Лісты ў рэдакцыю

 

Неэкзатычнасьць Беларусі

Як груганоў прыцягвае бліскучае, заходнікаў вабіць усё экзатычнае, далёкае, незразумелае – тое, што кідаецца ў вочы, рэжа слых, ад чаго льга атрымаць эстэтычны ці хаця б дэгустацыйны аргазм.

Крывавыя бойкі, гвалт, каханьне, якое выклікае войны, даспадобы брытанцам, французам ці амэрыканцам. Чароўнасьць і незразумеласьць замежных моваў стаюцца спэцыямі да ўсяго. У турыстычных агенцтвах кліенты патрабуюць вандроўкі ў Тайлянд, Турэччыну, Эгіпэт, Ісьляндыю, Мэксыку ці на Карыбскія астравы.

Ёсьць у гэтым вузел супярэчнасьцяў, нейкая сапсаванасьць, нават ідэалягічны фашызм. Захад увесь час крытыкуе й ганіць сталінскі рэжым, але пры гэтым фільм “Сталінград”, які выйшаў узімку 2001 г., выклікаў надзвычайную зацікаўленасьць сярод фрацузаў russe-тэмай. Барбарства альбо простае няведаньне гісторыі? “Гэта ж дзякуючы Сталіну вы перамаглі!” – цьвердзяць мае парыскія знаёмыя. Тое, што ўсе мы для іх расейцы, сьведчыць аб экзатычнасьці Расеі, тады як іншыя нацыі СССР “ня вельмі цікавыя”. “Хіба ж ёсьць прынцыповая розьніца паміж расейцамі й беларусамі?” – пытаецца адзін знаёмы лільскі настаўнік гісторыі. Для некаторых прафэсараў беларуская мова – усё яшчэ дыялект расейскай.

У цэнтральнай парыскай бібліятэцы імя Жоржа Пампіду ёсьць гіганцкі аддзел расейскай літаратуры, значна меншыя – украінскай і польскай. А беларускага няма! Праўда, потым сярод расейскіх аўтараў я адшукаў Васіля Быкава. Што да іншых, дык зазірніце ў аддзел украінскай літаратуры: там побач зь Лесяй Украінкай месьцяцца Адамовіч, Шамякін, Чорны, Танк і Брыль. На маё пытаньне “Чаму гэтак?” бібліятэркарка адказала: “Ці ёсьць прынцыповая розьніца паміж russe i bielorusse?”

Хвароба на экзотыку патрабуе ня толькі яркіх колераў нацыянальнай вопраткі, гаргатасьці мовы, але ж таксама крывавай барацьбы, гвалту, забойцаў, ахвяраў. І каб усё апісвалася, перадавалася, аналізавалася напружана, інтэнсіўна й актыўна. “Што тая Беларусь! Хай усе ведаюць пра Чарнобыль, Хатынь, Курапаты ці другую сусьветную вайну, якія забралі мільёны жыцьцяў. Усё адно гэта неяк пасіўна, млява. Няма чагосьці. Няма… агульнанацыянальнага духу змаганьня, усё ў вас неяк фаталістычна”, – лічыць адзін францускі выкладчык палітычнай навукі.

Што да стэрэатыпных ключавых словаў сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці, дык яны таксама пазбаўленыя экзатычнасьці:

– Дранікі.

– Дык гэткае ў Эльзасе ў нас робяць.

– Гарэлка.

– Ну, яе ў Фінляндыі, Расеі ці Польшчы да халеры!

– Лукашэнка.

– Гэткіх на сьвеце – процьма. Глянь на Афрыку, Цэнтральную Амэрыку.

Усевалад Гарбацкі, Страсбург

* * *

Хочацца і мне ўставіць свае пяць грошыкаў на асноўную тэму гэтых тыдняў: закрыцьцё радыёпраграмы “Голас душы”. Мне ня хочацца гаварыць, што “Голас душы” стаў сапраўдным арыенцірам у наш складаны час для вернікаў усіх канфэсій.

Я не люблю Менску. Адно са жменькі месцаў у горадзе, дзе забываешся на ўсе сьвецкія праблемы, дзе архітэктура эпохі “сацрэалізму” ня душыць, дзе адпачывае душа і сэрца, дзе навокал чуеш беларускую мову, — гэта касьцёл Сьв.Сымона і Алены. У першы дзень гэтага году я, змучаны менскімі ўскраінамі, вырашыў ехаць дадому, у вёску. Але ня мог не наведаць касьцёлу. Раненька ўстаў, каб пасьпець на дзевяцігадзінную імшу. Я ня думаў, што пасьля ўчорашняй сустрэчы Новага году ў бажніцы будзе шмат людзей, тым большае было маё зьдзіўленьне ўбачыўшы амаль цалкам запоўнены людзьмі храм. У той дзень я плакаў шчырымі сьлязьмі, калі маліўся за сваю краіну, народ, сям’ю, любімых людзей. Храм — адзінае месца, дзе мужчыне ня сорамна плакаць. І так кожным днём у гэтай бажніцы сотні людзей плачуць, молячыся за Радзіму. Няма ніякіх плянаў, няма будучыні ў людзей, што закрылі “Голас душы”.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)

* * *

Я абураны закрыцьцём “Голасу душы”, хоць і праваслаўны. Мне агідна ад таго, што зьнікае ўсё сваё і што з нас старанна лепяць славянаў, вядома якіх.

Брыдка слухаць трэск гэтых Уладароў сёньняшніх, іхныя казані аб разьвіцьці і захаваньні традыцыі, культуры, гісторыі і духоўнасьці і ўсяго іншага, ня кажучы ўжо аб мове.

Пятро Філіповіч, Чамярысы (Брагіншчына)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0