З УСІХ СТАРОН

 

навіны за тыдзень

Польскае правасудзьдзе на баку беларусаў

Вроцлаўскі адміністрацыйны суд вырашыў не выдаваць Беларусі былога намесьніка дырэктара МАЗу Аляксандра Якаўлева, якога беларуская пракуратура абвінаваціла ў кантрабандзе і адмываньні брудных грошай. У абарону А.Якаўлева сьведчыў С.Шушкевіч. У Варшаве ідуць аналягічныя слуханьні па справе банкіра Вацлава Маркевіча. Працэс яшчэ ня скончыўся, аднак Маркевіча ўжо вызвалілі з-пад варты. На карысьць яго сьведчылі В.Вячорка, А.Лябедзька, П.Марцаў, В.Кругавы і сын Тамары Віньнікавай.

Ліквідацыю НДП адклалі

Канстытуцыйны суд Германіі адклаў судовы разбор справы аб забароне нэанацысцкай партыі НДП, паколькі адзін са сьведкаў абвінавачаньня, 66-гадовы Вольфганг Фрэнц, выявіўся агентам спэцслужбаў і ягоныя паказаньні страцілі вагу. Нечаканы скандал можа змарнаваць шматмесячную падрыхтоўку да ліквідацыі НДП.

ЗША павялічваюць выдаткі на абарону

Джордж Буш зьбіраецца значна павялічыць бюджэт міністэрства абароны ў наступным фінансавым годзе. Пэнтагон атрымае на 48 млрд. даляраў больш, чым летась (рост на 12%). Дадатковыя сродкі пойдуць на павелічэньне заробкаў вайскоўцам, паляпшэньне іхных жыльлёвых умоваў, падвышэньне боегатоўнасьці арміі. Зараз новы праект бюджэту разглядае Кангрэс.

Масхадаў застаецца прэзыдэнтам

У суботу 26 студзеня мінуў тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аслана Масхадава. Аслан Масхадаў быў абраны прэзыдэнтам Чачэніі 27 студзеня 1997 г. Згодна з чачэнскай канстытуцыяй, прэзыдэнцкі тэрмін складае пяць гадоў, і ён скончыўся ў нядзелю. Тым ня менш Аслан Масхадаў працягвае заставацца прэзыдэнтам Чачэнскай рэспублікі да таго часу, “пакуль 27 студзеня якога-небудзь году не адбудуцца новыя прэзыдэнцкія выбары”. Так гаворыцца ў пастанове №69 Дзяржаўнага камітэту абароны ЧРІ ад 27 лістапада 2001 г. Гэтай пастановай у сувязі з вайсковымі дзеяньнямі на тэрыторыі рэспублікі ўведзенае ваеннае становішча. Адпаведна, выбарчыя правы грамадзян рэалізаваць немагчыма. Калі ж ДКА ЧРІ на чале з Масхадавым адменіць ваеннае становішча, то выбары можа будзе правесьці, але толькі 27 студзеня — у памяць аб тых выбарах, калі Масхадаў стаў прэзыдэнтам. Да тых часоў усе чачэнцы павінны адпачываць штогод 27 студзеня і сьвяткаваць Дзень гонару. Тым часам прэзыдэнцкія выбары плянуе правесьці ўвосень гэтага году цяперашні кіраўнік чачэнскай адміністрацыі Ахмад Кадыраў.

 

Украіна будзе наша

Рост папулярнасьці ўкраінскіх нацыянал-дэмакратаў можа адгукнуцца тымі ж тэндэнцыямі ў Беларусі

31 сакавіка ва Ўкраіне адбудуцца парлямэнцкія выбары. Палову дэпутатаў (225 асобаў) абяруць па прапарцыйнай сыстэме па партыйных сьпісах, а другую — па аднамандатных акругах, дзе перамагае той, хто зьбірае большасьць галасоў.

Кучма ня мае той улады, якой валодае Лукашэнка, хоць дэмакратам украінскага прэзыдэнта назваць цяжка. Ён балянсуе паміж рознымі палітычнымі сіламі з мэтай прадухіліць узьнікненьне ў новым парлямэнце ня толькі антыпрэзыдэнцкае кааліцыі, але й любой стабільнай кааліцыі бяз Кучмавай падтрымкі.

