АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

з усёй краіны

Начальства мігруе

Cмургонскае начальства пакідае родны горад. Летась старшыня выканкаму Мікалай Кавалёў ператварыўся ў старшыню абласнога дзяржкантролю, дырэктар мэблевай фабрыкі паехаў са Смургоняў і, кажуць, нават зь Беларусі, на трактарным заводзе кіраўніцтва два разы мянялася. І вось чарговая зьмена: дырэктара заводу аптычнага станкабудаваньня Аляксандра Радзевіча запрасілі ў Горадню намесьнікам старшыні выканкаму. Вядома, можна ганарыцца. Але і шкада. Зьяжджаюць лепшыя. Зь лёгкім сэрцам пакідаюць родны кут.

Напад на могілкі

У Смургонях абрабавалі новыя могілкі. Невядомыя пазрывалі з агароджаў літыя ўпрыгажэньні. Наглядчык Іван Бумбуль кажа, што зрабілі гэта падлеткі з мэтай нажывы. Адно што ў поцемках яны замест патрэбнага ім алюмінію паабрывалі кветкі з чыгуну. Але ў міліцыю ніхто не зьвяртаўся. Людзі кажуць, няхай яна спачатку з жывымі разьбярэцца. Міліцыянты не згаджаюцца і гатовыя распачаць справу па гэтым факце хоць зараз. Але заявы ў аддзел ніхто не нясе.

Несапраўднае забойства

Чым толькі людзі ні прымушаюць займаццца фельчараў “хуткай дапамогі” — выклікаюць на сямейныя скандалы, выкарыстоўваюць у якасьці таксоўкі, а то алькаголікі папросяцца ў наркадыспансэр на лячэньне завезьці. Неяк мужчына згубіў туфлі і вызваў “03”, бо не хацеў босы дамоў ісьці. А нядаўна патэлефанавала ў “хуткую” жанчына і давай галасіць: чалавека забілі ў Дабраўлянах. Брыгада тэрмінова выехала. А вёска далёкая — амаль 50 км. Пасьля высьветлілася, што ніякага забойства там не было. Нэрвы, бэнзын і тры гадзіны спалілі дарма. Жанчыне проста зрабілася сумна, вось і вырашыла яна “пажартаваць” такім чынам. Цяпер яе выклікаюць на адміністрацыйную камісію. Лекары пажадалі ёй такога штрафу, каб на ўсё жыцьцё забылася, як “03” набіраць.

Нага

На тэрыторыі школы-інтэрнату ў раёне новабудоўлі настаўнікі знайшлі чалавечую нагу, прафэсійна ампутаваную з-за гангрэны. У мясцовым шпіталі апошнім часам такіх апэрацыяў не было. Адкуль яна ўзялася, невядома. Па горадзе паўзуць чуткі пра хірурга-маньяка.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Дзецям — цукеркі, старшыні — мэдаль

Выканаўца абавязкаў консула Польшчы ў Горадні Раніслаў Вальтар наведаў Астравеччыну. Дзеці, якія вывучаюць у школках польскую мову, атрымалі цукеркі. Старшыня раённага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Марыя Васілёнак — мэдаль.

50 даляраў за лішнюю вагу

Ля расейска-беларускай мяжы затрыманы інжынэр менскага РУП “Белдарцэнтар”, які падазраецца ў атрыманьні хабару. На пераходзе Катлоўка падчас праверкі аўтафуры з Расеі ён выявіў, што грузу ў машыне больш, чым у дакумэнтах, і запатрабаваў з кіроўцы 50 даляраў. Расеец заплаціў ды паехаў сабе, а празь некалькі кілямэтраў быў спынены кадэбісцка-міліцэйскім нарадам, які, праверыўшы дакумэнты, ізноў запатрабаваў штраф. Кіроўца абурыўся. Даведаўшыся пра хабар, міліцыянты па сьвежых сьлядах схапілі інжынэра. Вядзецца сьледзтва.

