БІБЛІЯТЭКА

 

Рэзкая кніга

Арнольд Макмілін. Беларуская літаратура ў 50—60 г. ХХ ст.: Манаграфія / Пер. з анг. А.Літвіноўскай. — Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2001. — 332 с.: іл.

Беларускіх пісьменьнікаў 50—60-х гадоў умоўна можна падзяліць на тры катэгорыі — тыя, каго ў манаграфіях савецкага часу хвалілі, а Макмілін цяпер крытыкуе; тыя, пра каго савецкая крытыка пісала дрэнна (або маўчала), а Макмілін цяпер хваліць; тыя, чыя творчасьць аднолькава (пераважна станоўча) характарызуецца і аўтарамі савецкіх манаграфіяў, і Макмілінам. Ацэнкі Арнольда Макміліна часта разыходзяцца з тымі, якія мы знаходзім у школьных падручніках, і з гэтае прычыны могуць выклікаць самыя розныя эмоцыі — ад абурэньня да захапленьня. Выказвацца такім чынам айчынныя літаратуразнаўцы сабе не дазвалялі.

Рэзка піша Макмілін пра Петруся Броўку (“У лепшым выпадку апаратчык, у горшым — літаратурны жандар, Пятрусь Броўка быў пладавітым і бяздарным пісьменьнікам, які, калі не нападаў на іншых пісьменьнікаў ці не займаўся партыйнай прапагандай, праяўляў сябе як павярхоўны і нецікавы паэт са спрошчанымі думкамі і неарыгінальнымі формамі”), Пімена Панчанку (“Дзяржаўны дзеяч і энтузіяст, Пімен Панчанка служыць добрым прыкладам удачлівага савецкага паэта, якога наўрад ці доўга будуць памятаць у ХХІ стагодзьдзі”), Міхася Лынькова (“Літаратурна-крытычныя артыкулы і шматлікія пераклады Лынькова такія ж няўдалыя, як і ягоныя мастацкія творы”). Неадназначную ацэнку атрымлівае творчасьць Івана Шамякіна (“…У прозе Шамякіна няма амаль нічога спэцыфічна беларускага”, “мнагаслоўныя” раманы “адрозьніваюцца хутчэй багацьцем апісаньняў і калізіяў, чым псыхалягічнай глыбінёю”, “зьмест іх мяняўся як флюгер у адпаведнасьці зь лініяй ураду”, але — “жывучы на Захадзе, Шамякін мог бы пасьпяхова пісаць бэстсэлеры”). Нельга сказаць, што Макмілін толькі крытыкуе. Шмат якія аўтары заслугоўваюць у яго самай высокай ацэнкі. Да прыкладу, Сяргей Дзяргай называецца паэтам для паэтаў” і адным з самых тонкіх лірыкаў 50-х гадоў, Максім Танк характарызуецца як “насамрэч вялікі паэт, які зрабіў значны ўнёсак у беларускую паэзію”, шмат добрых словаў можна прачытаць і пра творчасьць Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча ды іншых.

Манаграфія не абмяжоўваецца храналягічнымі рамкамі 50—60-х, у ёй багата экскурсаў у ранейшыя (найчасьцей у 30—50-я) гады. Асобна ад асноўнай часткі стаяць нарысы пра творчасьць Івана Мележа, Васіля Быкава, Івана Пташнікава і Ўладзімера Караткевіча. Асноўная ж частка падзяляецца на тры разьдзелы: “Пяцідзясятыя гады — выхад зь цемры”, “Паэзія ў шасьцідзясятыя гады — традыцыі й наватарства”, “Проза і драматургія ў шасьцідзясятыя гады — час надзеі”.

Акрамя ацэнак, манаграфія цікавая яшчэ і досыць поўным аглядам літаратурных зьяваў пазначанага пэрыяду, частымі цытатамі, мноствам дакладных біяграфічных і фактаграфічных зьвестак. Зь яе атрымаўся б добры навучальны дапаможнік.

Арнольд Макмілін піша ў прадмове, што заплянаваў яшчэ дзьве кнігі — пра літаратуру беларускага замежжа ды пра літаратуру 70—90-х гадоў. А вось накладу першай — усяго 700 асобнікаў — на ўсіх ахвотных можа не хапіць.

Вольга Гурло

Зборнік для ўсякай патрэбы

Там за гаєм, гаєм... Сучасні народні пісні та приказки, записані на Берестейщині. Укладальнік Мікола Казлоўскі. — Кіеў, 2000. — 114 стар. Наклад 1000 ас.

