На руінах Ідыліі
150 гадоў опэры “Сялянка”
У самым сэрцы Менску, на рагу вуліцаў Леніна і Інтэрнацыянальнай, стаіць нязграбная аднапавярховая будка, пафарбаваная ў млосны жоўты колер, — тыповая сталоўка для мэханізатараў у заможным калгасе, але з прэтэнзіяй на элегантнасьць. Калісьці тут была звычайная “сьцякляшка” “Пінгвін”, дзе можна было напіцца распушчальнае кавы і зьесьці марозіва. Гадоў пяць таму яе пашырылі ды абклалі цэглай. Улетку гэтая бястварая будыніна ажыўляецца чырвонымі парасонамі вулічнай кавярні, дзе дзяўчаты ў форменнай вопратцы “Bond” пачастуюць вас півам і цыгарэтамі. З тылу да будкі сарамліва туліцца сьляпы тарэц, якіх шмат у кожным горадзе, што перажыў бамбаваньне.
У пачатку XX ст. тут стаяў пяціпавярховы гатэль “Эўропа” — самы шыкоўны ў горадзе. Ён быў разбураны ў часе другой сусьветнай вайны, захаваўся толькі флігель — барочная камянічка. Яна стаяла акурат там, дзе цяпер месьцяцца столікі летняй кавярні. У 1950—60-я ў ёй кватаравала Менская музычная вучэльня, пасьля камяніца пачала друзьлець і студэнтаў выселілі. З тае пары яна пуставала. У 80-я на яе месцы маніліся ўзьвесьці новую кансэрваторыю — стылёвы сьнежна-белы хмарачос, падобны да алоўка. Аднак будаўніцтва так і не пачалося.
Камяніцу ж усё адно разбурылі. Не дапамагла ні мэмарыяльная дошка “З балькону гэтага дому была абвешчаная савецкая ўлада ў Беларусі”, ні паходы Адама Мальдзіса ў ЦК, ні акцыя “Майстроўні”, што 13 чэрвеня 1984 г. зладзіла мітынг у абарону старажытнага будынку — першы несанкцыянаваны мітынг у найноўшай гісторыі Менску.
Дзякуючы сябрам “Майстроўні” ў грамадзкай сьвядомасьці замацавалася легенда, што ў сярэдзіне XIX ст. у зруйнаваным будынку месьціўся гарадзкі тэатар, дзе 9 лютага 1852 г. адбыўся першы й адзіны паказ Марцінкевічавай “Сялянкі”.
Гэты міт мусіў уратаваць старасьвецкую камяніцу ад зьнішчэньня. Насамрэч гарадзкі тэатар быў крыху далей, там, дзе цяпер левае крыло Акадэміі музыкі. Ён згарэў падчас пажару 1889 г.
Падзеі 13 чэрвеня зьвязалі імя Дуніна-Марцінкевіча з найноўшай гісторыяй вызвольнага руху. Ён і сам заўжды быў у апазыцыі да русіфікатарскіх уладаў. Можа, акурат з-за гэтага пасьлядоўна зьнішчаюцца ўсе помнікі, зьвязаныя зь няўрымсьлівым аўтарам “Сялянкі”.
Даўно няма той хаткі за губэрнатарскім садам, якую ў 1836 г. пабудаваў для сябе Дунін-Марцінкевіч. Хатка гэтая месьцілася недалёка ад скрыжаваньня Захараўскай і Шпітальнай, дзе цяпер сквэр у пачатку вуліцы Фрунзэ.