Выкарыстоўваючы такую стратэгію, ён мае намер перадаць у 2004 г. уладу ў рукі некага з паплечнікаў (быць прэзыдэнтам трэці тэрмін Кучма ня мае права). Падчас гэтае кадэнцыі ён трымаў пад кантролем Вярхоўную Раду, не дазваляючы сваім праціўнікам аб’яднацца і трымаючы парлямэнт у максымальна раздробленым стане. Фракцыі Вярхоўнай Рады ўвесь час драбіліся: на пачатку Кучмавага прэзыдэнцтва іх было 8, цяпер — 15. Не раскалолася толькі Кампартыя, якая мела самую вялікую фракцыю (113 дэпутатаў).

Сёлета за рэальны ўплыў у парлямэнце будуць змагацца Камуністычная партыя Ўкраіны (на сёньня мае рэйтынг 16,1%), правацэнтрысцкая кааліцыя “Наша Ўкраіна” былога прэм’ера Юшчанкі (18,8%) і цэнтрысцкі блёк “За адзіную Ўкраіну” цяперашняга прэм’ера Кінаха і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Літвіна (5,8%).

Маюць шанцы трапіць у парлямэнт па партыйных сьпісах блёк Юліі Цімашэнка (журналісты далі яму прыгожую абрэвіятуру Б’ЮТІ — намёк на сапраўды пекную кіраўнічку блёку) (7,9%), аб’яднаньне “Жанчыны за будучыню” (5,1%), Партыя зялёных (4,9%), Сацыялістычная партыя (4,5%), Сацыял-дэмакратычная партыя Ўкраіны (аб’яднаная) (4,1%), Прагрэсіўныя сацыялісты Натальлі Вітрэнка (3,7%), партыі “Яблык” (3,0%), “Адзінства” (2,0%) і Дэмакратычны саюз (1,9%).

Асноўны сцэнар змаганьня можна акрэсьліць як барацьбу нацыянал-дэмакрата Юшчанкі за тое, каб атрымаць як мага больш месцаў у Вярхоўнай Радзе, і спробы пракучмаўскіх сілаў захаваць свой уплыў і не дапусьціць узмацненьня колішняга прэм’ера. І Юшчанка, і Кучма прылюдна пазьбягаюць выказвацца адзін супраць другога, але ў рэальнасьці цягам апошняга году яны толькі й варагавалі міжсобку.

Праводзячы пасьпяховую рэфарматарскую дзейнасьць, урад Юшчанкі-Цімашэнка дасягнуў добрых эканамічных паказьнікаў. Кучма пачаў баяцца росту папулярнасьці свайго першага міністра. Летась 26 красавіка, акурат на 15-я ўгодкі чарнобыльскай аварыі, камуністычна-алігархічная большасьць Вярхоўнай Рады адправіла ўрад Юшчанкі ў адстаўку. Прэм’ер у сваім апошнім слове ахарактарызаваў гэтую падзею як паразу тых, хто спавядае прынцыпы публічнай палітыкі і легальнай эканомікі, і паабяцаў вярнуцца.

17 ліпеня Юшчанка разам з прадстаўнікамі інтэлігенцыі, спартоўцамі, дзеячамі шэрагу палітычных партыяў і мясцовай адміністрацыі — пераважна “рухаўцамі” — узьняўся на самы высокі пункт Украінскіх Карпатаў — гару Гавэрлу. На прэс-канфэрэнцыі на вяршыні гары ён абвесьціў пра сваё вяртаньне ў палітыку і пачатак стварэньня выбарчага блёку, не называючы канкрэтных удзельнікаў саюзу, каб не ствараць антаганізму паміж “заснавальнікамі” і “тымі, хто далучыцца”. Хаця нацыянал-дэмакратычны касьцяк блёку быў відавочным: побач зь Юшчанкам стаялі прадстаўнікі Народнага руху Ўкраіны (НРУ), Украінскага народнага руху (УНР), партыі “Рэформы і парадак” і Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў.

Далей пачаліся кансультацыі й перамовы, але Юшчанка не забываўся й на імідж: 23 жніўня разам зь некалькімі ўкраінскімі мастакамі ён стварыў на Міхайлаўскай плошчы пасярод Кіева імправізаванае пано “Наша Ўкраіна”. Ён пачаў працу над ім, намаляваўшы падкову як сымбаль удачы, а пасьля разам з мастаком Гайдамакам стварыў заключную карціну — яблыню зь зялёнымі й чырвонымі яблыкамі. Юшчанка дэкляраваў, што гэта сымбалізуе пачатак і сканчэньне справы “Нашае Ўкраіны”.

