Зiнаiда Ганчар, 
жонка зьнiклага беларускага палiтыка, зьвяртаецца па дапамогу да Старшынi Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi Iвонкi Сурвiллы.

 

Зiнаiда Ганчар,

жонка зьнiклага беларускага палiтыка, зьвяртаецца па дапамогу да Старшынi Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi Iвонкi Сурвiллы.

 

Паважаная спадарыня Сурвiлла!

16 верасьня 1999 году ў Менску зьнiк мой муж Вiктар Ганчар. Безумоўна, Вам ня варта распавядаць пра тое, якую ролю ён адыгрываў у беларускай палiтыцы i чаму А.Лукашэнка лiчыў Вiктара самым небясьпечным сваiм палiтычным працiўнiкам. Мой муж перш за ўсё шанаваў iнтарэсы сваёй краiны, свайго народу. Ён заўсёды быў непадкупным i прынцыповым, нiколi не ішоў на кампрамiсы са сваiм сумленьнем, нiколi не шукаў дробязных выгодаў.

На жаль, мне амаль няма да каго зьвярнуцца ў роднай краiне: намаганьнi беларускай грамадзкасьцi не даюць плёну. А на шчырасьць i дапамогу цяперашняй улады няма сэнсу разьлiчваць, паколькi з абнародаваных дакумэнтаў вынiкае, што да зьнiкненьня майго мужа маюць дачыненьне А.Лукашэнка, цяперашнi генэральны пракурор В.Шэйман i былы мiнiстар унутраных справаў Ю.Сiвакоў. Вядома, я не судзьдзя i не бяруся судзiць, але паводзiны ўлады й афiцыйнага сьледзтва толькi пацьвярджаюць, на чыiм сумленьнi лёс майго мужа.

Спадарыня Сурвiлла! Вы маеце вялiкi аўтарытэт у беларусаў ва ўсiм сьвеце, i я вельмi прашу Вас давесьцi да ведама нашых суайчыньнiкаў сапраўдную iнфармацыю пра тое, што адбываецца на iх гiстарычнай радзiме. Я вельмi прашу Вас асабiста i беларускiя дыяспары ўзьняць праблему палiтычнага тэрору ў Беларусi перад урадамi тых краiнаў, дзе яны жывуць. Сёньня толькi мiжнародная грамадзкасьць можа прымусiць А.Лукашэнку сказаць праўду пра тое, што здарылася з маiм мужам i iншымi зьнiклымi людзьмi.

Я хачу з Вашай дапамогай зьвярнуцца да ўсiх беларусаў сьвету: дапамажыце! Парайце, што можна зрабiць у гэтай сытуацыi.

Нельга маўчаць, калi на пачатку ХХІ стагодзьдзя нашая краiна зноўку абрынецца ў бездань тэрору i крывi, як у 1937 годзе...

З павагай i надзеяй,
Зiнаiда Ганчар

1 лютага 2002 г.


 

Шаноўная і дарагая Спадарыня,

зь вялікім сумам чытала Ваш ліст ад 1 лютага гэтага году, як чытаю ад верасьня 1999-гa ўсе весткі аб лёсе Вашага паважанага мужа Віктара Ганчара. Разумею Ваш боль, бо ў дзяцінстве і мне давялося перажыць такую трагедыю, калі энкавэдысты “забралі” бацьку і мама цэлы год плакала і старалася давесьці ўсяму сьвету, што ён нічым не правініўся.

Гісторыя на нашай беднай Бацькаўшчыне, на жаль, паўтараецца, а людзі або ня хочуць, або ня здольныя гэта сабе ўсьвядоміць. Клапоцяцца толькі пра кавалак хлеба і не здаюць сабе справы, што заўтра, магчыма, настане чарга і на іх і ня будзе ўжо каму іх бараніць.

Дазвольце перадусім Вам сказаць, дарагая Спадарыня Ганчар, што Вашыя высілкі бачым мы ўсе і бачыць іх увесь вольны сьвет. Ваш першы адкрыты ліст Барысу Ельцыну, яшчэ ў верасьні 1999 г., я сама пераклала на ангельскую мову і выслала разам з маёй асабістай просьбай тагачаснаму міністру замежных справаў Канады Лойду Аксуорты. Мне дакладна вядома, што прадстаўнікі канадзкага ўраду ўздымалі гэтае пытаньне на міжнародных форумах. Сябры Рады БНР у ЗША і ў краінах Эўропы таксама пісалі сваім урадам. На жаль, дыктатуру, якая дзяржыцца пры ўладзе сілай, пераканаць можна толькі сілай. Тым болей калі ёй абыякавы лёс народу.

Уважаю, аднак, слушнымі Вашыя лісты прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі Ў.Пуціну, бо ў вялікай меры дзякуючы ягонай падтрымцы, “дзеля стратэгічных інтарэсаў Расеі”, Лукашэнка яшчэ знаходзіцца пры ўладзе. На жаль, “стратэгічныя інтарэсы Расеі” для сп.Пуціна важнейшыя за ўсе парушэньні людзкіх правоў у Беларусі.

Застаецца наш народ. Ігнараваньне злачынстваў і зьдзеку са сваіх людзей, са сваіх суседзяў й сваякоў, са свайго краю, са сваёй культуры і мовы, ня ёсьць годным ніякага цывілізаванага народу. Частка грамадзтва, і асабліва моладзі, гэта зразумела. Калі б моладзь і жанчыны, якія Вам спачуваюць, калі б усе людзі добрае волі зьядналіся і мужна выйшлі на вуліцы гарадоў Беларусі, дамагаючыся адказу на пытаньні адносна лёсу зьніклых, — так, як людзі ў іншых краінах сьвету выходзяць у абарону сваіх правоў — перамаглі б і мы дыктатуру бяз зброі і бітваў.

Рада БНР і беларускае нацыянальнае грамадзтва будуць і надалей дамагацца дапамогі ад вольнага сьвету, каб раскрыць праўду аб лёсе Вашага мужа.

Жадаю Вам, дарагая Спадарыня, надзеі і вытрываласьці.

З глыбокай пашанай,

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0