Лявон Вольскі

Папараць-кветка

апавяданьне

Мар’ян Адольфавіч спускаўся ў ліфце. Побач паскульгольваў ягоны (хутчэй жончын, чымся ягоны) сабака Рэй, малады баксэр. Мар’ян Адольфавіч з паўгадзінкі як вярнуўся са сваёй абрыдлай работы. Дзяржаўнае радыё, сельская гаспадарка, руцінная праца канчаткова ўжо задзяўблі нашага героя. У свае 40 ён думаў адно пра тое, каб хутчэй праляцелі гады, каб хутчэй пэнсія. Жыў бы на лецішчы, у горад наяжджаў па правіянт, па насеньне. А тут, у гэтай кватэры хай бы жылі жонка з дачкой. Кватэру яны атрымалі 15 гадоў таму. Добры раён, цэнтар, праспэкт... Нібыта і любіў ён гэтую хату, прызвычаіўся да яе за доўгія гады, але так ужо дастала яго пастарэлая жонка сваімі штогадзіннымі патрабаваньнямі й прэтэнзіямі дый ейная (нібыта не ягоная) дачка, ва ўсім салідарная са сваёй мамаю, што Мар’ян Адольфавіч гатовы быў кінуць усё зараз жа, калі б толькі надарылася мажлівасьць. Якая мажлівасьць? Пэнсія, вось якая. Іншых варыянтаў Мар’ян Адольфавіч не ўяўляў. Бо ягонае жыцьцё было падпарадкаванае штодзённай схеме, і гэтая схема не дазваляла, напрыклад, закахацца ў маладзенькую супрацоўніцу ці займець адзюльтэр з гаспадыняй радыйнае сталоўкі Аняй і цераз гэтую акалічнасьць кінуць сям’ю. Абрыдлая праца ўсё ж прыносіла нейкія грошы і давала якоесьці, нібыта прывеліяванае становішча ў мясцовай гіерархіі — супрацоўнік дзяржаўнага радыё.

З работы ён прыйшоў нападпітку. Не, ня дужа п’яны, зьлёгку падпіты. Гэта было ягоным нармальным станам. Бо хадзіць па звыклых да болю радыйных калідорах штодня, пісаць нейкія, быццам бы праблемныя матэрыялы, асьвятляць жыцьцё беларускіх калгасаў, палеткаў і садоў безь дзяжурных ста пяцідзесяці ў абед і ста пасьля работы не ўяўлялася магчымым. Мар’ян разумеў, што гэта просты шлях да алькагалізму, але, маўляў, лёс склаўся так... Ну ня мог ён сабе адмовіць у гэтым штодзённым допінгу, дзякуючы якому ягоны твар азызнуў, а вочы займелі “стомлены ад жыцьця” выраз. Зрэшты, такіх, як ён, ціхіх выпівохаў было там, на гэтай працы, болей за палову. Звычайная практыка.

І вось ён выйшаў зь дзьвярэй пад’езду й пашыбаваў долу, у невялікі, досыць прыгожы парк. Там усе выгульвалі сваіх сабакаў, моладзь расьпівала піва, трапляліся парачкі. Яшчэ ніжэй парк пераходзіў у недагледжаны густы зарасьнік. Мар’ян Адольфавіч любіў шпацыраваць з сабачкам якраз там, пры сажалцы, дзе было цемнавата, змрочна й бязьлюдна. Час ад часу ён сустракаў там свайго суседа Рыгора, высокага здаровага мужыка сярэдняга веку. Рыгор ранкам і ўвечары рабіў прабежкі, а потым займаўся на снарадах. Сваім магутным круглым азадкам ён нагадваў Мар’яну Адольфавічу ягонага вайсковага сяржанта, як той стаяў перад шэрагам: “Раньсьсьмірна!”, — і здавалася, што ягонае х/б зараз лусьне па шве.

Толькі Мар’ян Адольфавіч падумаў пра Рыгора, як грувасткая фігура ўзьнікла з-за дрэваў. Рыгор працаваў інструктарам у нейкай ахоўнай канторы, штодня займаўся, каб ня страціць форму, меў здаровы колер твару, адначасова ўпэўненыя й неразумныя вочы, моцна разьвітыя надброўныя выгбы і ваяўнічыя кавалерыйскія вусы.

