палеміка

Дык за якую мы Беларусь?

З нагоды аднаго камэнтару ў ”Нашай Нiве”

А можа, і праўда плюнем на ўсе гэтыя пратэсты, на ўсе бясплённыя спробы прымусіць уладу адказваць, куды падзеліся вядомыя “зьніклыя” дзеячы апазыцыі? Ну колькі, на самай справе, можна? Ну, зьніклі людзі... Што ж нам цяпер — усё жыцьцё з партрэтамі ўздоўж вуліцаў стаяць? Ёсьць жа справы, задачы больш важныя.

Вось і Сяргей Дубавец у “Нашай Нiве” (15 лютага) падказвае: “Супрацьстаяньне — не самамэта. Мэта — Беларусь “. Я разумею Сяргея Дубаўца. Надзеі на “нацыянальна-дэмакратычную” рэвалюцыю, пры якой БНФ павінен быў, але ня змог узяць уладу, згасьлі. Лібэралы — яўныя слабакі. Рэжым замацярэў, знае ўсе хады й выхады. Была надзея на намэнклятурны бунт, але й яна выявілася марнай. Што застаецца? Застаецца спадзявацца, што ёсьць нейкі аб’ектыўны ход рэчаў (аўтар ужывае выраз “Прырода бярэ сваё”), які дазволіць захаваць галоўнае — незалежнасьць Беларусі. Расклад тут просты: кіраўнік наш, хоць і зьяўляецца найвялікшым славянскім інтэгратарам, больш за ўсё хоча быць самастойным царком, а таму не дае поўнай волі расейскаму бізнэсу. І гэта ўжо добра! Ідзе акцыянаваньне сур’ёзных прадпрыемстваў, але дзяржава захоўвае там свой прыярытэт. І гэта таксама цудоўна! З тае самае прычыны не дадуць эканамічнай улады чужынцам.

А тут прысьпелі й іншыя падзеі, што нясуць надзею. У дзяржаўных СМІ, адзначае не без задавальненьня камэнтатар “НН”, зьявіліся “апазыцыйныя” літаратары і круцяць “Народны альбом”. Больш за тое, працягвае радавацца Дубавец, “урад дае прэмію кнізе “Беларускія народныя крыжы” ў той момант, калі АГП стаіць з партрэтамі А.Клімава ля турмы на Кальварыйскай, і выдавец “Крыжоў” ня робіць дэмаршу. Як не зрабілі дэмаршу ўрадавыя ляўрэаты нашаніўцы Кляшчук і Баразна”.

“Праўдзівыя нацыянальныя вартасьці, — абсалютна справядліва падкрэсьлівае аўтар, — мусяць атрымліваць дзяржаўную падтрымку “. І як не пагадзіцца зь Сяргеем Дубаўцом у тым, што “нацыянальная культура ня можа быць непрымірымаю да войска і ўраду ў межах аднаго народу і адной краіны “.

А вось і выснова, што нацэльвае на найбліжэйшую будучыню: “Прыроджаны “цынізм палітыкі” ў маіх развагах зводзіцца да таго, што апазыцыя мусіла б забыць пра зьніклых паплечнікаў ППРБ і актуалізавацца, зрабіўшы крок наперад“.

Менш за ўсё я хацеў бы тут абурацца з нагоды ўзятага Дубаўцом у двукосьсе цынізму. Які тут цынізм? Тут сум суцэльны. І кволая надзея адначасова: а раптам атрымаецца? Раптам улада, прыціснутая Расеяй да сьценкі, з пачуцьця самазахаваньня вымушана будзе выкарыстаць у абароне нацыянальны шчыт? І пачнецца нейкая канвэргенцыя, пранікненьне нацыянальнага духу на ўладныя вяршыні? А гэта ж і азначае, што “жыве Беларусь”!

Што ж, дай бог, каб так было! Бо хто з нармальных людзей хоча супрацьстаяньня, а не дыялёгу, хаджэньня сьценка на сьценку замест нармальнага супрацоўніцтва?

Хоць надзеі і на гэтую самую канвэргенцыю-беларусізацыю ўлады, не гаворачы ўжо пра нейкае падабенства да польскага “круглага стала”, больш чым прывідныя. Але чаму б і ня жыць імі, калі іншага нічога не прадбачыцца?

У мяне няма жаданьня ўступаць у палеміку ў сувязі з надзеямі камэнтатара “НН” на захаваньне беларускай самастойнасьці ў выніку супраціву ўлады расейскаму бізнэсу. Магу толькі сказаць, перафразуючы вядомае лацінскае выказваньне, што капітал дыхае там, дзе хоча. Дзяржаўны дыктат і рынкавая эканоміка несумяшчальныя. Можна, вядома, выгадаваць сваю, ні на што не падобную эканамічную пачвару, але дабротаў народу гэта не дадасьць. Ні Польшча, ні краіны Балтыі ня выстаялі перад націскам заходняга капіталу (а што яны, бедныя па сутнасьці краіны,

маглі супрацьпаставіць эканамічна?), і тым ня менш Польшча засталася польскай, а Літва – літоўскай. У выпадку зь Беларусяй страхі нашых патрыётаў зразумелыя: тут усё нацыянальнае больш кволае і прыход расейскага капіталу, лічаць яны, канчаткова падарве нацыянальныя карані. Ну, а сёньня хто іх падрывае? Як заўсёды, шукаем ворагаў усяго беларускага па-за сваімі сьценамі?

