ІN MEMORIAM

 

Без прыдомку мас-

На мінулым тыдні слынная амэрыканская сьпявачка Пэгі Лі назаўсёды пераўвасобілася ў свае песьні. Нельга сказаць, каб яе вельмі добра ведалі ў нашых краёх. Затое амаль кожнае імя з тых многіх, што атачалі яе жыцьцё і творчасьць, — на слыху.

 

На століку маленькай віленскай кавярні ў кубку з гарбатай танчыць скрылёк цытрыны. Здаецца, ён дакладна паўтарае рытм песьні, якую сьпявае Пэгі Лі. А за вакном цярушыць і цярушыць несуцешны зімовы дождж. Па тварах наведнікаў я бачу: яны й не здагадваюцца, што гэта голас Пэгі Лі, не здагадваюцца, хто яна такая, і не здагадваюцца, што акурат днямі яна пакінула наш зямны сьвет, перасяліўшыся ў свае песьні. Але гэта не замінае наведнікам піць гарбату і размаўляць міжсобку ў камфортным атачэньні яе сьпеваў.

Мог нічога ня ведаць пра яе і я. Пэгі Лі — зусім ня тая сьпявачка, якіх бясконца паказваюць у тэлевізіі. Гэта выпадак, калі маскультура губляе прыдомак мас-.

Кажуць, што нарадзілася Пэгі Лі ў штаце Паўночная Дакота, а памерла ў Каліфорніі на 82-м годзе жыцьця. Аднак усё ў гэтых зьвестках выглядае падазрона, прынамсі патрабуе ўдакладненьня. “Чыстакроўная амэрыканка” была насамрэч швэдкай, яе сапраўднае імя Норма Дэлорэс Эгстром. А яе доўгі век быццам аспрэчвае праўду пра фатальна слабое здароўе. Кажуць, што нават сваім спэцыфічным і пазнавальным голасам яна абавязаная хваробе горла, якую перанесла ў юнацтве.

Распавядаюць, што сваю кар’еру яна пачала ў 1941 г. салісткай у аркестры Бэні Гудмэна. Здымалася ў фільмах, сама пісала песьні, займалася жывапісам і скульптурай. У 69-м ёй далі “Грэмі” і назвалі найлепшай сьпявачкай сучаснасьці. За 40 гадоў Пэгі Лі запісала 60 альбомаў разам з самымі славутымі творцамі амэрыканскага джазу. Натуральна, такія біяграфіі можна пераказваць бясконца, як самое жыцьцё. Апроч твораў засталіся ў яе дачка, тры ўнукі і тры праўнукі. “Няўжо гэта ўсё і іншага ня будзе?” — сьпявала Пэгі Лі ў сваёй культавай для амэрыканцаў песьні...

Адзін джазавы крытык некалі напісаў пра яе: “Калі ня чуеш дрыжыкаў, слухаючы Пэгі Лі, гэта значыць, што ты мёртвы”.

Што да ўсялякіх хворасьцяў, дык на 82 гады сьпявачкі іх выпала спаўна. Гэта калі не лічыць траўмаў пры падзеньні зь лесьвіцаў. Цікава, ці ёсьць людзі, якія за жыцьцё ані разу ня ўпалі з прыступак?

Між тым, выпадак славутай сьпявачкі стаў анталягічным у псыхолягаў. Яго апісалі Алан Ландсбэрг і Чарлз Фэй у сваёй працы “Сустрэчы з тым, што мы называем сьмерцю”. Гаворка ідзе пра выпадкі вяртаньня адтуль, з таго сьвету, і пра матывы, якія прымушаюць людзей вяртацца. Адзін з такіх матываў — пачуцьцё адказнасьці. “Сьпявачка Пэгі Лі выступала ў вечаровым клюбе ў Нью-Ёрк-Сыты ў 1961 годзе і за кулісамі страціла прытомнасьць. Яе адправілі ў лякарню з пнэўманіяй і плеўрытам. Сэрца Пэгі спынілася, і каля трыццаці сэкундаў яна была ў стане клінічнае сьмерці. ДПЦ (так скарочана аўтары называюць Досьвед Па-за Целам) Пэгі быў вельмі прыемны, але яе моцна турбавала думка пра вяртаньне. “Боль — зусім невялікая плата за тое, каб жыць для людзей, якіх любіш, — распавядала яна пасьля. — Я не магла вытрываць смутку і тугі ад разьвітаньня з дачкой”.

Такую выснову робяць псыхолягі на прыкладзе Пэгі Лі. Дарэчы, падрабязна дасьледаваў гэтую праблему Алесь Адамовіч у сваёй апошняй аповесьці Vixi. Адамовіч спасылаўся на ангельскіх мэдыкаў, якія зафіксавалі шмат сьведчаньняў таго згаданага прыемнага стану перамяшчэньня ў іншую сутнасьць, таго, што Ландсбэрг і Фэй называюць Досьведам Па-за Целам.

