З УСІХ СТАРОН

 

Пецярбург горад беларусаў

 

Санкт-Пецярбург рыхтуецца да 300-годзьдзя. Суседнiя краiны віншуюць другую расейскую сталіцу. Напрыклад, фiны зьбіраюцца па-суседзку падараваць гораду станцыю ачысткi каналiзацыi. Гэта падарунак i самім сабе, бо 5,5-мiльённы горад будзе зьлiваць шмат менш свайго неачышчанага “дабра” ў Фiнскую затоку. Практычныя латышы падораць конны помнiк Пятру І, якi стаяў у Рызе з даваенных часоў, і пазбавяцца тым самым яшчэ адной адзнакi расейскай прысутнасьцi ў iхнiм краi.

Да сьвятаў Пецярбург паднаўляюць. На дамбе, якая баронiць горад ад паводак, i на размытым падземнай ракой кавалку мэтро праца ідзе нават уначы. Але найбольш кідаюцца ў вочы рэстаўраваныя конi Клота на Анiчкавым мосьце (шляхетнай зялёнай пацiны на іх ужо няма), новая набярэжная каля Смольнага (з прыгожай каванай агароджай), замошчаныя наборным гранiтным брукам тратуары на Неўскiм.

Падсьвятлiлi Петрапаўлаўскую крэпасьць, самыя значныя будынкi ў цэнтры і масты церазь Няву. Адрамантавалi Растральныя калёны i ўсю стрэлку Васiлеўскага вострава. Пуцін любiць прымаць замежных гасьцей у сваiм родным горадзе, і цяпер архiтэктары б’юцца за заказ на перабудову аднаго з занядбаных царскiх палацаў (Канстанцiнаўскага) пад Марскую рэзыдэнцыю прэзыдэнта. А грандыёзны праект палацу для адмiнiстрацыi расейска-беларускага саюзу на Васiлеўскiм востраве перасталi абмяркоўваць пасьля захаду зоркi Паўла Барадзiна.

У красавiку 2001 г. скончыўся тэрмiн знаходжаньня ў Санкт-Пецярбургу першага афiцыйнага прадстаўнiка Беларусi. Прафэсар Уладзiмер Рудзянкоў адпрацаваў пяць гадоў, але так i не атрымаў статусу консула — ён лічыўся кiраўнiком аддзяленьня пасольства Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыi. Уладкаваў свой офiс ва ўтульнай i добра прыхаванай (пад арку направа) кватэры на набярэжнай Рабэсп’ера 8/46, недалёка ад Таўрычаскага палацу. Самай заўважнай культурнай акцыяй, зладжанай раднiкам летась, былi выступы салістаў менскай Опэры ў Эрмiтажным тэатры. Сьпявалі яны расейскiя рамансы ды iталійскiя арыi. З траўня 2001 г. абавязкi консула Беларусі ў Пецярбургу выконвае Васіль Шаладонаў. Ён добра валодае расейскай мовай, але гаворыць па-беларуску. Шаладонаў дапамог студэнтам-беларусам Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыi адстаяць правы на свабоднае абраньне прафэсараў i на пражываньне ў iнтэрнаце для замежных студэнтаў (дагэтуль беларусаў сялiлi разам з расейцамi ў малакамфортным i аддаленым ад навучальнага корпусу iнтэрнаце, а аплату бралi, як з замежнiкаў). Гэтым ды яшчэ асабiстай прысутнасьцю на навуковай канфэрэнцыi “Санкт-Пецярбург i беларуская культура” новы консул выклiкаў павагу ў мясцовай беларускай iнтэлiгенцыi. Згаданая канфэрэнцыя (дзявятая па ліку) прайшла ў чэрвенi 2001 г. i была арганiзаваная Санкт-Пецярбурскай асацыяцыяй беларусiстаў разам з Расейскай нацыянальнай бiблiятэкай. Яна была прысьвечаная памяцi Мiколы Ермаловiча. У адрозьненьне ад папярэднiх канфэрэнцыяў, гэтым разам не было нiкога зь Беларусi — толькi расейскiя i польскiя дасьледчыкi. Даклад аб разьвiцьцi беларусiстыкi ў Санкт-Пецярбургу зрабiў старшыня БГКТ Валянцiн Грыцкевiч. Прафэсар Антон Мiрановiч зь Беластоцкага ўнiвэрсытэту распавядаў пра стан i статус беларускiх праваслаўных арганiзацыяў у Польшчы. Цэлы блёк дакладаў быў прысьвечаны гiстарычным беларускiм кнiгазборам — бiблiятэцы бэнэдыктынак у Слонiме ў XVII—XIX ст. (Яланта Гвёзьдзiк з Катавiц), бiблiятэцы лютэранскiх канонiкаў у Вiльнi ў XVII—XIX ст. (Івона Пятшкевiч з Кракава), бiблiятэкам удзельнiкаў паўстаньня 1831 г. (Лiля Коўкель з Кракава), кнiгазборам Жаготы Анацэвiча i Вiктара Калiноўскага (Эдвард Ружыцкi з Катавiц). Статыстыку выданьняў расейскамоўных газэтаў у беларускiх губэрнях у XIX — пачатку XX ст. зрабiла Марыя Лукоўская.

