Анатоль Сiдарэвiч

Нашанiўцы ў 1920 годзе

28 лютага 1920 г. Старшыня Рады Народных Мiнiстраў i мiнiстар замежных справаў Беларускай Народнай Рэспублiкi Антон Луцкевiч падаў у адстаўку і зноў стаўся простым грамадзянiнам Вiльнi. Але бяз справы сядзець ён ня мог. Цягам сакавiка—верасьня 1920 г. пад ягонай рэдакцыяй i пры ягоным чынным удзеле ў Вiльнi выходзяць два калектыўныя выданьнi (“Зборнiк Наша Нiва” ды зборнiк “Памяцi Iвана Луцкевiча”), а таксама брашура “Польская акупацыя ў Беларусi”. На дварэ быў 1920 г. Не пасьпеў “Зборнiк Наша Ніва” ўбачыць сьвет, як у Вiльню прыйшла Чырвоная Армiя. Луцкевіч, як былы прэм’ер-мiнiстар БНР, трапiў у ЧК і на кароткi час стаў “госьцем” знакамiтых Лукiшак. (То было першае зьняволеньне Луцкевiча ў Лукiшках. Другi раз ён трапiць у гэтую вязьнiцу ў 1927 г., а трэцi — у 1939-м.)

Разам з маскоўскiм войскам на Вiленшчыну прыйшлi i правадыры лiтоўскiх камунiстаў (Вiнцас Капсукас, Зiгмас Ангарэцiс ды iнш.). Яны плялi змову супраць ураду Ковенскае Лiтвы, але абачлiвы Ленiн не даваў iм санкцыi на “пралетарскае паўстаньне”. 3 жнiўня РСФСР прызначыла свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Лiтве, а 6-га ў Вiльнi была падпiсаная дадатковая дамова, паводле якое гэты горад павiнен быў перайсьцi пад уладу ковенскага ўраду да 1 верасьня. У адпаведнасьцi з дамоваю ад 12 лiпеня савецкi паўнамоцны прадстаўнік перадаў лiтоўскаму ўраду 3 млн. залатых рублёў. Пiлсудзкаму й ягонаму атачэньню рад-няволя давялося таксама iграць ролю прыхiльнiкаў лiтоўскага сувэрэнiтэту, а тут яшчэ й Лiга Нацыяў насядала. Пры пасярэднiцтве Лiгi пасьля працяглых перамоваў 7 кастрычнiка Польшча падпiсала ў Сувалках дамову зь Лiтвою, у якой прызнала яе права на тыя беларускiя тэрыторыi, якiя ёй аддала 12 лiпеня РСФСР.

Палiтыка начальнiка Польскае дзяржавы выклiкала “нездавальненьне” генэрала Люцыяна Жалiгоўскага, камандзiра 1-е беларуска-лiтоўскае дывiзii Войска Польскага, i 8 кастрычніка 1920 г. наш зямляк з Ашмяны “ўзбунтаваўся” супраць свайго земляка з-пад Сьвянцянаў. 9 кастрычнiка Вiльня i вакольныя тэрыторыi трапiлi пад кантроль беларуска-лiтоўскае дывiзii, а яе камандзiр стаў на чале новага дзяржаўнага ўтварэньня — Сярэдняе Лiтвы, тэрыторыя якой пасьля ўсiх зьмяненьняў ахоплiвала Ашмянскi, Браслаўскi, Вiленскi, Лiдзкi, Сьвянцянскi й Троцкi паветы.

Як i кожная дзяржава, Сярэдняя Лiтва мела свой кабiнэт — Урадавую Камiсiю. Сярод мiнiстраў (дырэктараў дэпартамэнтаў) быў i беларус — д-р Вацлаў Iваноўскi (ведамства гандлю), а беларускi сэктар у дэпартамэнце асьветы ўзначальваў Бранiслаў Тарашкевiч.

Газэта

Калi ў Вiльнi i на Вiленшчыне зьявiлася новая ўлада, высьветлiлася, што Гедымiнавай сталiцы, Сярэдняй Лiтве i Заходняй Беларусi патрабуецца беларуская газэта. Раней як было? У Менску выходзiла штодзённая Лёсiкава “Беларусь”, у Вiльнi — тыднёвiкi “Крынiца” i “Незалежная думка”, але ў Менск прыйшлi бальшавiкi, “Незалежную думку” забаранiлi палякi, “Крынiца” таксама мела праблемы... I вось 28 кастрычнiка 1920 г. выйшаў першы нумар адноўленага тыднёвiка “Наша Нiва”.

