літаратура і мы

Наша Бабілёнская бібліятэка

Адозва ўправы міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі кнігазбор”, зьмешчаная на сайце “БК” (www.bk.knihi.com), пачынаецца так: “За шматвекавую гісторыю свайго існаваньня беларускі народ стварыў вялікую і самабытную літаратуру, адну з самых багатых у сьвеце. На жаль, яна ў сваім поўным аб’ёме ўсё яшчэ схаваная ад нас за сямю замкамі. Прыйшоў час адамкнуць тыя замкі…”

Сапраўды, час. Аднак, аналізуючы выдадзенае “БК” за 5 гадоў, прыходзіш да высновы, што арганізацыя ня надта сьпяшаецца адмыкаць тыя замкі. Гучна заявіўшы ў пляне-каталёгу аб друкаваньні перакладнога рыцарскага і гістарычнага раману Беларусі XV—XVII ст., твораў І.Быкоўскага, М.Матушэвіча, М.К.Агінскага, Е.Фялінскай, Ю.Крашэўскага, І.Ходзькі, С.Акрэйца, М.Мойхер-Сфорыма, Я.Брайцава, Ф.Аляхновіча, Б.Мікуліча, А.Пальчэўскага, У.Случанскага, У.Самойлы, С.Пясецкага ды дзясяткаў іншых аўтараў, невядомых нават спэцыялістам, спадар Цьвірка і СО у апошнія гады “спаборнічае” з таннай “Школьнай бібліятэкай” і перавыдае Чорнага ды Мележа, якія залежваюцца на паліцах кніжных крамаў. Цяжка зразумець маркетынгавую палітыку “Беларускага кнігазбору”: Цьвірка цудоўна ведае, як вокамгненна разышліся надрукаваныя ім “Беларускія летапісы і кронікі”, выбраныя творы Ластоўскага й Жылкі, выдатна разумее, якой літаратуры прагне сёньня беларускі чытач. Ці то “Беларускі кнігазбор” — пры ўсёй павазе — з самага пачатку быў прыгожай мыльнай бурбалкай, бо ягонае кіраўніцтва ведала, што столькі таленавітых перакладчыкаў з лаціны, польскай, габрэйскай, старабеларускай ім не знайсьці. Ці то “кнігазбораўцы” ня хочуць раздражняць улады выданьнем літаратуры часоў Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай, а таксама твораў пісьменьнікаў-“нацдэмаў”, рэпрэсаваных камуністамі, і таму мусяць друкаваць выдатных, але стратных сёньня клясыкаў беларускага сацрэалізму — да іхных юбілеяў “рэспубліканскага значэньня”.

* * *

Беларускія літаратары правялі за кратамі і ў высылках паўтара стагодзьдзя. Сядзелі Дунін-Марцінкевіч, Вярыга-Дарэўскі, Гурыновіч, Гарун, Колас, Аляхновіч, Ластоўскі, Дубоўка, Дудар, Мрый, Чорны, Грахоўскі і шмат хто яшчэ. Дваццаць гадоў хаваўся ва Ўкраіне ад арышту за ўдзел у антырасейскім паўстаньні Багушэвіч. Быў зьняволены на дзесяць месяцаў Славамір Адамовіч.

Сядзелі і сядзяць нашыя творцы ўсё за тое ж: за вольную Беларусь і прагу чалавечага жыцьця, свабоду творчасьці й мову. Як трапна адзначыў у сваіх “Турэмных дзёньніках” Адамовіч, “за сваё, дзякуй Богу, за Бацькаўшчыну, не за ліхое”.

У няволі ўсе яны — празаікі, паэты, драматургі — сумесна пішуць “Гісторыю зьняволеньня беларускай Музы”. Пішуць сваімі жыцьцямі, уласнай крывёю. Хто паставіць кропку ў гэтым жудасным творы? Калі абарвецца тая жахлівая традыцыя нашага слоўнага мастацтва? Я пэўны: мужнасьць і сіла не пакінуць нашых літаратараў. І аднойчы палымянае слова аднаго зь іх спапяліць апошняга дыктатара Беларусі.