Можна ўявіць сабе жыцьцё ў гэтым дамку Дуніна-Марцінкевіча з каханай жонкай Юзэфай Бараноўскай і дзецьмі, якія нарадзіліся адзін па адным: у 1834 годзе — Каміла, у 1836 — Міраслаў Эдвард, у 1840 — Сафія Аліцыя, у 1841 — Цэзарына. Юзэфу Дунін выкраў зь Вільні. Ёй было шаснаццаць гадоў, і яна была дачкой ягонага віленскага працадаўцы. Закаханыя знайшлі прытулак у Менскай епархіяльнай кансысторыі пад крылом біскупа Мацея Ліпскага. Біскуп уладкаваў Марцінкевіча на службу ў кансысторыю і ў Менскую крымінальную палату. Манюшка ў лісьце да жонкі апісваў, як нейкі багаты жартаўнік рашыў адпомсьціць Дуніну-Марцінкевічу за прайграны ў судзе працэс і, ад’яжджаючы, замовіў “пахавальны звон за спачын душы Марцінкевіча, а ў касьцёле купіў саван і пахавальныя падсьвечнікі і ўсю гэтую пакупку даслаў яму на дом. Пачынаюць званіць у званы — ты ведаеш, што менскія званы ня любяць жартаваць і што гарадзкім разявам толькі таго і трэба! І вось кожны пытае: па кім звоняць? Жабракі адказваюць, што памёр… Марцінкевіч, які жыў за губэрнатарскім садам. Вестка хутка распаўзаецца па ўсім горадзе. І трэба ж было здарыцца, што сам Марцінкевіч сустрэў людзей, якія несьлі саван і падсьвечнікі, і спытаўся ў іх: “Каму нясуць?” — “Марцінкевічу!” — “Якому?..” Скандал, вэрхал, паліцыя шукае вінаватага… а яго даўно і сьлед прастыў”.
Калі б не падзеі 1839—40 г., Дунін-Марцінкевіч, напэўна, застаўся б калярытным гарадзскім банвіванам. Аднак 21 лістапада 1839 г. памёр ягоны апякун біскуп Ліпскі. Гэтаму папярэднічаў доўгі судовы фарс — “справа № 39”, заведзеная ў Менскай духоўнай кансысторыі паводле загаду Менскай губэрнскай управы, “Об учинении распоряжения к присоединению семейства шляхтича Иосифа Липского, совратившегося из православия в римско-католический обряд”. Галоўным героем гэтага судовага фарсу быў пінскі шляхціц Ян Цюхай-Ліпскі, якога пад рознымі юрыдычнымі прэтэкстамі змушалі перайсьці ў праваслаўе, а ён супраціўляўся. Гэтая справа доўжылася 33 гады. Біскуп падтрымліваў упартага шляхціца і сам зрабіўся ахвяраю перасьледаў. Ня вытрымаўшы ціску з боку губэрнскіх уладаў, ён скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта быў цяжкі ўдар для Дуніна-Марцінкевіча. У сувязі з гэтай справай пад пагрозай аказаўся і ён сам.
У пачатку 1840 г. Марцінкевіч выпраўляе сабе пашпарт у гарады Эмс і Карлсбад — нібыта каб крыху паправіць здароўе. Але пашпарт у яго адабралі на той падставе, што ён меў дачыненьне да фінансавых рахункаў нябожчыка-біскупа. Ён быў вымушаны пайсьці са службы і зьехаць зь Менску. У той самы год царскай пастановай была спыненая дзейнасьць Статуту ВКЛ і афіцыйна забароненая назва “Беларусь”.
Марцінкевіч купіў фальварак Люцынка недалёка ад Пяршаяў. Тут ён пражыў больш за сорак гадоў, напісаў свае найлепшыя творы, заснаваў школу і тэатар. У наш час ад дому ў Люцынцы засталіся толькі цэмэнтныя прыступкі ганку, стары бэз і лысы пень ад ліпы, якая калісьці была “ўласнай пасаджана рукой”. Пад гэтай славутай сядзібнай ліпай колісь ладзіліся гасьцінныя абеды. Дунін-Марцінкевіч гідзіўся мух, і таму нехта з вучняў увесь час абмахваў яго ліпавым гальлём. У 1985 г. у ліпу трапіла маланка, а неўзабаве п’яныя хлопцы аблілі яе газай і падпалілі.