Мне падумалася, што сьпеў можа разглядацца як мэтафара таго досьведу. Асабліва такі сьпеў, як у Пэгі Лі. Урэшце, песьні і застаюцца як сьведчаньні Досьведу Па-за Целам. Песьні працягваюць жыць сваім асобным жыцьцём. Прычым ужо ня толькі ў мэтафарычным сэнсе, але і ў самым што ні ёсьць рэальным.

У 1961-м галяндзкая рок-група “The Tornados” высьвятляе, што гурт з такой самай назвай ужо ёсьць у Англіі. Музыкі вырашаюць перайменавацца ў “The Golden Earrings” — “Залатыя Завушніцы” — песьню з такой назвай з рэпэртуару Пэгі Лі “The Tornados” выконвалі з найлепшым посьпехам. Першае турнэ пад новай назвай прынесла музыкам эўрапейскі посьпех. А сёньня “Golden Earring” — прызнаныя клясыкі рок-музыкі.

Сама Пэгі Лі мела творчыя і дзелавыя кантакты з многімі зоркамі моладзевай на той час культуры. Да прыкладу, з Полам Макартні. Менавіта пад яе імя ён браў банкаўскі крэдыт на выпуск альбому “Band on the run”. І гэты праект меў посьпех.

Урэшце, тое, што песьні Пэгі Лі цяпер перапяваюць многія сучасныя зоркі, сьведчыць пра іхную жывучасьць. Вось і Мадонна ўключыла ў свой альбом “Эротыка” песеньку “Fever” — “Ліхаманка”. Нават у нас тады ў тэлевізары паказвалі гэты канцэрт, дзе Мадонна з русальчынымі грудзьмі і радыёмікрафонам добрыя дзьве гадзіны лётала па сцэне, нібы ў сапраўднай ліхаманцы.

Заўсёды зьдзіўляла тое, што на Захадзе не было такога бар’еру паміж рок-музыкамі і традыцыйнымі выканаўцамі.

Цяжка сабе ўявіць, каб у 70-я Тамара Раеўская або Віктар Вуячыч выступалі зь “Песьнярамі” ці “Сузор’ем”. Калі на захадзе гард-рокеры накшталт “Deep Purple” запісвалі альбомы разам зь Лёнданскім сымфанічным аркестрам, у нас цяжкая рытм-сэкцыя, напружаны фарсіраваны голас і гітарныя “запілы” ўсё яшчэ маглі абразіць слых публікі. Крый божа! Памятаю, як нават у канцы 70-х, калі мне давялося граць у адным менскім, як тады казалі, вакальна-інструмэнтальным ансамблі, на нейкім конкурсе журы запатрабавала адключыць апаратуру, усе гэтыя “непрыстойныя” бас-гітары ды ёнікі. Хоць сьпявалі мы лірычную баляду “Таполі” на верш Янкі Купалы. У тыя часы ў беларускім грамадзтве прыблізна на адным узроўні дазволенасьці былі тры тэмы — сэкс, рок-музыка і родная мова. Сёньня шмат што зьмянілася. Публіка спакойна ставіцца да бурнага патоку расейскіх эратычных газэтак, нізкапробнае расейскае папсы, у якой нікога ўжо не бянтэжаць цяжкія барабаны і нястрымны віск вакалістаў. Толькі родная мова засталася на тым самым паўпадпольным становішчы.

...За акном усё цярушыць несуцешны зімовы дождж. А песенька, такая ж сумная, — пра летні дзень. Цытрынавы скрылёк у кубку з гарбатай усё марудней паўтарае яе рытм, пакуль нарэшце не замірае ад музыкі некалі выпадкова сустрэтай і цяпер ужо незабыўнай Пэгі Лі.

Сяргей Дубавец

 

Інтэлігент-сацыяліст

Памёр францускі сацыёляг П’ер Бурд’ё. Ён быў з шэрагу тых, каго Салжаніцын называў “заўзятымі карыснымі ідыётамі”, адштурхоўваючыся ад выслоўя Леніна пра карысных ідыётаў-інтэлігентаў, якія па сваёй дурасьці могуць ліць ваду на млын камуністычнага рэжыму. Салжаніцын, як вядома, адмовіўся сустрэцца з Сартрам. Ня мог ён прымірыцца зь людзьмі, якія лілі сьлёзы па цяжкой долі жыхароў Афрыкі, але заплюшчвалі вочы на зьверствы сталінскага рэжыму ці пераконвалі жыхароў падсавецкіх рэспублік у іхным шчасным лёсе. Бурд’ё належаў да тае самае традыцыі. Ён быў ня з тых кансэрватараў, якія хочуць, каб у іх адрас гаварылася або толькі добрае, або нічога.

