працяг размовы

Мастацтва магчымага

Няма гаворкі пра пераацэнку ролі ППРБ, ягонай палітыкі і ягонага рэжыму. Таму няма гаворкі і пра супрацоўніцтва зь імі. Размова ідзе пра тое, што істотна зьмяніліся абставіны. Вулічная рэвалюцыя 96-га году ня мае працягу. Як не відаць і ніякага вызвольнага руху. Зь іншага боку, праваліліся спадзевы ППРБ на Крэмль, а таемныя расейска-нямецкія ўгоды былі выстаўленыя напаказ. У паспалітага люду надпісы “Где Захаренко” выклікаюць неразуменьне. Нікуды ня дзелася незалежнасьць, паболела мовы ў афіцыйных СМІ, паболела беларускіх кніг... Падобна, што настае іншы этап гісторыі.

 

Пра супрацоўніцтва апазыцыі з уладамі ня кажуць ані ў ЗША, ані ў Швэцыі, ані ў Расеі. Гавораць пра спаборніцтва, суперніцтва. Гэта прынцыпова іншае, чым супрацоўніцтва і чым дзейнасьць “на паражэньне”. Нельга спаборнічаць, дэманструючы суперніку сваю ляяльнасьць. І нельга спаборнічаць, калі... Як казаў адзін карабахскі азэрбайджанец: “Нічога ня маю супраць армян, толькі хачу, каб іх не было”. Каб спаборнічаць, супернікі мусяць быць на адным палітычным полі, мець прыблізна аднолькавую вагу (нават калі ў кожнага яна складаецца з сваіх плюсоў) і ня мець на мэце забіць апанэнта, размазаць яго па падлозе.

Сапраўды, пра такія дачыненьні ў ранейшыя гады не магло быць і гаворкі. Улада набівала апазыцыянэрамі разьмеркавальнікі, а тыя падымалі навагоднія тосты “за снайпэра”. Так і жылі. Сёньня калі ня мэта, дык сытуацыя і ў першых, і ў другіх — іншая. Улада, бадай, ужо ня хоча ўціскаць апанэнтаў з ранейшай жарсьцю, а апазыцыя — ня можа з ранейшым імпэтам займацца звыклымі справамі пад абыякавыя погляды паспалітага люду.

Неўразуменьне выклікае найперш тая неадэкватная лексыка “на паражэньне”, якая так не пасуе сёньняшняму ў цэлым мірнаму характару працы апазыцыйных структураў. І гэта дэзарыентуе іх. Па-свойму дэзарыентаваная і аслабленая ўлада, бо страх гучнага арышту — кепскі стымул для працы і чыноўніка, і дырэктара прадпрыемства. Яны іншы раз і не адмовіліся б выказаць сваё “асобнае меркаваньне”, але няма ў іх таго заплечча, таго легальнага апірышча, якое б не дазволіла аступіцца ды ляцець адразу ў самую прорву. На тым полі, на якім яны гуляюць, няма другога боку.

Уявіце сабе стадыён, дзе на полі бегае адна каманда, а другая — хто дзе. Хто крыкам імітуе сваю зацятасьць з трыбун, а хто і з-за межаў стадыёну выгуквае пагрозы. Гульні не выходзіць. Ні ў тых, што за адсутнасьцю суперніка накідваюцца на сваіх калегаў, ні ў тых, што пакрыкваюць седзячы. Паспаліты люд паглядае на ўсё гэта без энтузіязму. І на заклікі да Расеі — прыйсьці інтэгравацца, і на заклікі да Захаду — прыйсьці разабрацца.

Магчыма, Беларусь сапраўды торыць уласны шлях. Вынікам яго будуць знаёмыя нам дэмакратыя і незалежнасьць, свабода і эўрапейскасьць. Тыпы грамадзтваў тыя самыя, але прыходзяць да іх усе па-свойму. Па-свойму румыны, па-свойму чэхі, па-свойму мы.

Сіла нашай палітычнай альтэрнатывы сёньня зваротна прапарцыйная вартасьці тых каштоўнасьцяў, якія мы рызыкуем страціць даастачы. Вось тут і ўзьнікае гаворка не аб прымірэнчай пазыцыі ўладаў і апазыцыі, а пра іншы тып дачыненьняў. Папярэднія адносіны былі зададзеныя ППРБ, але трэба прызнаць, што давяршаў ён карціну ўжо разам з апазыцыяй, крайнасьці часьцяком сыходзіліся. Таму апазыцыя — суаўтар гэтага абсалютызму.

