Яўген Доўгель: “Кантралёры перастараліся,
шукаючы карупцыю”

Паводле інфармацыі Сусьветнага банку, Беларусь па-ранейшаму мае самую нерэфармаваную эканоміку сярод дзяржаваў СНД. Зрэшты, і самую жыцьцястойкую таксама. Прэм’ер Навіцкі абвясьціў: пры ўсіх цяжкасьцях ёсьць 4% росту па агульным аб’ёме вытворчасьці, а ў прамысловасьцi — нават болей. Чаму ж тады пачалося закручваньне гаек у прамысловасьці (40-ы ўказ) і хваля арыштаў накрыла дырэктарскі корпус? На пытаньні “НН” адказвае эканамiст Яўген Доўгель, старшыня рады Міжнароднага клюбу дырэктараў, прэзыдэнтам якога да апошняга быў арыштаваны Міхаіл Лявонаў.

 

Яўген Доўгель: Цяжка зразумець, ёсьць тыя посьпехі ці не, бо, каб нешта вымяраць, трэба мець адзінку вымярэньня. Чым вымяраецца ўсё ў эканоміцы? Мерай вартасьці — грашыма. Аднак нацыянальныя беларускія грошы ў гэтай якасьці не выкарыстоўваюцца, а даляр абваліўся летась аж на 7%. Кіраўнікі прадпрыемстваў не падзяляюць аптымізму нашае афіцыйнае статыстыкі. У людзей няма пэўнасьці ў заўтрашнім дні. Аб працы ўраду Навіцкага нам даводзіцца меркаваць перш за усё па ўрадавых справаздачах i статыстычных паказчыках. Альтэрнатыўных эканамічных назіраньняў няма... Але сам Навіцкi як прэм’ер знаходiцца, я лічу, на сваiм месцы, іншай кандыдатуры зараз я ня бачу. Макраэканамічныя рашэньні ён прымае ня горшыя, чым прэм’еры іншых краінаў СНД. Але можна, на маю думку, прымаць куды больш эфэктыўныя навукова абгрунтаваныя эканамічныя рашэньні.

“НН”: Якія, напрыклад?

Я.Д.: Міжнародны клюб дырэктараў амаль штоквартальна дасылаў ва ўрад за подпісам прэзыдэнта клюбу, нядаўна арыштаванага дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава, прапановы па рэфармаваньні розных напрамкаў беларускай эканомiкi. У лiстападзе 2001 г., напрыклад, па пытаньнях рэструктурызацыі вытворчых адносінаў, стварэньня на прадпрыемствах умоваў для разьвіцьця камэрцыйнага разьліку, фармаваньня ў рабочых высокіх матывацыяў да працы і разьвіцьця сродкаў вытворчасьці.

Усё гэта рабілася, каб актывізаваць працу нашых прадпрыемстваў, павялічыць іхную канкурэнтаздольнасьць, паспрыяць прытоку інвэстыцыяў. Каб пайшлі інвэстыцыі, патрэбныя дзьве элемэнтарныя рэчы. Па-першае, гарантыя, што інвэстар гэтых сродкаў ня згубіць. Па-другое, ён павінен яшчэ бачыць, што займее ў нас прыбытак, прынамсі, ня меншы, чым дзе-небудзь у Нямеччыне ці Японіі. Трэба, каб з капіталу не вылічаліся аніякія падаткі, пакуль ён не паступіць да нас, і наагул, браць падатак варта, толькі дачакаўшыся прыбытку ад зробленага і прададзенага інвэстарам прадукту. Дзяржава ж, калi паступяць iнвэстыцыі, у любым выпадку будзе застрахаваная ад мінусу ў бюджэце. А будуць прыбыткi ад iнвэстыцыяў — будуць i дадатковыя паступленьнi. Нездарма Мантэск’ё казаў, што падаткі — такая рэч, дзе мудрасьць патрэбная як нідзе. У нас усе хібы ў эканоміцы спароджаныя, лiчу, памылкамі менавіта ў падаткаабкладаньні.

“НН”: Якія прыхаваныя небясьпекі нясуць інвэстыцыі?

