Як вы ацэньваеце

Першыя 100 дзён прэм’ерства Генадзя Навіцкага

 

Зьміцер Дзічкоўскі

дырэктар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту

Я не заўважыў, каб штосьці ў краіне зьмянілася. Сытуацыя замарожаная, але працаваць можна. Ня ўсё запушчана настолькі, каб не паддавалася выпраўленьню. Была б ахвота.

Анатоль Багдановіч

намесьнік дырэктара НДІ эканомікі Міністэрства эканомікі

Навіцкі зрабіў што і колькі мог. Сфармаваны новы ўрад, міністры і намесьнікі міністраў прызначаныя. А ці атрымаецца што, пажывем — убачым.

Міхаіл Залескі

кандыдат эканамічных навук

Чалавек працуе, стараецца. На новым месцы кожны намагаецца зь лепшага боку сябе паказаць, нешта зрабіць. Але Навіцкі дзейнічае ў старых прававых структурах, па старых правілах. Ён даціскае лімон — адміністрацыйны рэсурс — да канца.

Франц Вітко

старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай

Генадзь Навіцкі прыйшоў на пасаду прэм’ер-міністра з мэтай вырашыць праблемы. Нешта атрымліваецца. Нешта — не. Але няма галоўнага — відавочных крокаў і абяцаньняў рэфармаваць эканоміку. Не ўсьведамляе ўрад і неабходнасьці сацыяльнага дыялёгу. Былі ў часе прэм’ерства Навіцкага і памылковыя захады, ажыцьцёўленыя, апрача ўсяго, з парушэньнямі заканадаўства. Прыкладам, забарона пералічаць прафсаюзныя ўнёскі ў безнаяўным парадку.

Ігар Велічанскі

выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў

Ой, надта цяжка яму, але ён стараецца нешта зрабіць.

Аляксандар Сасноў

былы міністар працы

Ніякіх значных зьменаў не адбылося. Пры гэтым Навіцкі здае паплечнікаў, тых, на каго меўся абапірацца. Напрыклад, дырэктара Трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Па сацыяльна-эканамічных паказьніках усё як раней: цэны растуць, заробкі падаюць.

Мікалай Чырскі

старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў

А вы лічыце, што нейкія зрухі ёсьць? Ды нічога ён пры ўсім жаданьні ня можа зрабіць, бо ў нас у краіне па-ранейшаму ўсім кіруе адзін чалавек.

Ігар Высоцкі

галоўны рэдактар Белорусской газеты

У мяне адчуваньне працягу нэасацыялістычнага экспэрымэнту. Па выніках мінулага году ў шэрагу галінаў, у прыватнасьці ў прыярытэтным для нашай эканомікі машынабудаваньні, запасы нерэалізаванай прадукцыі складаюць па колькі месячных аб’ёмаў вытворчасьці. Калі сытуацыя і далей будзе ісьці такім шляхам, многія прадпрыемствы проста стануць. Крэдыторская запазычанасьць удвая перавышае дэбіторскую. Наперадзе — крызыс плацяжоў. У якасьці пазытыву называюць стабілізацыю курсу рубля, але гэта робіцца ізалявана ад іншых сэктараў эканомікі. На маю думку, структурнае рэфармаваньне і гэты ўрад — несумяшчальныя паняткі.

Аляксандар Патупа

прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў

Не пасьпеў Новы год прайсьці, а вы ўжо на сумныя тэмы! Перш-наперш трэба сказаць, што ўсё перадвызначана тым, што ўрад ня мае стратэгічнай ініцыятывы. Урад Навіцкага — гэткая ж несамастойная група, як і ўрады Лінга ды Ярмошына.

Так яно незалежна ад якасьцяў таго, хто яго ачольвае. Гэта своеасаблівае самаахвяраваньне. У такіх умовах, на маю думку, Генадзь Навіцкі выглядаў досыць годна. Станоўчае — удалося зарубіць “кабякоўскі праект” па абмежаваньні наяўных разьлікаў 200 далярамі. Што да нібыта абвешчанай лібэралізацыі, то, мне здаецца, і ў наступныя 100 дзён Навіцкага, і далей будзе назірацца гашэньне ўсіх рыначных ініцыятываў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0