чытанка для дзетак

Казачка

на дзень сьвятога Валянціна

Гэтая гісторыя адбылася даўным-даўно, калі ў сьвеце яшчэ правілі каралі, рыцары не шкадавалі свайго жыцьця, баронячы родны край і ўласны гонар, а прыўкрасныя дамы адорвалі герояў сапраўды райскай пяшчотай.

Дык вось, даўным-даўно жыў на сьвеце адзін кароль — зваўся Валянцін Першы і Непаўторны. Адным словам — казырны быў Кароль. Быў ён выбітны ваяка і ў свой час праславіўся многімі перамогамі. А як пастарэў Кароль-ваяка — стаў ён вясёлы гуляка. З суседзямі, зь якімі раней ваяваў, памірыўся, у госьці запрашаў ды балі спраўляў. І вось аднойчы да нашага караля завіталі цыганы. Для цыгана, вядома, дзе фэст — там і я ест. Зайгралі, засьпявалі, затанчылі цыганы, як сьлед усіх разьвесялілі. А тады адна сымпатычная Цыганка да караля падлабунілася і кажа:

— Пазалаці ручку, саколік, паваражу — усю праўду скажу.

Пазалаціў Кароль шчодра і чакае свайго лёсу. Цыганка раскінула карты і так кажа:

— Ой, саколік, была ў цябе першая жонка — ды ўцякла. Маеш цяпер другую, але ад гэтай сам уцячэш. І будзеш ты мець трэцюю — зь ёй ужо будзеш жыць верна і доўга — да скону.

— Ах ты, махлярка! — абурыўся Кароль. — Пра якіх жонак ты мне пляцеш? Я ж халасьцяк!

— Чакай, саколік, ты ж не даслухаў мяне, — давай выкручвацца хітрая Дамачка. — Першая твая жонка была востра шабелька. Засталася ў маладосьці вайсковая слава твая. Другая твая жана — хмельна чарка. Зь ёй ты цяпер сябруеш, але хутка сам кінеш яе, возьмешся за розум і будзе ў цябе трэцяя жоначка — кніжачка прамудрая…

— Княжычка?! Жоначка?! А чаму б і не!

Кінуўся тады Кароль шукаць жонкі сабе. Прыглядаўся да розных замежных дамаў, але ніводнай не ўпадабаў. А знайшоў у сябе пад бокам, у сваім каралеўстве, маладую ды прыгожую Князёўну. Князёўна была — ні ў казцы сказаць ні пяром апісаць. Пабачыў яе, такую красуню, наш Кароль — закахаўся бязь меры і замуж за сябе запрасіў. Можа, на гэтым і скончылася б тая казачка шчасьліва, але…

Але сэрца той прыўкраснай Дамы ўжо было занята. Кахала яна аднаго маладога і сьмелага Рыцара, які таксама прысягнуў ёй у каханьні і вернасьці. Марылі маладыя пабрацца шлюбам, але мары тыя адкладваліся, бо Рыцар меў адслужыць свой тэрмін у войску.

Пра жаніцьбу са старым Каралём маладая Князёўна нават і слухаць не захацела. Але паспрабуй ты каралеўскай волі працівіцца… Што рабіць?

Напісала тады Князёўна свайму каханаму ліста, расказала ўсё як ёсьць і папрасіла, каб хутчэй прыехаў ды адратаваў неяк. Паклікала свайго служку і даручыла даставіць ліст каханаму. А служка той аказаўся чалавекам нізкім. Ён быў Шасьцёркам. Цішком адкрыў канвэрт, прачытаў ліст і даставіў ня рыцару, а… Каралю. Бач ты, яму было больш карысна, каб князёўна выйшла за караля, тады б і ён у каралеўскі палац уехаў.

