Прэч нiмбы!

Калi спрабуеш разабрацца, чаму жыцьцё беларускай лiтаратуры iдзе амаль паралельна з жыцьцём грамадзтва, бяз пунктаў сутыкненьня зь iм, ахоплiвае адчай перад маштабам праблемы. Зашмат недахопаў.

Найноўшыя мастацкiя тэксты з газэтаў ды часопiсаў часта бываюць нецiкавыя й маюць нiзкі мастацкі ўзровень. Кастусь Травень (“Жыцьцё нiжэй ватэрлiнii”, “НН” ад 12 лістапада 2001 г.) ставiць пытаньне: “Што нам прапануе наша iнтэлектуальная элiта?” Сп.Травень у сваiм артыкуле дэманструе, што нават больш здольныя i таленавiтыя беларускiя пiсьменьнiкі не зьяўляюцца носьбiтамi перадавых iдэяў, патрэбных грамадзтву. Ужываньне да iх слова “элiта” ёсьць пакуль толькi пажаданьнем. Бяда ў тым, што пiсьменьнiкi Беларусi моцна прызвычаеныя да гэтага тытулу. Прыналежнасьць да лiтаратурнай карпарацыi шмат кiм разглядаецца як агульнанацыянальны сэртыфiкат элiтарнасьцi.

Аўтар празьмерна ўзвысiўся, i гэта адбiлася на творчых вынiках. Вельмi ўжо часта альфабэт пачынаюць чытаць з апошняй лiтары. Зiрнем у апошнi нумар “НН” за 2001 г., на тыя сем калядных апавяданьняў i адно эсэ, якiя можна лiчыць адмысловым зрэзам сучаснае лiтаратуры.

Пяць зь iх прысьвечаныя жыцьцю сваiх аўтараў (пераклад з Картасара таксама кладзецца ў гэтае рэчышча). У сямi (выключэньнем – урывак з раману ўкраiнскага пiсьменьнiка Аляксандра Iрванца) аповед вядзецца ад першай асобы. Толькi ў чатырох нешта, акрамя першай асобы, адыгрывае ў дзеяньнi ня чыста службовую ролю, але ў аднаго Iрванца (ды мо яшчэ ў Адама Глёбуса) староньнiя справы наблiжаюцца па важкасьцi да Яго – гаспадара мастацкае прасторы.

Так, так! Гаворка не пра ўмоўную фiгуру апавядальнiка, накшталт Уотсана з твораў Конан-Дойла. У “апавяданьнях” (большая частка тэкстаў выразна належыць да iншых жанраў) дзейнiчае пазнавальны, зь любасьцю апiсаны аўтар! Нават пераклад з Iрванца зроблены так, што ў кожным радку бачыш Уладзімера Арлова.

Канцэнтрацыя на Сабе не пакiдае сумневаў наконт таго, як высока лiтаратары ацэньваюць свае пэрсоны, наколькi важнымi iм падаюцца ўласныя перажываньнi i думкi з нагоды найдрабнейшых справаў (мо самы паказальны тут тэкст Сяргея Астраўца).

Між тым, падзеi, якiя абiраюцца для апiсаньня, характар удзелу аўтара ў iх не заўсёды заслугоўваюць надзвычайнае ўвагi іншых людзей. Ацэнкi, якiя шчодра раздаюць творцы, характарызуюць хутчэй iх саміх, чым навакольны свет. Вось i Зьміцер Бартосiк (“НН” ад 17 сьнежня 2001) прысьвяцiў свае падарожныя запiсы ня столькi таму, што чуў i бачыў, колькi таму, што яны з Арловым з гэтай нагоды зрабiлi ды падумалi.

Добра было б зьнiзiць каштоўнасьць асабiстага ўдзелу творцы ва ўласных апавяданьнях. Засталося б болей месца на важкiя для грамадзтва абагульненьні. Больш было б магчымасьцяў разважаць над нашымi супольнымi праблемамi.

Гэта дапамагло б запоўнiць нiшу ў агульнанацыянальным падзеле працы, якая належыць iнтэлектуальнай элiце. Калi пазьнiкаюць саматужныя нiмбы з грэшных галоваў працаўнiкоў пяра, тады й пабачым, што яны нам прапануюць i хто зь iх сапраўды належыць да элiты.

