АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

Рэстаўруюць кляштар

Пачалася рэстаўрацыя былога кляштару трынітараў у Воршы.

Двухпавярховы мураваны будынак, узьведзены на пачатку XVIII ст., выкарыстоўваўся ў пасьляваенны час пад занальны архіў і жыльлё. Цяпер да яго падвялі цэнтральнае ацяпленьне (раней архівісты грэліся ўзімку печкамі-галяндкамі, а ў сховішчах стаяла мінусавая тэмпэратура) і водаправод. Адначасова з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры будзе ўпарадкаваная й прылеглая тэрыторыя. Застаецца вырашыць адну праблем: знайсьці адпаведнае жыльлё некалькім сем’ям, якія ўпарта адмаўляюцца ад прапанаваных гарвыканкамам кватэраў і працягваюць жыць у будынку кляштару. Хочацца спадзявацца, што пасьля рэстаўрацыі кляштару трынітараў дойдзе чарга і да ацалелых будынкаў іншых манаскіх ордэнаў — езуітаў, базылянаў, францішканцаў.

Дапамажыце музэю

З-за недахопу фінансаваньня застаўся сёлета без падпіскі музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы.

Гарадзкое аддзяленьне «Белсаюздруку» бясплатна перадае яму нерэалізаваныя асобнікі беларускамоўных выданьняў, але гэтага недастаткова. Музэйшчыкі зьвяртаюцца да ўсіх з просьбай дасылаць у музэй (вул.Леніна, 26, Ворша, 211030) газэты і часопісы з матэрыяламі пра асобу й творчасьць Уладзімера Караткевіча.

23 кнігі са Шчэціна

Цудоўны калядны падарунак зрабіў музэю гісторыі і культуры Воршы жыхар Шчэціна Ежы Чаеўскі.

Музэйныя фонды адразу папоўніліся 23 кнігамі па гісторыі, генэалёгіі, геральдыцы, картаграфіі Польшчы і Беларусі, а таксама шматлікімі копіямі архіўных дакумэнтаў і мапаў XVII—XIX ст. Чаеўскі, інжынэр па прафэсіі ды апантаны дасьледчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, кажа, што гэты падарунак не апошні.

Віктар Лютынскі, Ворша

100 даляраў як за адзін

У Кобрыні каля прадуктовае крамы №5 невядомая асоба прадала пэнсыянэрцы адзін даляр ЗША, узяўшы зь яе грошы як за 100-даляровую купюру.

Цікава, што спачатку ў руках махляркі была сапраўдная «сотка», якую яны разам з пэнсыянэркай нават праверылі ў «абменьніку». Летась кобрынская міліцыя расьсьледавала 7 гэткіх справаў, 6 зь іх былі раскрытыя.

У войска нападпітку
не бяруць

Дзесяць навабранцаў, што зьявіліся ў Пінскі ваенкамат у нецьвярозым стане, былі адпраўленыя дадому.

Ні работнікі ваенкамату, ні афіцэры вайсковых часьцей не рызыкнулі ўзяць іх пад сваю адказнасьць. На прызыўнікоў складзены пратаколы аб адміністрацыйнай адказнасьці. У гэты прызыў хлопцы ўжо ня трапяць.

Памідоры на галаве

25-гадовы мужчына з Лунінеччыны, напіўшыся, крэпка паспрачаўся з жонкаю, схапіў са стала слоік з памідорамі ды раптам разьбіў яго на ўласнай галаве.

Са скальпаванай ранай ён быў тэрмінова шпіталізаваны ў раённую больніцу.

Славянскі базар у Берасьці

У Берасьці з 1 лютага распачаў працу яшчэ адзін гарадзкі крыты рынак.

Прычым у надзвычай выгодным месцы — па вул.Камсамольскай, 6, у цэнтры гораду, якраз каля чыгуначнага вакзалу. Завецца новы базар «Славянскі» — вялізныя літары відаць здалёк.

