У дзясятцы самых забясьпечаных

Гутарка з Паўлам Севярынцам

Гэтым разам “НН” зьвярнулася да Паўла Севярынца не як да лідэра Маладога Фронту, не як да абаронцы Курапатаў, не як да апантанага прапагандыста Слова Божага, а як да геоляга-прафэсіянала, дасьледчыка беларускіх нетраў, які ведае, чым багаты наш край, з чаго беларусам заўтра заможна жыць.

 

Павал Севярынец: Адразу папярэджу: па спэцыяльнасьці ў мяне працаваць не атрымліваецца. Спрабаваў у “БелГЕА”, якое займаецца пошукамі россыпаў каштоўных мэталаў і бурштыну, але толькі некалькі тыдняў пратрымаўся, бо праца сумяшчалася з “палітыкай” і “пасадкамі”. Тэма ж маёй дыплёмнай працы была “Бурштын Беларусі” — пра радовішчы бурштыну ў нашай краіне, праблемы і пэрспэктывы іх дасьледаваньня, прамысловай здабычы. Існуе, ведаеце, Вялікае Княства Бурштынавае ад Балтыкі да Чорнага мора. Гэта найбуйнейшая ў сьвеце геалягічная правінцыя, дзе пашыраныя бурштыны, якія, па сутнасьці, ёсьць выкапнёвай хваёвай смалой. Увогуле бурштын — гэта сьлёзы, рэакцыя хвояў на серавадароднае заражэньне. Пранізьлівы вобраз.

У старажытнасьці ў паўночных нашых паселішчах — Полацку, Віцебску, Вільні — выкарыстоўваўся прыбалтыйскі бурштын, а на поўдні — у Нясьвіжы, Клецку, Тураве — бурштын беларускага паходжаньня. Найбольшыя бурштынавыя адклады ў нашай краіне на Палесьсі — Гатча-Восаўскае радовішча, таксама пэрспэктыўныя плошчы ў басэйнах тых рэкаў, што ўпадаюць у Прыпяць з Украінскага шчыта. Там знаходзілі бурштыны памерам і з кулак, і з футбольны мяч, але вялікі бурштын — мутны і падобны больш да плястмасы… У прынцыпе, здабыча і апрацоўка бурштыну можа ператварыцца ў нас у значную сувэнірную галіну.

“НН”: Ці можа бурштын даваць Беларусі валюту?

П.С.: Наўрад ці. А вось стаць нацыянальным сувэнірам, вядомым ў сьвеце, — вельмі проста. Дужа пасуе нам, на мой густ, і сонечна-мядовы колер бурштыну. Цёплы такі, прыемны.

Паўтара мэтра на ўсю Эўропу

“НН”: Якімі іншымі карыснымі выкапнямі мы багатыя? Са школьнага курсу геаграфіі помняцца соль ды пясок…

П.С.: Насамрэч Беларусь уваходзіць у дзясятку самых забясьпечаных рэсурсамі краінаў Эўропы. Увогуле, клясычны прыклад звышбагатай краіны — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, дзе золата і плаціна залягаюць не самародкамі, а цэлымі плітамі. Плюс алмазныя россыпы. У Эўропе значныя рэсурсы маюць Нямеччына, Францыя, Польшча. Вядома, агромністая Расея. На іншых кантынэнтах — Бразылія, Канада, Кітай, Аўстралія. Сярод найбліжэйшых суседзяў — Украіна. Найвялікшае ж наша багацьце — гэта сапраўды соль. Па запасах калійнае ды кухоннае солі мы першыя на кантынэнце. Кухоннай, слоем у паўтара мэтра, усю Эўропу засыпаць можна. Мы ўваходзім у лік самых буйных экспарцёраў калійнай солі ў сьвеце, нароўні з Канадай і Расеяй. Маем вялізны запас пітной вады. Ёсьць дзясяткі мінэралізаваных крыніцаў. Апроч таго, мы маем унікальны комплекс будаўнічай сыравіны — жвір, гліну, пяскі, вапну, мел і г.д. Спадчына ледавіка. Няма практычна аніводнай іншай эўрапейскай краіны, дзе ўсё гэта ў такім багацьці было б прадстаўлена. Іншымі словамі, Беларусь гатовая да грандыёзнага будаўніцтва.