Чатыры паласы, зусiм новы лягатып, ня вельмi якасныя папера i друк... Кошт нумару — 3 маркi (у Польшчы ў пераходны пэрыяд грашоваю адзiнкаю была марка польская). Адрас рэдакцыi й адмiнiстрацыi знаёмы: Вiльня, Завальная, 7 (там i да вайны была рэдакцыя “НН”). Друкавалася газэта ў друкарнi каапэратыўнага таварыства “ДРУК” па вулiцы Вастрабрамскай, 5 (з пачатку лiстапада друкарня вярнулася на вул. Троцкую, 13). Пазначана таксама, што газэта “выходзiць штотыдзень у панядзелкi”, але №1 выйшаў у чацьвер 28 кастрычнiка, №2 — у панядзелак 1 лiстапада, а №3 — дзеля пераезду друкарнi з Вастрабрамскай на Троцкую — аж праз 11 дзён (у чацьвер 12 лiстапада), №4 — у аўторак 16 лiстапада; дакладна ў панядзелак выйшлi №5—9. З №3 частка матэрыялаў друкавалася лацiнкаю. Вядома, у кожным нумары на апошняй старонцы напiсана, што друк дазволены вайсковаю цэнзураю. Амаль усе матэрыялы друкавалiся “кілбасою”, пад парадак, “падвалы” здаралiся зрэдзьчасу. “Кілбаса” дазваляла лёгка на месца выразанага цэнзураю матэрыялу перасунуць наступны. Таму “белыя плямы” на першай i ўнутраных палосах адсутнiчалi, затое ў суцэльную “белую пляму” магла ператварыцца значная частка апошняе паласы, як у №3.

Першы нумар адноўленае “Нашае Нiвы” адкрываўся традыцыйным рэдакцыйным дзённiкам, у якім сярод іншага чытаем: “Старыя працаўнiкi “Нашае Нiвы” сьпярша думалi аднавiць сваю часопiсь у форме месячнiка. Аднак непамысныя варункi i захоп нашага штандару — нашага тытулу — лiтоўскiм выдавецтвам у польскай мове прымусiлi нас выпусьцiць у сьвет прыгатаваны ўжо да друку матэрыял для першага (маёвага) нумару ў постацi “Зборнiку Нашае Нiвы”. Цяпер мы маем магчымасьць вярнуцца да старое формы... нашага выдавецтва i будзем выпускаць “Нашу Нiву” як тыднёвiк — на жаль, з прычыны цяжкога матэрыяльнага палажэньня пакуль што вельмi невялiкi”.

Ужо ў першым нумары прысутнiчалi тыя рубрыкi, у якiх друкавалiся матэрыялы й астатнiх 8 нумароў “Нашае Нiвы”. Гэта рэдакцыйны дзённiк, “Агляд друку”, “Хронiка” (пра дзейнасьць беларускiх устаноў ды арганiзацый у Вiльнi), “З усяе Беларусi”, “Загранiцай”. Друкавалiся й мастацкiя творы. У першым нумары выступiлi настаўнiк i вучанiца: выкладчык Вiленскае беларускае гiмназii Максiм Гарэцкi пачаў друкаваць “Прысягу” (заканчэньне было ў №4), а ягоная вучанiца Натальля Арсеньнева дэбютавала ў друку вершам “Мой родны край” (у наступных нумарах газэта надрукуе яшчэ колькi твораў юнае паэткi). Як i ў даваеннай “Нашай Нiве”, вядучым публiцыстам быў Луцкевiч (Ант.Навiна, I.Мялешка). Выступiў у газэце i Аляксандар Уласаў. Пакуль што нават аўтар слоўнiка беларускiх псэўданiмаў Янка Саламевiч ня ведае, хто назваў сябе Сяргеем Чараўнiком i Ярашэўскiм (публiцысты) ды Iгнатам (Iгналем) Румянкам (пiсаў вершы).

Зьмест газэты быў вызначаны самiм часам: перамовы ў Рызе, Слуцкае паўстаньне, iншыя антыбальшавiцкiя выступленьнi, паход генэрала Булак-Балаховiча... Характар тыднёвiка — дэмакратычны.