 

Ягоныя працы, пачынаючы ад “Нашчадкаў” (1964) і сканчаючы Сацыяльнымі структурамі эканомікі” (2000) — усяго ён выпусьціў іх 25 — лічацца клясыкай новае францускае сацыялёгіі. П’ер Бурд’ё быў ня толькі ўедлівым навукоўцам, але й інтэлектуалам, што ўмешваўся ва ўсе значныя грамадзкія дыскусіі. Ён палымяна крытыкаваў ўрады сацыялістаў, новых лейбарыстаў і сацыял-дэмакратаў у краінах Заходняй Эўропы. “Дзесяць гадоў знаходжаньня сацыялістаў пры ўладзе, — пісаў ён у 1992 г., дарэшты разбурылі веру ў дзяржаву і саму сацыяльную дзяржаву, давяршаючы справу, пачатую ў імя лібэралізму ў 70-я”. “Здрадзе” палітыкаў ён заклікаў проціпаставіць “актыўнасьць інтэлігенцыі”: “Ня можа быць эфэктыўнай дэмакратыі без крытычнае процівагі ўладзе. Гэткаю процівагай у першую чаргу зьяўляецца інтэлігент”.

Змаганьню супраць нэалібэралізму ва ўсіх ягоных формах Бурд’ё аддаў свае апошнія сілы. У першую чаргу ён крытыкаваў сучасную сыстэму СМІ. У кнізе “Пытаньні да сапраўдных гаспадароў сьвету” Бурд’ё сярод іншага пісаў: “Гэтая сымбалічная ўлада, якая ў большасьці грамадзтваў існавала асобна ад палітычнае ці эканамічнае ўлады, сёньня апынулася ў руках адных і тых жа людзей, што кантралююць гіганцкія мэдыя-групы, г.зн. сукупнасьць сродкаў вытворчасьці і распаўсюджваньня дабротаў культуры”.

Бурд’ё выступаў супраць глябалізацыі і сымбалічна абараняў у судзе лідэра францускіх сялянаў, што грамілі рэстараны “Макдональдз”. Адначасова ён выступаў супраць адасабленьня й захаваньня нацыянальных культураў або любых формаў культурнага нацыяналізму ці лякалізму. Да канца сваіх дзён ён адстойваў “ідэалы інтэрнацыяналізму”. Найбольш яго мучыла, што “пасьля крушэньня камуністычных гіерархій капіталізм мяркуе, што яму ўсё дазволена”. Яго дратавала тое, што ягоны добры сябар Гюнтэр Грас называе “капітуляцыяй сацыялістаў перад эканомікай”. “Усе яны: і Шродэр, і Блэр, і Жаспэн — толькі гавораць пра сацыялізм, а праводзяць нэалібэральную палітыку”, — біў у званы ён. Зрэшты, гэта беларуская інтэлігенцыя лічыць сваёй задачай “біць у званы”. Францускія інтэлекталы маюць для гэтага больш стрыманы і больш пралетарскі фразэалягізм “ouvrir sa gueule”, “драць горла”.

Ён належаў да тае эўрапейскае лявіцы, якая здолела зрабіць глыбокі аналіз некаторых аспэктаў сучаснага капіталізму. З тае лявіцы, якая пры гэтым мае настолькі абмежаваны далягляд і веданьне сьвету, што ў палоне сваіх тэарэтычных пабудоваў і вісцэральнага антыамэрыканізму гатовая абараняць, напрыклад, палітыку Лукашэнкі (гэтаксама як учора яна захаплялася Мао, Хо Шы Мінам ці камандантэ Маркасам) проста таму, што адчувае нястрымную патрэбу ўвесь час нечаму процістаяць і нешта адпрэчваць. Якая пастулюе “ўнівэрсалізм”, “інтэрнацыяналізм” і “мультыкультуралізм”, але няздольная ясна і гучна выказацца ў абарону мовы і культуры, якія бессаромна дыскрымінуюцца тут побач. З тае лявіцы, якая даўно перастала быць сынонімам справядлівасьці…

Бурд’ё памёр. Не забывайма, што і мы, як і ён, пры ўсіх сваіх добрых намерах, глыбіні ведаў і яснасьці зроку, непазьбежна памыляемся на кожным кроку, кожны дзень. Будзьма ўважлівыя і паблажлівыя да сваіх крытыкаў і ня боймася зьмяняць пазыцыю і прызнаваць свае памылкі. І ня дай бог нам паміраць з адчуваньнем паразы сваіх ідэяў.

Мікола Бугай