Аднак нават у часы свайго добраахвотнага выгнаньня Дунін-Марцінкевіч працягваў заставацца менчуком, бо надта любіў гэты горад:
Няма як Менск наш, – дзетачкі, міленькі!
Прыгожы, відны, кругам весяленькі;
Ні адной мізэрнай не сустрэнеш хаты,
Вот, маўляў сьнег белы, каменны палаты,
Пасярэдзіне ўецца круглай стужкай
Сьвіслач-рака – зялёнай устужкай;
Вот ня ўрокам – горад хоць куды!
І цару тут не было б нуды!
А людзі, людзі — дзеткі дарагія!
Не заморскія, маўляў, не чужыя,
А ўсё свае — веры хрысьціянскай,
Шчодры, дабры, натуры ня панскай…
(“Вечарніцы”)
У 1845 г. ён мусіў прадаць свой менскі дом. Праз два гады Юзэфа купіла аднапавярховую камянічку з драўляным флігелем на Плябанскай-Траецкай вуліцы, побач зь цяперашнім шпіталем №2. Але і гэты дом Дунін-Марцінкевіч мусіў прадаць у канцы 1852 г.: шмат грошай зьела пастаноўка “Сялянкі”. Будынак, дзе зімовымі вечарамі зьбіраўся аматарскі тэатральны гурток і адбываліся рэпэтыцыі “Сялянкі”, нейкім цудам ацалеў у вайну, але ў 1961 г. у часе будаўніцтва ВДНГ ён быў разбураны. Цяпер на тым месцы стаіць непаказны дамок дырэкцыі.
Галоўным захапленьнем Дуніна-Марцінкевіча, якое моцна прывязвала яго да Менску, быў тэатар. Першым сцэнічным творам Марцінкевіча з музыкай Станіслава Манюшкі й менскага настаўніка і скрыпача Канстанціна Крыжаноўскага была польскамоўная камічная опэра “Рэкруцкі габрэйскі набор”. У 1841 г. у Менск зь Вільні прыехаў новы генэрал-губэрнатар Мірковіч. У часе ўрачыстасьцяў адбылася й прэм’ера “Рэкруцкага набору”. Ролі выконвалі Дунін-Марцінкевіч (Гогам Бэнатан), Мядынскі, Расадоўскі, Валатоўскі. Минские губернские ведомости пісалі: “Сочинитель Марцинкевич был всех забавнее”.
Партытура і лібрэта “Рэкруцкага набору” зьніклі бязь сьледу, як і партытуры іншых сумесных польскамоўных твораў Манюшкі і Марцінкевіча — апэрэты “Спаборніцтва музыкаў” і опэры “Чарадзейная вада” (гэты спэктакль прайшоў у Менску 21 раз).
Крыху больш пашанцавала “Сялянцы”, напісанай у 1844 г. У 1846 г. віленскі выдавец Адам Завадзкі надрукаваў тэкст “Сялянкі” ў сваёй друкарні — прадчуваючы, што беларуская мова робіць гэты твор гістарычным. Гэта была першая друкаваная кніга Дуніна-Марцінкевіча. А вось музыка Манюшкі не захавалася, апроч арыі Камісара. Адам Мальдзіс адшукаў ейны рукапіс у зборы Аляксандра Валіцкага, што захоўваецца ў Варшаве ў Нацыянальнай бібліятэцы. У музыцы гэтай арыі адчуваецца ўплыў беларускіх народных песень — як, зрэшты, ва ўсіх творах Манюшкі, напісаных у той час.
Навум Прыгаворка — гэта ня проста абаяльны і дасьцiпны пэрсанаж “Сялянкі”, а, у пэўным сэнсе, “другое я” Дуніна-Марцінкевіча. Нездарма ж ён выконваў гэтую ролю на сцэне! Гэтым імем ён падпісваў усе свае беларускамоўныя тэксты. Мне падаецца, што свае беларускія тэксты ён пісаў у вобразе Навума Прыгаворкі, і менавіта з гэтае гульні паўстала беларуская літаратура. Выходзіла літаратура не сялянская, а панская — літаратура паноў, пераапранутых у мужыкоў. Адсюль і ейная тагачасная штучнасьць.