Пару тыдняў таму, 9 студзеня, каля помніка першаму прэзыдэнту УНР Міхалу Грушэўскаму ў Кіеве партыі-ўдзельніцы падпісалі пагадненьне аб стварэньні выбарчага блёку. Апрача чатырох “гавэрлаўскіх” партыяў, у блёк увайшлі “Хрысьціянска-народны зьвяз”, партыя “Наперад, Украіна”, “Салідарнасьць”, Рэспубліканская хрысьціянская партыя, Маладзёвая партыя Ўкраіны, Лібэральная партыя. Пасьля акцыі Юшчанка і лідэры партыяў блёку зьелі разам калядную куцьцю, але ані кроплі алькаголю ня выпілі.

Юшчанка стварае сабе імідж “кандыдата нацыі”, а не апазыцыі. У гэтым яго галоўнае адрозьненьне ад нацыянал-дэмакраткі Юліі Цімашэнка, што ўзьняла сьцяг рашучай апазыцыйнасьці. Юшчанка не пайшоў на саюз зь ёй. Тая ж патлумачыла, што, маўляў, нягледзячы на ўсю блізкасьць паміж імі, “нехта ж павінен і чорнае называць чорным”.

Юшчанка імкнецца згуртаваць вакол сябе паважныя і значныя постаці. Красамоўна выглядае сьпіс блёку. Ачольвае сьпіс лідэр блёку — сам Юшчанка. На другім месцы “ўкраінскі Ганчарык” — кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Украіны Стаян. Трэці па сьпісе — лідэр НРУ, былы міністар замежных справаў Удавенка, чацьверты — кіраўнік УНР, былы міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Кастэнка, пяты — кіраўнік партыі “Рэформы і парадак” былы віцэ-прэм’ер Пінзенік. Далей ідуць кіраўнік Саюзу ўкраінак Грыгаровіч, прэзыдэнт бровару “Абалонь”, піўны магнат Слабадзян, правадырка Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў Слава Стацько, колішні міністар замежных справаў Тарасюк і акадэмік, дырэктар Інстытуту літаратуры імя Шаўчэнкі НАН і былы віцэ-прэм’ер Украіны Мікола Жулінскі. Словам, ахопленыя ўсе: прафсаюзы, прадпрымальнікі, нацыяналісты, інтэлігенцыя, жанчыны, — і бадай што кожны знойдзе ў партыйным сьпісе сымпатычнага сабе чалавека. Адно што ўсёахопнасьць абмяжоўвае Юшчанку свабоду манэўру.

Канкурэнт “Нашай Украіны” — блёк чынавенства і намэнклятуры “За адзіную Ўкраіну” (яго ўкраінская абрэвіятура — “За ЄдУ!”). Лідэр блёку, кіраўнік прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўладзімер Літвін кажа пра намер сабраць 25% галасоў, але сацыялягічныя апытаньні пакуль не даюць ім і 6%. Але гэтай партыяй будзе задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс.

Цікавы выпадак Сацыял-дэмакратычнай партыі Ўкраіны (аб’яднанай) — алігархічнай групоўкі, якая мае рэальныя структуры на месцах. Яе вага ў грамадзкім жыцьці вызначаецца багацьцем і ўладай ейных чальцоў, а ня масавасьцю. Амбіцыі гэтай партыі — гэта ў асноўным амбіцыі яе лідэра, алігарха Медведчука, што зьбіраецца ў 2004 г. выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах. Уплыў партыі грунтуецца на кантролі над асноўнымі ўкраінскімі тэлеканаламі. Цікава, што менавіта гэтая партыя актыўна наладжвае сувязі з Масквой і выкарыстоўвае ў перадвыбарнай агітацыі русафільскую рыторыку.

Сяргей Рак

 

Расейскія інтрыгі перад украінскімі выбарамі

Тарас Кузё

 

За падрыхтоўкай да ўкраінскіх парлямэнцкіх выбараў уважліва сочаць ня толькі на Захадзе, але і ў Маскве. Расея вельмі хацела б зарабіць на сваім посьпеху, якім скончыліся двухгадовыя спробы пераарыентаваць украінскую шматвэктарную палітыку на ўсход. Асноўная пагроза ўсходняму напрамку і ўсё большаму ўплыву Расеі — Віктар Юшчанка і ягоны блёк “Наша Ўкраіна”.

 

Ва Ўкраіне, як і ў іншых посткамуністычных краінах, падтрымка рэфарматарскага курсу, умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці і арыентацыя на Эўропу цесна зьвязаныя адно з адным. Захад звычайна проста падтрымлівае гэты набор “палітычных тэндэнцыяў”, спрыяючы правядзеньню рэформаў і свабодных выбараў. Так, ЗША дапамаглі ў падрыхтоўцы 25 тысяч членаў мясцовых выбарчых камісіяў і выдзелілі 200 тыс. даляраў на падтрымку рэгіянальных СМІ Ўкраіны. Расея ж бачыць сваю асноўную задачу ў замацаваньні свайго ўплыву ва Ўкраіне, пры гэтым яна гатовая заплюшчыць вочы на дзеяньні таго, хто знаходзіцца пры ўладзе (як гэта ўжо адбылося ў Беларусі).

