З усёй краіны

 

Праваслаўная царква пакуль ня выказалася

Паабяцанага на мінулым тыдні афіцыйнага камэнтару ад Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы з нагоды закрыцьця “Голасу душы” мы так і не дачакалі. У прэс-службе мітрапаліта Філарэта “НН” адказалі, што могуць прапанаваць толькі камэнтар архімандрыта Іаана, сакратара Менскага епархіяльнага ўпраўленьня Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, дадзены ім Кестонскай службе навінаў. Маўляў, калі ёсьць гэта, то турбаваць самога ўладыку ня варта. У стужцы Кестонскай службы навінаў, дасланай нам з прэс-службы Філарэта, нам не ўдалося знайсьці ані слова архімандрыта Іаана, якое б тычылася закрыцьця “Голасу душы”. Той толькі сказаў, што на Першым беларускім радыёканале ідуць суботняя праваслаўная праграма, а таксама ягоная нядзельная казань.

Ігнат Чакацкі

Шклоўскі Лас-Вэгас

За Шкловам на Лысай гары пабудуюць культурна-забаўляльны цэнтар. Кажуць, ідэю падказаў Уладзімер Канаплёў. Будуць кавярні, дамкі для сямейнага адпачынку, канцэртная пляцоўка, спартовая заля. Начальства, відаць, ня ведае, што ў народнай сьвядомасьці Лысая гара — месца гульбішчаў ведзьмакоў і чарцей.

Магілёўскія сьвятлафоры

Спэцыялісты Магілёўскага інстытуту прыкладной оптыкі распрацавалі новы сьвятлафор. Ён спажывае ў 5 разоў меней электрычнасьці, мае гарантаваны тэрмін працы 10 гадоў, а каштуе ўдвая менш за імпартныя аналягі.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

Хварэюць на трыхінэлёз

У Слонiме — успышка трыхінэлёзу (гэта такія дужа ўедлівыя глісты). Шпіталізаваныя пяцёра. Яшчэ ў васьмёх лёгкая форма захворваньня. Крынiцай заражэньня сталася мяса ўпаляваных дзікоў, якое не прайшло адпаведнай вэтэрынарнай экспэртызы. Зьявіўся трыхінэлёз і ў Сяньне на Віцебшчыне — там захварэлі пяць чалавек. Каб не заразіцца, трэба правяраць мяса свойскіх і дзiкiх жывёлаў у вэтлябараторыях. Летась на трыхінэлёз хварэлі 33 чалавекі, у 2000 г. — 69.

Паводле “Газэты Слонімскай”

Малпы зьмерзьлі

Берасьцейцы амаль не наведваюць Тульскага зьвярынцу, што стаіць зараз табарам каля Кобрынскага мосту. Паводле дамовы, госьці з Тулы мусяць прабыць у Берасьці да канца лютага, але невядома, ці датрываюць: грошай няма, а дарма мясцовыя мясакамбінаты карміць зьвяроў ня хочуць. Шчэ адна бяда — беларускія маразы. Найбольш баяцца холаду страўс і малпы.

У коме — чатыры месяцы

Два загадчыкі аддзяленьняў Пінскае радзільні часова пазбаўленыя сваіх пасадаў з-за таго, што адна маладая дзяўчына вось ужо чатыры месяцы знаходзіцца ў коме. Яна не прачнулася пасьля апэрацыі, і мэдыкі пакуль ня могуць даць рады. Прычынай комы сталася, відаць, надмерная доза наркозу перад пачаткам апэрацыі.

Замарозіла гарэлка

З пачатку зімы ад пераахалоджаньня на Берасьцейшчыне загінулі 15 чалавек. Усе сьмяротныя выпадкі адбыліся ў сьнежні. Самая вялікая колькасьць ахвяраў зарэгістраваная ў Баранавічах — 7 чалавек. З абмаражэньнямі збольшага трапляюць нецьвярозыя людзі.

