Урад, што прыме гімн

Прэм’ер Навіцкі па ўсіх прыкметах выглядаў новым Чыгіром. Таму ніхто ад яго нічога асаблівага не чакаў, а абяцаньням будучага “ахвярнага казла” ня верыў. Ад ураду ў прэзыдэнцкай РБ не залежыць сапраўды нічога. Затое Навіцкі ўспрымаўся як такі сабе рэтрансьлятар думак і настрояў Адміністрацыі прэзыдэнта, якія з тых ці іншых прычынаў не выпадае абвяшчаць адкрыта. І таму дабрадушны прэм’ер абуджаў пэўныя спадзяваньні апазыцыі, зьняверанай ва ўласнай здатнасьці сілай зьмяніць палітыку ў краіне.

Чым адзначыліся першыя сто дзён ураду? Рост інфляцыі ўдвая і выкліканае гэтым ажыўленьне вытворчасьці пры канцы дэпрэсіўнага году. Масавыя арышты карумпаваных мэнэджэраў. Вызваленьне закупачных цэнаў на сельгаспрадукцыю. Прыняцьце плянаў беларусізацыі працы раённых аддзелаў адукацыі. Працяг ціхага сабатажу саюзнага бюджэту. Больш дэмакратычныя, чым у мінулыя гады, сьпісы намінантаў на атрыманьне дзяржаўных прэміяў. І хто будзе глядзець, што большасьць гэтых рашэньняў не прынятыя ўрадавай камандай, а спушчаныя загадамі Латыпава?

У апошнія месяцы ўлады пачалі зважаць на крытыку з боку грамадзтва. Віцэ-прэм’ер Кабякоў напалохаў усіх пераводам плацяжоў, большых за 200 даляраў, на безнаяўны разьлік, але з-за агню крытыкі рашэньне адклалі. Павялі кальцавую ў Курапаты, але мусілі дэ-факта паставіць будаўніцтва пад грамадзкі кантроль. “Голас душы” зачынілі, але ўжо няма сумневаў, што адчыняць наноў, варта яшчэ трохі ціскануць. Адчуваючы такія павевы, гандлёвая буржуазія павяла атаку на Міністэрства гандлю, якое прыняло рашэньне аб фактычнай манапалізацыі продажу цыгарэтаў. Капіталісты разьлічваюць, што ўрад саступіць нават у сфэры, у якой дзяржава фармальна мае права на манаполію.

Лякмусавай паперкай тэндэнцый далейшага супрацоўніцтва ўраду з грамадзтвам стане прыняцьце гімну РБ. Слова Івана Карэнды ў выбары словаў гімну будзе важыць больш за пазыцыю ўраду, але фармальна рашэньне прымаецца ўсё ж камісіяй пры Міністэрстве культуры. А значыць, калі абтрасецца тытунёвы і іншы пыл, урад Навіцкага застанецца ў памяці як урад, пры якім быў прыняты гімн РБ.

Барыс Тумар