Я.Д.: Iнвэстыцыі — гэта добра, калi гэта ўкладаньнi, улiваньнi энэргii ў прадпрыемства, новыя працоўныя месцы, прыбыткi, падаткi. Скупяць ці ня скупяць беларускія прадпрыемствы? Калі прадпрыемства стала, трэба яго ратаваць. Магчыма — i прадаваць. Лепш за ўсё праз аўкцыён. Але можа быць так, што і з укладзеным замежным капіталам хворае прадпрыемства не акрыяе і не запрацуе. Тады й іншыя замежныя інвэстары будуць асьцерагацца ў нашыя заводы грошы ўкладаць. Калі Менскі аўтазавод прадае за 50 мільёнаў кантрольны пакет акцыяў, то бок палову даходаў, з умовай, што атрымае iнвэстыцыi на гэтую суму, — страху тут яшчэ няма. Але ўладальнікі кантрольнага пакету могуць зрабіць тут, у Беларусi, вытворчасьць нізкарэнтабэльнай, каб асноўны даход атрымліваць ня тут, а, скажам, на рухавіках Яраслаўскага заводу: падымаюць кошты на рухавікі і, як гаспадары Яраслаўскага заводу, загадваюць купляць толькі іх, а ніякія іншыя. Таму пры акцыянаваннi патрэбна захаваць кантрольны пакет за беларускiм бокам. А яшчэ лепш — вызнаваць залаты японскі прынцып, калі права ўласнасьці адасабляецца ад права кіраваньня: кіруе самы таленавiты мэнэджэр з задачай атрыманьня як мага большага прыбытку. Тады трэба толькі правільна ацаніць кошты, па якіх будзем прадаваць акцыi нашых прадпрыемстваў. Мы ацэньваем абсталяваньне на зямлі, але асноўнае ня гэта. Напрыклад, мэтар зямлі ў Токіё каштуе каля 200 тысячаў даляраў. Але Японія — гэта ж край сьвету, а ў нас перакрыжаваньне шляхоў, геаграфічны цэнтар Эўропы i палiтычны цэнтар СНД. Калі стварыць тут зручныя ўмовы для прадпрымальніцтва, інвэстары папросту ў чаргу ўстануць і МАЗ будзе каштаваць не 50, а 500 мільёнаў даляраў. А можа, і мільярды. Вось аб чым трэба весьцi гаворку. А ў цяперашніх умовах рэальны кошт МАЗу, можа, і меншы за тыя 50 мільёнаў, што дае “Сібал”.

А каб стварыць такія ўмовы, прывабныя для інвэстара і выгодныя для сябе, патрэбная рэформа падатковай сыстэмы. Трэба браць падатак з прыбытку, а не на прыбытак, скасаваць падатак на дабаўленую вартасьць. Патрэбныя зьмены ў матывацыі ды аплаце працы, каб прыбытак прадпрыемства наўпрост адбіваўся на заробках кожнага працоўнага. І хай зарплата да ўзроўню спажывецкага бюджэту наагул ня будзе абкладацца падаткам.

Мы павiнны даказаць таксама, што ў нас моцная нацыянальная валюта. Для гэтага трэба прывязаць рубель да даляра з падвышэньнем ягонай вартасцi на 1—2% у год. Калi у сьвеце стане дамінаваць, напрыклад, эўра — прывязаць рубель да эўра. I тады некалькі мільярдаў даляраў, што знаходзяцца зараз у прыватных зьберажэньнях, ператворацца ў нашую валюту. Яе можна будзе даваць прадпрыемствам у крэдыты на інвэстыцыйныя праекты. Натуральна, з пазыцыяў дзяржаўнай выгады. А пакуль наш рубель ня мае здатнасьці сродку накапленьня. Зьбіраем даляры. І наш Нацбанк хваліцца павелічэньнем золатавалютных рэзэрваў, гэта значыць накапленьнем у дзяржаве даляраў ЗША. Беларускія рублі мусяць быць надзеленыя нацыянальнымі актывамі, акцыямі прадпрыемстваў, а не далярамі — вось што павiнна стацца галоўным у валютнай палiтыцы дзяржавы.