І.Хведаровіч, Берасьце

Зачынілі дзьве больніцы

Адразу дзьве вясковыя больніцы зачынілі на Астравеччыне — Гервяцкую ды Кемеліскую.

Замест іх там цяпер амбуляторыі зь дзённым стацыянарам. Іншымі словамі, удзень хворы лечыцца ў амбуляторыі, а начуе дома. Такім чынам дзяржава ашчаджае грошы.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Аблілі й падпалілі

Жыхар Баранавіч 51 год, засядзеўся ў свайго сябра.

А 22-й пайшоў дахаты, аднак празь якую гадзіну ўскочыў назад у кватэру сябрука, палаючы, як паходня. Абгарэла больш за 50% цела. Ачуняў ён толькі ў шпіталі на кароткі час і распавёў, што яго аблілі бэнзынам ды падпалілі 16—18-гадовыя падшыванцы. Міліцыя шукае злачынцаў.

Руслан Равяка, Баранавічы

Створаны кампутарны клюб

Паводле прэс-службы БНФ, на сядзібе БНФ пачаў працу кампутарны клюб.

Задачай тэхнаклюбу будзе беларусізацыя кампутарных праграмаў, большасьць зь якіх пакуль існуюць толькі ў англа- і расейскамоўных вэрсіях.

 

 

удакладненьне

У «НН» №2 у першым сказе артыкулу «Беларусь у люстэрку самагубстваў»

замест «найбольш іх было ў 1987—88 г.» трэба чытаць «найменш іх было ў 1987—88 г.» А ў артыкуле «Гісторыя самагубстваў» памылкова быў пазначаны год, калі Купала спрабаваў зрабіць сабе сьмерць: гэта было не ў 1929-м, а ў 1930-м.

 

Лукашэнка на лібэрыйскіх марках

Паштовае ведамства Лібэрыі выпусьціла камбінаваны аркуш са 190 марак з партрэтамі кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў,

якія ўзялі ўдзел у Канфэрэнцыі лідэраў краінаў — сяброў ААН у Нью-Ёрку 6—8 верасьня 2000 г.

Сярод амаль дзьвюх соцень прэзыдэнтаў, каралёў і дыктатараў Лукашэнка апынуўся ў першым радзе на 14-й марцы, Пуцін у 8-м на 8-й, Клінтан у 10-м на 9-й. Ёсьць там і былы прэзыдэнт Югаславіі, а цяпер вязень трыбуналу ў Гаазе, Мілошавіч.

Зьдзіўляе, праўда, наяўнасьць на марках і палях аркушу надпісаў на кітайскай мове. Ці не зьяўляецца ён фальшыўкай дзялкоў ад філятэліі, сумняваецца расейскі часопіс Филателия. Але фірмы, якія прапануюць аркуш калекцыянэрам, досыць салідныя.

Яўген Жарнасек, Ворша

Памёр апошні аўганскі леў

Адзіны ў Аўганістане леў Марджан у суботу памёр ад старасьці ў Кабульскім заапарку.

Апошнім часам за львом, чыё імя перакладаецца як «карал», назіралі прадстаўнікі некалькіх міжнародных арганізацыяў па ахове жывёлаў. Марджана прывезьлі ў Кабул зь Нямеччыны 38 год таму.

Сьвіньні і шпінат

Японскія вучоныя ўкаранілі ў ДНК сьвіньні ген шпінату.

У выніку экспэрымэнту нарадзіліся парасяты, мяса якіх утрымлівае больш разнастайны набор вітамінаў, чым у звычайных сьвіней. Да таго ж яно менш тлустае. Праўда, яго пакуль ніхто ня еў, бо парсючкі тыя надзвычай каштоўныя. Апроч гэтага, японскія генэтыкі сёлета здолелі вырасьціць вочныя яблыкі жабаў з клетак, узятых ад іхных зародкаў.

