апытаньне “НН”

Які гімн патрэбны Беларусі?

Іван Карэнда: не скажу

начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта

Мне адказваць не выпадае. У мінулым нумары вашай газэты было напісана, што, маўляў, меркаваньне Івана Карэнды ў выбары гімну будзе важыць болей за пазыцыю ўраду. Хачу заўпэўніць, што камісія будзе аб’ектыўна разглядаць усе мажлівыя варыянты, і тое, што я думаю наконт гэтага, будзе ўсяго толькі адным зь меркаваньняў.

Сяргей Картэс: “Магутны Божа”

дырэктар Опэры

Адно ведаю: нельга пакідаць стары гімн, бо гэтая музыка будзе цягнуць на старыя словы, якія не адпавядаюць і не павінны адпавядаць беларускай рэчаіснасьці. Добры варыянт — “Магутны Божа”, ён можа дапамагчы Беларусі.

Міхась Міцкевіч: “Магутны Божа”

сын Якуба Коласа

Я за гімн “Магутны Божа” Арсеньневай і Равенскага. Ці можна за некалькі месяцаў стварыць што лепшае, каб потым не перарабляць?

Уладзімер Гніламёдаў: “Маладая Беларусь”

дырэктар Інстытуту літаратуразнаўства імя Янкі Купалы

Мяне прываблівае праект гімну на музыку Анатоля Багатырова і словы Янкі Купалы “Маладая Беларусь”. Ёсьць тут гарманічнае ўзаемапранікненьне. Што да музыкі Сакалоўскага, дык яна сама па сабе выдатная і ня страціла эстэтычных якасьцяў, але гэта ўжо гістарычная зьява. Я супраць рэстаўрацыі старога тэксту празь зьмены ў ім некаторых словаў і радкоў.

Артур Вольскі: “Магутны Божа”

пісьменьнік

Музыка Сакалоўскага неблагая, але яна савецкая па духу. Мне ж найбольш блізкі і дарагі “Магутны Божа” Натальлі Арсеньневай з музыкай Міколы Равенскага.

Лявон Вольскі: не стары

рок-музыка

Паколькі мы заўжды ідзем за “старэйшым братам”, то і тут паўторым ягоны подзьвіг і возьмем у якасьці гімну старую мэлёдыю. Які-небудзь паэт-песеньнік ці ня песеньнік напіша верш на зададзеныя рыфмы. Калі так здарыцца, трэба ўспрыняць гэта з іроніяй. Беларускі гімн мусіць гучаць урачыста, цяперашні ж гучыць для мяне і маіх сяброў сьмешнавата і легкадумна. Працуючы над праектам “Я нарадзіўся тут”, я пераканаўся, што вартых гістарычных варыянтаў гімну Беларусі шмат.

Алег Трусаў: “Магутны Божа”

старшыня Таварыства беларускай мовы

“Магутны Божа”. Наша арганізацыя зьбіраецца афіцыйна прапанаваць яго на конкурс. Ёсьць унікальная мажлівасьць падняць грамадзкую думку ў падтрымку гэтага варыянту гімну. Напрыклад, варта было б надрукаваць ягоныя словы ў прэсе. Людзі могуць выказвацца за “Магутны Божа” лістамі на імя старшыні камісіі, віцэ-прэмьера Ўладзімера Дражына. На жаль, калісьці ў Вярхоўным Савеце пасьля таго, як удалося правесьці герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг, камуністы агледзеліся і перашкодзілі прыняць замест назвы “Мінск” — “Менск”, а ў якасьці гімну — “Магутны Божа” ці “Пагоню”. Зрэшты, з гэтым зацягнулі самі дэмакраты. Збольшага з-за амбіцыяў паэтаў, якія хацелі, каб тэкстам гімну сталі іхныя ўласныя вершы.

Жана Дапкюнас: “Маладая Беларусь”

дырэктарка Літаратурнага музэю Янкі Купалы

Па сёньняшнім часе мала шанцаў, што пройдзе “Магутны Божа”… Адно толькі нельга пакідаць гімн БССР, які цягне на старое. Таму “Маладая Беларусь” Купалы. Хоць ёсьць багата добрых песень, што маглі б стаць беларускім гімнам.

Міхаіл Падгайны: стары

міністар інфармацыі

Я жыву пры гэтым гімне. Працуючы ў 1991—92 г. у Міністэрстве культуры, я наслухаўся розных варыянтаў, тады мне быў сымпатычны гімн, прапанаваны Васілём Раінчыкам. Мэлёдыя цяперашняга гімну, на маю думку, самая прыгожая, яна гучыць дарэчна і ў горы, і ў радасьці. Трэба толькі новы тэкст. На жаль, не паэт… Але спадзяюся, новых вершаў да гэтай музыкі напішацца шмат. Памятаю, гадоў шэсьць таму, я тады працаваў у Адміністрацыі, за адзін толькі месяц зьявілася каля 500 тэкстаў да яе. Праўда, то былі ўсё аматары. Сур’ёзныя паэты ня браліся.

Віктар Скорабагатаў: гімн з “Полацкага сшытку”

кіраўнік “Беларускай капэлі”

Кант-гімн кампазытара Вячаслава Кузьняцова паводле “Полацкага сшытку” 1640 г. Хто чуў хоць раз гэтую рэч, у таго ня будзе ніякіх сумненьняў, што яна мусіць быць гімнам Беларусі.

Рыгор Барадулін: “Магутны Божа”

паэт

Пры Шушкевічу я ўваходзіў у журы, якое мусіла вырашаць, які гімн будзе. Тады рэальна разглядаліся два годныя варыянты — “Магутны Божа” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”: гімн мусіць быць асьвечаны гісторыяй, акроплены крывёй, сагрэты сэрцамі некалькіх пакаленьняў. Памятаю, звоніць мне Лучанок і кажа, маўляў, а гімн ужо гатовы. На чые словы? Таго, праз каго ўсю справу з прыняцьцем варыянту “Магутны Божа” тады і сарвалі.

Марына Лобач: “З братняю Русьсю”

алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы

Мяне, у прынцыпе, задавальняе той гімн, які ёсьць цяпер.

Любоў Уладыкоўская-Канаплянік: “Магутны Божа”

дырэктарка Скарынаўскага цэнтру

Гімн павінен мець вобразны тэкст і мажорную мэлёдыю. Тут мусіць сканцэнтравацца нацыянальная ідэя. Досыць зьбівацца на рахманасьць, час выяўляць нацыянальную волю — выйсьці “шчыльнымі радамі”. Але ўсё-такі я за сьветлы, інтымны і аптымістычны “Магутны Божа”, які практычна стаўся неафіцыйнам гімнам Беларусі.

Георгій Марчук: “Радзіма мая дарагая”

дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”

Гімн мусіць нарэшце зьявіцца. І ён павінен быць мэлядычным, а ня маршавым. Верш мусіць быць глыбокім, але напісаным простымі словамі, без мудрагелістага патрыятызму. У нас багата выдатных сучасных паэтаў і кампазытараў, здатных стварыць арыгінальны, новы гімн. Зь вядомых мэлёдыяў як беларускі гімн добра б гучала “Радзіма мая дарагая” Алоўнікава.

Апытваў Ігнат Чакацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0