Прачытаў Кароль ліст, спахмурнеў. Не хацеў ён мець такую жонку, сэрца якой занятае іншым. Калі б нават сілай узяў, разумеў: усё адно шчасьця ня будзе. Тут ізноў падкруціўся служка, нізкі чалавечак. Раіць Каралю:

— Трэба зрабіць так, каб яна расчаравалася ў ім. Тады разьлюбіць яго і аддасьць сваё сэрца Вам. Я напішу за яе новага ліста. Падраблю так, што не адрозьніш. Прачытае яго Рыцар і нічога не западозрыць. І не прыедзе. А Князёўна падумае, што разьлюбіў. А тут і вы…

Кароль згадзіўся на тое зладзейства. Надта ж закаханы быў. Каварнае гэта пачуцьцё — каханьне. Колькі дзеля яго, каханьня, чынілася благога…

Атрымаў Рыцар ліста, чытае: “У мяне ўсё добра, і табе ўсяго добрага жадаю. Бывай здаровы…” І нешта яму ня верыцца, як бы не ягоная каханая пісала. Можна падрабіць почырк, можна падабраць словы, але мовы каханьня не падробіш. Вось і западозрыў наш рыцар штось няладнае. Паехаць бы, праведаць. Але ж службу так проста ня кінеш…

Тым часам бедная Князёўна ў роспачы — дзе каханы, чаму ня едзе? Няўжо Караля спужаўся, ад яе адрокся? А Кароль дык рады, думае — цяпер нікуды ня дзенецца, маёй будзе. Ужо і дзень вясельля прызначыў, і гасьцей склікаў. Пацягнуліся госьці ў каралеўскі палац.

І трэба ж было — ехалі яны якраз па той дарозе, якую вартаваў той самы наш падмануты Рыцар. Пытаецца ён:

— Хто вы такія, куды едзеце?

— Я Кароль крыжацкі са сваім дваром… Я Кароль басурманскі… Я Кароль цыганскі… Едзем да твайго Караля на вясельле.

Прапусьціў рыцар высокіх гасьцей, толькі адну Цыганку-варажбітку запыніў на хвіліну. Расказаў ёй пра сваё каханьне, пра ліст падазроны і папрасіў паваражыць на праўду.

— Ой, саколік, — паспачувала шчырая Цыганка, — калі маеш праўдзівае каханьне, не глядзі, як карта ляжа, слухай, што сэрца скажа…

Ня вытрываў тут Рыцар — кінуў усё ды паляцеў да каханай.

Прылятае… А там ужо і вясельле гатова. Кароль стаіць, госьці стаяць, і Князёўну ні жывую ні мёртвую здрадлівы служка падводзіць. Але як пабачыў Рыцара, зразумеў, што зараз раскрыецца здрада, дык шусь — і даў драла.

— Каханы… — ледзь чутна ўзмалілася Князёўна.

— Каханая! — як пярун, выгукнуў Рыцар і кінуўся бараніць.

Хто дастане зброю ў прысутнасьці караля, мусіць быць забіты — такі закон. Таму ўсе: і служкі, і госьці — паўсталі супраць Рыцара. Ён біўся як герой. Ён усіх паадбіваў і застаўся сам-насам з Каралём. Рыцар быў герой, але дзе вы бачылі, каб Рыцар перамог казырнага Караля?.. Маланкай бліснуў двубой, і сьмяротна паранены Рыцар зваліўся ніцма ля ног сваёй каханай. Князёўна легла побач, і сэрца яе таксама спынілася.

Тым часам пад’ехалі цыганы — мелася ж быць гулянка! Кароль заўважыў варажбітку і кажа са скрухай:

— Гэта ж ты, шэльма, напляла мне пра трэцюю жонку, што буду жыць зь ёй доўга і шчасьліва. Во, глядзі, што з твае варажбы выйшла.

— Ой, дурань ты дурань, ты ж не дачуў! Я ж табе казала пра трэцюю жонку — кніжачка. Ня княжычка, а кніжачка, прамудрая кніжачка, я ж табе наваражыла манахам быць…

Маладых рыцара і даму пахавалі з каралеўскай пашанаю. Пахавалі побач.

Кароль Валянцін у сваіх грахах раскаяўся, пастрыгся ў манахі і сапраўды са сьвятой кніжачкаю жыў доўга, Усявышняму служыў верна, праславіўся тым, што апекаваўся закаханымі. Пасьля скону быў залічаны да рангу сьвятых і дагэтуль закаханымі апякуецца.

Госьці разьехаліся. Можа, дзе гуляюць, а можа — б’юцца.

Цыганка па-ранейшаму варожыць на сваіх картах… Толькі як будзе вам варажыць на каханьне, памятайце: не глядзіце, як карта ляжа, слухайце свайго сэрца.

Сьцяпан Дзінь-Дзілевіч, Вільня, 2002 год

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0