19.06.2007 / 01:17

Дзень Быкава Абноўлена, дадаўся фотарэпартаж 11

На Вушаччыне і на Ўсходніх могілках Менска прайшлі мерапрыемствы, прысьвечаныя 83-й гадавіне з дня нараджэньня пісьменьніка. Онлайн- і фотарэпартажы.

На Вушаччыне і на Ўсходніх могілках Менска распачаліся мерапрыемствы, прысьвечаныя 83-й гадавіне з дня нараджэньня пісьменьніка.

Прамыя рэпартажы карэспандэнтаў «НН» з Бычкоў і Ўсходніх могілак.

***

Менск. Усходнія могілкі. 18.10

Каля магілы Быкава сабралася каля 100 чалавек, узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Калі ехаць праспэктам, бачна, як на могілкі кіруюцца людзі, найперш моладзь зь бел-чырвона-белымі стужкамі.

Сярод прысутных - удава Быкава Ірына Міхайлаўна, сябра пісьменьніка Валянцін Тарас, Віталь Тарас, пасол Ізраілю Зэеў бэн Ар'е, акадэмік Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Арсень Ліс, Міхась Тычына, Юры Хадыка.

Багата моладзі. Прысутнічаюць маладафронтаўцы Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук, над імі бел-чырвона-белы сьцяг.

Бычкі. У Бычках, на радзіме пісьменьніка, сабралася 35-40 чалавек. Прыехалі Аляксандар Мілінкевіч зь Інай Кулей, Вінцук Вячорка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, Сяргей Законьнікаў, Ірына Жарнасек. Прысутнічае сястра Васіля Быкава сп-ня Валянціна. Арганізавала мерапрыемства - грамадзкая дзяячка Ада Райчонак.

***

Менск. Усходнія могілкі.

18.20

Валянцін Тарас ад імя Беларускага ПЭН-цэнтру адкрыў імпрэзу і запрасіў усіх жадаючых выступаць і падзяліцца ўспамінамі пра Народнага пісьменьніка.

18.23

Прамаўляе Генадзь Бураўкін.. Ён, у прыватнасьці, сказаў, «У гэты дзень я не хачу ўспамінаць пра тое, што Быкава з намі няма. Наадварот 83 гады таму Быкаў прыйшоў у Беларусь і назаўсёды з намі застанецца».

18.29

Па-беларуску выступіў пасол Ізраілю Зееў бэн Ар'е. Ён сказаў, што дзякуючы Быкаву прыкіпеў да беларускай культуры .

Сьледам выступіў акадэмік Радзім Гарэцкі «Вельмі шкада. што з намі ў такі няпросты час няма Васіля Быкава», зазначыў ён.

Радзім Гарэцкі таксама заявіў, што заслуга Быкава ў тым, што ён першым паставіў пытаньне пра ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсій.

***

Бычкі (Вушаччына)

18.36

Выступае Аляксандар Мілінкевіч. Ён заявіў, што Рух «За свабоду» засноўвае прэмію імя Васіля Быкава. Ён сказаў, што прэмія будзе штогадовай і ўручацца будзе "моцным" духам. Паводле словаў сп-ра Мілінкевіча, яна будзе ўручацца людзям, якія працавалі над умацаваньнем беларускага духу, дзякуючы якім людзі выходзяць на Плошчы. Першае ўручэньне адбудзецца пры канцы году.

Людзей ужо каля 50 чалавек: зь Менска, Полацка, Віцебску. Зьявіліся Павал Севярынец і пісьменьніца Вольга Іпатава. Сп-ня Іпатава раздае прысутным нядаўна выдадзеную кнігу Вольгі Грыцук «Мы стваралі сваю Беларусь», укладальніцай якой і была сама пісьменьніца.

***

Менск. Усходнія могілкі

18.47

Напрыканцы зноў узяў слова пісьменьнік Валянцін Тарас. Ён сказаў: «Кожны час мае сваё сярэднявечча, а кожнае сярэднявечча сваю інквізіцыю, і цяпер такі час нашага сярэднявечча, калі пануе інквізыцыя. Але мы жывыя, творчасьць Быкава жывая. (...) У сёньняшняй літаратуры ёсьць дзьве лініі: Лінія Сталіна-Чаргінца і Лінія Быкава-Адамовіча і ўсіх нас. Я не сумняюся ў тым, што ўрэшце Лінія Сталіна апынецца там, дзе ёй належыць быць».

Ірына Міхайлаўна Быкава падзякавала ўсім, хто прыйшоў адзначыць дзень народзінаў пісьменьніка.

18.48

Прысутныя сьпяваюць гімны «Магутны Божа», «Не загаснуць зоркі ў небе».

* * *

Мерапрыемства ў Бычках скончылася. Сярод выступоўцаў была і сястра Васіля Быкава, сп-ня Валянціна, якая яшчэ раніцай ляжала ў наваполацкай больніцы, але ўцякла адтуль і прыехала ў Бычкі, каб папрысутнічаць на імпрэзе, прысьвечанай памяці брата. Сп-ня Валянціна зазначыла, што Васіль Быкаў сапраўды пачынаў пісаць вершы, «але не пайшло» і ён пераключыўся на прозу.

Адмыслова ў Бычкі прыехаў былы намесьнік пасла ЗША ў Беларусі сп-р Кунштатэр, які цяпер жыве ў Турцыі.





0
пытаньне дарадчыкам / Адказаць
19.06.2007 / 17:32
Аляксандар Мілінкевіч - паедзе як вялікі гарадзенец, ці ведаў ён Быкава, калі той жыў у Горадні?
0
Жах!!!і тут піяр МІ! / Адказаць
19.06.2007 / 21:13
Выступае Аляксандар Мілінкевіч. Ён заявіў, што Рух «За свабоду» засноўвае прэмію імя Васіля Быкава. Ён сказаў, што прэмія будзе штогадовай і уручацца "моцным" духам. Паводле словаў сп-ра Мілінкевіча, яна будзе ўручацца людзям, якія працавалі над умацаваньнем беларускага духу, дзякуючы якім людзі выходзяць на Плошчы. Першае ўручэньне адбудзецца пры канцы году.
0
Спадар Мікола / Адказаць
19.06.2007 / 21:45
2 папярэднія - А па тэме штосьці сказаць маеце ?
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру