Зьнікненьне Юрася Корбана

 

Небясьпечныя сувязі віцебскага пацана

Месяц таму зьнік кіраўнік віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур”, намесьнік старшыні мясцовай гарадзкой арганізацыі БНФ і галоўны кандыдат на пасаду кіраўніка абласное суполкі БНФ 23-гадовы Юрась Корбан.

 

Корбан зьнік не бясьсьледна: першымі днямі ён некалькі разоў азываўся тэлефанаваньнямі да маці. Прычым званкі гэтыя былі зробленыя зь ягонага ўласнага мабільнага тэлефону. Як паведамілі ў фірме Velcom, Корбан званіў маці то зь Віцебску, то з Берасьця, то нават з Варшавы, апошнія тэлефанаваньні былі са сталічных раёнаў Серабранкі і Чыжоўкі. Спачатку Юрась казаў, што неўзабаве зьявіцца дадому, пасьля — што сустрэў нейкага чалавека і змушаны на пэўны час зьехаць разам зь ім, потым — што яны з маці могуць больш ня ўбачацца.

Падчас апошняй тэлефоннай размовы 23 студзеня ён папрасіў маці знайсьці буйную суму грошай — калі што, нават прадаць кватэру — і прывезьці іх 28 студзеня ў Менск. Пра якую колькасьць грошай ішла гаворка, Ніна Корбан ня кажа. Сябры Юрася сьцьвярджаюць, што 20 тысяч даляраў.

Аднак сустрэчы ані з самім Юрасём, ані з кім-небудзь іншым не адбылося, бо маці не атрымала ніякіх гарантыяў, што ейнага сына адпусьцяць. Больш тэлефанаваньняў з вымогамі выкупу не было, хоць маці Корбана ў чаканьні зьвестак пра лёс сына ўзяла нават адпачынак і цэлы тыдзень праседзела каля тэлефону.

Маці пэўная, што тут справа толькі палітычная, што сын ейны пацярпеў за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць: “Нас хочуць запэўніць, што зьнікненьне Юрася — гэта справа ягоных жа рук ці выкраданьне з мэтай выкупу. Але абедзьве гэтыя вэрсіі няслушныя”.

Тым ня менш, вэрсію пра датычнасьць крыміналу да зьнікненьня кіраўніка “Контуру” працягваюць распрацоўваць праваахоўныя органы. Тыя 20 тыс. даляраў сапраўды маглі быць сумай запатрабаванага за Юрася Корбана выкупу. Хто ня лічыць у Беларусі, што ў так званым “трэцім сэктары” круцяцца немалыя грантавыя грошы! Гэтыя чуткі і стэрэатыпы рана ці позна павінны былі навесьці рэкет на супрацоўнікаў недзяржаўных арганізацый.

Юрась Корбан добра знаёмы супрацоўнікам “НН”, бо менавіта ён зладзіў сустрэчу нашаніўцаў зь віцебскімі чытачамі ў 2000 г. Сустрэча тая прайшла зь вялікім посьпехам у тамтэйшым прэстыжным клюбе “Сава”. Корбан — таленавіты арганізатар, душа віцебскага апазыцыйнага асяродку.

Перад той сустрэчай Корбан у гутарцы хваліўся, што зазнаваў “наезды” з боку рэкету, але ўдала адбіваўся.

У Віцебску хадзілі чуткі, што, каб адчапіцца ад адных, ён нават зьвяртаўся па дапамогу іншых падазроных груповак. Некаторы час летась Корбан нават меў асабістых ахоўнікаў. Сяброўка Корбана Вольга Старасьціна ў гутарцы з карэспандэнтам “НН” пацьвердзіла гэты факт, але зазначыла, што гэта была не прафэсійная ахова, а некалькі сяброў віцебскага Маладога Фронту, у які ўваходзіў і сам Корбан.

Колькі гадоў таму “Контур” усё ж стаўся ахвярай злачынцаў, што скралі кампутары й іншую аргтэхніку. У выніку гэтага лідэр “Контуру” моцна пасварыўся зь Віктарам Вільманам, кіраўніком Віцебскага саюзу немцаў, у памяшканьнях якога месьціўся офіс суполкі. Аднак знаёмцы Корбана кажуць, што апошнім часам ніякіх справаў зь Вільманам той ня меў. А вымагаць выкуп або проста помсьціць Корбану мог хто заўгодна.

Зьвязана гэта можа быць ня толькі з грантаваньнем “Контуру”: Юрась Корбан паралельна з актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, меў уласны бізнэс.

Нельга адкінуць і вэрсію сяброў Корбана, што ў ролі выкрадальнікаў выступілі беларускія спэцслужбы, якія гэткім чынам “дапамагаюць” Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў па Віцебску даказаць факты неправамоцнага выкарыстаньня сродкаў з боку віцебскіх грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку “Контуру”. Бо наконт гэтага ўзбуджаная крымінальная справа, у якой фігуруюць некалькі тысяч даляраў.

У Камітэце, аднак, кажуць, што самі ламаюць галовы, куды падзеўся Корбан, які зьнік у суботу 19 студзеня, а ў панядзелак 21-га мусіў зьявіцца на допыт да фінінспэктараў. Паводле іхнае вэрсіі, Корбан якраз ад іх сам і хаваецца, прыўлашчыўшы пэўную суму. А званкамі да маці з намёкамі аб прымусовым зьнікненьні “абстаўляе” сваю эміграцыю за мяжу.

Калі гэта чарговае палітычнае зьнікненьне, значыць спэцслужбы ўзяліся асвойваць новую схему расправы зь нязгоднымі і сацыяльна актыўнымі, прадстаўляючы іх звычайнымі ахвярамі крымінальнікаў. Праваабаронцы зь “Вясны” падкрэсьліваюць надзвычай эфэктыўную арганізацыю Юрасём Корбанам назіраньня за выбарамі 9 верасьня.

Міліцыя, са словаў маці Юрася Корбана, пакуль нічога ня робіць. Праўда, адмысловую заяву ў праваахоўныя органы яна падала зусім нядаўна, і крымінальная справа па факце зьнікненьня лідэра віцебскага моладзевага руху была адкрытая толькі 12 лютага. Дэзінфармацыяй з боку спэцслужбаў могуць быць і зьвесткі, якія прыйшлі да тых, хто шукае Юрася Корбана прыватна, літаральна адразу пасьля таго, як у Менску былі распаўсюджаныя ўлёткі з інфармацыяй пра зьнікненьне з апісаньнем кіраўніка “Контуру”: нібыта групоўка на чале з крымінальным аўтарытэтам Удавам цягае па Менску зьбітага хлопца 25 гадоў, а атабарыліся злачынцы ў доме ў раёне сталічнага заапарку. Там, дзе і былі запэленгаваныя апошнія званкі Юрася Корбана да маці ў Віцебск.

Справай чыіх бы рук ні было зьнікненьне Корбана, для арганізацыяў “трэцяга сэктару” ў Беларусі прабомкаў трывожны званочак. Няўрадавыя арганізацыі з кожным годам набываюць усё болей уплыву і аўтарытэту. Але аўтарытэт няўрадавых арганізацый можа вельмі хутка запляміцца, калі выявіцца, што кіраўнікі “трэцяга сэктару” маюць сувязі з крымінальным сьветам. Хочацца верыць, што Юрась Корбан у гэтым сэнсе чысты. І што зь ім усё ў парадку.

Ігнат Чакацкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0