Намэнклятуры больш не існуе

У 2001 г. недзяржаўныя СМІ многа гаварылі пра саюз паміж намэнклятурай і дэмакратычнай апазыцыяй, які меўся прывесьці да абраньня прэзыдэнтам Беларусі праэўрапейска настроенага палітыка. Ідэалягічна саюз дэмакратычнай апазыцыі і намэнклятуры ўзяўся абгрунтаваць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У сваім опусе “Саюз дэмакратаў і намэнклятуры: пэрспэктывы і рызыкі” (“Народная воля” ад 11 жніўня) ён пісаў: ”Ці можна выйграць палітычную кампанію, менаваную “прэзыдэнцкія выбары”? Безумоўна! Але пры адной умове. Калі будзе саюз дэмакратаў і намэнклятуры”. Далей Лябедзька працягвае: “Стаўка была зробленая на кампраміс. Фактычна “пяцёрка” выконвала функцыі пасярэдніка паміж дэмакратамі і намэнклятурай”.

 

Да палітычна важкіх наступстваў высілкі па перацягваньні “намэнклятуры” на бок апазыцыі не прывялі. Намэнклятура засталася вернай Аляксандру Лукашэнку. Пасьлявыбарная заява Анатоля Лябедзькі аб тым, што хаўрус дэмакратычных сілаў з намэнклятурай аказаўся стратэгічна правільным, выглядала на імкненьне схаваць уласную разгубленасьць за нагрувашчаньнем словаў.

Перш чым адказаць на пытаньне, у чым прычыны таго, што намэнклятурная міна, падкладзеная пад вынайдзеную лукашэнкаўскім рэжымам канструкцыю ўлады, так і не зацікала, варта адзначыць, што само паняцьце “намэнклятура” ў тым выглядзе, у якім яго ўжываюць дэмакратычныя дзеячы нашай краіны, праблематычнае. Трэба з жалем канстатаваць, што ў іх мысьленьні на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя не адбылося крытычнага пераасэнсаваньня гэтага паняцьця.

У пару заняпаду СССР і набыцьця Беларусяй незалежнасьці “намэнклятура” ўяўляла сабой сынкрэтычнае паняцьце, пад якім разумеліся работнікі партыйных, савецкіх (улучна з прафсаюзамі і іншымі марыянэткавымі грамадзкімі арганізацыямі) і гаспадарчых органаў. Іншымі словамі, пры дзяржаўнай эканоміцы існавала зрашчэньне органаў дзяржаўнай улады і кіраўнічага пэрсаналу суб’ектаў гаспадараньня. Таму на момант распаду СССР і ў першыя гады незалежнасьці Беларусі ў палітычным мысьленьні “намэнклятура” разумелася як рэальная крыніца ўлады. Як закрытай палітычнай клясе, якая валодае неабмежаваным уладным патэнцыялам, “намэнклятуры” надаваўся арэол загадкавасьці і ўсёмагутнасьці. За ёй прызнавалася здольнасьць скідаць і прызначаць прэзыдэнтаў і драбнейшых дзяржаўных службоўцаў, вяршыць лёс краіны.

Галоўны ўрок выбарчай кампаніі 2001 году палягае ў тым, што такая “намэнклятура” больш не існуе ў беларускай палітычнай рэальнасьці, але працягвае паразытычна існаваць у мысьленьні дэмакратычных лідэраў. Заснаваная на гэтым анахранічным разуменьні “намэнклятуры” перадвыбарная праграма дэмакратычных сілаў мела выразна ўтапійны характар, што зрабіла свой унёсак у канфузную паразу 9 верасьня.

Тое, што дэмакратычныя лідэры “праспалі” важныя працэсы ў палітычнай гісторыі Беларусі, наводзіць на горкія роздумы.

“Усёмагутная” намэнклятура адышла ў нябыт разам з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі ў 1994 годзе. Створаны Лукашэнкам рэжым пасьлядоўна ажыцьцяўляў дэпрыватызацыю ўлады, г.зн. запабягаў зрастаньню дзяржаўнага апарату і гаспадарчых элітаў, калі першы робіцца простым выканальнікам волі найбуйнейшых алігархічных груповак. Гэтаму спрыяла кадравая палітыка Лукашэнкі, накіраваная на нэўтралізацыю “кебічаўскіх намэнклятурнікаў” на чале зь Міхаілам Мясьніковічам дзякуючы ўзмацненьню выхадцаў з праваахоўных органаў на чале зь Віктарам Шэйманам і Ўралам Латыпавым. Шматзначная пасьлявыбарная адстаўка Міхаіла Мясьніковіча і замена яго на Ўрала Латыпава сьцьвердзіла перш-наперш канчатковую маргіналізацыю “кебічаўскіх намэнклятурнікаў”. Іх палітычная вага цяпер настолькі малая, што найбліжэйшае абкружэньне Лукашэнкі з кадэбісцкім мінулым перастае зь імі лічыцца. Цяперашняя кліка нарэшце дасягнула змогі кантраляваць прамысловы сэктар эканомікі і фінансавую сыстэму краіны без дакучлівых пасярэднікаў у выглядзе “кебічаўскіх кадраў”. Гэтаму ў вялікай меры паспрыяла функцыянальная дзеяздольнасьць дзяржаўнай бюракратыі, або дзяржапарату, які цягам апошніх гадоў мэтаскіравана ачышчалі ад “выпадковых” элемэнтаў.