Рэдактар “Нашае Нівы”: спроба вярнуць iмя

У першых двух нумарах адноўленае “Нашае Нiвы” на 4-й паласе было напiсана (захоўваем правапіс): “Рэдактар i Выдавец: Рэдакцыйная Колегiя”. Хто ўваходзiў у калегiю, мы можам толькi здагадвацца. Не маглi не ўваходзiць прынамсi дзьве асобыі — Луцкевiч i чалавек, якi дзеля абставiнаў вымушаны быў выйсьцi на авансцэну 12 лiстапада.

Мы памятаем, што памiж выхадам №2 “Нашае Нiвы” (1 лiстапада) i №3 прайшло 11 дзён. Гэты iнтэрвал я тлумачыў вяртаньнем друкарнi з Вастрабрамскай вулiцы на Троцкую. Але было яшчэ адно здарэньне, якое не магло не спарадзiць трывогi ў калектыве рэдакцыi. Пра яго мы чытаем у №3 газэты:

“1 лiстапада ў вядомага беларускага дзеяча Антона Луцкевiча па загаду II аддзелу даводзтва армii “Сярэдняе Лiтвы” зроблены ў кватэры вобыск. Узяты розныя рукапiсы, брашуры i т.п.

Назаўтра грам. Луцкевiч быў паклiканы на ваху* II аддзелу дзеля дапросу ў 10 гадз. ранiцы. Тут яму было заяўлена, што яго вiнавацяць у выданьнi “процiпольскай” брашуры “Польская акупацыя ў Беларусi”. На гэта грам. Луцкевiч адказаў, што брашура выдана да часу ўтварэньня “Сярэдняе Лiтвы” i гаворыць аб дзеяньнях чужой дзяржавы — Польшчы, дзеля чаго ён, Луцкевiч, адмаўляецца ад дачы якога-колечы тлумачэньня ў гэтай справе.

Пасьля сьпiсаньня пратаколу, грам. Луцкевiчу было заяўлена, што ён арыштаваны, i яго пераслалi пад канвоем жандара ў II аддзел, дзе прадзяржалi ў вязьнiцы ўвесь дзень. Толькi позна ўвечары яго выпусьцiлi на волю, абязаўшы падпiскай бяз згоды II аддзелу не выяжджаць зь Вiльнi i на кожны вызаў зьявiцца ў дэфэнзыву”.

Зацемiўшы, што Луцкевiч сядзеў і за царом, і за бальшавiкамi, і за Жалiгоўскiм, і за Пiлсудзкiм, і зноў за бальшавiкамi (за адным кайзэрам не сядзеў), адзначым, што ў тым самым нумары “НН”, у якiм паведамлялася пра арышт, на 4-й паласе зьявiлася новая iнфармацыя: “Рэдактар i Выдавец У.Знамяроўскi”. I вось з трэцяга па апошнi нумар “Нашу Нiву” падпiсваў У.Знамяроўскi.

Хто ён, Уладзiмер Знамяроўскi? Дакладнага ягонага жыцьцяпiсу ня маю. Пэўныя анкетныя зьвесткi льга знайсьцi ў архiве Вiленскага акруговага суду: Знамяроўскага судзiлi за перадрук у “Беларускiм дэкляматары” (1928) пэўных вершаў Купалы й Цёткi. Паколькi ўсё тыя ж матэрыяльныя ўмовы не дазваляюць мне паехаць у Вiльню, дзе знаходзiцца архiў, магу сказаць, што Знамяроўскi паходзiў з Латгалii, скончыў у Вiльнi гандлёвую школу, працаваў карэктарам у “старой” “Нашай Нiве”. (Усе гэтыя зьвесткi паведаміў д-р Арсень Лiс.)