Паводле Інтэрнэту

калёнка Алеся Бяляцкага

Дзёньнік і дзёньнік

Усе, хто ведае пра дзёньнік Максіма Багдановіча, падзяліліся на два лягеры. Адны за тое, каб надрукаваць гэтыя паўтары старонкі напаўсьцёртага тэксту, другія супраць. Разумею тых, хто ня хоча, каб гэтыя запісы Максіма ўбачылі сьвет. Яны сапраўды інтымныя і, я перакананы, пісаліся для сябе, без усялякай думкі пра друк.

Для дзёньніка, такога, які складаюць і сёньня тысячы студэнтаў і вучняў, быў напісаны вершык «Забудется многое, Клава…». Я б паасьцярогся назваць гэты вершык «пошлым і банальным». Ён — відавочная стылізацыя пад своеасаблівую дзёньнікавую паэзію, Максімава гульня, забаўка. Яе ўжо можна паказваць сябрам і знаёмым, можна напісаць на адвароце фатаздымку, але, зноў жа, гэтыя радкі не для друку (верш і надрукавалі толькі празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці Максіма).

Для друку быў нарыс «Из летних впечатлений», дзе ні пра Клаву, ні пра каханьне ўвогуле не было ні слова, а было толькі сьветлае пачуцьцё жалю з тае прычыны, што «твае дні неяк працякаюць паміж пальцаў, нічога не даючы і нічога не пакідаючы», ды «добры сум» з-за «жывых галасоў і жаночага сьмеху».

А гэтыя яшчэ не надрукаваныя старонкі пісаліся толькі для сябе. Гэта трэці — самы інтымны і самы адкрыты ўзровень Максімавых уражаньняў.

Можна толькі меркаваць, чаму ён гэта запісваў, а не абмежаваўся радкамі «Забудется многое, Клава». І я магу выказаць свае меркаваньні наконт гэтага.

Па-першае, Максіму не было з кім падзяліцца сваімі ўражаньнямі. Дый невядома, ці адважыўся б ён гэта зрабіць. Менавіта тады, у тыя хвіліны, папера была ягоным найлепшым надзейным сябрам. Сувязь з Клавай была для яго надзвычай важная, гэта адзіная падзея ў жыцьці Максіма, якую ён апісаў гэтак падрабязна і шчыра.

Пазьней ужо, у Яраслаўлі, ён раскажа пра Клаву сваім сябрам: «Асабіста ад мяне ён не хаваў, што знаходзіцца ў інтымнай перапісцы з адной асобай, зь якой ён пазнаёміўся ў Крыме і пакахаў» (М.Агурцоў), «У хвіліны адкрытасьці Максім Адамавіч расказваў мне, перадаючы як таямніцу, гісторыю свайго захапленьня. Калі ён быў на поўдні, ён закахаўся ў адну жанчыну» (А.Цітоў). Можна меркаваць, што сябрам ён не распавядаў таго, што запісаў у тыя дні ў Крыме, бо той жа М.Агурцоў піша: «Я ня ведаў гэтай асобы і не лічыў зручным распытваць пра яго адносіны да гэтай асобы».

Па-другое, Максім вельмі захапляўся пісаньнем. На якія тэмы ён толькі ні пісаў! Літаратурныя і тэатральныя рэцэнзіі, фельетоны, вершы і апавяданьні, дарожныя нататкі і эканамічныя агляды, гістарычныя нарысы і бягучыя рэпартажы. Пісаньне было для яго натуральнай формай самавыяўленьня. Ён проста ня мог не пісаць і вельмі часта рабіў гэта толькі для сябе. Як згадвалі сваякі, перад ад’ездам у 1917 г. у Менск Максім парадкаваў свой архіў і зьнішчыў вялікую кучу чарнавікоў. Але крымскія занатоўкі чамусьці пакінуў. Як пакінуў, ня зьнішчыў іх і ягоны бацька, які й прывёз іх у Беларусь.

