Зьезд

п’еса-пародыя

Дзея першая

Двор. Мужчына сярэдніх гадоў косіць траву. Чуе з-за плота:

— Рыгор!

— Ну-у-у!

— На зьезд ідзеш?

— На які зьезд?

— Згуртаваньня беларусаў Канады.

— А што гэта такое?

— Ну, гэта... м-м-м... больш як пяцьдзясят гадоў таму беларусы Канады вырашылі згуртавацца.

— Ну-у-у?

— Што ну-у-у? Ну і гуртуюцца да гэтае пары.

— Ну-у-у?

— Што ну? Ты атрымаў запрашэньне?

— А хто яго ведае? Там штосьці валяецца. Можа, яно і ёсьць.

— Ну, дык ідзеш ці не?

— Ну, хадзем. Можа, што цікавае будзе. Можа, што паставяць...

Дзея другая

Адбываецца ў беларускім асяродку.

Старшыня: Паважаныя беларусы! За апошнія два гады мы арганізоўвалі, гуртавалі, сьпявалі, дапамагалі, сустракалі. Зрабілі вельмі многа.

Голас з залі: Ня вельмі.

Старшыня: Дык зрабі вельмі! Бач ты яго! Знайшоўся! Жыве Беларусь!

Усе: Жыве!

Старшыня: А зараз слухаем старшыню нагляднае рады.

Выходзіць салідны чалавек сталага веку. Пакашляў, агледзеў усіх звысоку.

— Вось вы тут хваліліся, што ўсё было добра. Але ж я скажу іншае: фінансы пяюць рамансы. Жыве Беларусь!

Усе: Жыве!

Старшыня: А зараз пераходзім да выбараў старшыні. У каго якія прапановы?

Голас з залі: Ты заставайся!

Старшыня: Не хачу!

— Чаму?

— А я ўжо была! Ты паспрабуй!

— Не хачу!

— Чаму?

— Я хату купіў!

— Тады Сымон.

— Не хачу!

— Чаму?

— Хаты яшчэ не купіў!

— Ганна няхай будзе!

— Людзечкі добрыя! Гэта ж трэба такому быць! Летась мае куры ягоную цыбульку пагрэблі. Ну, дык я ж дала табе сьвежых яек, толькі што з-пад курачак. А яму ўсё няймецца. А чаму табе ня быць?

— Не хачу!

— Чаму?

— Не хачу і ўсё тут. Без камэнтароў.

— А давайце выберам Данілу.

— А што Даніла? Як што, дык адразу Даніла, Даніла…

— Тады Яўгена.

— А ў мяне нага баліць.

— Кацярыну.

— А ў мяне палец указальны баліць.

З-за стала ўстае бляндынка з доўгімі валасамі, на высокіх шпільках, у міні-спадніцы. Грацыёзна ідзе да старшыні. У залі цішыня.

— Спадарыня старшыня, а ён арэхі грызе.

— Хто?

— Мастак.

— Ты бачыш, што ён вырабляе! (Паўза). А можа, спадар мастак будзе старшынём?

— Не-а.

— Чаму?

— Таму што я ня ваш.

— Тады выйдзіце адсюль! Засланец!

Выбягае малады чалавек, аглядае з ног да галавы бляндынку.

— А няхай яна будзе старшынёй!

— Чаму?

— Надта ж гарная! Толькі на ногі паглядзець — тут і памерці можна.

Старшыня: Спадар Шырамэтар! Гэта ж высокі зьезд, а ты пра ногі!

Шырамэтар: На высокім зьезьдзе пра высокія тэмы.

Бляндынка: А я не магу быць старшынёй. Я, можа стацца, ад’еду.

— Куды?

— За мяжу.

Павольна ідзе, сядае, закінуўшы нагу на нагу.

У залі: Ух ты-ы-ы.

Пасьля чарговай паўзы.

Галасы: Валянціну! Кірылу на царства! Мікіту! Гэльку! Настасьсю! Ня буду! Не хачу! Не магу! Не! Не! Не!

Узбуджаныя госьці ўстаюць, штосьці абмяркоўваюць, спрачаюцца…

Дзея трэцяя

Праходзіць паўгадзіны. Адносная цішыня. З аднаго боку чуецца “Ой, мароз, мароз…”, з другога — “За туманам”.

Старшыня: Знайшла!

— Каго:

— А вунь сядзіць, схаваўся. Пётра, вылазь з-пад стала, мы цябе бачым.

— Ня бачыце!

— Бачым!

— Ня вылезу!

— Вылазь, кажу.

— Ня вылезу!

— Тады выцягнем.

— Добра, і сам вылезу.

— Будзеш старшынём!

— Чаму я?

— Ты разумны!

— Усе разумныя.

— Жонку маеш?

— Маю.

— Дзяцей маеш?

— Маю.

— Хату маеш?

— І гэта пранюхалі.

— Працу маеш?

— Маю.

— Будзеш старшынём.

— Ня буду.

— Хто за тое, каб гэты спадар быў старшынём?

Усе цягнуць рукі.

— Амаль аднагалосна. Аднаго голасу не хапае. Хто не падняў рукі? Цішэй, калі ласка. А хто там храпе?

— Рыгор.

— Рыгор, прачніся.

— А што, ужо наліваюць?

— Галасуюць.

— Дык і я за.

— За каго?

— А ня ведаю. За каго ўсе, за таго і я.

— Тады аднагалосна. Я ўсіх віншую. Бачыце, жыве арганізацыя. Жыве Беларусь!

Усе: Жыве!

Нямая сцэна.

Усе ўзяліся ў бокі, чакаючы пачатку “Полькі”.

Наперадзе стаіць Пётра, раскінуўшы рукі, глыбока задумаўшыся.

Заслона.

Надзея Дробіна

Паводле “Беларускага слова”, Таронта

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0