З УСІХ СТАРОН

 

Пуцін у Варшаве

Візыт не прынёс зьменаў у адносінах

Беларускае пытаньне

У першы дзень візыту пра Беларусь уголас згадалі адзін раз — у часе прэсавай канфэрэнцыі. Зрабіў гэта Аляксандар Квасьнеўскі, калі казаў, што Польшча, уваходзячы ў Эўразьвяз, не паварочваецца сьпінай да сваіх усходніх суседзяў — Расеі, Беларусі ды Ўкраіны. Толькі на наступны дзень, па ад’езьдзе Пуціна з Варшавы, у інтэрвію польскаму радыё “Zet” Квасьнеўскі сказаў, што пытаньне Беларусі абмяркоўвалася з расейскім прэзыдэнтам ледзь ня ў першыя гадзіны перамоваў.

На пытаньне, ці лічыць Пуцін Лукашэнку дыктатарам, Квасьнеўскі адказаў так: “Не, такія словы ў палітычных размовах папросту не ўжываюцца. Аднак напэўна Пуцін ня лічыць Лукашэнку чалавекам, зь якім лёгка супрацоўнічаць. Яму быў перададзены зварот жонак зьніклых апазыцыйных беларускіх палітыкаў, і я спадзяюся, што, выкарыстоўваючы свае магчымасьці, Пуцін з гэтым разьбярэцца”.

Не “пераломны”,
а “сымбалічны”

Пуцін і Квасьнеўскі не падпісалі ніводнага важнага дакумэнту. За выключэньнем хіба дамовы пра зборку польскіх аўтобусаў у Калінінградзе. Ня вырашаныя на найвышэйшым узроўні асноўныя пытаньні польска-расейскага эканамічнага супрацоўніцтва: а) пастаўкі газу і пабудова другой лініі газаправоду “Ямал — Заходняя Эўропа”; б) праблема дэфіцыту ў гандлёвым абароце (Польшча купляе ў Расеі энэрганосьбітаў на 3 млрд. даляраў больш, чым экспартуе туды сваіх тавараў). Ці не адзіным вынікам першага за амаль 9 гадоў візыту кіраўніка Расеі ў Польшчу ёсьць “стварэньне клімату” для далейшага разьвіцьця двухбаковых адносінаў.

Квасьнеўскі прапанаваў правесьці ў Калінінградзе саміт з удзелам кіраўнікоў Расеі, Польшчы, Эўразьвязу і краінаў, якія суседзяць з вобласьцю, каб разам вырашыць будучае расейскага анкляву. Пуцін згадзіўся. Непрызнанасьць цяперашняга беларускага кіраўніка можа тут нанесьці непапраўную шкоду нашым нацыянальным інтарэсам. На каралявецкую сустрэчу яго напэўна не запросяць, хоць наша краіна мае свой эканамічны і палітычны інтарэс у вырашэньні калінінградзкага пытаньня.

“Гэсты”

Пуцін прыехаў у Варшаву бяз жонкі, з Парыжу, а не напрасткі з Масквы, і ня выступіў у Сэйме. Кампэнсацыяй за гэтыя непрыязныя паводле дыпляматычных канонаў рэчы была перадача польскаму боку дакумэнтаў з расейскіх архіваў, якія датычаць генэрала Ўладзіслава Сікорскага.

Пры канцы першага дня візыту Пуцін нечакана вырашыў ускласьці кветкі да помніка дзеячам Падпольля ды Арміі Краёвай. Гэты помнік сярод іншых ушаноўвае памяць апошняга камэнданта АК Леапольда Акуліцкага, які быў арыштаваны НКВД у 1945 г. і загінуў у савецкім лягеры. Наўзамен Квасьнеўскі ўзяў удзел у сумесным ускладаньні вянкоў да помніка савецкім жаўнерам, што загінулі ў баях за Варшаву.

Пратэсты

Яшчэ ў першы дзень візыту сябры камітэту “Вольны Каўказ” зладзілі каля расейскага консульства ў Кракаве дэманстрацыю супраць злачынстваў Расеі на Каўказе, трымаючы ў руках транспаранты “Пуцін — забойца”, “Маскалі — рукі прэч ад Чачэніі”. Потым актывісты “Вольнага Каўказу” спалілі расейскі сьцяг. Паліцыянты адразу затрымалі трох удзельнікаў.