Сур’ёзнае пытаньне — наколькі наш чытач падрыхтаваны да чытаньня такога тэксту? Вось жа, Паліна Качаткова называе адзін зь вершаў Багдановіча «пошлым і банальным», недаравальна вырваўшы яго з кантэксту «дзёньнікавай паэзіі». А што яшчэ напішуць пра Багдановіча іншыя, прачытаўшы адно ягоны дзёньнік і нічога больш? Вобраз Багдановіча будзе, мякка кажучы, падкарэктаваны. А ці гатовыя нашыя літаратуразнаўцы і крытыкі, каб хутка і дакладна ўлічыць гэтыя зьмены і напісаць праўду, ня даўшы стварыцца новаму, ужо цынічнаму міту пра Максіма?

Зрэшты, і я выступаю за друк. Баюся, што дзёньнік можа зьнікнуць ці з ім можа што-небудзь здарыцца. Ці мала ў нас чаго пазьнікала. На жаль, рукапісы гараць, а толькі надрукаванае застаецца.

Алесь Бяляцкі

 

Новая габрэйская газэта

У студзені пабачыў сьвет першы нумар габрэйскай газэты «Анахну Кан» («Мы тут»). Плянуецца, што яна стане своеасаблівым кантрастам з ужо існымі ў Менску выданьнямі габрэйскіх грамадаў — газэтамі Авив і Берега.

 

Аўтар новага праекту палітоляг Вольф Рубінчык кажа: «ХХІ стагодзьдзе на дварэ, а ад некаторых «лідэраў» габрэйскага руху патыхае няйначай як духам сярэдзіны стагодзьдзя ХХ-га. Мы не хацелі б агулам кпіць з прыстасаванства рэдактараў існых габрэйскіх газэт — карыстаюцца ж гэтыя выданьні пэўным попытам і ў Беларусі, і за мяжой. Але — маем тое, што маем. «Вызваленьне габрэя» — тое, дзеля чаго новая газэта заснаваная…» — кажа ён.

Першы нумар атрымаўся больш літаратурны, чымся публіцыстычны, — зь вершамі Ізі Харыка ды Рыгора Рэлеса. Знайшлося месца й для аналізу апошніх падзеяў габрэйскага жыцьця — разбурэньня сынагогі на Дзімітрава, 3 і стрыманай рэакцыі на гэта прэзыдэнта Саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў Леаніда Левіна.

У наступных нумарах журналісты «Анахну Кан» зьбіраюцца зірнуць са свайго боку на падзеі ў Курапатах, закрануць тэму фармазонства ў беларускай юдаіцы, нанова адкрыць імёны людзей, што ў былыя часы адстойвалі гонар габрэяў (напр., Гарэлік і Зубараў). Новая габрэйская газэта — некамэрцыйны праект, яна вытрыманая больш у духу самвыдаву, аднак ейныя заснавальнікі маюць шмат ідэяў, маюць канцэпцыю ды жаданьне рабіць дастаткова складаную справу.

Рэдакцыя запрашае людзей неабыякавых падказваць тэмы, паведамляць нейкія цікавыя факты ці проста пісаць на адрас: Менск, 220068, а/с 75.

Сяргей Будкін

 

водгук

«Парадыйны» плягіят

Майму чытачу з Горадні

Мяне ўжо даўно нічога не зьдзіўляе. Уражвае толькі нематываваная зласьлівасьць. Крыніца якой часта — звычайная зайздрасьць, нават калі носьбіт сам гэтага не ўсьведамляе. Пазайздросьціць майму кату за «кіцекет»!