Яшчэ ў нас ёсьць радовішчы магнію, алюмініевай руды, тытан-цырконіевыя россыпы. Магніем мы можам забясьпечыць паўсьвету, бо гэта спадарожнікавы элемэнт у карналіце, што складае аснову нашых калійных радовішчаў. Беларуская зямля багатая на соду, сланцы, даламіт. Самае слабое наша месца — паліўныя рэсурсы. Ёсьць торф, буры вугаль, нафта, але няшмат.

Беларусь вырабляе ўсе тры віды мінэральных угнаеньняў — калійныя, азотныя і фосфарныя. Апошнія гатуюцца на гомельскім заводзе на апатытах з Кольскае паўвыспы, хоць можна было б рабіць гэта на сваіх фасфарытах. Дарэчы, ёсьць вельмі цікавая тэхналёгія іх здабычы зь беларускіх глыбіняў: у адпаведныя пласты запампоўваецца вада, і фасфарыты падымаюцца наверх разам зь ёй.

Яшчэ адзін карысны выкапень — расолы. Гэта палова пэрыядычнай сыстэмы, раствораная ў гарачым стане на глыбіні некалькіх кілямэтраў, рэсурс для індустрыі трэцяга тысячагодзьдзя — для электронікі, хіміі, біятэхналёгіяў. Будучыня геалёгіі — якраз у рэдкіх мэталах і матэрыялах, на якія дагэтуль асаблівай увагі не зьвярталі. А іх у Беларусі шмат: ледавік наваліў цэлыя горы. І матэрыялы тыя робяцца ўсё больш каштоўнымі, бо сьвет паступова адмаўляецца ад мэталу і аддае перавагу кераміцы, шклу, сынтэтыцы і нават такім простым рэчам, як пясок і гліна. А колькі зь існага яшчэ не разьведана!

Вёскі ля Аколаўскага адсяляюць

“НН”: А жалезныя руды ці ёсьць?

П.С.: У Беларусі адкрытае радовішча жалезістых кварцытаў — Аколаўскае на Меншчыне. Там пакуль нічога не здабываецца, але блізкія вёскі ўжо адсяляюць, рыюць кар’еры. Руды там беднаватыя ў параўнаньні з тымі, што ў Крывым Розе ды Курску, але ў нашых шмат розных дамешкаў, якія можна выкарыстоўваць комплексна.

“НН”: Як даўно былі адкрытыя беларускія магнітныя анамаліі?

П.С.: Пасьля вайны, калі грунтоўна дасьледавалі ўсю тэрыторыю Беларусі. Сьвідравалі крышталічны фундамэнт, які ў цэнтры Беларусі падыходзіць блізка да паверхні. Там і шукалі зрудзяненьні — медзь, малібдэн, нікель.

“НН”: У якіх беларускіх рэгіёнах самыя багатыя нетры і дзе самыя пустыя?

П.С: Найбагацейшае — Палесьсе, Гомельская і Берасьцейская вобласьці. Меншчына — гэта соль, пясок ды гліна. Гарадзеншчына і Магілёўшчына вылучаюцца мелавымі радовішчамі. Напэўна, самая бедная Віцебшчына.

“НН”: Цікава, ці багатыя карыснымі выкапнямі этнічныя беларускія землі ў суседніх дзяржавах?

П.С.: Тыя, што засталіся, — значна багацейшыя за страчаныя. Напрыклад, Смаленшчына ў сэнсе карысных выкапняў малацікавая. На Віленшчыне — хіба што да бурштыну бліжэй. У Польшчы этнічныя беларускія землі блізка падыходзяць да глябальнага тэктанічнага разлому, лініі Тэйсэйра-Торнквіста, якая геалягічна падзяляе Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу і праходзіць ад Балтыйскага да Чорнага мора. А там, дзе разлом, заўсёды мігруюць элемэнты і трэба шукаць нейкіх сюрпрызаў. Самая ж цікавая мяжа з Украінай. Мы мяжуем практычна па геалягічнай лініі Ўкраінскага шчыта і беларускага Прыпяцкага прагіну. Украінцам дастаўся крышталічны фундамэнт, а нам — кілямэтры асадкаў, што лепш.