Кава з водарам марыхуаны

У пункце памежнага кантролю “Каменны Лог” ашмянскія мытнікі затрымалі 31-гадовага літоўца, які спрабаваў правезьці наркотыкі. У бляшанцы з-пад кавы з падвойным дном было схавана 5 грамаў сынтэтычных наркотыкаў, а таксама невялікая колькасьць марыхуаны.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Баранавічы ў цемры

Гарвыканкам загадаў з 1 лютага адлучыць ліхтары на баранавіцкіх вуліцах. Ад 1-й да 5-й гадзіны ў горадзе пануе цемра. Ня тычыцца гэтая пастанова толькі цэнтральных вуліцаў — Леніна, Савецкай, праспэкту Савецкага.

Чэргі па флюараграфію выклікаюць непакой

Вялізныя чэргі на першым паверсе Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі ўжо колькі месяцаў сустракаюць наведнікаў і хворых. І большасьці людзей таксама даводзіцца станавіцца ў гэтыя чэргі. Ніводны з дактароў нават ня гляне на чалавека, калі ў таго нямашака квітка з адзнакай аб флюараграфіі. Усё з-за таго, што вырасла колькасьць хворых на сухоты. На прадпрыемствах праводзяць татальны кантроль. Хто не прайшоў рэнтгену лёгкіх, тых з Новага году не пушчаюць да працы. Аднак на ўвесь горад працуе толькі два апараты флюараграфіі. Астатнія ўсе паламаныя.

Адстаяўшы ж дзень у чарзе да апарату, трэба другі дзень стаяць у чарзе, каб атрымаць пячатку на картцы праходжаньня рэнтгену.

Адзін са спраўных апаратаў, паводле чутак, засьвечвае палову кадраў. Таму да яго дасылаюць на “прафіляктычныя здымкі”. Да лепшага апарату дактары накіроўваюць толькі сапраўды хворых — пакалечаных, зь пераломамі ды запаленьнямі.

Некалі Праматамнагляд забараніў быў карыстацца амаль усімі рэнтгенаўскімі апаратамі ў Беларусі. Аднак мэдыкі тады пачалі плакацца ў розныя міністэрствы, і забарону зьнялі.

У больніцы зямля правалілася

На тэрыторыі Баранавіцкай гарадзкой больніцы на мінулым тыдні абвалілася зямля — на плошчы некалькі квадратных мэтраў. Выклікалі МНС ды міліцыю. Тыя агледзеліся і выклікалі сапёраў. Сапёры нічога ня выявілі выбуховага й параілі выклікаць археолягаў. Быццам бы гэта нечы лёх, выкладзены бярвеньнем і цэглай, ад хаты, што стаяла тут колісь. (Побач знаходзіцца чыгуначная станцыя Баранавічы-Цэнтральныя, вакол якой ў ХІХ ст. пачаўся горад.) Навукоўцы пакуль не прыехалі, абгароджаны правал чакае іх.

Руслан Равяка, Баранавічы

Будуецца царква

Новую, шостую па ліку праваслаўную царкву пачалі будаваць у Воршы. Фундуе яе былы аршанец, які займаецца бізнэсам ва Ўкраіне. Царква Сьв.Леаніда будзе месьціцца побач зь піваварняй, прадпрыемствам глухіх, раддомам, школай, стадыёнам ды цэнтрам занятасьці насельніцтва. Боская ласка патрэбная ўсім: працоўным і беспрацоўным, немаўляткам і вучням, спартоўцам ды інвалідам.

Назад у матрыярхат

Адразу тры калгасы Аршаншчыны ўзначалілі жанчыны. Праўда, гаспадаркі ім дасталіся “ляжачыя”. У адрозьненьне ад мясцовых вэртыкальшчыкаў і шмат якіх калегаў-мужчынаў, што панаехалі сюды ў апошнія гады з Магілёўшчыны, новыя старшыні — ураджэнкі Аршаншчыны.

Створаны Інстытут ільну

Навукова-дасьледчы інстытут ільну створаны ў вёсцы Вусьце (Аршаншчына). Ягонай галоўнай задачай стане сэлекцыя новых сартоў лёну з высокім працэнтам утрыманьня доўгага валакна.

Паштоўкі да юбілею

Два наборы паштовак з краявідамі Воршы зьявіліся нядаўна ў продажы. Аўтар аднаго зь іх невядомы, другі зроблены фотамастаком Уладзімерам Марцынкевічам. Да ўжо традыцыйных сюжэтаў — “Кацюша”, помнік Заслонаву ды вакзал — дадаліся новыя: Сьвята-Траецкая царква, музэй “Млын”, помнік Караткевічу. Выпуск паштовак прымеркаваны да 935-годзьдзя Воршы.