У Варшаве супраць чачэнскай вайны пратэставалі сябры камітэту “Польшча—Чачэнія”. Актывісты трымалі чачэнскія сьцягі, сьпявалі чачэнскі гімн, а таксама чачэнскія і польскія патрыятычныя песьні. Але асноўныя польскія тэлеканалы былі такія занятыя тым, што рабілася ў прэзыдэнцкім палацы, што нават “не заўважылі” падзеяў побач — на Замкавым пляцы.

У другі дзень візыту сябры “Вольнага Каўказу” з Познані змаглі патрымаць транспаранты “Пуцін — бэн Ладэн, Чачэнія — Нью-Ёрк” ды “Катынь у 1940. Цяпер — Грозны” роўна 22 сэкунды. Павагаўшыся толькі крыху, паліцыянты ўвапхнулі актывістаў у машыны ды павезьлі ў пастарунак, а выпусьцілі толькі пасьля ад’езду Пуціна. У часе гэткай акцыі ў Гданьску нікога не чапалі.

Палякі вінаватыя, што... увайшлі ў NATO

Напярэдадні візыту Пуціна ў Польшчу сацыёлягі абедзьвюх краінаў высьвятлялі, як палякі і расейцы ставяцца адно да аднаго і за што маюць крыўды.

Больш за палову палякаў лічаць, што Расея мусіць мець пачуцьцё віны перад Польшчай за мінулае — за агрэсію ў верасьні 1939 г. (44%), Катынь (35%), пэрыяд сталінізму ды залежнасьці ад СССР (26% — тут і вышэй падаецца колькасьць тых, хто лічыць Расею вінаватай).

85% палякаў кажуць, што іхная краіна перад Расеяй ні ў чым не вінаватая. А траціна расейцаў лічаць, што палякі мусяць пачувацца вінаватымі найперш за тое, што дазваляюць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі чачэнскім інфармацыйным прадстаўніцтвам (22%), што недастаткова ўдзячныя Расеі за вызваленьне ад фашыстаў (21%) і што далучыліся да NАТO (14%). Цікава, што Лжэдзьмітрыя ці, прыкладам, ганебную паразу ў савецка-польскай вайне 1920 г. згадалі адзінкі з апытаных расейцаў.

Як паказвае апытаньне, мінулыя крыўды не ўплываюць на дзень сёньняшні. Больш за палову палякаў (56%) разглядаюць Расею як партнэра. Кожны трэці паляк ставіцца да расейцаў “з сымпатыяй”. Гэтаксама і расейцы — больш за 60% апытаных бачаць у Польшчы партнэра і саюзьніка і толькі 1% — ворага. Больш за палову палякаў хацелі, каб Пуцін прыехаў.

Два дні табу на вострыя моманты

Па ўсім было відаць, што палякі клапоцяцца, каб Пуцін прыехаў і каб у яго засталося ад візыту добрае ўражаньне. СМІ, якія толькі й казалі пра сур’ёзныя праблемы ў расейска-польскіх адносінах, раптам змоўклі, калі прыехаў Пуцін. Ні ў тэленавінах, ні ў газэтах ня згадвалася пра словы Квасьнеўскага, які намякнуў, што было б добра, каб Пуцін папрасіў прабачэньня за Катынь. Ня згадвалася й пра рознае стаўленьне да чачэнскай вайны, да беларускай сытуацыі, і нават амаль не ўспаміналі пра галоўнае — пра газ. Прэсавая канфэрэнцыя была цалкам зрэжысэраванай. Прэсавы сакратар Пуціна нахабна даваў слова толькі “патрэбным” журналістам. Пытаньні выглядалі падрыхтаванымі, бо амаль усё, пра што пыталіся, колькі хвілінаў таму ўжо сказалі прэзыдэнты ў часе сваіх прамоваў.

“Oni tutaj chcą rządzić polskimi dzeńnikarzami! W dupie mam taką konferencję prasową”, — кінуў адзін польскі журналіст, пакідаючы залю.

Уразіла, што некаторыя расейскія журналісты, якія прыехалі ў Варшаву, увогуле не арыентаваліся ў польскіх падзеях і нават ня ведалі, што такое Сэйм.