Параўняўшыся з Мар’янам Адольфавічам, Рыгор, каб не спыняцца, не губляць тэмпу, пабег на месцы.

— Здароў, Мар’ян.

— Прывітаньне, — Мар’ян Адольфавіч не любіў гутарыць з Рыгорам, надта той быў “дубовы”, дый размовы ўсе былі аднолькавыя:

— Как дзяла? — бадзёра, бегучы на месцы, спытаўся Рыгор.

— Ды што ў мяне можа зьмяніцца... Як заўжды.

— Ты, кстаці, Адольфавіч, напрасна п’ёш кожны дзень, — заўважыў Рыгор. — Так і сьпіцца можна. У мяне вот быў как-та пярыяд, як мяне ўволілі з арміі, дык тожа піў сільна. Так узяў жаж сябе ў рукі. Чаго і цябе жылаю.

— Ды колькі я там выпіў, — скрывіўся Мар’ян. — Шклянку якую...

— Шклянку сёньня, шклянку заўтра, глядзіш — і ўжо алькаголік. Не, праўда, завязывай, сасед, начынай спортам займацца. Бяры прымер зь мяне! — Рыгор зноўку зарагатаў.

— А што яшчэ рабіць, — звыкла пачаў наракаць на лёс Мар’ян Адольфавіч. — Нудна ўсё, абрыдла, дзень у дзень адно і тое ж.

— А патаму што не паставіў ты сабе цэлі ў жызьні. І вот усе вы так. Няма к чаму страміцца вам, вот у чом уся бяда.

— А ты да чаго імкнешся?

— Ну как да чаго? Вот стану дзепутатам, задам жару гэтым усім прахіндзеям!

— Якім? — панура запытаў Мар’ян.

— Ну, гэтым, што акапаліся ў правіцельстве. Мне б тока туды дабрацца. Усё бы перакраіў. Аны ж там нічога ня слышаць, ня знаюць. Сядзяць там па дзесяць лет. Ужо так далякі ад народа, як мы да Луны.

— Ай, зноў ты гэтую сваю песьню завёў. Надакучыла ўжо. Хто цябе туды возьме! Забудзься ты на гэта. Дый адукацыя ў цябе сам ведаеш якая...

— Дык што з таго! Адукацыя! Зато я талантлівы і жыву чаяніямі нашага народа, а ня лічнай выгадай. І вот увідзіш, Мар’ян, кагда-нібудзь я стану прэзідзентам! А ты есьлі не паставіш сабе высокую цэль, то сап’ёшся, вот увідзіш! Давай! — і Рыгор ірвануў па зарослай сьцяжыне, сьвецячы сваім магутным сяржанцкім азадкам.

“Вар’ят”, — звыкла й стомлена падумаў Мар’ян Адольфавіч і заглыбіўся ў зарасьнік. Сабачка Рэй панюхаў камель дрэва, незадаволена чхнуў і падняў нагу.

Ступаючы сярод папараці, Мар’ян Адольфавіч уявіў сябе за горадам, у лесе... Недзе побач Мар’янаў добраўпарадкаваны катэдж, дзе ёсьць усё неабходнае для жыцьця, а цяпер ён выйшаў у грыбы... Не, не ў грыбы, проста прахадзіцца, падыхаць лесам... Стоп! Што гэта за халера?!

Пасярод зарасьніку папараці пунсавела ладная, большая за вялікую ружу кветка! Мар’ян кінуўся да яе, уважліва агледзеў сьцябло. Так, гэта, безумоўна, зацьвіла папараць. Але яна ня можа цьвісьці! І тут да Мар’яна дайшло: ён знайшоў Папараць-кветку!

У мазгох ліхаманкава зьмяняліся словы, вобразы, урыўкі з прачытанае калісьці літаратуры. “Шчасьце, радасьць, любое жаданьне, як Залатая рыбка... Але як жадаць? Казаць услых ці самому сабе? І колькі жаданьняў выканае? Ці проста занесьці дадому, паставіць у ваду? Ці адкапаць з коранем, перасадзіць дома ў гаршчок? А жонка, дурніца гэтая? Не, дадому калі несьці, дык схаваць, каб ніхто не знайшоў. І ўсё ж такі, як жадаць? Як фармуляваць тое, чаго ты хочаш? А чаго я хачу? Я хачу спакойнага жыцьця на прыродзе... Ці яшчэ парыпацца, нажадаць сабе грошай, улады? Каб гэты галоўны рэдактар і самы галоўны шэф прыніжаліся перад табою. Поўзалі на каленях... Во была б карцінка! Трэба падумаць. Ня трэба сьпяшацца”.