Віктар Лютынскі, Ворша

Конкурс графіці

Стаміўшыся змагацца з графітыстамі, што размалявалі фасады берасьцейскіх дамоў, улады вырашылі зладзіць у канцы лютага афіцыйны конкурс вулічнага жывапісу.

Цішыня ў адказ

244 тэлефонныя нумары на Івацэвіччыне адлучаныя за рэгулярную неаплату. Гэта тэлефоны калгасаў, прамысловых прадпрыемстваў і бюджэтных арганізацыяў. Сярод іх — Косаўская мэблевая фабрыка, упраўленьне сельскай гаспадаркі райвыканкаму ды інш.

Абрабавалі 98-гадовую

У вёсцы Петухоўшчына (Ляхавіччына) невядомыя рабаўнікі празь незамкнёныя дзьверы зайшлі ў хату бабулькі 1904 г.н. і, пагражаючы ёй, адабралі 35 тыс. рублёў. Рабаўнікоў шукаюць.

І.Хведаровіч, Берасьце

Трактар за 50 год працы

71-гадоваму Івану Кавалеўскаму з калгасу “Палачаны”, які 51 год адпрацаваў на трактары, аблвыканкам падараваў новенькі ДТ-75. Сп.Кавалеўскі мае працаваць у калгасе далей.

У Дорах чытаюць

Валожынская пошта вызначыла самага актыўнага падпісчыка раёну. Сям’я настаўніцы Дорскай сярэдняй школы Алены Стралковай выпісала на паўгодзьдзе 25 выданьняў на 60 тысячаў рублёў.

Электрамасажор за 500 тысячаў

Два менчукі “гастралявалі” па Мядзельшчыне. Яны заходзілі ў хаты й казалі гаспадарам, што прывезьлі падарунак з райвыканкаму — электрамасажор. Прыбор, маўляў, каштуе 500 тысячаў, і, каб атрымаць яго, трэба заплаціць 46 тысячаў падатку. Калі жыхары пачалі тэлефанаваць у сельсаветы й дзякаваць за “падарункі”, там скемілі, у чым справа, і паведамілі ў міліцыю, якая затрымала “камэрсантаў”. Яны пасьпелі прадаць аддзінаццаць электрамасажораў.

Паводле “Рэгіянальнай газэты”

 

Сумленьне перамагло

18 студзеня ў берасьцейскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру “Вясна” зьявіўся грамадзянін, які прынёс 93 запоўненыя непагашаныя бюлетэні па выбарах дэпутата гарсавету ў выбарчай акрузе №8, якія ладзіліся 18 сакавіка 2001 г. Ён сказаў, што сябры выбарчай камісіі загадалі яму зьнішчыць гэтыя бюлетэні. Амаль год яго мучыла сумленьне, што ён стаў суўдзельнікам злачынства.

Уладзімер Вялічкін, Берасьце

“Голас душы” мусіць гучаць

У абарону перадачы “Голас душы” працягваюць прыходзіць подпісы. Павал Скобелеў з п.Лясны Менскага раёну, Аляксандар і Ядвіга Ступні з Горадні, Раіса, Анатоль і Лідзія Шамрук ды яшчэ 2 чалавекі з Гомелю, Тацяна Лагун, Максім Камароў і яшчэ 22 чалавекі з Магілёва, Вікторыя і Мікалай Грынцэвічы, Ганна Цахановіч і яшчэ 54 чалавекі зь Менску падпісаліся ў абарону радыёперадачы “Голас душы”. А зь вёскі Перадбродзьдзе, што на Мёршчыне, прыйшоў такі ліст: “Для нас, старых нямоглых лю-дзей, гэта было адзінай магчымасьцю паслухаць службу па радыё, нібы пабываць у царкве, касьцёле. Дабрацца ў райцэнтар мы ня можам, бо аўтобусы ходзяць вельмі рэдка. Таму просім узнавіць вельмі патрэбную радыёперадачу-службу “Голас душы”. У адваротным выпадку мы будзем вымушаны адмовіцца ад радыёкропак”. Пад гэтым лістом падпісаліся 24 чалавекі.

Усяго на сераду ў абарону перадачы “Голас душы” прыйшлі 1854 подпісы.