Кракаўскае прадмесьце

Кракаўскае прадмесьце, дзе знаходзіцца палац польскага прэзыдэнта, а таксама шэраг вуліцаў на шляху пуцінскага “мэрсэдэсу” (гэты вялізны чорны зь сіняватым адлівам лімузын адмыслова прывезьлі з Масквы) былі перакрытыя, і варшавякі, якія апошнім часам і так пакутуюць ад аўтамабільных затораў, злавалі на Пуціна. Ахвотных паглядзець на расейскага прэзыдэнта вакол прэзыдэнцкага палацу не было. Хіба, можа, паліцыя нікога не пусьціла.

Так ці інакш, але па дарозе ў цэнтар сталага веку дзядзька, што сядзеў побач са мной у аўтобусе, сказаў: “Але ж, халера, дэмакратыі ў нас апошнім часам пабольшала — калісьці сустракаць Брэжнева мяне ў працоўны час з заводу прыгналі...”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава—Познань

 

навіны за тыдзень

Лукашэнкаў рэжым застаецца непрымальны

У панядзелак 21 студзеня аўстрыйскі сацыяліст Пэтэр Шыдэр быў абраны старшынём Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, зьмяніўшы на гэтай пасадзе брытанскага лорда Расэла-Джонстана. У сваёй інаўгурацыйнай прамове ў Страсбургу новы старшыня сказаў: “Беларусь застаецца праблемай. Пазыцыя тамтэйшых уладаў не зьмянілася і застаецца абсалютна непрымальнай з пункту гледжаньня стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека, але ізаляцыя мала спрыяе зьмяненьню статусу-кво. Асамблеі варта працягваць праводзіць асьцярожную палітыку, балянсуючы паміж падтрымкай прагрэсіўных сілаў і асуджэньнем недэмакратычнай пазыцыі цяперашняга рэжыму”.

Беларусаў Польшчы перапішуць

У другой палове наступнага году ў Польшчы адбудзецца перапіс насельніцтва. Гэта першы пасьля вайны перапіс, сярод пытаньняў якога ёсьць і нацыянальнасьць.

Эўропа — вайсковы пігмэй

Генэральны сакратар NATO Джордж Робэртсан у панядзелак заявіў, што Эўропа зьяўляецца пігмэем у вайсковым сэнсе і павінна павялічыць асыгнаваньні на абарону, каб дараўнацца па вайсковай магутнасьці Злучаным Штатам. Робэртсан абураўся, што многія эўрапейскія ўрады зусім мала выдзяляюць на абарону, “марнуюць сродкі на захады, якія ня служаць ні іх бясьпецы, ні бясьпецы Эўропы, ні нашым шырэйшым супольным інтарэсам”.

І ў Косаве немец

Кіраўніком часовай адміністрацыі ААН у Косаве прызначаны немец Міхаэль Штайнэр. Ён заменіць на гэтай пасадзе датчаніна Ханса Хекерупа, які падаў у адстаўку летась у сьнежні. Штайнэр — экспэрт па краінах Усходняй Эўропы і Балканах. Раней ён быў паслом Нямеччыны ў Чэхіі і дарадцам канцлера Шродэра па замежнапалітычных пытаньнях.

Падпальшчыкаў рэабілітавалі

Польскі суд рэабілітаваў сяброў падпольнай арганізацыі “Ruch”, якія ў чэрвені 1970-га зьбіраліся спаліць музэй Леніна ў мястэчку Паронін. Шасьцёра “рухаўцаў” атрымалі тады ад 4 да 7 гадоў турмы.

Ініцыятыва “Лігі польскіх сем’яў”

Правая партыя “Ліга польскіх сем’яў” дамагаецца, каб Сэйм прызнаў сталінскія рэпрэсіі супраць палякаў у 1944—45 г. “злачынствамі супраць чалавецтва”. Зварот падтрымалі яшчэ дзьве парлямэнцкія фракцыі.

