Дзёньнікі мастакоў

Дзёньнікі мастакоў складаюць велізарную клясычную бібліятэку. Занатоўкі Альбэрты, Вазары, Дэлякруа ды іншых творцаў бясконца цытуюцца ў мастацкіх школах. Падчас вывучэньня гісторыі мастацтва бяз гэтых занатовак не абысьціся.

Для мастака, у адрозьненьне ад літаратара, дзёньнік ня ёсьць часткаю пісьменьніцкіх практыкаваньняў. Мастакі найперш фіксуюць свае ўласныя творчыя адкрыцьці. Напрыклад, Эжэн Дэлякруа, што напісаў “Свабоду на барыкадах”, цэлымі абзацамі апісвае ў сваіх дзёньніках, як паказаць халодную “жалезнасьць” кірасы альбо як прымусіць “скварыцца” сонечнае сьвятло. А Фэрдынанд Рушчыц у сваіх дзёньніках падрабязна распавёў, як у яго ўзьнікла ідэя славутай “Зямлі”. Ён, прыехаўшы з падарожжа па Эўропе да бацькоў, у Багданаў, выбіраў разам зь імі бульбу і, прысеўшы нізка ў баразьне, убачыў адно неба й зямлю. Пасьля да гэтага дадаліся валы з аратым — і выйшаў клясычны твор жывапісу.

Сярод гэткіх апісаньняў практычных уражаньняў трапляюцца й выдатныя філязофскія сэнтэнцыі. Анры Матыс неяк запісаў у сваім дзёньніку: “Для сапраўднага мастака няма нічога больш складанага, як намаляваць ружу, бо для гэтага ён мусіць забыцца, як яе выяўлялі іншыя мастакі”.

ХХ ст. прынесла новыя патрабаваньні да мастацтва й мастакоўскіх дзёньнікаў. Тэарэтызаваць, апісваць свае творчыя прынцыпы стала для тысячаў мастакоў неабходнасьцю. А некаторыя пачалі гэтым зарабляць. Згадаць адно толькі Сальвадора Далі, які выпусьціў у сьвет кніжку са “сьціплай” назваю “Дзёньнікі генія”. Альбо Ўоргала, які выдаў “Філязофію Эндзі Ўоргала (ад А да Б і надаадварот)”. Праўда, ягоны поўны дзёньнік быў выдадзены пасьля сьмерці й выклікаў велізарны сканадал.

Аднак нават гэткія разьняволеныя пэрсоны, як Далі ці Ўоргал, у прыватных дзёньніках неахвотна апісваюць сваё інтымнае жыцьцё. Мастакі зазвычай пазьбягаюць распавядаць пра сэкс. Вось, напрыклад, як апісаў самую значную падзею ў сваім жыцьці Сальвадор Далі, які “адбіў” жанчыну ў паэта Поля Элюара: “Першы пацалунак, калі сутыкнуліся нашыя зубы й перапляліся языкі, быў пачаткам таго голаду, што прымусіў нас кусаць і грызьці адно аднаго да самае сутнасьці нашага быцьця”.

Я далёкі ад думкі, што мастакі больш маральныя ў сваіх учынках за іншых творцаў. Відаць, прызвычаіўшыся адбіраць сабе фарбы й прыёмы, яны гэтак жа пераборліва ставяцца й да словаў.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0