Прэса

Пецярбурская прэса ў 2001 г. згадвала пра Беларусь прыкладна раз на месяц. Часьцей за іншых рабіў гэта рэгіянальны выпуск газэты Коммерсантъ. Пісаў ён пра тое, што “БАЛТОНЭКСИМ-банк” зьбіраецца ўкладаць грошы ў “БелАЗ”; пра пiцерскую кампанію “Метроком”, якая выйграла тэндэр на прадастаўленьне “Белтэлекаму” каналу доступу да Інтэрнэту; пра стварэньне на матэматычным факультэце Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту расейска-беларускага адукацыйнага цэнтру; пра губэрнатара Якаўлева, які браў удзел у выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Газэта чыноўнікаў і пэнсіянэраў Санкт-Петербургские ведомости цешыла сваіх чытачоў нататкамі “Ў супрацоўніцтва — добрыя пэрспэктывы” і інтэрвію са старшынём “Расейска-беларускага брацтва” Варанцовым. Газэта Смена на беларускую тэматыку наскочыла двойчы. Першы артыкул зваўся “Пяты “Гепард” рыхтуецца да наскоку на Беларусь” — пра тое, што на Сьвірскай вэрфі будуецца карабель для беларускіх памежных войскаў, другі — “МАЗы” падрыхтаваліся да наскоку” — аб сумеснай вытворчасьці аўтобусаў Кіраўскім заводам і МАЗам. Невское время паведаміла, што Мэталічны завод выйграў тэндэр на пастаўку ў Беларусь гідраэнэргетычнага абсталяваньня, а Вечерний Петербург радаваўся за Анатоля Ярмоленку, які “пад “фанэру” свой голас не хавае”. Абласная газэта Вести паведамляла пра візыт губэрнатара вобласьці Валер’я Сердзюкова на радзіму, у Гомельскую вобласьць. Вось, бадай, і ўсё, што пісалі пра Беларусь у Пецярбургу.

Мастацтва i кнiжкi

У верасьнi 2001-га выдавецтва “Петербургское востоковедение” выдала кнiгу “Праздничная культура в городах России и Белоруссии XVII в.”. У манаграфiі дасьледуецца ўплыў старабеларускай культуры на мастацкае жыцьцё Маскоўскай дзяржавы XVII ст. Асноўная мэта працы — рэканструкцыя афiцыйнай сьвяточнай культуры ў гарадах Расеi i Вялiкага Княства на фоне этнiчнай гiсторыi расейскага i беларускага народаў. Аўтар — Андрэй Катлярчук — ва ўступе згадаў добрым словам сваiх бабулю i дзеда, што жылі ў Тураве. Сам ён нарадзiўся ў Чачэніі, вучыўся ў Бранску, дысэртацыю абараняў ў Пецярбургу, а цяпер жыве ў Стакгольме. Кнiга выйшла ў прэстыжнай сэрыi “Slavica Petropolitana”.