Навум Прыгаворка арганічны. Ягоная беларуская мова гнуткая і выразная. Ён сьпяваў і танчыў. Можна сабе ўявіць, як гэта выглядала! Рэпэтыцыяў амаль не было. Пра гэта сьведчыць ліст Дуніна-Марцінкевіча да Адама Завадзкага з просьбай выслаць зь Вільні як мага болей асобнікаў “Сялянкі”. Ліст быў напісаны 1 лютага 1852 г., за восем дзён да прэмьеры: “Калі ж можна выслаць у Менск раней, чым адыходзіць пошта, то было б вельмі добра, бо гэтыя кніжкі неабходныя мне на 9-ы дзень гэтага месяца”.
Відавочна, не было аніякіх нотаў. Большасьць музыкі ў першай беларускай опэры складалі беларускія народныя мэлёдыі, знаёмыя кожнаму шляхціцу зь дзяцінства. На жаль, нам невядома, якая мэлёдыя гучала ў той ці іншы момант. Захавалася хіба толькі сьведчаньне, што ўсе разам танчылі “Мяцеліцу”.
Музычнае суправаджэньне забясьпечваў сялянскі хор зь Люцынкі, якім апекавалася Каміла, старэйшая дачка Дуніна-Марцінкевіча. Упершыню на сцэне былі сапраўдныя мужыкі, у сьвітках ды лапцях. Каміла, як і ейны брат Міраслаў, была адораная музычна. Першым гэта заўважыў Манюшка і перадаў абаіх дзяцей у рукі свайго старога настаўніка Дамініка Стафановіча. У 1847 г. яны выступалі ў Вільні, у 1849-м — у Кіеве, у студзені 1850-га — у Менску, у залі Шляхецкага згуртаваньня. Минские губернские новости адгукнуліся на іхны выступ з энтузіязмам: “Каміла Марцінкевіч іграла з надзвычайнай пачуцьцёвасьцю, бегласьцю і чысьцінёю найцяжэйшыя творы… а брат яе — Міраслаў звыш таго выказаў надзвычайную энэргію і бегласьць. Дзеці гэныя цалкам заслугоўваюць на пахвалу… яны з часам несумненна спраўдзяць надзею памнажэньнем лічбы эўрапейскіх артыстаў”.
Але ні Каміла, ні Міраслаў ня сталіся прафэсійнымі музыкамі. Камілу ў 1863 г. арыштавалі за ўдзел ў паўстаньні Каліноўскага. Працуючы настаўніцай у маёнтку памешчыка Хмары, яна прапанавала жаўнеру Інгерманляндзкага палка грошы, каб ён прадаў зброю. А ён яе здаў. Яна й не аспрэчвала віны. Выслалі яе ў Салікамск.
Пацярпеў і Дунін-Марцінкевіч. Яшчэ ў 1861 г. у Трэцім аддзяленьні царскае канцылярыі на яго завялі справу — “О помещике Марцинкевиче, рассылавшем в Западные губернии возмутительные воззвания к литовцам”. За ягонымі паводзінамі пільна назіраў часовы менскі вайсковы губэрнатар Кушалеў. Трохі больш за год Марцінкевіч знаходзіўся пад сьледзтвам — сядзеў у Менскім астрозе (цяперашняя Валадарка), а потым яго выпусьцілі пад “строго гласный”, “без срока” паліцэйскі нагляд. 12 гадоў Дуніна-Марцінкевіча трымалі пад хатнім арыштам у Люцынцы. Яму забаранілі выяжджаць з фальварку, ставіць спэктаклі, вучыць дзяцей. Якое гэта было пекла, для такога дзейнага чалавека! Каб палепшыць сваё становішча, Дунін-Марцінкевіч спрабаваў давесьці ўладам сваю ляяльнасьць. У 1870 г. ён пісаў тагачаснаму віленскаму генэрал-губэрнатару: “З прычыны дзёрзкасьці маёй дачкі Камілы…” Можна лічыць, ён здрадзіў сваёй дачцэ, і гэта была драма для іх абаіх.