Сёньня сам факт лiтаратурнае працы ацэньваецца празьмерна высока. Галіна Дубянецкая (“Крынiца”, № 9, 2001) гаворыць пра свой пераклад верша Поля Вэрлена цi не паэтычней, чым пра сам верш (засеў у памяцi выраз, што ейны тэкст яшчэ не астыў ад “зорных бяссоньняў”), i гэта не выбiваецца з агульнага стылю пiсьменьнiцкiх размоваў пра сваю працу.

Мо таму пiсьменьнiкi непатрабавальна ставяцца да зьместу й iдэйнай скiраванасьцi твору (на што справядлiва наракае Кастусь Травень), што для iх уласная ўвага да зьявы, зьмяшчэньне яе ў мастацкi тэкст адназначна сакралiзуюць гэтую зьяву? Яны спадзяюцца задаволiць чытача ня зьместам цi формай, але самім фактам пiсаньня.

Пiсьменьнiкi памыляюцца, прымяншаючы ўзровень адукацыi й шырачэзныя магчымасьцi выбару (якiя, на жаль, амаль цалкам ляжаць па-за межамi беларускамоўнай прасторы) сваiх патэнцыйных чытачоў. Цi не таму чытачы й застаюцца патэнцыйнымi?

Элiта – гэта ня тыя, хто любiць гаварыць, нават ня ўсе тыя, каму ёсьць што сказаць, а тыя, каго будуць слухаць. (Гэта тычыцца, безумоўна, ня толькi пiсьменьнiкаў.) Лiтаратурныя здольнасьцi дазваляюць лягчэй прыцягваць увагу да сваiх словаў, дапамагаюць трапiць у элiту, але не вызваляюць ад абавязку думаць, перш чым выказвацца.

Элiта па вызначэньнi ёсьць лепшаю часткаю чагосьцi. Людзi з элiты працуюць з iдэямi больш за сярэдняга чалавека, але без акцэптацыi ім хаця б асноўных канцэпцыяў згадваць пра элiтарнасьць ня варта.

Сп.Травень прапануе выдатную праграму: “Сучасная проза павiнна вучыць сучаснага чалавека аналiзаваць, уносiць сыстэматычнасьць у ягоныя думкi, распрацоўваць мноства варыянтаў жыцьцёвых шляхоў, што вядуць да посьпеху... i, галоўнае, абуджаць смак да жыцьця”.

Каб выканаць гэтую нялёгкую праграму, трэба мець пачуцьцё еднасьцi з аўдыторыяй, разглядаць чалавека як сябра, а не як ворага; як чалавека ў патрэбе, а не як вычварэнца, дэгенэрата i няўдачнiка; як сваяка i калегу, а не як паддосьледную жывёлу, чые рэакцыi (прыкладам, на нязвыклую гаворку) вывучае дапытлiвы “элiтарый”.

Праблема беларусаў у iзаляванасьцi элiтаў ад большай часткі грамадзтва. Тыя, хто сёньня авалодаў маёмасьцю ды ўладай, у значнай ступенi пазбылiся адказнасьцi за рэшту насельнiцтва.

У пiсьменьнiкаў – патэнцыйнай iнтэлектуальнай элiты – iншы лёс. Ранейшая ўлада перарвала iхныя небясьпечныя сувязi з народам, кiнуўшы для кампэнсацыi сурагатны нiмб сакральнасьцi й сякую-такую магчымасьць выжыць ды пабачыць свае словы надрукаванымi. Пiсьменьнiцкая элiта ня здрадзiла народу канчаткова – ня мела такой магчымасьцi, бо ня мела адпаведнай ступенi свабоды.

Сёньня перад пiсьменьнiкамi выбар. Кастусь Травень гаварыў пра тое, што яны павiнны даць народнай аўдыторыi. Я перакананы, што тыя, хто ня мае лiтаратурных здольнасьцяў, але можа сфармуляваць патрэбы грамадзтва, мусяць надалей ісьцi пiсьменьнiкам насустрач, даводзячы iм свае жаданьнi. Гэта будзе маленькiм элемэнтам таго, што нам зараз вельмi патрэбна, – працэсу нацыянальнага яднаньня. А нiмбы пакiнем Небу.

Даніла Жукоўскі, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0