Каты — жывыя. Ім, як і нам, трэба есьці. І калі мой чытач думае, што таньней будзе абыходзіцца беларуская ежа, дык ён памыляецца. Пагатоў, у краіне, у якой кепска людзям, зьвярам яшчэ горш. Тая ж кашэчая ежа зусім не выпускаецца. Тым ня менш, я стараюся карміць і дваровых катоў ды сабак. Бо шкадую ўсіх. Так, купляю ім лівэрку або крывянку, часам рыбу. Можа, мой чытач і ім пазайздросьціць? Увогуле, я прачытаў крытыку на ўзроўні «ён зьеў «сьнікерс», а я таксама хачу». «Яму плацяць рупь, а мне — пятак». «У іх дзенег куры не клююць, а ў нас на водку не хватае». У аўтара выклікаюць непрыманьне ўжываныя мною замежныя словы. Для тых, хто карыстаецца кампутарам, Інтэрнэтам, яны — штодзённасьць. Таму яны нярэдка ўжываюцца ў прозе пісьменьнікаў польскіх, расейскіх ды іншых. Дзякуй богу, што цэнзары пакуль не зрабіліся зноў пракурорамі. І чытачы, якія сябе адчуваюць бялінскімі, таксама. Бо інакш можна і за замежныя словы, і за «кіцекет» зрабіць «ворагам народу». Як у часы Бэндэ. Чытач выкарыстоўвае ў сваёй пародыі частку майго тэксту, не выдзяляючы яе двукосьсямі. Прысвойвае чужое сабе. А гэта — плягіят. Можна і ў суд зьвяртацца.

Чаму людзі не зайздросьцяць штангістам, бегунам, нават тэнэсістам, гэтак папулярным сёньня? Чаму нейкія прэтэнзіі — адно да пісьменьнікаў? Не падабаецца — не чытай. Я так заўсёды раблю. Не хачу слухаць вусатага чалавека ў тэлевізары — і ня слухаю.

Чытач не прымае таксама таго, што апавяданьні часта пішуць ад першай асобы. Нават нябожчыку Картасару дасталося. Чытач чамусьці забываецца, што гэтае «я» потым можа выявіцца жанчынай, піратам, фараонам, іншаплянэтнікам, жывёлай або зусім нечакана — аўтамабілем ці жоўтай падводнай лодкай. Калі чытач будзе гэтак назаляць, я магу ператварыць яго нават у сьлізкае насякомае, як калісьці Кафка Грэгара. Але ня буду. Хоць пісьменьнік усё можа.

Адзін пісьменьнік некалі сказаў: за мяжой савецкія людзі пра ўсё разважаюць з вышыні свайго прымітыву. Карэнны гарадзенец, як выявілася, ня ведае жыцьця свайго гораду. Але дазваляе сабе кпіць. Яму не спадабаліся імёны, ужытыя аўтарам. Хачу ў такім разе паведаміць, што ў Горадні шмат каталікоў. Пры хрышчэньні яны атрымліваюць два імені, што не прадугледжана савецкімі пашпартнымі правіламі. Хто атрымаў хрост у сталым веку, мае апроч пашпартнага яшчэ два імя. І гэтыя імёны, натуральна, каталіцкія, а не мусульманскія, напрыклад. У мяне таксама ў шуфлядзе ляжыць пасьведчаньне аб хросьце, у якім пазначаныя імёны, невядомыя «шырокай грамадзкасьці». Так што, дарагі дружа, ня варта выстаўляць сябе ў ролі бадай блазенскай.

У газэце побач дзьве публікацыі. У адной аўтар зухава абражае вядомых людзей і беларусаў агулам. І атрымлівае «ўдзячныя водгукі». Дзякуй, маўляў, парадаваў, адкрыў вочы… Другі аўтар піша асабістую споведзь, нікога не чапаючы. І выклікае зьедлівасьць, жоўць. Дзіўна! Прычым крытык нават ня згадвае пра зьмест, сутнасьць апавяданьня. А яно — пра сучаснага чалавека, пра трагедыю, якая ўзрушыла ўвесь сьвет, пра хрысьціянскія пачуцьці, пра салідарнасьць з тымі, хто ў жалобе, са сваякамі бязьвінных ахвяраў. Мой чытач гарадзенскі на гэта не зьвярнуў увагі, яго гэта не зацікавіла. Ён пазайздросьціў майму кату. Брава!

Сяргей Астравец, Горадня