Можна прыпусьцiць, што Знамяроўскi жыў у Вiльнi i пад нямецкаю акупацыяй. У 1919 г. ён выступiў як адзiн з рэдактараў газэты “Беларуская думка” (28.4—27.7; забаронена палякамi). У 1920 г. быў выдаўцом ужо згаданае газэты “Незалежная думка” (забаронена палякамi). У тым самым годзе разам з Адвардам Будзькам фундаваў выданьне “Гісторыі беларускае літаратуры” Гарэцкага (выйшла ў друкарнi каапэратыўнага таварыства “ДРУК”; першы водгук на яе ў №5 “Нашае Нiвы” надрукаваў Антон Луцкевiч). У 1923 г. быў рэдактарам-выдаўцом газэты “Воля народу” (21—25.10; выйшла 2 нумары). Адзiн час быў рэдактарам газэты “Беларуская крынiца”. У Беларускай Энцыкляпэдыi (т.7) маецца артыкул д-ра Лiса “Знамяроўскага У. выдавецтва”. З гэтага тэксту можна даведацца, што выдавецтва працавала ў 20-я — сярэдзiне 30-х г. i выпусьцiла каля 20 назваў кнiг, у тым лiку “Расейска-беларускi слоўнiк” Максiма i Гаўрылы Гарэцкiх (2-е выд.), “Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi” Ўсевалада Iгнатоўскага (4-е выд.), “Дзеда Завалу” Ядвiгiна Ш. (2-е выд.). З выдавецкаю дзейнасьцю Знамяроўскага зьвязаны i лiст Гальяша Леўчыка да яго, зьмешчаны ў кнiзе “Доля i хлеб” (Менск, 1980; укладальнiкi Я.Саламевiч i Н.Ляшковiч).

Зьвесткi, якiя я атрымаў ад Янкi Брыля, датычаць 1938 г. Яны сьведчаць, што Знамяроўскi меў пэўнае дачыненьне да выпуску часопiсу “Шлях моладзi”.

У маладыя гады Я.Брыль ставiў аматарскiя спэктаклi. У артыкуле “Праз паўвеку” (“Тэатральная Беларусь”, 1993, №3) ён пiша пра свае пераклады п’есаў Лява Талстоя “Першы вiнакур” i “Ад яе ўсе якасьцi”. Гэтыя пераклады Янка Брыль хацеў надрукаваць асобнаю кнiжачкаю, каб iх маглi выкарыстаць iншыя аматарскiя тэатральныя гурткi. I гэтаму “спрыяў Макар Краўцоў”. Адмыслова для гэтага артыкулу пiсьменьнiк сёе-тое ўдакладнiў. Ён быў асабiста знаёмы зь Мiхасём Васiльком, пляменьнiкам Макара Краўцова. Гэта й надало маладому аўтару сьмеласьцi ў 1938 г. напiсаць Краўцову ў Вiльню. Аўтар нацыянальнага гiмну прыслаў Брылю паштоўку, у якой паведамляў, што меў размову са Знамяроўскiм i той сказаў, што лепш было б спачатку надрукаваць абедзьве п’есы ў “Шляху моладзi”, а гэтыя наборы потым выкарыстаць для друкаваньня асобных адбiткаў-кнiжачак. На жаль, вайна разбурыла гэтыя пляны...

Вось тая жменя фактаў пра Ўладзімера Знамяроўскага, якiя мне ўдалося сабраць, працуючы над бiяграфiяй Антона Луцкевiча. Я не выключаю, што Знамяроўскi меў самае непасрэднае дачыненьне i да друкарні каапэратыўнага таварыства “ДРУК”, у якой убачылi свет i зборнiкi нашанiўцаў 1920 г., i “Польская акупацыя...” Луцкевiча, i газэта.

Перад намi паўстае яшчэ даволi расплывiсты сылюэт працаўнiка на нiве беларускае культуры. Мажлiва, маладыя дасьледчыкi здолеюць напiсаць ягоную бiяграфiю, стварыць паўнавартасны партрэт, а пакуль што трэба вярнуць iмя У.Знамяроўскага хоць бы на 16-ю старонку сучаснае “Нашае Нiвы” — запiсаць яго ў шэрагу iмёнаў галоўных рэдактараў тыднёвiка, бо найвыдатнейшы, паводле Максіма Гарэцкага, нашанiўскi публiцыст Антон Луцкевiч нiколi не ўзначальваў рэдакцыю фармальна.

...Апошнi нумар “Нашае Нiвы” ў Сярэдняй Літве выйшаў 20 сьнежня. Як паведамляе ў Энцыкляпэдыi гiсторыi Беларусi д-р Лiс, яна была забаронена польскаю (то бок сярэднелiтоўскаю) вайсковаю цэнзураю. Аднак Вiльня не засталася безь беларускае газэты: 13 сьнежня “Наша Ніва” зьмясьціла абвестку, што “ў гэтым тыдні пачне зноў выходзіць Krynica, беларуская хрысьціянска-дэмакратычная часопісь (лацінскімі літарамі)”. А на Куцьцю, 24 сьнежня, да “Крыніцы” далучыўся тыднёвiк “Наша думка”. Ягоным рэдактарам-выдаўцом быў нашанiвец Максiм Гарэцкi.

 

* камэндатуры.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0