Баўгарыя і Румынія таксама трапяць у ЭЗ

Днямі прадстаўнікі Эўразьвязу абвясьцілі, што Баўгарыя і Румынія (самыя бедныя краіны-кандыдаты ў Зьвяз) могуць трапіць у шэрагі арганізацыі ўжо ў 2008 г. Для гэтага ў ЭЗ ёсьць патрэбныя фінансавыя рэсурсы. Праўда, афіцыйна дата далучэньня Баўгарыі ды Румыніі да Зьвязу невядомая. У 2004 г. у ЭЗ увойдуць Кіпр, Чэхія, Эстонія, Літва, Латвія, Мальта, Славаччына, Славенія, Польшча і Вугоршчына — пры ўмове, што да канца гэтага году яны пасьпяхова скончаць свае перамовы з Брусэлем.

Кампэнсацыя за званы

Зь нямецкага фонду, што выплачвае кампэнсацыі ахвярам нацызму, атрымае грошы і чэскі каталіцкі касьцёл — за касьцельныя званы, адабраныя і пераплаўленыя нацыстамі на гарматы ў часе другой сусьветнай вайны.

Язапат Змысла

 

аб усім патроху

Папа кананізуе ацтэка

Папа Рымскі Ян Павал ІІ наведае ў ліпені 2002 г. Мэксыку, каб кананізаваць Хуана Дыега, які 12 сьнежня 1531 г. бачыў смугласкурую Панну Марыю, што зьявілася яму ў ацтэцкім храме. Рашэньне пра ягоную кананізацыю Ватыкан прыняў пасьля таго, як у 1990 г. Хуан Дыега зьдзейсьніў цуд: мэксыканка зьвярнулася да яго з малітвай уратаваць жыцьцё сыну, што зваліўся з даху і праламіў сабе чэрап. Малітва дапамагла.

Прынцэса будзе лячыць людзей

Нарвэская прынцэса Марта-Люіза з роду Шлезвіг-Гальштэйн-Сёнэбарг-Глюксбург вырашыла адмовіцца ад тытулу “Яе каралеўская высокасьць”. У лютым яна адчыняе ў Осла фізіятэрапэўтычную клініку. “Навошта мэдыку каралеўскі тытул?” — лічыць Марта-Люіза.

Латышы паставяць помнік Цою

Кіраўніцтва Семскай воласьці Латвіі вырашыла ўсталяваць мэмарыяльны камень на месцы гібелі Віктара Цоя. 29-гадовы лідэр гурту “Кіно” разьбіўся на аўтамабілі 15 жніўня 1990 г. на шашы Юрмала—Талсі.

Дыскатэкі – зона наркаманіі

Віленская газэта Respublika піша, што кожны другі наведнік літоўскіх клюбаў і дыскатэкаў ўжывае наркотыкі. Перадусім гэта марыхуана, якую паляць амаль 47% апытаных. У асноўным шайтанскім зельлем бавяцца сталыя наведнікі.

Здарэньне ў прыбіральні

Амэрыканцы, якая ляцела “Боінгам-767” скандынаўскай авіякампаніі “SAS”, давялося большую частку падарожжа правесьці ў туалеце. Скарыстаўшыся ўнітазам, жанчына націснула на кнопку змыву, паленаваўшыся перад гэтым устаць. Сыстэма вакуумнай ачысткі ўнітазу прысмактала жанчыну да сядзеньня і пратрымала ў такім становішчы да канца палёту. Вызваліць пасажырку ўдалося толькі пасьля пасадкі.

Сэксуальная інтэграцыя
з Эўропай

Летась у эўрапейскія краіны ў сэксуальнае рабства былі прададзеныя амаль 120 тысячаў дзяўчат і кабет у веку ад 16 да 35 гадоў. Гэткія лічбы падае Міжнародная арганізацыя міграцыі. Найбольш прастытутак прыяжджае ў Эўропу зь Нігерыі, Альбаніі ды Румыніі. Далей па сьпісе ідуць пасавецкія краіны — Малдова, Украіна, Расея. На сёмым месцы стаіць Беларусь, апярэдзіўшы сваіх паўночных суседак Літву і Латвію. Па зьвестках Інтэрполу, ключавымі краінамі ў гандлі нявольніцамі зьяўляюцца Польшча і Румынія. Праз Польшчу жывы тавар трапляе ў Нямеччыну й далей на Захад. Румынія зьяўляецца транзытнай зонай для “экспарту” на Балканы, у Італію ды на Блізкі Ўсход.

Я.З.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0