаў» — кажа былы сябра АГП ды прыгадвае цёплым словам «партнэраўцаў», якія падтрымлівалі яго на судах. Пакуль было аўто, вазіў са сталіцы незалежныя газэты. Калі ж партыйнае кіраўніцтва параіла наймаць транспарт у камэрсантаў, атрос рукі і заняўся ўласнай газэтай. Як камплімэнт, час ад часу чуе ад сяброў, што тыя пасьля яго самвыдату амаль не чытаюць «Народную волю».

Даведаўшыся пра крымінальную справу, выдавец «Бойкага Клецку» не збаяўся: «У турме таксама бяз справы сядзець ня буду». Але цяпер пляны зьмяніліся. Панамароў жыве ў цэнтры гораду, ягоны дом месьціцца побач з уваходам у гарадзкі парк. Год таму ў траўні на даху ягонай лазьні каля трох тыдняў пралунаў бел‑чырвона‑белы сьцяг. Цяпер гаспадар зьбіраецца паднавіць дах у доме. Адзін схіл даху ён штогод фарбуе ў бел‑чырвона‑белы колер, а другі — у жоўта‑блакітны.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0