Выніку ў такога “спаборніцтва” няма. Гэта адзін нуль на дваіх. У краіне няма аніводнай уплывовай палітычнай партыі, а ўсе рэальныя палітычныя сілы зводзяцца да адной, якая дзейнічае пад рознымі ўплывамі. У такой сытуацыі няма і ня можа быць гаворкі, скажам, пра абарону правоў чалавека, якая сёньня зводзіцца да маніторынгу парушэньняў і да ўзбуджэньня замежнай думкі. Але ж гэта наша краіна, наша дзяржава, наш народ. І калі кажуць, што яны “ня нашы”, бо не такія, тады застаецца толькі чакаць, як сказаў адзін слабы палітычны тактык, “новых ідэй і актыўных людзей”, а пры тым словамі таго ж тактыка заклікаць “ня бойцеся выгляду крыві”. Чакайце, спадарства, і ня бойцеся. Толькі ж нешта ва ўсім гэтым ня так. Існуе ў сьвеце незалежная Беларусь зь яе аўтарытарным кіраўніком і мноствам дэмпартыяў, якія кажуць пра немагчымасьць вяртаньня на радзіму Васіля Быкава, пакуль краінай кіруе Лукашэнка. Нейкі ў гэтай лёгіцы чыста беларускі завал. А яшчэ кажуць пра магчымасьць выраджэньня аўтарытарызму ў генацыд “іншародцаў”, таму, маўляў, нельга з Лукашэнкам братацца.

Гэта й ёсьць тая чорна-белая лёгіка, зь якой я спрабую вылезьці, думаючы пра спаборную палітычную сілу ў тым самым палітычным полі, у якім гуляе ППРБ. Менавіта тую сілу, якая створыць умовы для вяртаньня Быкава, якая забясьпечыць неперарастаньне аўтарытарызму ў генацыд, якая зробіць абарону правоў чалавека рэальнаю (г.зн., што і спаборны бок адкажа за злачынствы, але не ў Гаазе, як сёньня мараць апанэнты, а дома).

Прапанаваны мною прыклад Кангрэсу дэмакратычных сілаў у падтрымку лініі ўраду на незалежнасьць (а не Кангрэс у абарону незалежнасьці ад ураду) мог бы стаць пачаткам рэальнае апазыцыі — ужо ў гэтым, рэальным полі. Чаму б не прыйсьці на яго і прадстаўнікам намэнклятуры ці дырэктарату, якія маюць заўвагі да цяперашняе палітычнае лініі? Хай бы паглядзелі адзін на аднаго, сышліся ў думцы. Можа пасьля й ня сталі б гэтак лёгка здаваць адзін аднаго на Валадарку, адчувалі б заплечча таго Кангрэсу. Або намэнклятура, на якую паставілі ў гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, — куды ёй ісьці, падтрымаўшы адзінага кандыдата? У вызвольны рух? У лес? Ці на Варвашэні, 8 — да ды-джэяў адраджэньня?

Магчыма, час такіх кангрэсаў толькі набліжаецца. Толькі ж ня будуць іх праводзіць Абрамава з Навасядам, бо чарговы Лукашэнкаў усебеларускі сход атрымаецца, хоць і “падмазаны”. Хто тады? Хіба й праўда нарастуць актыўныя людзі?

Факт застаецца фактам — апазыцыя мусіць увайсьці ў рамкі палітычнага працэсу і стаць легальнай, адкрытай сілаю. Альтэрнатыва адна — у лес. Праўда, пакуль апазыцыя выберацца ў лес, незалежнасьць можа растаяць як дым. Спадзевы на югаслаўскі варыянт марныя. Яго ніколі не падтрымае наш паспаліты народ. Захад нам таксама не дапаможа. І цяперашнія бясконцыя жарсьці па АБСЭ даўно набілі аскоміну.

Беларусь ажыве сабою. Яе поступ ня прыйдзе ані з Захаду, ані з Расеі, ані зь нябёсаў. Іншая рэч — як доўга яна будзе да гэтага ісьці, бо існуе ліміт часу. Як доўга яна будзе ўспамінаць Бісмаркаў афарызм пра палітыку як мастацтва магчымага?

Сяргей Дубавец

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0