Трохтыднёвы збор подпісаў даў свой плён: “Голас душы” гучыць паўгадзіны штонядзелю. Праўда, не з Чырвонага касьцёлу, а з Катэдры. Дагэтуль невядома, ці вернецца ў праграму айцец Завальнюк.

Панямонская інтэлігенцыя

У апошнім нумары Белорусской газеты Аляксандар Грыцанаў адгукнуўся на мае папярэднія развагі і закрануў актуальнае для нас пытаньне суадносінаў дэмакратычнага і нацыянальнага. “Паважаны спадару Алесь, — піша ён,— калі тав.Лукашэнка дасканала вывучыць беларускую мову, ці будзеце Вы (пры працягу яго ўнутранай і замежнай палітыкі) падтрымліваць на выбарах яго, а не, скажам, таго дэмакрата, які валодае “матчынай мовай” ня так дасканала?”

Пытаньне схалястычнае і неверагоднае. Як Дняпро не пацячэ на поўнач, так і Лукашэнка ніколі стала не загаворыць па-беларуску. І гэта аксыёма. А калі б здарыўся такі цуд, гэта быў бы крок наперад, важны для захаваньня незалежнасьці Беларусі ад нашага ўсходняга суседа.

Уся пабудова нашага нацыянальнага арганізму ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі будзе адказам на два пытаньні: як нам захаваць сваю незалежнасьць ад Расеі й як адрадзіць беларускую мову ў горадзе. Дэмакратычнае і наднацыянальнае (у нашым панямонскім варыянце заўсёды чытай — расейскае) прыносіць болей шкоды. Клясычны прыклад — Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. У студэнтаў добрая падрыхтоўка, цудоўнае веданьне замежных моваў і амаль ніякай, як для гуманітарыяў, арыентацыі на мясцовыя праблемы. У выніку значная частка зьяжджае за мяжу, каб ніколі сюды ўжо не вярнуцца, іншыя ж адчуваюць сябе часткай расейскай інтэлігенцыі. Вось жа, гэта нашая панямонская інтэлігенцыя.

Дэмакратычная навучальная ўстанова ў сталіцы Беларусі, якая русіфікуе беларускую моладзь, — гэта добра ці кепска? Дэмакратычны беларускі палітык, любімая кніжка якога, напрыклад, апавяданьні Шукшына, песьня — “Подмосковные вечера”, спэктакль — “Три сестры”; які, да ўсяго, “валодае “матчынай мовай” ня так дасканала”, а то й зусім ніяк, — гэта добра ці кепска?

Не хачу падацца “квасным патрыётам”, шчыра скажу, што не люблю і ня п’ю таго, што завецца беларускім півам, не хачу, калі ёсьць такая магчымасьць, “купляць сваё” з вопраткі і не гляджу БТ. Але я аптыміст, спадзяюся, што, калі-небудзь і ў нас будуць варыць добрае піва, шыць нармальную вопратку і перастануць карміць з БТ пустой сачыўкай. Але змусіць палітыка, выхаванага ў іншай культурнай традыцыі, “любіць сваё”, думаць пра сваё і жыць сваім ня здолее ніхто.

Мова — гэта тое, што яднае народ, нягледзячы на ягоныя палітычныя арыентацыі. Не адрадзіўшы мовы, мы проста ня будзем у стане спаборнічаць і супрацоўнічаць зь іншымі эўрапейскімі народамі на грамадзкім, культурным, інтэлектуальным полі, мы назаўсёды застанемся, як некалі пісаў Адам Багдановіч, “западлым народам”. Нашая будучыня зьвязаная зь беларускай мовай, і гэта пытаньне ня толькі культурніцкае, але й грамадзкае, палітычнае. Яно ня менш важнае для нас, чым для жыдоў у Ізраілі ці чэхаў у Чэхіі на пэўных этапах іхнага дзяржаўнага і нацыянальнага разьвіцьця...

Наступны палітычны этап нашай гісторыі — дэмакратызацыя грамадзтва. Ён непазьбежна выкліча беларусізацыю. Як тады будзе паводзіць сябе панямонская інтэлігенцыя? Ці здолее тады яна праявіць свой дэмакратызм, ці будзе тапіць беларускую мову, разважаючы пра свабоду выбару і дэмакратыю? Пабачым.

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0