На працягу двух апошніх год кланы ўкраінскіх алігархаў-русафілаў і іхныя СМІ ўсё часьцей згадваюць пра змову, заснаваную на “пляне Бжазінскага”, аб якім упершыню пачалі казаць расейскія крыніцы, блізкія да прэзыдэнта Пуціна. “Плян Бжазінскага” быццам бы распрацаваны амэрыканскімі палітыкамі з мэтай зьвяржэньня прэзыдэнта Кучмы шляхам “бяскроўнай рэвалюцыі” і замены яго Юшчанкам. У якасьці аналёгіі прыводзіцца зьвяржэньне Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі ў кастрычніку 2000 г. Меркаваныя Юшчанкавы саюзьнікі ў гэтым перавароце — два крылы радыкальнай антыкучмаўскай апазыцыі: Юлія Цімашэнка, колішні віцэ-прэм’ер ва ўрадзе Юшчанкі, і лідэр сацыялістаў Аляксандар Мароз.

“Плян Бжазінскага” стаяў за скандалам “Кучмагейт”, які выбухнуў у лістападзе 2000 г., калі былі абнародаваныя запісы, незаконна зробленыя ў Кучмавым кабінэце, што прывяло да самых масавых у гісторыі Ўкраіны выступаў апазыцыі. “Плян Бжазінскага” адыграў тады клясычную дэзінфармацыйную ролю, адцягнуўшы ўвагу ад магчымага дачыненьня да скандалу Расеі (у змове з групамі ўкраінскіх алігархаў), паколькі ўся віна была ўскладзеная на Захад.

Кучму ўдалося ўтрымацца пры ўладзе, нягледзячы на патрабаваньні аб адстаўцы, якія гучалі ў 2000—2001 гадах, і пра “змову” паступова забыліся. Да жыцьця яе вярнулі толькі ў лістападзе “Київські відомості”, газэта, што належыць Сацыял-дэмакратычнай партыі Ўкраіны (аб’яднанай).

Крамлёўскія стратэгі ды іміджмэйкеры Пуціна Глеб Паўлоўскі і Марат Гельман, суўладальнікі Фонду эфэктыўнай палітыкі (іхная роля ў палітычных працэсах, што адбываліся ў Расеі апошнім часам, вельмі неадназначная), зрабілі “пляну Бжазінскага” гучную рэкляму. Дый падчас цяперашняй выбарчай кампаніі ва Ўкраіне ФЭП працягвае весьці ценявую PR-дзейнасьць разам з СДПУ(а). Асноўная іхная мішэнь — Юшчанка, закляты вораг Медведчука, лідэра СДПУ(а).

У нядаўнім дасьледаваньні, якое правяла Сетка аналітычных цэнтраў Украіны, толькі СДПУ(а) ды камуністы выступаюць за ўваходжаньне Ўкраіны ў саюз Беларусі і Расеі. Сацыял-дэмакраты таксама нядаўна ўзьнялі пытаньне пра зьмены ў законе “Аб мове” ад 1989 г. з мэтай прызнаць расейскую “другой афіцыйнай мовай”. Аднак такі русафільскі папулізм не перашкодзіў СДПУ(а) уключыць нацыяналіста і пранатаўска настроенага былога прэзыдэнта Леаніда Краўчука ў сваю першую пяцёрку.

Апроч таго, эсдэкі аказваюць істотную падтрымку антызаходняму і пракучмаўскаму “Руху за еднасьць” (НРУ(е), раскольніцкай групе, лідэрам якой зьяўляецца Багдан Бойка. Гэты Рух быў падазрона створаны ўсяго за тры дні да таго, як выбухнуў “Кучмагейт”. НРУ(е) і Прагрэсіўныя сацыялісты граюць ролю правай і левай “радыкальнай апазыцыі”, якая ў сапраўднасьці кантралюецца ўладай, падобна да таго, як гэта адбываецца ў Расеі зь Лібэральна-дэмакратычнай партыяй Жырыноўскага.

НРУ(е) кантралюе цярнопальскі “Трызуб” — ваенізаваную групоўку, якой кіруе палкоўнік Яўген Філь, што арганізаваў беспарадкі 9 верасьня 2001 г., каб дыскрэдытаваць антыкучмаўскую апазыцыю.