Гiсторык-беларус Анатоль Разумаў сваё пяцiдзесяцiгодзьдзе адзначыў выданьнем чацьвертага тому кнiгi “Ленинградский мартиролог”, у якой зьмешчаныя кароткiя бiяграмы асобаў, расстраляных органамi НКВД па Ленiнградзе й Ленiнградзкай вобласьцi ў сьнежнi 1937 г. Сярод іх было 2097 выхадцаў зь беларускiх земляў.

Духоўнае i плоцевае

У лiстападзе 2001 г. у касьцёле Ўсьпеньня Прачыстае Панны Марыі, што на Першай Чырвонаармейскай вуліцы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч урачыста высьвяціў у прасьвітары беларускага паэта, дыякана Сяргея Сурыновіча з Івенцу. Цырымонія была трошку экзатычная, бо ля алтара стаялі два вазоны зь вялікімі пальмамі, а ў служэньні арцыбіскупу дапапагаў ксёндз-афрыканец. Служыць малады сьвятар будзе ў Пермі. На ўспамін аб урачыстасьці піцерскія беларусы сфатаграфаваліся зь ім і падаравалі яму копію беларускага каталіцкага малітоўніка, выдадзенага ў 1835 г.

Беларускія крамы

У аблiччы Пецярбургу звыклай зьявай сталiся крамы з назвамi “Беларускi абутак”, “Беларускiя шпалеры”, “Беларускiя халадзiльнiкi”. Робячы рамонты, гаспадары з ахвотай купляюць замест дарагой iталійскай цi гiшпанскай кафлі таньнейшую i добрую беларускую. Што праўда, лiдзкае пiва й менская ды берасьцейская гарэлка амаль зьніклі з продажу. На пiцерскi рынак зрэдку прарываюцца беларускiя харчы. Спакаваныя i названыя яны часам вельмi экзатычна. Прыкладам, купляе пiцерскi абываталь сыр “Северный”, на этыкетцы намаляваныя горы з асьнежанымi вяршынямi. А маленькiмi лiтарамi побач напiсана, што сыр зроблены ў Наваградку Гарадзенскай вобласьцi. Загадкавая i таямнiчая палiтыка назваў у беларускiх вытворцаў. Асаблiва “дастае” iхная моўная сарамяжлівасьць — ніводнага табе беларускага слова. Між тым, мова дапамагла б стварыць у расейскiх пакупнiкоў устойлiвыя назвы-стэрэатыпы. І выцесьніць беларускую прадукцыю зь пiцерскага рынку было б ня так лёгка.

Музыка

У сьнежні Саюз кампазытараў i дагэтуль невядомы “Санкт-Пецярбурскi саюз беларусаў” арганiзавалi канцэрт музыкаў-iнструмэнталiстаў зь сяла Страхава i народных сьпявачак зь вёскi Адвержычы. У асабняку на Малой Марской сабралася багемная публiка. Вясковыя музыкi нiякавата пачувалiся ў залі з паркетам i шыкоўнай мэбляй, побач з малахiтавым камiнам.

У сьнежні Эгару Мацыеўскаму — кампазытару й этнографу, гiсторыку й калекцыянэру музычных iнструмэнтаў — споўнілася 60 гадоў. Украiнец i патрыёт Украiны, дзеяч польскага культурнага руху, адзiн з сузаснавальнiкаў Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Пецярбургу, Эгар Мацыеўскi — сапраўды чалавек з культурнай прасторы даўняй Рэчы Паспалiтай. Сваёй працай i творчасьцю ён сьведчыць, што прастора гэтая iснуе i што Пецярбург ёсьць ейнай часткай. Значнай падзеяй стаўся цыкль ягоных песьняў на вершы Максіма Багдановіча. Бiблiяграфiя надрукаваных вучоным працаў мае 122 пазыцыi, пад ягоным кiраўнiцтвам абаронена 20 дысэртацыяў. У гонар Эгара Мацыеўскага 17—19 сьнежня прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя. Увесь першы дзень занялi вiншаваньнi: казахі падаравалі вышыты золатам чапак, марыйцы — дудку, асацыяцыя званарскага мастацтва — званочак мінулага стагодзьдзя. Ад беларусаў Мацыеўскага віншавалi Валянцін Грыцкевіч і Мікола Нікалаеў. Пасьля канфэрэнцыі адбыўся канцэрт: творы Эгара Мацыеўскага выконвалі тры харавыя калектывы й артысты пецярбурскіх тэатраў “Паўлінава пяро” і Марыінскага. Беларускія творы выконваў барытон Лявон Габрусёнак — сола і дуэтам з Марынай Фурман.

