Завадзкія ня хочуць сьмерці Ігнатовіча

Судовы працэс над “групоўкай Ігнатовіча” наблізіўся да фіналу. 13 лютага пачаліся судовыя спрэчкі бакоў па гэтай справе. Пасьля выступаў абаронцаў, прадстаўнікоў бакоў і апошняга слова абвінавачваных суд вынесе свой вырак.

 

Пракурор Хведар Шведаў палічыў падсудных — былых байцоў спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” Валер’я Ігнатовіча і Максіма Маліка, былога курсанта акадэміі МУС Аляксея Гуза і Сяргея Савушкіна — вінаватымі па сямі эпізодах справы, дзе, у прыватнасьці, фігуруюць зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, забойства сям’і азэрбайджанскага прадпрымальніка Агеева (загінула ў тым ліку й малалетняя дзяўчынка) і г.д., ды запатрабаваў для іх сьмерці.

Пракурор залічыў у віну “групоўцы Ігнатовіча” менавіта зьнікненьне Зьмітра Завадзкага. Пра забойства гаворкі не вядзецца, бо яго пакуль не знайшлі ні жывым, ні мёртвым. Выступ пракурора не пераканаў пацярпелы бок: Сьвятлана Завадзкая, жонка Зьмітра, лічыць, што доказаў віны Ігнатовіча й Маліка ў справе Завадзкага недастаткова.

На думку аглядальніка агенцтва БелаПАН Генадзя Барбарыча, пасьля судовага паседжаньня засталіся вялікія сумневы ў фармулёўцы віны Ігнатовіча й Маліка, якую прапанаваў абвінаваўчы бок: нібы толькі яны вінаватыя ў выкраданьні Завадзкага. Барбарыч лічыць таксама, што суд недастаткова ўвагі надаў асобе Аляксандра Лявоненкі, які згадваўся ў справе зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. (Падчас сьледзтва ягоную віну палічылі недаказанай. Былы супрацоўнік службы бясьпекі прэзыдэнта Лявоненка цяпер працуе ў “Алмазе”, дзе да гэтага працавалі Ігнатовіч і Малік).

Зьбіцьцё паэта Славаміра Адамовіча таксама фігуравала ў сувязі з працэсам. Паэта выклікалі на допыт у якасьці сьведкі.

Праўдзівым скандалам стаўся выступ Ігара Аксёнчыка, адваката, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў Завадзкага. Ён зьвінаваціў Лукашэнку, які “галоўнага фігуранта справы” (Віктара Шэймана) зрабіў генпракурорам, а расьсьледаваньне спыніў, бо яно магло выйсьці на арганізатараў зьнікненьня Віктара Ганчара і Юр’я Захаранкі. Абвінавачваных Аксёнчык назваў толькі выканаўцамі, а замоўцы, маўляў, “яшчэ чакаюць свайго суду”.

У адрозьненьне ад дзяржаўнай прэсы, якая зрабіла выгляд, што нічога асаблівага не адбылося, пракуратура пачала пагражаць адвакату судом за паклёп і разгалошваньне матэрыялаў справы.

Сам Аксёнчык пасьля сваёй заявы… зьнік на наступны ж дзень. Ані хатні, ані мабільны тэлефоны адваката не адказваюць. Пракуратура ня ведае, дзе знаходзіцца Аксёнчык. Вольга Завадзкая сказала ў інтэрвію радыё “Свабода”, што адвакат пакінуў Беларусь. Павал Шарамет асабліва падкрэсьлівае, што Аксёнчык у Беларусі й яму зараз нічога не пагражае. Пасьля такіх заяваў варта чакаць, што справа “групоўкі Ігнатовіча” выкліча на ОРТ новую хвалю цікавасьці да зьнікненьняў людзей у Беларусі. Міжнародны розгалас, без сумневу, зноў актуалізуе дакумэнты пра “эскадроны сьмерці”, апублікаваныя Ўладзімерам Ганчарыкам падчас прэзыдэнцкай кампаніі. А Ігар Аксёнчык, які меў доступ да засакрэчаных матэрыялаў справы, пры гэтым робіцца ключавой фігурай новага “Беларусьгейту”.

Працэс амаль скончыўся, але застаецца мноства пытаньняў, на якія так і не зьявіліся адказы. Чаму ў Беларусі бясьсьледна зьнікаюць людзі? Хто стаіць за гэтымі зьнікненьнямі? Утвараюць гэтыя зьнікненьні адзіны ланцужок ці ў іх розныя прычыны? Чаму абвінавачаньне патрабуе сьмерці падсудных, калі да канца не раскрытыя нібыта ўчыненыя імі злачынствы, у прыватнасьці ня знойдзены Завадзкі?

Пасьля расстрэлу “групоўкі Ігнатовіча” таямнічую сувязь беларускіх спэцслужбаў з расейскімі нэанацыстамі і, магчыма, высокіх дзяржаўных асобаў — са зьнікненьнямі апазыцыйных палітыкаў цяжэй будзе даказаць.

Аркадзь Шанскі

Сьвятлана Завадзкая:

“У мяне асабіста падсудныя сымпатыяў не выклікаюць, але я супраць сьмяротнага пакараньня іх. Калі пракурор запатрабаваў сьмерці падсудных, у мяне аж дрыжыкі пабеглі па скуры. Я сама прынцыпова супраць сьмяротнага пакараньня, бо могуць быць усялякія памылкі, якіх пасьля такога прысуду ўжо ня выправіш”. Прынцыпова супраць сьмяротнага выраку выступае і маці Зьмітра Вольга Завадзкая, хаця і ня верыць, што адвакатам удасца абараніць падсудных.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0