Рэй падбег да кветкі, панюхаў яе, чхнуў, узвыў і кінуўся прэч.

“Разумее нешта”, — падумаў Мар’ян.

Урэшце ён вырашыў нічога сёньня не вырашаць, маўляў, усё адно малаверагодна, што да раніцы кветку знойдуць. А ўранку ён пойдзе на шпацыр з Рэем і... і нешта зробіць.

Уначы Мар’ян Адольфавіч ня спаў. Ён варочаўся й думаў. Розныя варыянты, як распарадзіцца нечаканым шчасьцем, круціліся ў ягоных запаленых мазгах. Прыходзілі абсурдныя, сьмелыя, нечаканыя думкі: “...Кіну ўсё, паеду ў Канаду ці, можа, лепей буду вандраваць, сьвет пабачу... А можа, замовіць сабе вечнае жыцьцё? Гледзячы колькі жаданьняў... А як жа вызначыць колькасьць іхную? Усё адно кветку трэба сарваць. Бо інакш дастанецца каму іншаму. Якому казлу”. Ён так і ня здолеў заснуць. А сёмай (хацеў раней, але пабаяўся выклікаць падазрэньні ў жонкі) падняўся, узяў Рэя і, намагаючыся ісьці, як заўжды, нетаропка, пакіраваў у бок парку.

Вось і зарасьнік. Папараць, папараць, папараць... Кветкі не было. Месца знаёмае, Мар’ян шпацыруе тут штодня, памылка выключаная. Кветка была тут. Яшчэ ўчора ўвечары. “Я спазьніўся, — агаломшана гучала ў Мар’янавай галаве. — Як заўжды, спазьніўся. Яшчэ ўчора я мог зрабіць са сваім лёсам усё, што пажадаю, а цяпер... чакай пэнсіі, небарака!”

Выпіў ён з раніцы. Парушыў свой кодэкс. Але гарэлка ня брала, усю сьвядомасьць запоўніла цёмна-шэрая бясконцая скруха. Мар’ян Адольфавіч панура цягаўся па калідорах радыё, зрэшты, ніхто не зважаў на яго, як і заўсёды.

— Мар’яне! — раптам пачуў ён.

Гэта крычаў ягоны галоўны са свайго кабінэту. Мар’ян Адольфавіч мэлянхалічна й панура прасмактаўся ў дзьверы.

— Што трэба?

— Ты мне кінь гэта “што трэба”! — галоўны быў бадзёры, нават занадта. — Большэ жызьні, Мар’ян! Пойдзеш сёньня на заданьне.

— Якое яшчэ заданьне? — млява пацікавіўся Мар’ян Адольфавіч.

— Сёньня прэзыдэнт агучвае новую пастанову па сельскай гаспадарцы. Рэвалюцыйныя зьмены! Пойдзеш асьвятляць.

На стале ў галоўнага ляжала разгорнутая газэта. Загаловак нешта крычаў чырвонымі літарамі пра зьмену курсу, рэвалюцыйныя зьмены, жорсткі дзяржкантроль ды іншую лухту. Пад крыклівай чырваньню зьзяў партрэт прэзыдэнта. Мар’ян пахіснуўся й ледзьве ня грымнуўся долу. Падняўшы вочы, ён убачыў на сьцяне над галоўным рэдактарам такі самы партрэт у залатой рамачцы — шырокія плечы, ваяўнічыя кавалерыйскія вусы, знаёмы ўпэўнены й неразумны позірк з-пад магутных выгбаў...

“Дык вось каму ты дасталася!” — падумаў Мар’ян.

“Хуткую, хуткую!” — усё цішэй гучала недзе побач, і Мар’яна праглынула сіне-чорная, з рэдкімі памаранчавымі ўсплёскамі, багна.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0