Гімны суседзяў

 

Гімнам Польшчы зьяўляецца мазурка, больш вядомая як “Jeszcze Polska nie zgineła”. У 1926 г. песьня стала афіцыйным гімнам Польшчы.

Словы ўкраінскага гімну “Ще не вмерла Україна” напісаў у 60-х ХІХ ст. паэт, этнограф і фальклярыст Павал Чубінскі. Верш быў упершыню надрукаваны ў 1863 г. і набыў шалёную папулярнасьць, яго нават прыпісвалі Шаўчэнку. Музыку да верша ў тым самым годзе напісаў кампазытар і дырыжор Міхаіл Вярбіцкі. Паколькі ён традыцыйны, нікога не палохаюць у ім неактульныя радкі пра “Ўкраіну ад Сану да Дону”.

Гімн Літвы Lietuva, tevynė mūsu (“Літва — наша радзіма”) быў напісаны пры канцы 19 ст. лідэрам вызвольнага руху, паэтам, публіцыстам, лекарам Вінкасам Кудзіркам. Упершыню гімн быў выкананы ў 1899 г. хорам пад кіраўніцтвам камапазытара Сяславаса Саснаўскаса ў Санкт-Пецярбурзе. А ў Літве ўпершыню прагучаў у 1905 г., перад пасяджэньнем Вялікай Рады Літвы. У 1919 г. яго прынялі як дзяржаўны. Кудзірка не дажыў да незалежнасьці, але ў ягоны гонар назвалі горад — Кудзіркас. У 1940 г. бальшавікі адмянілі гімн, але ў 1991 г. ён быў вернуты.

Гімн Латвіі Dievs, sveti Latviju! (“Божа, блаславі Латвію”) напісаў Карліс Баўманіc у 1873 г., упершыню яго выканалі на першым усеагульным сьвяце латыскай песьні і танцу. Песьня стала галоўнай нацыянальнай песьняй латыскага народу, а ў 1918 г. — нацыянальным гімнам. Савецкая ўлада ў 1940 г. адмяніла нацыянальныя сымбалі, у тым ліку і гімн. Латышы выконвалі гімн на тайных сходах, бо за прылюднае яго выкананьне давалі колькі гадоў турмы. У 1990 г. нацыянальныя сымбалі, у тым ліку і гімн, былі вернутыя.

 

Бяз Бога і каралевы

Гімн Вялікай Брытаніі “Божа, беражы каралеву” напісаў у 1740 г. Генры Керы. Тая самая песьня была да 1974 г. гімнам Аўстраліі. Пасьля краіна, адракаючыся каляніяльнае спадчыны, вырашыла яго зьмяніць. У часе ўсенароднага апытаньня 60 тыс. аўстралійцаў прагаласавалі за песьню «Australians all, let us rejoice». Яе й зацьвердзілі.

Канада зьмяняла гімн аж два разы. Спачатку ў 1867 г., калі атрымала аўтаномію ад Брытаніі і разьвіталіся з гімнам “Божа, беражы каралеву”. У тым самым годзе малады настаўнік з Таронта, шатляндзец Аляксандар Муір напісаў песьню “Кляновы ліст назаўсёды”. Песьня спадабалася англаканадцам, але яна была вельмі шавіністычная, у прыватнасьці ўслаўляла заваёву Квэбэку. Франкаканадцы трывалі несправядлівасьць трынаццаць гадоў — да 24 чэрвеня 1880 г., калі ў Манрэалі адбываліся вялікія ўрачыстасьці з нагоды нацыянальнага сьвята франкаканадцаў, Дня Івана Хрысьціцеля. На іх мусіў завітаць генэрал-губэрнатар Канады, ангелец маркіз Лорн. Сьпяваць ангельскі гімн квэбэкцам не хацелася, і за адну ноч кампазытар Калікс Лявалье і вярхоўны судзьдзя Квэбэку Адольф-Базіль Рут’ё напісалі гімн “О Канада!”, які й быў выкананы на сьвяце. Мэлёдыя спадабалася англаканадцам. Яны напісалі англамоўны тэкст, і з таго часу песьня выконвалася на разнастайных урачыстасьцях. Яе нават адбіваюць куранты над будынкам парлямэнту.

Але афіцыйна гімнам “О Канада!” сталася ў 1980 г., так і захаваўшы два тэксты ня толькі разнамоўныя, але і розныя сэнсам. Англаканадцы сьпяваюць пра раўніны ад захаду да ўсходу ды моцную Поўнач, а франкаканадцы пра зямлю бацькоў Квэбэк ды раку Сьвятога Лаўрына.

 

Самыя-самыя

Сучасны гімн Уругвая налічвае 11 слупкоў па восем радкоў у кожным плюс уступнае і заключнае слова хору, агулам — 96 радкоў. А гімн Нідэрляндаў яшчэ большы — ажно 133 радкі! Доўгі быў і ранейшы гімн Кітаю — яго можна было сьпяваць паўдня. Таму, відаць, кітайцы яго і зьмянілі на песьню з мастацкага фільму пра змаганьне зь японскімі імпэрыялістамі, падобную да “Марсэльезы”: “Паўстань, хто хоча вызваленьня, са сваіх целаў збудуем Вялікую Сьцяну. Для лёсу нацыі настаў рашучы час, з грудзей ірвецца крык апошні: “Паўстань! Паўстань! Паўстань”. А гімн Японіі “Кімігаё” Хіраморы Хашы складаецца ўсяго з аднаго слупка. Па-беларуску сэнс такі:“Тысячу, не, восем тысячаў пакаленьняў доўжыцца кіраваньне Імпэратара, за гэты час галька рачная становіцца скалой, што абрастае імхом”.

Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0