І, нарэшце, да галоўнага, з-за чаго, уласна, і ўзяўся за пяро. Да закліку Сяргея Дубаўца “забыць пра зьніклых паплечнікаў ППРБ”. Забыць, вядома, можна. Наагул многае можна забыць “у імя Беларусі”. Пра тое, што Быкаў ужо які год жыве ў Нямеччыне і не зьбіраецца вяртацца. Пра закрытыя газэты. Пра сотні зьбітых, прыніжаных, абражаных, пасаджаных несправядліва за краты. Чаму ж і не забыць, калі, згодна з Дубаўцом, “нацыянальная культура ня можа быць непрымірымаю да войска і ўраду ў межах аднаго народу і адной краіны”.

Але ці варта, спадару Дубавец, літаратару з Вашым імем і аўтарытэтам так яўна пераступаць рысу, якая адмяжоўвае мараль ад палітыкі, нават з агаворкай на ўласьцівы апошняй “цынізм”? Я ня пэўны, ці здолееце Вы патлумачыць, чаму з рук адных “паплечнікаў ППРБ “ цалкам прыстойна і годна атрымліваць дзяржаўныя ўзнагароды, а пра другіх, “зьніклых” (мяркую, Вы добра ведаеце, пры якіх абставінах), варта хутчэй забыць. Мне чамусьці заўсёды здавалася, што Вы належыце да іншай традыцыі, для якой маральныя нормы – не пусты гук. Што Вам ня варта нагадваць аб тым, што Чэхаў і Караленка склалі зь сябе званьні расейскіх ганаровых акадэмікаў, калі Мікалай II уласнаручна выкрасьліў з акадэмічнага сьпісу Горкага. Накладзіце гэты прыклад на сёньняшнюю сытуацыю з Быкавым...

І яшчэ вазьму прыклад з гісторыі краіны, дзе цяпер знаходзіцца спадар Быкаў. Філёзаф-экзыстэнцыяліст Марцін Гайдэгер, які так даражыў свабодай асобы, які захапіў многіх эўрапейцаў у 20-я сваімі духоўнымі пошукамі, паверыў, што трэба супрацоўнічаць з рэжымам Гітлера, таму што ёсьць “галоўная мэта ў жыцьці – Нямеччына”. Стаўшы ў 1933 г. рэктарам унівэрсытэту ў Фрайбургу, ён пачаў “чысьціць” яго ад “неарыйскіх элемэнтаў”. У ліку першых быў звольнены ягоны настаўнік, адзін з выбітных філёзафаў ХХ ст. Эдмунд Гусэрль, чыя фэнамэналёгія легла ў аснову раньніх працаў Гайдэгера. Фраў Гайдэгер настолькі засаромелася ўчынку мужа, што ня вытрымала і паслала старому Гусэрлю вялікі букет ружаў.

І ці ня лепш, спадару Дубавец, было б, калі б, атрымаўшы свае прэміі, Кляшчук і Баразна прыйшлі да турмы на Кальварыйскай і падтрымалі Андрэя Клімава? Тут няма ніякага дэмаршу. Нармальная чалавечая салідарнасьць.

Ці пашле “Наша Нiва” кветкі Клімаву ў дзень ягонага вызваленьня з турмы? Пытаньне вельмі прынцыповае.

Але пакуль Клімаў і “зьніклыя паплечнікі ППРБ“ для Вас і тых, хто думае, як Вы, – чужынцы, можаце быць перакананыя: у Беларусі ўсё застанецца як ёсьць. Калі ня будзе горай...

Наагул лёзунг “Мэта – Беларусь” можа далёка завесьці. Тут можна прыгадаць і гады гітлераўскай акупацыі ў Беларусі, калі беларускія нацыянальныя арганізацыі, ненавідзячы бальшавізм і Сталіна, марачы пра стварэньне беларускай дзяржавы, прынялі гітлераўскую расісцкую палітыку і ахвотна ўдзельнічалі ў ачышчэньні Бацькаўшчыны ад неарыйскіх элемэнтаў.

У 1990 г. Дубавец пісаў у “ЛiМе”: “Усе мы за Беларусь. Але ўжо сёньня гэтая мэта дыфэрэнцыюецца. Мы за розную Беларусь. І гэта нармальна”.

Няўжо, спадару Дубавец, сёньня трэба быць за адну Беларусь з тымі, хто зьнішчае сваіх былых паплечнікаў? Ня кажучы ўжо пра ўсе іншыя злачынствы перад уласным народам...

Сямён Букчын

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0