І.Хведаровіч, Кобрынь

Сто літраў сьпірту

Жыхар Літвы ў сваім аўтамабілі “нісан” зрабіў тайнік, каб вазіць сьпірт. Зьмяшчалася туды аж сто літраў, адно што закрываўся тайнік, відаць, недастаткова гермэтычна, бо памежнікі на пункце кантролю “Катлоўка” ўнюхалі «груз». Аўтамабіль і сьпірт трапілі ў Ашмянскую мытню для далейшага разьбіральніцтва. Літовец, мабыць, пойдзе дахаты пешкі.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

У бібліятэцы няма газэтаў

У Глускую цэнтральную бібліятэку ад Новага году паступае толькі 12 беларускіх газэтаў. На іншыя не хапае грошай.

Ігар Кірын, Глуск

Столінскія “варагі”

Старшыня калгасу імя Аляксандра Неўскага (Смургоншына) Зянон Стэльмах запрасіў на працу 5 чалавек аж са Століншчыны, даў ім жыльлё. Стэльмах кажа, што палешукі добра працуюць, а на сваіх ужо надзеі няма: надта ласыя да гарэлкі.

Антон Агінскі, Смургоні

Міліцыя ахоўвае лебедзяў

Незвычайны клопат узялі на сябе супрацоўнікі Кобрынскага ГРУУС. Штораніцы яны спускаюцца пад стары мост на Мухаўцы, дзе вада не замярзае, каб падкарміць хлебнымі акрайцамі ды іншымі прысмакамі чародку белых лебедзяў, што зь нейкае прычыны не паляцелі ў вырай.

І.Хведаровіч, Берасьце

Ахвяры ў Баранавічах

Вялікія маразы даліся Баранавічам ў знакі. Аднак і адліга не прынесла палёгкі: людзі сталі часьцей падаць і калечыцца.

Як распавёў загадчык траўматычнага аддзелу Баранавіцкай больніцы Іван Нямера, падчас марозу ў сьнежні — пачатку студзеня абмарозілася прыкладна 10 чалавек, зь іх тром давялося рабіць ампутацыі. У асноўным гэта п’яніцы й бамжы. Цяперака вельмі шмат народу зьвяртаюцца ў больніцу з рознымі траўмамі. Толькі ў апошнюю нядзелю, 20 студзеня, калі не працавалі паліклінікі, у гарадзкі шпіталь зьвярнуліся 44 чалавекі зь пераломамі, страсеньнем мазгоў і ўдарамі.

Руслан Равяка, Баранавічы

Беларусь сабатуе саюзны бюджэт

Прапорцыя ўнёскаў у саюзны бюджэт для Расеі і Беларусі складае адпаведна 65 і 35%. У 2001 г. Беларусь пералічыла толькі траціну грошаў ад патрэбнага — 30,2%. У 2000 г. было яшчэ меней — 29,8%. Наша рэспубліка ігнаруе фінансаваньне саюзных праграмаў вытворчасьці інтэгральных мэханізмаў, якаснай малочнай прадукцыі, машынавытворчасьці для швейнай прамысловасьці, бо ня бачыць у іх выгады для сябе.

Драконаўскі законапраект аб партыях

У Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца законапраект, які прадугледжвае забарону партыяў за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, калі яны пацягнулі за сабой “істотную шкоду”, такую як парушэньне руху транспарту, калецтва ці гібель людзей, нанясеньне ўрону ў памеры 10.000 мінімальных заробкаў. Аналягічныя папраўкі могуць быць унесеныя і ў закон “Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні”.

“Беларуськалій” судзіцца з шахцёрамі

Сёньня Менскі абласны суд разглядае пазоў “Беларуськалію” пра прызнаньне незаконным рашэньня салігорскіх шахцёраў правесьці 1 лютага забастоўку пратэсту супраць парушэньня правоў прафсаюзаў.

