Перамога стала ўсіхнай

Гутарка ў рэдакцыі “Нашай Нівы” з журналістамі Юрасём Бушляковым і Алегам Дашкевічам

“НН”: Як Вы ацэньваеце выступ беларускіх алімпійцаў у Солт-Лэйк-Сыты?

Алег Дашкевіч: Выступілі ў сваю сілу. Каб мець больш мэдалёў, трэба абсалютна іншыя ўмовы падрыхтоўкі спартоўцаў. Маглі б узяць на два мэдалі болей, а маглі ўвогуле нічога ня ўзяць. Адзін мэдаль — гэта нармальна, і ніякіх сьлёзаў ліць па гэтым ня трэба. Пагатоў што гэты мэдаль сумленна запрацаваны наймацнейшым фрыстайлістам сьвету, пераможцам алімпійскае кваліфікацыі Грышыным. Ніякім не “халяўшчыкам”, дарэчы.

Юрась Бушлякоў: Мы цягам перадалімпійскіх месяцаў сутыкнуліся зь міталягізацыяй беларускага спорту, зь відавочным завышэньнем ягонага патэнцыялу. У Беларусі разьвіцьцё зімовых відаў заўжды ішло з натугаю, пры ўдзеле прышлых людзей, якіх спэцыяльна запрашалі паасобныя віды падымаць. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова паглядзець, як беларускія спартоўцы выглядалі на агульным савецкім фоне. Мэдалёў на зімовых Алімпійскіх гульнях у нас заўсёды было няшмат, і гэтыя мэдалі — ня сьведчаньне, што тут была моцная школа біятлёну і канькоў. Былі моцныя індывідуальнасьці: Ігар Жалязоўскі, Сьвятлана Парамыгіна, Аляксандар Папоў, які для Беларусі з альбэрвільскай Алімпіяды 1992 г. прывёз срэбны мэдаль, але ўзнагарода была заваяваная ў эстафэце, дзе бегла зборная СНД.

А.Д.: Сродкі на разьвіцьцё спорту знаходзіць цяжка. Мы можам спадзявацца ў будучыні на фрыстайл, дзе ўжо склалася беларуская школа і ня трэба значных затратаў. Ён прымальны для спартоўцаў, якія займаліся раней акрабатыкай, гімнастыкай, лыжамі.

А той Лыскавец і лыжаў ня меў

Ю.Б.: Беларускія чыноўнікі бачаць, што пры тым фінансаваньні, якое Беларусь можа сёньня даць спорту, рыхтаваць высакаклясных спартоўцаў — лыжнікаў, біятляністаў, канькабежцаў — цяжка, і адсюль размовы пра тое, што мы, маўляў, змушаныя будзем узмацняцца спартоўцамі другога зьвяна з Расеі, што сваіх біятляністаў мы выгадуем праз 10—15 гадоў, калі цяпер нармальна паставім навучальна-трэніравальны працэс, а выступаць нам трэба на найбліжэйшых чэмпіянатах сьвету ды на Турынскай алімпіядзе і паказаць больш-менш прыстойны вынік. Таму нам не выпадае чакаць вынікаў, лепшых за паказаныя на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сыты.

Сьмяяліся з Андрэя Лыскаўца, які кепска скочыў, а пасьля ўвогуле ўцёк. А аказваецца, той Лыскавец і лыжаў нармальных ня меў аж да вылету на Алімпійскія гульні. Прыехаў у Солт-Лэйк-Сыты, убачыў трамплін, далі ірты, ён скочыў. Заняў месца ў пятым дзясятку.

“НН”: Дык мо зьменшыць наступным разам алімпійскую зборную? Напрыклад, нарвэжцы бяруць у Турын толькі тых, хто рэальна прэтэндуе на мэдалі.

Ю.Б.: Нарвэжцам проста. Калі каманда мае дзясяткі прэтэндэнтаў на золата, то можна праігнараваць прэтэндэнтаў на чацьверты дзясятак.