Маладая кампазытарка, студэнтка Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыi Ірына Базылёва ў 2001 г. запісала 9 песень для альбому “Пецярбурскi сшытак”. Частка тэкстаў там на царкоўнаславянскай мове — гэта такі сабе ілюстрацыйны матэрыял да ейнай працы па расшыфроўцы рукапісных беларускіх сьпеўных кніг Эрмалояў. Стылёва сюды ж трапляе й “Ойча наш” ужо па-беларуску (пераклад з царкоўнаславянскай Рыгора Барадулiна). Астатнія песьні напісаныя на словы беларускіх паэтаў: “Да Нёмна” й “Дзень добры” Адама Мiцкевiча, “Перапiсчык” ды “Псалтыр” Максiма Багдановiча, “Асьнежаная Лiтва” Алега Лойкі, “Bardzo proszę” Вiктара Шведа. Песьні выконваюцца ў суправаджэньні гiтары й скрыпкі. Сёлета альбом “Пецярбурскi сшытак” змогуць пачуць мэляманы й аматары старажытнай музычнай культуры.

Сьвецкая хронiка

У сьнежнi 2001-га ва Ўнiвэрсытэце культуры атрымала дыплём музэязнаўцы Маргарыта Пярова — пляменьнiца Лявона Луцкевiча i цётка Данчыка. Гэта яе другая вышэйшая адукацыя. Дачка Максіма Гарэцкага Галіна Максімаўна (мае 80 год) перадала ў Беларусь частку бацькавай спадчыны: сотнi фатаздымкаў, лiстоў, аўтографаў. Галiна Максiмаўна жыве адна, у аднапакаёвай кватэры на праспэкце Бальшавікоў — тых бальшавiкоў, якiя рэпрэсавалі ейнага бацьку, а яе яшчэ дзяўчынкай выслалі разам з мацi ў Вятку.

Старшыня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Валянцiн Грыцкевiч у 2001 г. браў удзел у працы Зьезду беларусаў сьвету i зьезду Таварыства беларускай мовы. Рэктара фiнансава-эканамiчнага iнстытуту Лявона Тарасевiча (родам зь Беласточчыны) пераабралi сёлета на новы 5-гадовы тэрмiн; доктар мэдычных навук Мiкалай Гурын (родам з Наваградку) выдаў кнiгу пра тэхнiку апэрацыяў па выдаленьні апэндыксу; прафэсара, палкоўнiка мэдыцыны Мiхася Ханевiча (родам зь Любчы) перавялi з Санкт-Пецярбургу ў Маскву на генэральскую пасаду начальнiка катэдры ваенна-палявой i ваенна-марской хiрургii Інстытуту ўдасканаленьня пры Галоўным ваенна-мэдычным упраўленьнi Расейскiх узброеных сiлаў. У лiпенi на 3-м Зьезьдзе беларусаў сьвету адбылася прэзэнтацыя кнiг пiцерскага пiсьменьнiка Анатоля Кiрвеля “Мармуровы воўк”, “Адзiнка вымярэньня” i “Вакансiя”. А ў 10-м нумары “Полымя” была ўжо на iх рэцэнзiя Нiны Мацяш — апэратыўная рэакцыя, як на такія маленькiя наклады.

Панарама жыцьця 95-тысячнага беларускага гораду (менавiта столькi беларусаў зараз жыве ў Пецярбургу) за цэлы год — справа для нас новая. Спадзяемся, што на 2002-і мы зможам зрабiць яе больш поўнай i разнастайнай.

Барон Брамбеус-2

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0