На момант выбарчай кампаніі 2001 году “намэнклятуры” як такой ужо не існавала. Яе касьцяк — кебічаўскія гаспадарнікі — імкліва губляў сваю палітычную ўвагу, заснаваную на канвэртацыі сувязяў з дырэктарамі буйных прамысловых прадпрыемстваў, кіраўнікамі банкаў і г.д. у палітычны капітал. Дзяржаўная бюракратыя захоўвала сваю ляяльнасьць рэжыму. Пры гэтым прапаганда эфэктыўна палохала яе стратай пазыцый у будучыні, выстаўляючы нацыянальную дэмакратыю ў якасьці сілы, якая прагне разбурыць сфармаваную за дзесяць гадоў беларускай незалежнасьці сыстэму дзяржаўнай улады, а значыць здольная пахіснуць “прыродную” раўнавагу палітычных адносінаў у беларускім грамадзтве.

Нарэшце, была яшчэ адна сіла, якая часткова разьвілася з “намэнклятуры” пачаткаў беларускай незалежнасьці — новыя фінансава-прамысловыя эліты. Лідэры дэмсілаў, застаючыся ў палоне ўласных жа стэрэатыпаў аб антырынкавым характары беларускай эканомікі, традыцыйна ігнаравалі кантакты зь імі.

Зь якой жа тады “намэнклятурай” так заўзята навязвалі кантакты дэмакратычныя дзеячы? Па сутнасьці, уся іх праца па “разлажэньні” намэнклятуры зьвялася да перацягваньня на свой бок былых работнікаў дзяржапарату накшталт Валера Кеза, якія адышлі ад актыўнай прафэсійнай дзейнасьці. Зьвёўшыся да працы з адстаўнымі або другараднымі работнікамі дзяржапарату, якія прадстаўлялі толькі саміх сябе са сваімі крыўдамі і амбіцыямі, намэнклятурны фронт беларускай апазыцыі ператварыўся ў пародыю на самога сябе.

Зь першых ста дзён другой Лукашэнкавай кадэнцыі вынікае, што акурат прамыслова-фінансавыя эліты, або, шырэй, узьнікаючую клясу буржуазіі і буйных прыватных вытворцаў, а таксама новапаўсталыя “змычкі” паміж ёй і дзяржаўнай бюракратыяй беларускі рэжым уважае за найбольшую небясьпеку свайму панаваньню. Тыя акцыі дэманстрацыйнага запалохваньня, якія былі зьдзейсьненыя ўладамі зь верасьня да студзеня і якія атрымалі гучны розгалас, былі скіраваныя пераважна якраз на гэтыя бізнэс-эліты (арышты кіраўнікоў адносна самастойных з эканамічнага пункту гледжаньня прамысловых прадпрыемстваў, а таксама рынкаў і, што асабліва паказальна, крымінальныя скандалы вакол асобаў экс-начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька і экс-дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава).

Параза 9 верасьня не зьняла цалкам прыроднага пытаньня пра пошук дэмакратычнай апазыцыяй саюзьнікаў для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Больш за тое, яна з усёй відавочнасьцю паказала, што датуль, дакуль палітычныя партыі, выбарчыя блёкі і шырокія грамадзянскія кааліцыі не займеюць моцнай зваротнай сувязі з усім грамадзтвам, не паставяць па-над усім у сваёй актыўнасьці эканамічныя інтарэсы айчыннага вытворцы і сацыяльныя спадзяваньні асноўных грамадзкіх групаў, яны застануцца адно марыянэткамі ў руках тых ці іншых сілаў, схільных да махінацый і маніпуляцый. І будуць скаланацца ўнутранымі інтрыгамі, бо толькі слабасьць і няпэўнасьць саміх сябе партыйных (і, шырэй, палітычных) лідэраў ёсьць зарукай іх залежнасьці ад вонкавых рэсурсаў існаваньня.

У гэтым сэнсе варта ўлічыць досьвед палітычнай камунікацыі зь бізнэс-элітамі, які на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстравалі, нягледзячы на ўсю двухсэнсоўнасьць іхнага палітычнага статусу, Леанід Сініцын і Міхаіл Марыніч, а менавіта: беларускай апазыцыі ня варта чакаць знакаў увагі з боку новых беларускіх бізнэсоўцаў, але трэба палітычнымі сродкамі мэтанакіравана і рашуча змагацца за прызнаньне гэтай сацыяльнай групай сябе ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў вытворцаў і ўласьнікаў у агульнанацыянальным маштабе.

Валер Булгакаў

 

Гэты тэкст — урывак з артыкулу “Дэмакратычная апазыцыя ў пошуках саюзьніка”, які цалкам зьявіцца ў наступным нумары часопісу “ARCHE-Скарына”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0