СДПУ(а) таксама паўтарыла некалькі прыёмаў чорнага PR-у, якія ФЭП раней пасьпяхова выкарыстаў у Расеі. Гаворка ідзе пра спробы ачарніць Юшчанку, які, у адрозьненьне ад большасьці палітыкаў, мае добрую рэпутацыю. У ФЭПу таксама існуе дамоўленасьць з СДПУ(а) пра “кансультаваньне перадвыбарнай кампаніі”, а 10 яго супрацоўнікаў працуюць на гэтую партыю.

Да распрацовак ФЭПу адносіцца стварэньне фальшывага вэбсайту Юшчанкі — паўтарэньне ходу, зробленага супраць маскоўскага мэра Юр’я Лужкова і тагачаснага канкурэнта Пуціна Яўгена Прымакова падчас парлямэнцкіх выбараў 1999 г.

Магчыма, што ФЭП і ягоныя саюзьнікі эсдэкі стаяць і за другім “касэтным скандалам”, які меў месца ва Ўкраіне ў пачатку студзеня 2002 г. У ім фігуравалі Юшчанка і кіеўскі мэр Аляксандар Амельчанка. Як адзначыў Сяргей Собалеў, намесьнік старшыні партыі “Рэформы і парадак”, апошні скандал “выразна паказаў на тых, хто арганізаваў касэтны скандал” у Кучмавым кабінэце. Собалеў меў на ўвазе падазрэньне, упершыню выказанае радыё “Свабодная Эўропа” / радыё “Свабода” ў сьнежні: за запісам размоваў Кучмы стаіць СДПУ(а) (разам з Расеяй).

Новыя стужкі былі абнародаваныя нядаўна створанай грамадзкай групай “За добрасумленнасьць у палітыцы”, якая мае цесныя сувязі з эсдэкамі і НРУ(е). Мэта гэтай акцыі — дыскрэдытаваць Юшчанку, стварыўшы ўражаньне, што ён разам з Амельчанкам меў намер прыбраць віцэ-сьпікера Медведчука. Большасьць палітычных партыяў асудзілі абнародаваньне запісаў, а Амельчанка нават падаў у суд. Амельчанка, заўзяты супернік СДПУ(а), чый сын зьяўляецца членам Юшчанкавага блёку, абвінаваціў Паўлоўскага і ФЭП у нізкапробных дзеяньнях, што “прыніжаюць украінскую нацыянальную годнасьць”.

Украінскія выбары — сцэна гарачых геапалітычных баёў за будучую замежнапалітычную арыентацыю Ўкраіны. Ва Ўкраіны толькі дзьве магчымасьці. Альбо яна можа працягваць вагацца і намагацца “павярнуцца да Эўропы разам з Расеяй” (а гэта варыянт, якому аддаюць перавагу Кучма і алігархі), што адкладзе інтэграцыю ў Эўропу навекі і зьвяжа лёс Украіны з Расеяй. Альбо яна можа паскорыць рэфарматарскі курс, аднавіць палітыку “нацыянальнага будаўніцтва” і ўвайсьці ў Эўропу без Расеі — менавіта такі варыянт адстойвае Юшчанка і ягоныя саюзьнікі.

Блёк “За Юшчанку”, КПУ (аб’яднаная) і кааліцыя “Супраць усіх”

Гутарка зь вядомым украінскім інтэлектуалам Міколам Рабчуком наконт будучых парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, палітычных манэўраў адміністрацыі Леаніда Кучмы, непераборлівасьці апазыцыі і таго, чым гэта можа скончыцца.

“НН”: Якія палітычныя сілы маюць шанцы на перамогу на выбарах, а якія выконваюць ролі статыстаў?

Мікола Рабчук: Рэальныя сілы толькі дзьве. Першая — неаднародная партыя улады. Асноўная сіла там — гэта блёк “За адзіную Ўкраіну”, які падтрымлівае большасьць чыноўнікаў. Аднак ёсьць і іншыя цікавыя іпастасі, напрыклад, партыя “зялёных”, якая насамрэч не зьяўляецца “зялёнай”, ці так званая Сацыял-дэмакратычная партыі Ўкраіны (аб’яднаная), якая насамрэч не зьяўляецца дэмакратычнай. Дужа пасьпяховы прапагандысцкі праект апошніх месяцаў — партыя “Жанчыны за будучыню”. Яна вельмі добра раскручаная і, відавочна, пераадолее 4%-ы бар’ер, можа нават возьме больш галасоў. Партыю гэтую таксама называюць “Жанчыны за будучыню дзяцей прэзыдэнта і ягоных унукаў”, бо ў ёй бярэ ўдзел жонка прэзыдэнта.

