ВОДГУКІ

літаратура і жыцьцё

Бруд i лотаc

Прачытаўшы iнтэрвію з Васiлём Сёмухам (“НН” ад 1 лютага), я заўважыў, што пратэст супраць “чарнушнiцтва” аўтар матэрыялу зразумеў не зусiм слушна. Нiхто ня супраць, каб пiсьменьнiкi апiсвалi якiя заўгодна зьявы. Усе засьцярогi тычылiся выключна мэты апiсаньня. У савецкай школе гэта звалася iдэйным зьместам, па-ангельску завецца message. Думка, якую пiсьменьнiк iмкнецца накiнуць чытачу, нашмат важнейшая за матэрыял, якi дзеля гэтага ўжываецца.

 

Пазнаёмiўшыся зь меркаваньнем слыннага перакладчыка, што апiсваць трэба ўсё i што талент са сьмецьця зробiць паэзiю, я перачытаў вядомае апавяданьне Кiплiнга “Брама ста няшчасьцяў”. Нягледзячы на абсалютна безнадзейны сюжэт (дэградацыя чалавека пад уплывам наркотыку), апавяданьне не кладзецца ў адзiн шэраг з “чарнухаю”. Чаму?

Па-першае, аўтар ня блытае маргiнальнага з экстрэмальным. Апiсаўшы капiтуляцыю чалавека перад опiюмам, ён не гераiзуе яе. Па-другое, зьява разглядаецца iм як лякальная – цяжкая, небясьпечная, але не вызначальная для ўсяго грамадзтва. Па-трэцяе, пiсьменьнiк не iмкнецца пераканаць чытача, што ён такая ж нiкчэмнасьць (хоць бы патэнцыйна), як i герой апавяданьня. Па-чацьвертае, аўтар паважае (няма сумневу) свайго героя, але не за тое, што той апусьцiўся на дно жыцьця.

Калi пiсьменьнiкi будуць прытрымлiвацца гэткiх падыходаў, ня будзе нiякiх пярэчаньняў наконт таго, што яны апiсваюць. Калi ж яны будуць пашыраць настроi безнадзейнасьцi i прапагандаваць пасіўнасьць – выбачайце.

Тое, пра што тут мова, Умбэрта Эка (“Заўвагi на палях “Iмя ружы”) называе канструяваньнем чытача. Беларускi пiсьменьнiк хоча, каб ягоныя творы чыталi? Каго ён уяўляе сваiм чытачом? Калi вучня, якi змушаны адолець раман-цаглiну, каб напiсаць сачыненьне, трэба пiсаць так, каб спадабалася ў Мiнiстэрстве адукацыi. Меркаваньне вучня пад увагу браць не абавязкова. Калi iнтэлектуала, захопленага постмадэрнiсцкiмi навiнкамi, трэба ўлiчваць ягоную эрудыцыю, веданьне замежных узораў i крытыкi. Для рэшты чытачоў твор можа застацца незразумелым. Мне карцiць зьвярнуць увагу не на гэтыя крайнія выпадкi, а на аўдыторыю, не прывязаную да лiтаратуры прафэсiйна. Плацежаздольную, адукаваную, патрыятычную, працавiтую, цiкаўную, не расчараваную ў жыцьцi.

Спадары пiсьменьнiкi, вы вольныя пiсаць, пра што вам захочацца. Але памятайце, гэтых людзей нельга прымусiць чытаць вашыя творы. Iх можна толькi зацiкавiць. Iншага шляху да iхнага вольнага часу, iхных грошай, сэрцаў i розумаў няма.

Я надалей лiчу, што жыцьцесьцьвярджальная iнтанацыя блiжэйшая гэтай аўдыторыi за чорную безнадзейнасьць. Бескрытычны аптымiзм будзе адпрэчаны як прымiтыў. Але памылкi i няўдачы герояў мусяць выглядаць памылкамi i няўдачамi, а не наканаваньнем, бруд звацца брудам, а не першаматэрыяй, ворагi i перашкоды – ворагамi i перашкодамi, а не звышнатуральнымi сіламi, а паразы й расчараваньнi (колькi iх у жыцьцi кожнага чалавека!) – толькi паразамi й расчараваньнямi, а не адзiна магчымым станам чалавека. Гэта будзе жыцьцесьцьвярджальны падыход.

З бруду, кажуць у Iндыi, вырастае лотас. Дык не адмаўляйма ў гэтай цудоўнай уласьцiвасьцi анi бруду, анi больш высокiм матэрыям. У нас лёгка адшукаць творы (пачытайце Юр’я Станкевiча), дзе пад сумнеў ставiцца нават здольнасьць чалавека ратаваць сваю душу. Якая ўжо тут паэзiя са сьмецьця! Абы не наадварот.