“НН”: А як ацаніць выступ адзінага нашага мэдаліста Аляксея Грышына?

Ю.Б.: Беларусь — фрыстайлічная краіна, пра гэта сьведчыць той факт, што тры беларускія атлеты трапілі ў дванаццатку фіналістаў. Такога розгаласу, як хакей, гэта зрабіць не магло, бо фрыстайл нашмат менш папулярны від спорту, але ўсё адно прыемна. Аляксей Грышын — не дэбютант, ён выйграў сусьветнае першынство і разглядаўся як адзін з галоўных прэтэндэнтаў на мэдаль. Магло быць лепей, але такі ўжо гэта від спорту — магчымае ўсё, што пацьвердзіў скачок аднаго з найбольш аўтарытэтных фрыстайлістаў сьвету Эрыка Бэргаўста, які папросту ўпаў і дапамог Грышыну застацца на п’едэстале.

А.Д.: У спорце, як і ў жыцьці, любая халява — напрацаваная. Да таго ж фрыстайл — адзін з самых небясьпечных відаў спорту, колькі там людзей зламалася ў спадзеве на халяву.

“НН”: Які вобраз стварыла Беларусь у Солт-Лэйк-Сыты сваімі спартоўцамі?

Ю.Б.: Калі б не звышсэнсацыйная ўдача хакеістаў, не выпадала б гаварыць пра акрэсьлены вобраз Беларусі. Хіба можа быць вобраз, які вынікае з допінгавага скандалу вакол шорт-трэкаўкі Юліі Паўловіч і адхіленьняў ад гульняў маці-трэнэркі, доктара, а тады яшчэ й шэфа місіі ў сувязі з гэтай справай. Наступнага дня пасьля перамогі беларускай зборнай над камандаю Швэцыі я зайшоў на афіцыйны сайт Алімпійскіх гульняў і ўбачыў такія рэплікі: нарэшце сталі вядомыя чатыры паўфіналісты алімпійскага хакею. Гэта ЗША, Канада, Расея і… Беларусь. Пасьля гэтага аўтар матэрыялу пачынаў тлумачыць, што яна мяжуе з Расеяй, Польшчай, Латвіяй і Літвой, Украінай. Такім чынам перамога беларускага хакею сталася папулярызацыйнай для краіны. Беларусь загучэла для мільёнаў людзей у сьвеце, зважаючы на вялікую папулярнасьць хакею з шайбаю.

“НН”: Ці не была гэтая перамога сапсаваная буйнымі паразамі ад Канады і Расеі?

А.Д.: Не. Па-першае, магчымасьці — фізычныя, фінансавыя, проста жыцьцёвыя — у іншых удзельнікаў фіналу значна лепшыя. Па-другое, гуляць у тры пяцёркі з канадцамі, амэрыканцамі альбо расейцамі, што замацаваліся ў НХЛ, — папросту нерэальна. Колькі было сілаў, столькі і змагаліся з тымі ж расейцамі: два пэрыяды была нармальная гульня, а трэці — усё ўжо, сталі, не было сілаў. Тое самае і з канадцамі.

Ю.Б.: У такіх гульнях, як хакей, перавага грандаў над усім астатнім сьветам прыкметная. Спадзявацца на два ці тры цуды наўрад ці можна было. Так што тым матчам яны паказалі вынік, пра які, магчыма, дзесяцігодзьдзямі будуць успамінаць беларускія заўзятары. Мы павінны быць аб’ектыўнымі, павінны добрым словам прыпомніць сыстэму алімпійскага турніру, якая дазваляе камандзе, што прайграла цягам другога тыдня тры матчы, змагацца за срэбра ці за золата, срэбра і бронзу.