Але вечарам 9 лютага 1852 г. яны яшчэ пра гэта ня ведалі.
Яны ўвогуле не спрабавалі зазіраць у будучыню і не клапаціліся пра тое, ці дойдзе да нашчадкаў шчасьлівы плён іхнага натхненьня. Дунін-Марцінкевіч з асалодай дыхаў тэатральным паветрам і адначасова дужа нэрваваўся, бо вяскоўцы зь Люцынкі спазьняліся. Каміла хвалявалася: яна выконвала ролю адной зь сялянак. Мастак Адам Шэмеш, вучань славутага Яна Рустэма, да апошняе хвіліны дамалёўваў дэкарацыі. Пісар міравога судзьдзі Авяр’ян Васільеў, які быў за адміністратара, гандляваў пры ўваходзе квіткамі. Антон Прушынскі, фатограф, якому даверылі ролю Кароля Лятальскага, ліхаманкава паўтараў тэкст. Работнік друкарні Ляўданскі, які быў акторам на ўсе ролі, мірна адпачываў. Менавіта ён раздрукаваў афішу, якая шчэ зранку зьявілася на плоце: “С дозволения начальства. В субботу, 9 февраля 1852 г., будет представлено гг. любителями в пользу бедных. Опера в 2 действиях на польском и простонародном языке. Сочинение Викентия Мартинкевича с музыкой Манюшки, Кржижановского и прочих под заглавием “Селянка”. Усе 20 сяброў аматарскага тэатральнага гуртка Марцінкевіча са скуры вылазілі, каб пасароміць прафэсійную трупу Вяржбіцкага, якая пачынаючы з 1846 г. грала ў Менску ардынарны расейска-польскі рэпэртуар.
І ў іх атрымалася! Заля была поўная, нягледзячы на тое што ў лютым вуліцы Менску былі небясьпечныя для позьніх мінакоў: на ўскрайкі гораду забягалі ваўкі, а ходнікі падчас адлігі ператвараліся ў адну гіганцкую лужыну. Публіка сустракала самадзейных актораў зь непрыхаваным энтузіязмам. Газэты былі ў захапленьні. 14 сакавіка 1852 г. “Дзёньнік Варшаўскі” пісаў: “Ніхто ня стане адмаўляць здольнасьцяў Дуніна-Марцінкевіча як у галіне драматургіі, так і паэтыкі… Калі б ягоныя творы былі пастаўленыя на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была б карысьць як для тэатру, так і для аўтара”.
Аднак ідылія, якую Дунін-Марцінкевіч прапанаваў сваім гледачам, была зруйнаваная ўжо назаўтра. Губэрнскія ўлады забаранілі паказваць спэктакль, у якім побач з польскай гучала і беларуская мова, хай і замаскаваная пад сарамлівае “простанародная”.
Калі верыць легендзе, Дунін-Марцінкевіч разам з дочкамі ўпрогся ў тэатральны рыдван, які па-беларуску завецца вельмі сымбалічным словам “бяда”, і вандраваў па вёсках, паказваючы спэктакль сялянам. У 1853—55 г. ён ставіў “Сялянку” ў Бабруйску, Слуцку, Нясьвіжы ды Глуску. Час не спрыяў; канчалася эпоха Мікалая І.
Праз 150 гадоў мы ўжо ня можам пазнаць твар Менску, якім ён апісаны ў лістох Манюшкі: “Напэўна, Жулкоўскі [славуты польскі камічны актор] быў родам з гэтага гораду. А што да Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён быў мянчук. Ня ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Менску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся…” Твар Менску зрабіўся змрочны, абыякавы і нецікавы. Дзе ты, Навум Прыгаворка?
Юлія Андрэева