Нарэшце, яшчэ адзiн аспэкт. Злосьць, крыўда, звароты ў суд не дадуць пісьменьніку павагi чытача, калi апошняму не падабаюцца творы. Арганiзаваныя камплiмэнты ў СМI, ужываньне адмiнiстрацыйнага рэсурсу створаць, у найлепшым выпадку, сурагат чытацкай увагi. А безь яе няма як прэтэндаваць на нейкае прывiлеяванае месца i асаблiвую ролю. Так што калi й вызначаць галоўны аб’ект дыскусii, то гэта не пытаньне, пра што i як, а для каго пiсаць.

Калi першыя пытаньнi тычацца выключна пiсьменьнiкаў i iхных твораў, то апошняе зьвернута на дачыненьнi пiсьменьнiкаў i грамадзтва. Першае сапраўды было б умяшаньнем дылетанта ў дзейнасьць творцы. Другое тычыцца дачыненьняў творцы з намi.

Немагчыма аспрэчыць iснаваньне разьбежнасьцi памiж тым, што жадаецца, i тым, што прапануецца – i з боку пiсьменьнiкаў, i з боку грамадзтва. Неабходны дыялёг. Натуральна, ня трэба чакаць, што менавiта пiсьменьнiкаў у першую чаргу закрануць зьмены, i яны будуць хутчэйшыя i глыбейшыя, чым зьмены ва ўсiм грамадзтве. Недарэчна таксама спадзявацца, што складаная справа можа быць сфармулявана ў некалькiх лёзунгах кшталту “пiшыце пра сьвятло, не пiшыце пра ценi”. Пiсаць трэба пра ўсё, у тым лiку пра тое, што пiсаць трэба для чытача.

Даніла Жукоўскi, Горадня

Алесю Чобату

Хопіць бруду

Напярэдадні Новагу году ехала да бацькоў дый купіла ў шапіку “Белсаюздруку” на вакзале газэту “Наша Ніва”. Утульна ўладкаваўшыся каля акна, пачала чытаць. Сьвяточны настрой паступова псаваўся і ўрэшце зусім зьнік. Ажно на трох газэтных старонках Алесь Чобат выклаў свой погляд на найноўшую гісторыю Беларусі. І ўсё гэта пададзена ў такой абразьлівай і зьедлівай манеры... Спадар Чобат піша, што беларусы – гэта “нацыя шызафрэнікаў”, Менск – правінцыйнае мястэчка...

Мне прыходзіць на памяць фільм Азаронка “Дзеці хлусьні”, які ў 1994 г. трансьляваўся па БТ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама і ў сп.Чобата: ён праводзіць паралель, калі ўзгадвае рэфэрэндумы, ініцыяваныя Адольфам Гітлерам, і рэфэрэндум, якога дамагаўся БНФ у 1992 г., дзеля якога было сабрана 440 тыс. подпісаў. А тады ж была зробленая велізарная праца! Людзі не шкадавалі сябе, ахвяравалі сваім часам і сіламі, бо ў той сытуацыі нічога лепшага зрабіць было нельга. І вось гэтыя людзі, якія аддалі ўсё, нават сваё здароўе, а часам і жыцьцё (напрыклад, Яўген Кулік, які ўваходзіў, паводле Чобата, у “брыгаду шабашнікаў”), дзеля сьвятой мэты – Незалежнасьці Бацькаўшчыны і яе росквіту, праз 10 год маюць магчымасьць прачытаць, што непатрэбны быў той рэфэрэндум, а была “белая гарачка. Хвароба. Нецярпеньне…”

Можна і далей працягваць цытаваць і пра тую невялікую купку апазыцыйных дэпутатаў на чале з Пазьняком, якія дамагліся ў 1991 г. прыняцьця Акту Незалежнасьці Беларусі, і пра мастакоў. Але годзе. Будзе бруду і зьдзеку.

Павінна існаваць маральная цэнзура і ў незалежным друку, каб на старонкі газэт не траплялі матэрыялы, якія прыніжаюць гонар і годнасьць усяго народу цалкам, бо гэта разбуральныя матэрыялы.