Спорт, як ніякая іншая зьява сучаснага беларускага жыцьця, змог кансалідаваць грамадзтва. Мне ня выпала сустрэць на мінулым тыдні ніводнага чалавека, які быў бы незадаволены нашымі вынікамі і адлучаў сябе ад гэтай перамогі. Перамога сталася ўсіхнай. Яна мела вялізнае кансалідацыйнае значэньне ўнутры самой Беларусі.

Спрыту расейцам хапіла

“НН”: Як Вы ацэньваеце скандалы з расейскай алімпійскай зборнай?

А.Д.: На маю думку, гэты скандал вынік з-за неадпаведнасьці спартовага чынавенства сваёй прафэсіі. Яны ўсе працуюць яшчэ ў Савецкім Саюзе да гэтага часу. У расейцаў штамп: “Усе нас ня любяць”. Але ім з гэтым жыць, і наўрад ці яны ад гэтага выйграюць.

Ю.Б.: Тое, што праявілася з расейцамі ў Солт-Лэйк-Сыты, я б назваў сындромам пераможаных пераможцаў. Дасягненьні расейскіх атлетаў у 90-я гады былі інэрцыяй савецкай школы. Яны прэтэндуюць на гегемонію ў зімовым спорце, але рэальна ў зімовых відах культывуюць 4—5 з 15 дысцыплінаў. Амэрыканцы заваявалі мэдалі ў 10 дысцыплінах. Расейцы хочуць працягу гегемоніі, але з шанцамі на ўзнагароды ў 4—5 дысцыплінах. Пераможаныя пераможцы мусяць зразумець, што нешта ў сьвеце зьмянілася і без сур’ёзных укладаньняў у спорт нельга заставацца на вышыні. Яшчэ адзін нюанс. Доўгія дзесяцігодзьдзі савецкі спорт і атлеты былі пад прыкрыцьцём МАК і колішняга прэзыдэнта Хуана Антоніё Самаранча. Ён быў вельмі прыхільна пастаўлены як да савецкага спорту, так і да чыноўнікаў. Рука руку мыла. Няма Самаранча, зьявіўся новы чалавек Жак Раге, прыйшлі новыя людзі ў міжнародны алімпійскі рух, і глядзіце: у апошні дзень выкрытыя на допінгу дзьве расейскія атлеткі ды гішпанец, і той нямецкага паходжаньня. Быў бы Хуан Антоніё Самаранч, ці дапусьціў бы ён да такой крыўды спартоўца, дзякуючы якому ўпершыню ў гісторыі Алімпіяды Гішпанія заваявала тры залатыя мэдалі?

А.Д.: Але разам з тым Хуан Антоніё Самаранч “быў” тут на гульнях. Інакш бы гішпанца поўнасьцю дыскваліфікавалі, а так толькі пазбавілі аднаго мэдаля. Тое самае і з расейскімі лыжніцамі.

Ю.Б.: А міжнародная грамадскасьць можа пачувацца надуранай, бо знайшліся людзі, што паспрабавалі надурыць іншых, узяўшы на выкарыстаньне дарбапаэтын, якога няма ў сьпісе забароненых, але які ў 10 разоў мацнейшы за забаронены эрытрапаэтын. Ён зьявіўся толькі ў верасьні-кастрычніку мінулага году. Вот тут спрыту расейцам хапіла, і дарбапаэтын яны асвоілі.

А хто ў нас першым прыйшоў

“НН”: Наколькі прафэсійна паказвала Алімпіяду БТ?

Ю.Б.: Беларускае тэлебачаньне вельмі старалася, але старацца і даць якасны прадукт, кваліфікавана ацаніць, — гэта ня тое самае. У цэлым тая брыгадка з васьмі чалавек, якая была туды пасланая і штодня рыхтавала “Дзёньнікі”, старалася. Праўда, не патрапіла падрыхтаваць “Дзёньнік” пасьля трыюмфальнай перамогі зборнай Беларусі над швэдамі — цяжка, відаць, было. І ў наступны дзень тлумачылі, што з тэхнічных прычынаў ня выйшаў “Дзёньнік”, але тым ня менш паказвалі ж кароткія інтэрвію з хакеістамі і трэнэрам Уладзімерам Крыкуновым. Але, безумоўна, стараліся.