* * *

“Бязьлітасны мой воін” Алены Брава (“Крыніца”, № 69, 2001) — аповесьць пра трагічнае безадказнае каханьне журналісткі да “опэра” — узор так званай “жаночай прозы”, жанру, амаль не прадстаўленага ў сучасным беларускім пісьменстве, але вельмі папулярнага сярод нашых грамадзянаў, якія задавальняюць сваю чытацкую смагу дзякуючы расейскім кнігавыдаўцам. Танюткая 28-старонкавая аповесьць спадарыні Брава пераканаўча сьведчыць: беларуская масавая літаратура можа стварацца ў нацыянальных формах. І на яе будзе попыт.

Пра саму аповесьць. У творы Алены Брава няма архідынамічнага сюжэту, інтрыгі, страляніны, сэксу. Беларуская рэчаіснасьць у аповесьці пазначаная паліткарэктна і нешматслоўна, пункцірам. Яна — толькі фон, на якім разгортваецца драма гераіні: дзялкі, што спрабуюць “загнаць” праз нашу краіну алюмін на Захад; дэпутат К., які заснаваў фонд з гучнай назвай “Шчыт” быццам бы дзеля барацьбы са злачыннасьцю; норавы ў Рэспубліканскім клінічным псыхіятрычным шпіталі; айчым-садыст, былы наглядчык на “зоне”; брудныя электрычкі і г.д.

У творы, які поўніцца філязофскімі развагамі пра каханьне, быцьцё чалавека ў Сусьвеце, праўдападобна, з тонкім псыхалягізмам намаляваны ўнутраны сьвет жанчыны, што спавядаецца, пакутуючы ад “адсутнасьці неабходнай для жыцьця субстанцыі любові”.

Не адна беларуска яшчэ пазнае ў ёй сябе.

* * *

9 сьнежня 2001-га споўнілася 110 гадоў з дня нараджэньня нашага Максіма Кніжніка. Тады ж адсьвяткаваў свой юбілей музэй Багдановіча, што ў Траецкім, які прыняў першых наведнікаў толькі ў 1991 г. Экспанаты да яго зьбіралі па драбніцах, пачынаючы зь сярэдзіны 80-х. І іх у залях музэю няшмат. Бо ніхто цягам сямідзесяці гадоў сьвядома, цішком ад улад, не зьбіраў, ратуючы ад забыцьця й праху, рэчы, да якіх дакранаўся Багдановіч. Ніхто, маючы супэрсучасную кампутарную тэхніку, да гэтага часу не парупіўся “пачысьціць” ягоны здымак, і “ЛіМ”, не саромеючыся, друкуе мутнае фота паэта на ўсю першую паласу да ягонага юбілею (№ 49, 2001). Ніхто ня ўзяўся надрукаваць Максімаў дзёньнік, што ляжыць зараз у нейкай музэйнай скрынцы, калі мышы яшчэ ня зьелі. Дасюль не ўсталяваная пліта на магіле Багдановіча ў Ялце — няма грошай. Затое на “зуброў” і налёпкі яны ёсьць.

Мы, беларусы, жывем днём сёньняшнім, і таму ў вечнасьці няма нічога для нас.

* * *

Побач з намі існуе паралельнае вымярэньне беларускае літаратуры, чароўная Шамбала. Там знаходзяцца тэксты, якіх мы ніколі не чыталі: творы Дуніна-Марцінкевіча, што згарэлі разам з домам у Люцынцы; вершы Багрыма ў чатырох сшытках, канфіскаваных у паэта; “Беларускія апавяданьні Бурачка” і “Скрыпачка беларуская” Багушэвіча, якія забараніла і згнаіла царская цэнзура; вершы, апавяданьні і п’есы самагубцы Палуяна, ня знойдзеныя дагэтуль; раман Зарэцкага “Крывічы”, адабраны КДБ; ліставаньне Ластоўскага і Багдановіча, схаванае недзе ў патайніку. Усё гэта і многае іншае знаходзіцца ў паралельным сьвеце, у беларускай Бабілёнскай бібліятэцы.

Усё б аддаў, каб апынуцца там.

Павал Абрамовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0