Другая сіла, таксама неаднародная, — гэта апазыцыя, перадусім у выглядзе блёку “Наша Ўкраіна” Юшчанкі. Ёсьць таксама радыкальная апазыцыя — блёк Юліі Цімашэнка “Бацькаўшчына” і Сацыялістычная партыя Мароза, і ёсьць “кішэнная апазыцыя” — камуністы, якімі пужаюць нашых нацыял-дэмакратаў.

“НН”: Якія палітычныя пазыцыі займае партыя ўлады?

М.Р.: Паколькі яна вельмі неаднародная, яе пазыцыі вельмі размытыя. Яна зьяўляецца самым выразным выяўленьнем агульнай украінскай амбівалентнасьці. Гэтая партыя дэкляруе нібыта сваю адданасьць эўрапейскаму выбару, але адначасова надае асаблівую ўвагу стасункам з Расеяй. Яна дэкляруе сваю прыхільнасьць да ўкраінскае дзяржаўнае мовы, але адначасова патрабуе не прыціскаць іншых моваў, маючы на ўвазе расейскую. Яна нібыта гаворыць слушныя словы, але іх можна трактаваць па-рознаму і гэта па-рознаму артыкулюецца ў розных рэгіёнах, у залежнасьці ад каньюнктуры. І так ва ўсіх іншых пытаньнях. Яны нібыта за прыватную ўласнасьць, але зь некаторымі заўвагамі. Вельмі аморфная і, я сказаў бы, хітрая пазыцыя.

І жук і жаба

“НН”: Каго ж у такой сытуацыі падтрымлівае нацыянальная інтэлігенцыя?

М.Р.: Асноўная маса падтрымлівае блёк “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанкі — ён вельмі ўсім сымпатычны і папулярны ва ўсім народзе. Хоць яго інтэнсіўна зьнішчаюць палітычныя апанэнты з партыі Медведчука — СДПУ(а) — яны кантралююць ТБ, мучаюць Юшчанку, як толькі могуць. Хоць гэта не асноўная партыя ўлады — яна нібыта пры ўладзе, але яна ня той клан, які дамінуе, — такі трошкі апальны клан. Гэта ўжо асабістая барацьба: Медвядчук бачыць у Юшчанку канкурэнта на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 г., да якіх яны ўжо рыхтуюцца, і магчыма, што зараз ідзе барацьба ня столькі за парлямэнт, колькі за будучыя прэзыдэнцкія выбары.

Вялікая частка ўкраінскае інтэлігенцыі будзе падтрымліваць Юлію Цімашэнка. Яна — яскравы нацыянальны алігарх у апазыцыі да прэзыдэнцкай улады. Кола ейных прыхільнікаў большае за кошт нездаволеных празьмернай кампраміснасьцю Юшчанкі, вакол якога сабраліся занадта сумнеўныя саюзьнікі, сапраўды і жук і жаба. Туды Кучма напхаў столькі сваіх людзей, што гэта ўжо не зусім апазыцыйны блёк.

“НН”: Якія праблемы стаяць перад Юшчанкавым блёкам?

М.Р.: Ён мае шэраг праблемаў. Першая — адсутнасьць уласных магутных СМІ. У яго ёсьць пэўныя рэгіянальныя мас-мэдыі, але няма агульнанацыянальных. Другой слабасьцю ягонага блёку зьяўляецца ўнутраная аморфнасьць. Юшчанка хацеў туды набраць як мага больш розных людзей, як мага больш разнастайных сілаў, каб ахапіць усю Ўкраіну, каб гэта ня быў толькі заходнеўкраінскі праект. І набраў шмат сумнеўных хаўрусьнікаў. Ён можа не заваяваць Усходняй Украіны і страціць Заходнюю. Яны пройдуць у парлямэнт (маюць вельмі высокі рэйтынг), сфармуюць самую вялікую фракцыю, але не здабудуць і паловы галасоў выбаршчыкаў, на якія спадзяваліся. Вельмі аморфныя там сілы сабраліся, і цяжка ім знайсьці нейкі кансэнсус.

Блёк “За Юшчанку” бязь Юшчанкі

“НН”: Як адбываецца перадвыбарная кампанія на рэгіянальным узроўні?