Журналісты незалежных СМІ едуць у ЗША

Галоўныя рэдактары “Пагоні” Мікола Маркевіч, “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, Белорусского рынка Вячаслаў Хадасоўскі і віцэ-прэзыдэнт БАЖу Андрэй Бастунец наведаюць 3—10 лютага Нью-Ёрк і Вашынгтон на запрашэньне Міжнароднай лігі правоў чалавека. У ЗША беларускія журналісты сустрэнуцца з супрацоўнікамі ААН, членамі Кангрэсу ЗША, журналістамі тамтэйшых СМІ.

Прарасейская заява сацыял-дэмакратаў

БСДП (НГ) выказала заклапочанасьць з нагоды адмовы беларускіх улад ад выкананьня раней дасягнутых пагадненьняў з кампаніяй “Балтыка” па прыватызацыі ААТ “Крыніца”. Сацыял-дэмакраты сьцьвярджаюць, што Лукашэнка ня хоча прытрымлівацца дамоўленасьцяў, бо эканамічныя рэформы могуць абмежаваць ягоную адзінаасобную ўладу. Упершыню беларуская палітычная сіла выступіла ў падтрымку расейскага ўласьніка насуперак пашыранаму меркаваньню пра неабходнасьць тармазіць прыход расейскага капіталу ў Беларусь. Зрэшты, мо прычына ў тым, што “Балтыка” належыць швэдам?

Новыя прызначэньні

Аляксандар Петраш прызначаны першым намесьнікам міністра юстыцыі, Віталь Калугін, Валеры Мацкевіч, Пётар Фалько — намесьнікамі міністра юстыцыі, Анатоль Сьверж — першым намесьнікам міністра фінансаў, Іван Заяш, Аляксандар Курлыпа, Іван Шунько — намесьнікамі міністра фінансаў, Анатоль Дазораў — першым намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня, Мікалай Папкоў і Анатоль Рубанік — намесьнікамі міністра сельскай гападаркі і харчаваньня, Пётар Буцін — дырэктарам дэпартамэнту па хлебапрадуктах, Васіль Падаляка — першым намесьнікам міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, Аляксандар Апацкі і Валянцін Малішэўскі — намесьнікамі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Э.Л.

Рэфармаваньне Акадэміі

У аўторак на нарадзе ў НАН Беларусі з удзелам кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся пытаньні рэфармаваньня сыстэмы навукі. Магчыма, НАН атрымае функцыі органу дзяржаўнага кіраваньня, стане моцна цэнтралізаванай і будзе адыгрываць ролю міністэрства. Заміж агульнага сходу акадэміі плянуюць зрабіць Генэральную асамблею, куды ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх навуковых установаў, у якіх працуе дзесяць і болей дактароў навук. Будуць там прадстаўнікі ВАК і Белпатэнту. А ў склад Прэзыдыюму акадэміі павінны ўвайсьці прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія маюць дачыненьне да кіраваньня навукай. Ніякага канчатковага рашэньня яшчэ не прынята. Прафэсар Хадыка ў інтэрвію радыё “Свабода” ўхваліў меры, прапанаваныя Мясьніковічам для рэфармаваньня сыстэмы навукі.

пацярпелыя за Беларусь

За арганізацыю адукацыйнага сэмінару для незалежных назіральнікаў на выбарах звольненая працаўніца сталоўкі са Шклова Любоў Каверка. За распаўсюд друкаваных матэрыялаў КХП БНФ на мінулым тыдні ў Віцебску затрыманы Ўладзімер Плешчанка. 22 студзеня Плешчанка затрыманы зноў. У Баранавічах справы непаўналетніх, што бралі ўдзел 9 сьнежня ў Дні абароны правоў чалавека, разглядаў гарадзкі аддзел адукацыі і пакой непаўналетніх. Аліне Болбат, Раману Грыневічу, Аляксею Езавіту, Віктару Палулеху вынесена папярэджаньне за ўдзел у несанкцыяваным шэсьці, а бацькам А.Марыфіянскай вынесьлі папярэджаньне за злоснае ўхіленьне ад выхаваньня дачкі. Кацю Дзяркач адразу адпусьцілі і нават пратаколу ня склалі. Бо яшчэ дзяўчынка – 13 гадоў ёй толькі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0