Беларусь праз сто гадоў

 

Лідэр Паўночна-Эўрапейскага Альянсу

Пасьля трэцяй сусьветнай вайны, разьвязанай у выніку абмену міжкантынэнтальнымі тэрарыстычнымі ўдарамі, палітычная карта сьвету істотна зьменіцца і засьведчыць, што спадзяваньні на калектыўны цьвярозы розум чалавецтва зноў выявіліся марнымі. У пачатку ХХІІ ст. Кітай будзе знаходзіцца ў стане паўраспаду, Расею вынікі вайны лякалізуюць у раёне Заходне-Сібірскай раўніны, ЗША будуць падзеленыя паміж Канадай, Мэксыкай, Кубай, Бразыліяй і Аргентынай. Індыя верне ў сваё ўлоньне Пакістан і будзе захоўваць узброены нэўтралітэт. У часе паваенных разборак курды ўтвораць сваю дзяржаву — Курдыстан, а Ірляндыя акупуе сумежныя зь ёю землі Брытаніі (рэшта ангельскай тэрыторыі будзе ўяўляць сабою атамны палігон).

Беларусь будзе сустракаць ХХІІ стагодзьдзе як цэнтар Паўночнай Эўропы, утварыўшы геапалітычны Паўночна-Эўрапейскі Альянс, у які ўвойдуць Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Польшча, Фінляндыя, Карэлія і пратэктарат “Прыбалтыя”. Караблі беларускага ваеннага і гандлёвага флётаў будуць знаходзіцца ў Балтыцкім, Баранцавым, Паўночным, Нарвэскім морах і ў Батнічнай затоцы.

Пасьля трэцяй сусьветнай Беларусь будзе перажываць дэмаграфічны ўздым — нашых нашчадкаў ня спыняць эканамічныя праблемы. Наадварот, рост нараджальнасьці будзе абумоўліваць пэрспэктыву эканамічнага росту.

Навуковы патэнцыял краіны будзе захаваны. Працягнецца разьвіцьцё навукаёмістых тэхналёгіяў. Нашыя спадарожнікі будуць выведзеныя на арбіту Зямлі ды іншых плянэтаў.

Унутраны палітыка-сацыяльны лад будзе вызначацца наступнымі зьменамі. Да ўлады ў краіне прыйдзе Беларускі Нацыянальны Кангрэс і ягоны канцлер, а інстытут прэзыдэнцтва захавае пераважна прадстаўнічыя функцыі. Для вырашэньня пытаньняў нацыянальнага выжываньня і дзяржаўнай бясьпекі склікаецца Вальны Сойм Старэйшынаў. На пастаяннай аснове дзейнічаюць Верхняя Палата і Палата Прадстаўнікоў. Захоўваецца даваенны адміністрацыйны падзел на раёны і вобласьці. Сваю асобную форму кіраваньня мае пратэктарат “Прыбалтыя”, у які ўваходзіць і былая Калініградзкая вобласьць. Ва ўмовах пастядравай адбудовы дзейнасьць наднацыянальных і небеларускіх партыяў і таварыстваў забаронена Канстытуцыяй.

Мова і нацыянальная школа. Разам з заняпадам Расейскай Фэдэрацыі спынілася і экспансія расейскай мовы. Беларуская дзяржава абсалютна натуральна пачала вяртацца да сваёй. Нейкага асобнага нацыянальнага ўнівэрсытэту не пабудуюць: нацыянальнымі стануць ужо існыя ВНУ, ПТВ, ліцэі, а найперш дзіцячыя садкі ды яселькі.

Мэдыцына. З-за росту сьмяротнасьці ад хваробаў, выкліканых радыяцыяй, заканадаўча замацавана права на эўтаназію. Усе цяжарныя ў абавязковым парадку праходзяць дыягностыку на наяўнасьць паталёгіі плоду. Дзяржава ўсяляк стымулюе нараджэньне здаровых дзяцей і не ўхваляе абортаў.

Рэлігія. Ніякага агульнанацыянальнага веравызнаньня беларусы праз сто гадоў мець ня будуць — навошта? Больш за тое, хрысьціянства пасьля трэцяй сусьветнай будзе занепадаць. Пачне адраджацца інстытут Герояў. З рэнэсансу паганства паўстане рэнэсанс культуры. Культура перастане быць дзьвюхдушнай і двухязыкай. З кантынэнтальнай Беларусь ператворыцца ў марскую дзяржаву. Беларуская нацыя, выйшаўшы ў воды Сусьветнага акіяну, адчуе сябе нацыяй сьвету, мужнай і самадастатковай. Мора вызваліць нашых нашчадкаў з палону прадзедавых комплексаў. Але аднойчы, уключыўшы сыстэму аўтапілёту дзесьці паміж Менскам і Бангалорам, малады беларускі штурман адкінецца на сьпінку крэсла і ўзгадае такія зямныя радкі:

хай дождж пральецца, і выйдуць

пчолы,

і ў полі вырастуць камяні,

і зь неба промень пырсьне вясёлы

на кроны, краты і карані!

Бо і праз сто гадоў беларусы застануцца свабоднай Нацыяй Паэтаў.

Славамір Адамовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0