Галіна Гурыновіч, Лясны

150 гадоў “Ідыліі”

Ідэя мёртвай сялянкі

Творчасьць Манюшкі вельмі нагадвае даробак ягоных сяброў-філяматаў, што ў сваіх творах уздымалі тэматыку, гісторыю, праблемы беларускага краю, але пісалі па-польску, і толькі адзін-два вершы, два-тры слоўцы, укладзеныя ў простанародныя вусны, зь іхнай спадчыны застаюцца па-беларуску.

Манюшка, чыя опэра “Страшны двор” пасьля прэм’еры ў 1865 г. у Варшаве выклікала народныя маніфэстацыі, стварае такі сабе беларускі зынгшпіль, ад якога да нашага часу захавалася толькі адна арыя й паўсцэны, і такім чынам надае кірунак далейшаму разьвіцьцю беларускай опэры, дый ня толькі ўласна опэры — увогуле беларушчыны. Апошняя неадольна заганяецца ў фальклёрна-пралетарскае рэчышча. І потым ужо зьяўляюцца “А хто там ідзе?”, “Прысяга над крывавымі разорамі”, опэра Анатоля Багатырова “У пушчах Палесься” і г.д. Нацыянальнае пытаньне паступова звужаецца да лапцюжнага сялянскага калярыту.

Опэра ў музычным мастацтве XVIII—XIX ст. займае галоўную пазыцыю. Гэта найбольш маштабны, яскравы, відовішчны жанр, у якім спалучаецца паэзія, музыка, драматургія, сцэнаграфія. Нездарма з італьянскай мовы само слова opera перакладаецца папросту як “праца”. На сёньня опэра ўжо ня грае такой ролі, яна хутчэй перажывае крызыс. Цяпер ейнае месца займае кіно. Толькі яно ў наш час гэтак жа моцна ўзьдзейнічае на шырокія – нават значна шырэйшыя – масы, як патрыятычная опэра ў ХІХ ст. Нацыянальная прафэсійная опэра ў Беларусі нарэшце ёсьць. Гэта “Дзікае паляваньне караля Стаха” Ўладзімера Солтана. Напісаная на твор Караткевіча, яна мае магутную патрыятычную сымболіку і, што важна, досыць рэгулярна ідзе ў сталічным Опэрным тэатры. Але гэта – твор элітнага мастацтва, які дасканала ўспрыняць здолее толькі падрыхтаваны слухач. Нашыя суседзі тым часам здымаюць кіно: у Расеі створаны імпэрскі блакбастэр “Сыбірскі цырульнік”, палякі маюць “Агнём і мячом”. У нас жа ёсьць пакуль што хіба “Людзі на балоце” або “Сын за бацьку”.

Сяргей Дубавец у эсэ “Ідэя мёртвага дому” напісаў: “Калі ў пачатку стагодзьдзя (і крыху раней) узьнікла ўнутранае проціборства ў рыфмічнай пары паміж воляй і доляй, беларушчына зазнала самы імклівы свой узьлёт і тут жа – сваю злаякасную пухліну... Гаспадар ці просьбіт, утрыманец? Валоданьне сваёй сытуацыяй ці маўклівы пратэст супраць аб’ектыўных прычынаў?”

“Сялянка” ні ў якім разе ня сталася заганнаю, наадварот – гэта цудоўны твор звышталенавітага, сусьветна вядомага кампазытара. Манюшка быў вельмі плённым творцам, ён аўтар дзясяткаў опэраў і апэрэтаў, сотняў рамансаў і песьняў. Дарэчы, адна з самых вядомых ягоных опэраў – “Галька” – дый шмат якія іншыя творы прасякнутыя беларускімі інтанацыямі й вобразамі. Зварот да фальклёрных каранёў, жыцьця простага народу быў цалкам натуральны для рамантызму. Але праз гэта міжволі быў зададзены штуршок да музэйна-мужыцкага напрамку разьвіцьця беларушчыны.

Таму ў сёньняшняй рок-музыцы мне падаецца вышэйшай і больш “карыснай” творчасьць NRM зь ейнымі чарапахамі, санітарамі ды песьняй пра каханьне, чым розныя фальклёрныя ці паганскія ўхіленьні, супольныя праекты кшталту “Народнага альбому”. Апошні мае рысы рок-опэры, але імкненьне да народнасьці, фальклёру, “усіхнасьці”, геніяльнае, своечасовае й папулярнае сёньня, заўтра можа павярнуцца іншым бокам ды стаць у шэраг, запачаткаваны “Агаткаю” Яна Давіда Голанда, “Сялянкаю” Манюшкі і працягнуты ў стылі “пан сахі й касы”, “невясёлая старонка наша Беларусь” ды “калі ўжо, кроў, ты кінеш капаць”.

Віталь Стахіевіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0