БТ ня можа забясьпечыць кваліфікаванага камэнтару многіх спартовых спаборніцтваў. Вельмі яскрава гэта выявілася ў часе трансьляцыі біятлённых гонак. Воляю лёсу гэтыя гонкі камэнтавалі галоўны рэдактар рэдакцыі спартовых праграм Уладзімер Шпітальнікаў і ягоны сябрук, зь якім яны то на “ты”, то на “вы”, Мікалай Петрапаўлаўскі, карэспандэнт “Советской Белоруссии”. І мала таго, што яны выяўлялі сваю даволі неглыбокую веду таго віду спорту, які яны камэнтаруюць, але пры гэтым хапала нетактоўнасьцяў, некарэктнасьцяў. Бачыць Петрапаўлаўскі славенскага спартоўца і кажа: “А што нам яго паказваюць? Што ён, хіба можа прэтэндаваць на мэдалі?” А што, трэба паказваць толькі тых, хто будзе прэтэндаваць на мэдалі? І хапала ўсякай дурноты, хапала нейкіх сьмешных праколаў. То Шпітальнікаў і Петрапаўлаўскі пачалі каяцца перад гледачамі, што не заўсёды правільна ўдаецца прамовіць прозьвішча. І кажуць тады гледачом: тут выступаюць французы, немцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, а ў нас у пратаколах прозьвішчы ўсе па-ангельску напісаны. Усё перакладзена на ангельскую мову. Уявіце, як нам няпроста! Не, толькі падумайце: прозьвішчы перакладзеныя на ангельскую мову. Ці пасьля адной з гонак яны не маглі згадаць: “А хто ў нас першым прыйшоў?” Дык а пра што ж вы гаварылі тут гэтыя паўтары гадзіны? Адным словам, гэта засмучала.

Мяне засмуціла таксама тое дыстанцыяваньне ад беларускай мовы, якое яўна прадэманстраваў, “мэтар”, як яго рэгулярна называюць, Уладзімер Навіцкі. Добрыя ўцёкі пад прыкрыцьцём суразмоўцаў, якія кажуць тры словы на пяць хвілін, але гэта як бы алібі на тое, што мы забываемся на беларускую мову і камэнтаруем па-расейску. І ў часе жывых трансьляцый з Солт-Лэйк-Сыты пацьвердзілася тая вельмі прыкрая тэндэнцыя, што беларуская мова на беларускай тэлевізіі ў жывым арыгінальным маўленьні папросту нейкая звышнетыповая зьява. Беларуская мова функцыянуе толькі там, дзе штось запісана, папярэдне вычытана і пасьля будзе зь нейкімі вузлакамі ў роце зачытана. Так што жывога беларускага камэнтару, у тым ліку спартовага, на БТ мы ня чуем. І трансьляцыі з Солт-Лэйк-Сыты гэта пацьвердзілі.

А.Д.: Камэнтары БТ ня несьлі нічога цікавага і знаходзіліся на ўзроўні 70-х гадоў, беларускага Савецкага Саюзу. І Катэ Махарадзэ, і Мікалай Озераў, і ў лепшыя часы Ўладзімер Пературын значна лепш рабілі. Як маглі, так і зрабілі. Што тычыцца Ўладзімера Навіцкага, “мэтра”, то далей за мэтар ён ніяк.

Ю.Б.: Такія падручныя цялятнікі. Хаця “Дзёньнікі”, што рыхтаваліся кожны дзень Ісатам і Герстэнам ды Аленай Панамаровай, былі больш-менш прафэсійныя.

Запісаў Эдвард Людовіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0