Ініцыятар выданьня, укладальнік кнігі і аўтар прадмовы 77-гадовы Мікола Казлоўскі, былы інжынэр-будаўнік, выклікае захапленьне сваёй энэргіяй. Вырашыў чалавек выдаць кнігу — узяў і выдаў. Ва Ўкраіне. І ня трэба ісьці па дазвол ні ў Дзяржкамдрук, ні ў Кніжную палату, ні ў аблвыканкам... Толькі вось цікава, ці была кніга ў продажы ў Беларусі, ці мог яе набыць кожны ахвотны?

У кнігу уваходзіць больш за 150 геніяльных песень. Для кожнай пазначана, дзе, калі і ад каго яна запісаная.

Выданьне найбольш цікавае, вядома, для жыхароў Берасьцейшчыны: прыемна перагарнуць старонкі са знаёмымі песьнямі, пашукаць назвы знаёмых вёсак, імёны знаёмых людзей. Шкада толькі, што няма да песень нотаў: з нотамі гэты зборнік мог бы стаць дапаможнікам для берасьцейскіх музыкаў. Песеньнік, складзены з гітоў (кшталту “Ой, на горі та й женці жнуць...” ці “Шумлять верби в кінці греблі”), якія голасна сьпяваюць на кожным вясельлі ды юбілеі, адрывалі б з рукамі.

Што тычыцца прыказак, дык сярод іх зашмат “заежджаных”, кшталту “одна голова добре, а дві ще ліпш”. У нас у Заказанцы даводзілася чуць нашмат больш красамоўныя (прыкладам, пра галаву — “чим кланятися чужій голові, ліпш своїй дупі”).

А песьні геніяльныя. Лірычнымі, гістарычнымі, гераічнымі, жартаўлівымі, калядкамі ды шчадроўкамі, песьнямі пра каханьне і сьмерць выказваецца нязьменная сутнасьць існаваньня — тая самая у дваццаць першым стагодзьдзі, што і ў шаснаццатым. Якая? Каб зразумець, трэба, напэўна, прасьпяваць ня толькі ўсю кніжку, але й усё жыцьцё...

А мне асабіста вельмі спадабалася прыпеўка:

Ой, ти знав, нащо брав

Міщаночку з міста.

Я не їла і не буду

Гречаного тіста!

Ой, ти знав, нащо брав,

Я не вмію жати.

Зроби мені холодок –

Я буду лежати!

І цяпер я сьпяваю яе мужу кожную раніцу, калі ён спрабуе нагадаць, што пара ўставаць ды брацца за працу!

Наталка Бабіна

 

Аркуш беларускі

Алесь Аркуш. Проста ў сярэдзіну. Вершы. — Вільня, 2001. — 64 с.

У жыцьці кожнага літаратара раней ці пазьней настае пара балючых і рытарычных пытаньняў, калі ён, як цікаўнае дзіця, што cпазнае сьвет, заводзіць сваю катрынку: “Што рабіць?”, “Хто вінаваты?”, “А хто там ідзе?”, “Як нам абуладкаваць Расею?”, “Быць альбо ня быць сярэднеэўрапейцам?”, “З чаго пачынаецца Жодзіна?..” Для мяне Жодзіна пачалося з Аркуша. Менавіта Алесь Аркуш (аматарам атрымліваць літаратуру поштаю больш вядомы як “Аляксандар Козік”) стаўся першым і пакуль апошнім сапраўдным жодзінцам, сустрэтым мною, як бы сам паэт сябе ні называў — палачанінам, рэгіяналістам, правінцыялам альбо проста таварышам усіх вольных літаратараў.

Упершыню Аркуш уварваўся ў маё жыцьцё праз тэлефон, каб замовіць пераклады знакамітага чуваскага паэта Генадзя Айгі. “Колькі плаціш за аркуш?” — ледзь не запытаўся я, ды своечасова стрымаўся. З таго часу так і супрацоўнічаю зь ім — на грамадзкіх пачатках.

Пазьней было знаёмства ў цягніку “Менск—Харкаў”, якім мы ехалі на фэстываль “Паэзія нумар адзін”. Аркуш глыбока ўразіў мяне тым, што ўсю дарогу не куляў гарэлкі, а якраз наадварот — чытаў кнігі. Ды шчэ й мяне падбухторыў, паказаўшы сьвежанадрукаваны нумар часопісу “Калосьсе”. Так і чыталі ўдвух, пакуль іншыя дзеячы беларускай культуры радаваліся жыцьцю ў суседнім купэ. Хлапецтва, скажаце вы? А мне падабаецца, што ў душы ён застаўся крыху рамантыкам.