М.Р.: Мясцовыя кіраўнікі — вельмі хітрыя, яны звычайна ніколі не кладуць усе яйкі ў адзін кошык. Фармальна большасьць зь іх падтрымліваюць партыю ўлады, г.зн. “За адзіную Ўкраіну”. Іх проста ў дырэктыўным парадку абавязалі гэта рабіць. Але яны “ставяць сьвечку і Богу, і чорту” — трошкі так фліртуюць зь іншымі палітычнымі сіламі. Страхуюцца на ўсякі выпадак і бізнэсоўцы — афіцыйна-неафіцыйна падтрымліваюць усіх, нават часамі камуністаў. Мала што здарыцца, лепш мець сяброў і ў тым асяродку. Мас-мэдыі амаль цалкам пад кантролем мясцовай улады, але і яны дапускаюць пэўныя паслабленьні для апазыцыі. Так што я не магу казаць, што ўлада ўсё татальна кантралюе.

“НН”: Якая зараз сытуацыя ў некалі адзіным Народным руху Ўкраіны? Ці аб’яднаюцца тыя групоўкі, на якія ён раскалоўся?

М.Р.: Яны ўжо аб’ядналіся ў “Нашай Украіне”. Фармальна яны ня могуць гэтага зараз зрабіць, бо, згодна з законам, гэта будзе ўжо іншая партыя, якая ня будзе мець права браць удзел у выбарах. Але яны дэкляруюць жаданьне зрабіць гэта пасьля выбараў. Пад эгідай Юшчанкі можа адбыцца аб’яднаньне нацыянал-дэмакратычных сілаў. Хоць Юшчанка як кандыдат на будучых прэзыдэнцкіх выбарах ня надта хоча атаясамліваць сябе выключна з нацыянал-дэмакратамі. Таму ён намагаецца гэты блёк пашырыць — магчыма, з гэтым зьвязаная ягоная непераборлівасьць у фармаваньні кааліцыі.

Зь іншага боку, мы назіраем вельмі небясьпечныя гульні з боку партыі ўлады, перш за ўсё Адміністрацыі прэзыдэнта, накіраваныя на разьяднаньне існых партыяў і блёкаў. У процівагу тым дзьвюм фракцыям Руху, якія ўвайшлі ў Юшчанкаву “Нашу Ўкраіну”, створаная трэцяя невялічкая група раскольнікаў, якіх яўна падтрымліваюць ва ўладных колах. Яны вельмі добра фінансуюцца — гэта я ведаю ад людзей зь іх асяродзьдзя, — яны вельмі добра аплачваюцца. Гэтыя людзі стварылі свой блёк, які так і называецца — “Народны рух Украіны”. Шмат каго гэта можа зьбіць з панталыку.

Пры дапамозе прэзыдэнцкай Адміністрацыі быў створаны і блёк “За Юшчанку”. Гэта вельмі цынічная маніпуляцыя. Разумееце, да чаго яны дайшлі, наколькі груба гэта робіцца! Юшчанка іх на гэта не ўпаўнаважваў, але яны і так зарэгістравалі свой блёк. Судзіцца зь імі немагчыма, таму што Юшчанкаў ва Ўкраіне шмат і невядома, за якога яны Юшчанку. Гэтыя групы ня пройдуць у парлямэнт, але яны адцягнуць 1—2% галасоў ад таго ж Юшчанкі. Вось у чым уся праблема. Створаны блёк “Супраць усіх”. Яго заснавальнікі палічылі, што вельмі шмат людзей галасуе супраць усіх, і вырашылі выкарыстаць гэта на сваю карысьць: “Калі вы супраць усіх, галасуйце за нас, бо мы якраз супраць усіх”.

Гэтыя падробкі вельмі добра характарызуюць рэжым, які ўсе тыя кааліцыі прадукуе. Няма сумневаў, што за ўсім стаіць у першую чаргу ўлада. З другога боку, гэта дэманструе недасьведчанасьць грамадзтва, якім можна гэтак проста маніпуляваць і ў якім можна атрымліваць палітычныя дывідэнды з такіх вось бессаромных маніпуляцыяў.

Дадам, што ў мажарытарных акругах выстаўляюць людзей з тымі самымі прозьвішчамі, так званых цёзак. Нават на чале партыяў ставяць такіх самых людзей. Напрыклад, улада стварыла такую маленькую партыю пад назвай Камуністычная партыя (аб’яднаная), на чале якой стаіць “таксама” Сіманенка. І асноўную Кампартыю ўзначальвае Сіманенка, і “альтэрнатыўную”.

Беларусяй толькі пужаюць

“НН”: Ці моцны ўплыў Расеі на ўкраінскія выбары?

