Наталка Бабіна

Чалавек на сваім месцы, або Закусь багоў

 

Жэнік Буд-Гусаім і быў падобны да татарына: невялічкі, з крываватымі нагамі, вузкімі раскосымі вачыма, учэпісты і моцны. Арганічна глядзеліся й жоўтыя вусы, што спускаліся аж на падбародзьдзе. Каб ня мяккі, спакойны выраз твару, здавалася б, і не было гэтых некалькіх стагодзьдзяў — вось толькі што ён напіўся кумысу са скураной біклагі, зьлез зь нізенькага калматага стэпавага коніка і агледзеўся — у якія краі занесла доля ваяра-качэўніка? Але, глянуўшы ў Жэнікавы вочы, можна было зразумець, што ні пры якіх абставінах гэты чалавек ня ўзьніме на дзіду хрысьціянскае немаўля і нават сьмяротна пакрыўдзіцца, калі яму намякнуць, што для ягоных продкаў гэта не было такой ужо вялікай праблемай.

Ці склалася жыцьцё Жэніка Буд-Гусаіма? Ясна, чаму ж не. Ён працуе мулярам у вялікай прыватнай будаўнічай фірме “Эльсан”. Тут добрыя заробкі: прараб езьдзіць на працу на патрыманым мэрсэдэсе, галоўны інжынэр — на новай аўдзі, а дырэктар жыве ў катэджы за горадам. Зімой, пасьля сьнегападу, у катэджны пасёлак заўсёды пасылаюць з будоўлі экскаватар — чысьціць дарогу.

Жэнік таксама быў хацеў купіць машыну, але перадумаў: навошта яму дадатковы галаўны боль, калі і на тралейбусе ён зручненька дабярэцца, куды яму трэба? Тым больш што машына перашкодзіла б сяброўству. У Жэніка на рабоце сябры.

Кожны дзень пасьля працы Жэнік зь сябрамі выпівае ў бытоўцы. Паколькі ўсе яны няблага зарабляюць, то часьцей за ўсё закусваюць салам, хоць часам здараецца, што на нармальную закусь не стае. Аднойчы ўсіхных грошай хапіла толькі на лімон, але майстар Пятровіч, перасмыкнуўшы ад кіслага плячыма, аптымістычна зазначыў:

— Закусь багоў!

Ды гэта не галоўнае. Галоўнае для сяброўскай бяседы — гарэлка, а на яе хапае заўсёды, дзякуй дырэктару.

Быў час, калі Жэнік задумваўся пра сваё жытло, але, як ні круціў, выходзіла, што пабудаваць сабе кватэру ён ня зможа. Нерэальна. Таму ён задавальняецца інтэрнатам, тым больш што тут у яго таксама сябры. У інтэрнаце Жэнік сустракаецца з Валяй. Калі яна прыходзіць, абодва хлопцы, ягоныя суседзі, далікатна зьнікаюць.

Валя таксама працуе ў “Эльсане”, у брыгадзе тынкоўшчыкаў. Здымае пакойчык разам зь дзьвюма каляжанкамі. Валя адразу спадабалася Жэніку. Кругленькая ўся, маленькая, зграбненькая. І носік бульбінкай, і прыскі*, і вочкі — усё кругленькае. І спаднічкі яна носіць такія, каб абцягвалі, як аблівалі. Маўклівая. Гэта калі Жэнік пачаў сустракацца з Валяй, калі зразумеў, што яна стала дарагой яму, задумаўся ён пра кватэру. Але хутка зразумеў, што нічога не атрымаецца. Як ні добра ён зарабляе, як ні добра зарабляе Валя — кватэры яны не адужаюць. І перастаў пра гэта думаць.

А Валя маўклівая, спакойная.

Праўда, апошнім часам яна неяк спала з твару, зьбялела, аднойчы раптам расплакалася, лежачы каля Жэніка. Жэнік тады аж перапалохаўся, але, як ні стараўся, так і не дазнаўся, чаго ж яна плача.

…А Жэнік, няма сумневаў, добра ўладкаваны і паважаны ў гэтым жыцьці. Аднойчы да іх на будоўлю прыходзіла журналістка — дзівачка ў капялюшыку ды з торбачкай. Прараб прывёў яе да Жэніка, і яны з гадзіну прагаварылі ў бытоўцы, а потым у газэце зьявіўся артыкул — “Чалавек на сваім месцы” — і фота Жэніка Буд-Гусаіма на тле пад’ёмнага крану. Яны тады яшчэ добра выпілі на рабоце з нагоды таго, што Жэнік праславіўся на ўсю Беларусь, потым у інтэрнаце выпілі яшчэ.

А неўзабаве пасьля гэтага кашаль, што даўно ўжо назаляў Жэніку і перашкаджаў начамі спаць ягоным суседзям, узмацніўся настолькі, што адцягваць паход да доктара стала ўжо нельга. І Жэнік трапіў у Бараўляны.

Валя прыходзіла да яго, змарнелая, бледная, і аднойчы прызналася, што чакае дзіця.

Кашаль па-ранейшаму душыў Жэніка, таму ўначы, каб не будзіць суседзяў у палаце, ён часта выходзіў у далёкі кут калідору, і там, ухапіўшыся за шпінгалет аконнай рамы, бухаў і бухаў сабе на прасторы. Так было і ў ноч пасьля прызнаньня Валі. Прываліўшыся да акна, каб ня ўпасьці, Жэнік глядзеў на засьнежаны бараўлянскі лес, абыякавы да яго, Жэніка, дый да ўсіх людзей. Абыякавы месяц узыходзіў над лесам, халодны вецер трос рамы.

Хто гэта будзе, хлопчык ці дзяўчынка? Як Валя сама дасьць рады дзіцяці? Пэўна, паедзе да сваіх, у вёску. Ні пра які аборт яна ня думала, гэта ясна, дый у Жэніка такая думка мільгнула толькі аднойчы, у першы момант ад нечаканасьці і ўзбуджанасьці. Углядаючыся ў ноч, Жэнік раптам зразумеў, што ён шчасьлівы, шчасьлівы, як ніколі, ад таго, што там, далёка ў горадзе ёсьць такая Валя, і ў ёй, усярэдзіне, жыве маленькі, маленькі Буд-Гусаім.

Ці пабачыць сам Жэнік дзіця?

Што ён зможа пакінуць яму ў спадчыну?

Пра гэта Жэнік ня думаў. Прыпаўшы лобам да халоднага шкла, ён глядзеў у ноч, але бачыў ясны дзень, сябе хлопчыкам: цьвілі вербы, першыя пчолы гулі над іхнымі жоўтымі коцікамі, ён пхаў свой плот па разліве Шчары, а зь берага, жоўтага ад лотаці, маці ў хустцы, завязанай па-палеску, крычала яму:

— Не плыві ў бухту, Геныку! Не плыві на глыбокае, сынку! — і зьзяла цёплае сонца.

Так разьвітваўся з жыцьцем — ці прывітаўся зь ім — невялічкі татарын, муляр, чалавек на сваім месцы, Жэнік Буд-Гусаім — закусь багоў.

 

* — поўныя шчочкі (паўдн.-зах.)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0