Нават пострамантыкам, як вынікае зь ягоных праграмных заяваў. Выхаваны “Тутэйшымі”, ня зломлены Саюзам пісьменьнікаў, ня стомлены Парыжам, выпрабаваны развоем (ледзь не сказаў “разбоем”), Аркуш знаўся і на асаблівасьцях нацыянальнага ксэракапіяваньня, і ў квартале “Блакітных ліхтароў” быў сталым наведнікам. А далей ужо — трыдзясятае царства замежных вольных літаратараў ды зялёнае мора Айгі.

Менавіта апошняму й прысьвечаны верш, што падарыў назоў усёй кнізе, — “Проста ў сярэдзіну”. Што азначае гэты загаловак, падазроны для папулярызатара рэгіянальнай літаратуры? Законнае жаданьне вярнуць Полацку колісь страчаную ім ролю культурнай сталіцы? Ці, магчыма, дантаўскае “Я пасярэдзіне жыцьця зямнога”? А можа, пошук гарацыеўскай “залатой сярэдзіны” ва ўсім, імкненьне да ўзважанасьці й памяркоўнасьці, разумнага балянсаваньня паміж крайнасьцямі: паэзіяй і прозай, молатам экспэрымэнту й кавадлам традыцыяў, айчынным пісьменствам і сусьветнай культураю, паміж пушчамі й балотамі беларускай зямлі ды пяскамі зямлі эгіпэцкай?

Чытача кнігі ўражвае ўвага аўтара да птушынай тэмы: два цыклы — “Птушыны рай” і “Парыскія вераб’і”, а таксама верш пра птушку-Свабоду, якую корміць з далоні лірычны герой. Аўтар выявіў тут неабыякі талент дзіцячага паэта. Усё ў гэтых вершах проста й стабільна, і кожная птушка паводзіць сябе так, як ёй і трэба паводле айчынных літаратурных канонаў. Лебедзь зьдзяйсьняе свой вычын у імя іншых. Зязюля кувае з выразным ляўкоўскім акцэнтам. Бусел кружыцца над роднаю хатай. А гусь, як ёй і належыць, рыфмуецца зь “Беларусь”. Заслужаны арнітоляг Беларусі, пясьняр “птушынага раю” (слова “рай” тут — зусім не рэгіянальная прыстаўка да “выканкаму”!), Аркуш мог бы сёлета з поўным правам прэтэндаваць на Глінянага Вялеса ў намінацыі “птушка-суайчыньнік”. Чайка зь імем Джонатан Лівінгстан, як сказала б Ганна Кісьліцына. Кірля на крылах кірыліцы, як сказаў бы я. Кнігаўка зь імем Алесь Аркуш. Што ж, кажуць, што рэкі птушкамі створаны, і наш паэт упэўнена капае рэчышча ўласнай ракі.

Нядаўна адна сяброўка апавядала, як спрабавала замовіць у чытальнай залі філфаку БДУ газэту “Наша Ніва”. Бібліятэкарка ветліва растлумачыла: “Мы сельскагаспадарчых выданьняў не выпісваем”. Напраўду, “аграрнасьць” назоваў нашых культурных выданьняў кідаецца ў вочы, і “Калосьсе” Аркуша тут ня вынятак. Але ж ці прыдумаў чалавек лепшую мэтафару для культуры? Дый не мэтафару зусім, бо кожны слоўнік лаціны падкажа, што “культура” — гэта найперш “земляробства”. Зерне, кінутае ў ніву, усходзе ды красуе, нават калі камбайнэр ня ведае цытаты. Так што рабі сваю “аграрную” справу й далей, шаноўны Алесю Аркуш!

“Калосьсе” — пад сярпом тваім! А лёс новай кнігі — у руках нашых чытачоў, якім засталося яе набыць і пачаць чытаць. З тытульнага аркуша. Альбо зазірнуць проста ў сярэдзіну.

Андрэй Хадановіч

 

У Беларусі ёсьць анархісты. Іх няшмат, але яны гучныя. Яны выдаюць газэту “Навінкі”, зьнялі фільм “Случай з пацаном” і ўдзельнічаюць у Маршы свабоды пад транспарантам “Працоўны калектыў газэты “Навінкі”.

Мова іхных выданьняў клясычна-неўпарадкаваная. Аўтары ўнармавана карыстаюцца ненарматыўнай лексыкай. Ужо самі назвы іхных твораў выклікаюць паблажлівую ўсьмешку ў чалавека, выхаванага на клясыцы. Ну што гэта за “Случай з пацаном”? Як гэта можна прадстаўляць кнігу ў такой рэспэктабэльнай правай газэце, як “Наша Ніва”, артыкулам пад назвай “Дэфлярацыя стэрэатыпаў”?