“НН”: Як Вы ставіцеся да ідэі стварэньня навукова-прамысловых групаў, што будуць складацца з шэрагу аднапрофільных прадпрыемстваў і навукова-дасьледчых інстытутаў?

Я.Д.: У сьвеце ідзе глябалізацыя. Напрыклад, аўтамабілі нельга рабіць на дробных прадпрыемствах. Нездарма аўтамабілевытворцы яднаюцца, каб выцесьніць канкурэнтаў. Пры стварэньні навукова-прамысловых групаў трэба найперш вызначыць стратэгічныя нацыянальныя прадукты, зь якімі Беларусь здольная лідзіраваць у сьвеце. Гэта могуць быць трактары, тэлевізары, грузавікі, станкі, лён... Напрыклад, з трактарабудаваньнем: ствараем сындыкат, вызначаем у ім галаўное прадпрыемства, якое вядзе стратэгію, падпарадкоўваем сумежныя, прыцягваем інвэстараў. Кажам, што мы і так маем 8%, а будзем мець 18%. І ўсім кіруе мэнэджэр, абраны па конкурсе. Каб нельга было нешта правіць пракурорскім работнікам ці кантралёрам. Кепска спраўляецца — замена. А каб ня стаў злодзеем і клаў усё сваё ўменьне дзеля прыбытку, трэба даць яму якую-небудзь тысячную долю працэнту з даходаў. Тады і дзяржаўныя даходы хутка пойдуць угару.

“НН”: Вам не падаецца, што чарада адхіленьняў ад пасад кіраўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў не выпадкова супала з агучанымі нядаўна намерамі зладзіць кампанію па прыцягненьні інвэстыцыяў?

Я.Д.: Я думаю, што кантралёры проста перастараліся, шукаючы карупцыю, каб паказаць, што яны не дарэмна дзяржаўны хлеб ядуць. Каб сапраўдныя экспэрты правяралі, а то кантралёры... Цi можа рашэньнi дырэктара аб’ектыўна ацанiць кантралёр? Яны бяруць асобны кантракт: прадавалі прадукцыю па адной цане, праз два месяцы — па ніжэйшай цане. От жа выснова — страты дзяржаве. Такі падыход — суцэльнае дылетанцтва ў рынкавай эканомiцы. Працы прадпрыемства і ягонага кіраўніка карэктную ацэнку даюць толькі агульныя канчатковыя вынікі. Што да Трактарнага, дык за час кіраваньня Лявонава прырост таварнай вытворчасьці склаў там 28%. Завод быў стратным на 5,6 мільёна даляраў у год, а сёньня прыбытковы, рэнтабэльнасьць дейнасьцi — 17%. Разам з тым, на Трактарным у кіраўніцтва заробак толькі ў 2,8 разу большы за сярэдні па заводзе. Гэта адна з самых нізкіх заробкавых амплітудаў на беларускіх прадпрыемствах. Хоць зарплаты ня самі сабе дырэктары вызначаюць, а кантракты, па якіх яны працуюць...

Дырэктары яшчэ не панікуюць з-за ўсіх гэтых праверак. Але ўжо пачалі занадта перастрахоўвацца. Да юрыстаў трэба і ня трэба ходзяць. А гэта бюракратызуе бізнэс, робіць яго менш эфэктыўным. Калі кіраўнік прадпрыемства ня будзе мець права памыліцца, рызыкнуць, дык кантрактаў будзе заключацца ня 30 тысяч, а 3. Правяраць тады лёгка стане, і пасадзіць — не прычэпішся. Але дабрабыт прадпрыемства адкуль возьмецца?

“НН”: Якой вам уяўляецца беларуская эканоміка праз 100 гадоў?

Я.Д.: Пры спрыяльнай і слушнай эканамічнай палітыцы ўжо праз год-тры Беларусь можа паказаць самыя хуткія тэмпы разьвіцьця эканомікі ў сьвеце. Хто нізка падае — высока ўзьлятае. Беларусь мае выдатную стартавую пляцоўку для рэформаў. Каля яны пачнуцца, у сьвеце хутка могуць загаварыць пра “беларускі цуд”.

 

Гутарыў Ігнат Чакацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0