М.Р.: Ён заўжды існаваў і доўга яшчэ будзе існаваць. Расея ўплывае на нас праз свае мас-мэдыі. У вялікіх гарадах кабэльнае ТБ рэтрансьлюе расейскія каналы, якія вядуць расейскую прапаганду. Існуюць украінскія вэрсіі маскоўскіх газэт Известия в Украине, Комсомольская правда в Украине, Аргументы и факты в Украине і г.д. Фармальна яны зарэгістраваныя ва Ўкраіне, але на 60—90% складаюцца з расейскіх матэрыялаў і зноў-такі вядуць адпаведную прапаганду. Ну і акрамя таго працуюць расейскія паліттэхнолягі — гэта зноў жа агульнавядома.

Іншая справа, што на гэтых выбарах, у параўнаньні з папярэднімі, слабее расейскі фактар, бо практычна ніводная партыя цяпер не агітуе за “ўзьяднаньне”, за аднаўленьне Савецкага Саюзу ці нават за абвяшчэньне расейскай мовы другой дзяржаўнай. Нават камуністы гавораць толькі пра “збліжэньне”, “інтэграцыю”. Адбываецца адыход, зьмена палітычных інтарэсаў і арыентацыяў — г.зн. розныя палітычныя сілы вымушаныя лічыцца з рэчаіснасьцю, а рэчаіснасьць такая, што насельніцтва Ўкраіны ўсё больш усьведамляе сябе насельніцтвам самастойнай Украіны і ёсьць розныя прыкметы таго, што нацыянальная ідэнтычнасьць умацоўваецца.

“НН”: Ці прысутнічае Беларусь у перадвыбарнай рыторыцы?

М.Р.: Паколькі Лукашэнка выклікае ў нас мала сымпатыі, Беларусь фігуруе ў нас хутчэй як адмоўны прыклад. Маўляў, глядзіце, што з намі можа быць, калі мы будзем задужа арыентавацца на Маскву, душыць украінскую мову і г.д.. Адзіная партыя, якая прыводзіць Беларусь у якасьці станоўчага прыкладу, — гэта партыя Натальлі Вітрэнка, экстрэмісцкая левая, нават лявацкая партыя, якая некалі адкалолася ад сацыялістаў. Вітрэнка мае рэпутацыю “ўкраінскага Жырыноўскага”. Гэта адзіная група, якая кажа, што вось нам трэба браць прыклад зь Беларусі, як там усё добра.

“НН”: Якая, на вашу думку, будзе палітычная раскладка пасьля выбараў?

М.Р.: Відавочна, паменшае камуністычная фракцыя. Гэта наступства таго скандалу, калі яны яўна выдалі свае супрацоўніцтва з рэжымам, фактычна сабатуючы ўсе спробы апазыцыі націснуць на Кучму. Тады іх калябарацыянісцкая сутнасьць высьветлілася, і гэта адштурхоўвае ад іх многіх ідэйных левых. І, апроч таго, у іх зьмяншаецца электарат: старыя людзі паміраюць. Усе апытаньні паказваюць, што цяпер у іх значна ніжэйшы рэйтынг: некалі быў 30%, цяпер якіх небудзь 17%.

Наконт асноўных сілаў. Мы атрымаем вялікую фракцыю блёку Юшчанкі, у якога будзе 20—30% месцаў у парлямэнце. Іншая справа, што гэты блёк можа распасьціся ўжо ў самім парлямэнце, бо, як я ўжо казаў, там надта розныя сілы. Партыя ўлады працягне сваіх людзей і ў выглядзе чыстай партыі ўлады “За адзіную Ўкраіну”, працягне і “Жанчынаў за будучыню”, і ўсякіх іншых “зялёных”. То бок і надалей парлямэнт Украіны будзе досыць аморфным. Партыя ўлады не набярэ шмат галасоў, але яны правядуць шмат дэпутатаў у мажарытарных акругах, дзе яны кантралююць сытуацыю. Такім чынам, нас чакае балючы працэс перамоваў, фармаваньня нейкіх кааліцыяў і г.д. У любым разе я прадбачу, што будзе такое самае балота, як цяпер. Наўрад ці што кардынальна ва Ўкраіне памяняецца, прынамсі да 2004 г., калі будуць прэзыдэнцкія выбары. Там, я думаю, будзе шмат што вырашацца, а пакуль што мы маем прэзыдэнта, які хутчэй руйнуе дзяржаўную сыстэму, руйнуе грамадзянскую супольнасьць, а не будуе.

Гутарыў С.Р.