“НН”: Чарнобыльская зона, мусіць, таксама нябедная на рэсурсы? Ці можна там што-небудзь здабываць ва ўмовах радыяцыі?

П.С.: Зона адхапіла кавалак багатага Прыпяцкага прагіну — гэта вялікая страта для геалёгіі. У прынцыпе, браць адтуль карысныя выкапні можна, яны няшкодныя, адно што гэта было б дужа шкодна для людзей, якія б там працавалі. Чарнобыльскія землі лепей было б зрабіць своеасаблівым палігонам для дасьледаваньня наступстваў ядзернай катастрофы. На гэтым, дарэчы, можна было б сур’ёзныя грошы мець. На адмысловыя экспэрымэнты з радыяцыяй ва ўсім сьвеце выкідаюцца мільёны даляраў.

“НН”: А золата пад намі шмат?

П.С: Патроху яно ёсьць амаль паўсюдна. Застаецца знайсьці яго дзе-небудзь у прамысловых колькасьцях. Дарэчы, там, дзе ёсьць золата, добра расьце кукуруза. Беларускае золата ўсё ў жвіры й пяску, россыпамі, бываюць самародачкі да паўсантымэтра, як кулі ад дробнакалібравай вінтоўкі. Золатаздабыча пакуль — фактычна ручная праца. Мэтазгодна шукаць золата на Меншчыне, нават пад самім Менскам, дзе багата нарылі пясчаных кар’ераў.

“НН”: А што з алмазамі? Ёсьць жа цэлая дзяржаўная праграма па іх здабычы, а гомельскі алмазны завод “Крышталь” працуе збольшага з расейскай сыравінай.

П.С.: Каб забясьпечыць працай “Крышталь”, трэба наладзіць у Беларусі буйную прамысловую здабычу, аднак у найбліжэйшыя гады наўрад ці ўдасца выйсьці на такі ўзровень. Хоць бы таму, што няма значных інвэстыцыяў. Адна аўстралійская фірма была зацікавілася беларускімі алмазнымі радовішчамі (яны па структуры адпавядаюць аўстралійскім), але супрацоўніцтва не наладзілася. Мо расейцы націснулі? Асноўныя пошукі алмазаў вядуцца сёньня ў Жлобінскай седлавіне. Ёй і цікавіліся аўстралійцы.

Сьвідравіны забілі глінаю

“НН”: Ці былі яшчэ нейкія выпадкі ўмяшаньня Расеі ў нашыя “геалягічныя справы”?

П.С.: Так. У 70-я, калі беларусы здабывалі па 7—8 мільёнаў тон нафты ў год і пачалі выходзіць на самазабесьпячэньне, кажуць, прыехалі спэцыялісты з Масквы і загадалі гэтыя сьвідравіны на Палесьсі пад Рэчыцай гліністымі растворамі забіць. Маўляў, лягчэй і таньней здабываць нафту ў Заходняй Сібіры. Раскансэрваваць гэтыя забітыя глінай сьвідравіны зараз немагчыма. Другая гісторыя — пра пошукі ўрану на Палесьсі. Нібыта знайшлі, але вынікі тых разьведак засакрэчаныя: шукала маскоўская партыя, а ня нашыя геолягі.

Стэрэатып, што ў нас карысных выкапняў няма, — ад недахопу геалягічнае адукацыі. Я думаю, сёньня варта нават у школах уводзіць хоць бы які факультатыў па геалёгіі. Ведаць беларускую зямлю ня менш важна, чым матэматыку. Бо нас Бог з гэтае зямлі стварыў. І хімічныя элемэнты, і вада зь беларускае глебы падчас абмену рэчываў фармуюць нашае цела. А ўвогуле, Беларусь мае дастаткова рэсурсаў, каб забясьпечваць сябе і сёе-тое экспартаваць, зарабляючы немалыя грошы. Беларуская зямля — грунт і для гаспадаркі, і для нацыянальнай ідэі, і для палітыкі.

Гутарыў Ігнат Чакацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0