Вось такія яны правакатары, узаконеныя байструкі сучаснага капіталістычнага грамадзтва, — беларускія анархі. Бунтары і паразыты, разбуральнікі і пры гэтым марыянэткі на службе ў моцных гэтага сьвету.

Але ад выпушчаных анархамі малой памаранчавай кніжыцы “Свабода@без.цябе” і кароткамэтражнага фільму “Случай з пацаном”, зьнятага паводле ўсіх правілаў хатняга відэа, можна атрымаць і эстэтычнае, і інтэлектуальнае задавальненьне.

Сьвятарную кашу з камэндантаў Маркесаў і ненавісьнікаў Мілошавіча, здаровага дзіцячага сьмеху і ўсёпранікальнай пустэчы лёзунгаў для чытачоў “НН” тлумачыць Лёлік Ушкін.

Дэфлярацыя стэрэатыпаў

У 1967 г. група страсбурcкіх анархістаў захапіла кіроўныя пасады ў мясцовай філіі афіцыйнага студэнцкага прафсаюзу. Першае, што яны зрабілі, дарваўшыся да ўлады, – “сьпіянэрылі” ўсе грошы з прафсаюзнай касы й надрукавалі буйным накладам працу ідэоляга Сытуацыянісцкага Інтэрнацыяналу П.Ванэнгайма “Аб беднасьці ў студэнцкім асяродзьдзі”. Выпадак меў гучны рэзананс. Анархістаў нават судзілі за марнаваньне прафсаюзных грошай. Аднак было позна: кніга пайшла гуляць па сьвеце і зрабілася эвангельлем студэнцкай рэвалюцыі 1968 г.

Прыкладна такім самым чынам выйшаў у сьвет зборнік “Свабода безь цябе”. “Бабкі-павітухі” гэтага праекту – былыя анархісты, пацыфісты й артыстычныя багемшчыкі, якія апынуліся ў радзе дырэктараў польска-беларускага фонду. Разваліўшыся ў фатэлях, былыя панкі задумаліся: што рабіць?

На выбар было некалькі варыянтаў:

а) тупа ладзіць сэмінары “Прававыя асновы маніторынгу прававога маніторынгу лукашэнкаўскіх псэўдаправавых маніторынгаў”, якія традыцыйна сканчаюцца грандыёзным бухалавам;

б) кідаць амэрыканцаў на “грыны”; нашаткаваць капусты і потым набыць катэдж у адным зь ціхіх кварталаў Варшавы;

в) зрабіць нейкую правакацыю, кшталту зборніка “Свабода безь цябе”.

Што гэта за зборнік? Падборка лекцыяў, якія чыталіся ўдзельнікам польска-беларускіх сэмінараў. Зазвычай лектарамі былі лідэры моладзевай апазыцыі другой паловы 80-х. Дзякуючы зборніку беларускі чытач упершыню даведаецца пра моладзевую фракцыю тагачаснай польскай антыкамуністычнай апазыцыі. Ні ў адной брашурцы “Салідарнасьці” пра яе няма ні слова, бо гэтая апазыцыя ўзьнікла адначасова як рэакцыя на камуністычны прыгнёт і на эстэтычнае ўбоства клану Валенсы.

Акцыі маладых апазыцыянэраў нагадвалі болей балаган, рок-канцэрт, дзе антыкамуністычныя лёзунгі спалучаліся з прыёмамі агітпропу і традыцыямі dell’Arte. Яскравае парушеньне гіерархічных традыцыяў апазыцыйных мітынгаў, блюзьнерствы маладых накаўтавала бацькоў “Салідарнасьці”.

У другой палове 80-х маладая апазыцыя, якая аб’ядноўвала андэграўнд і палітыку, набыла салідныя маштабы. Ва Ўроцлаве “Памаранчавая альтэрнатыва” выводзіла тысячы людзей на свае гепэнінгі, у Гданьску футбольныя фанаты пад чорнымі сьцягамі калацілі “гліняжаў”, пацыфісцкі рух WiP дзякуючы масавым кампаніям дабіўся прызнаньня правоў дэзэрціраў. У 1988 г. амэрыканскі Newsweek пісаў, што Лешак Калакоўскі разьбіў камунізм па-філязофску, “Салідарнасьць” – палітычна, а “Памаранчавая альтэрнатыва” – эстэтычна.

Прыйшла перабудова. Тое, чаго не атрымалася ў Ярузэльскага, зрабіў даляр. Рынкавыя ілюзіі зьнішчылі адзін з самых цікавых экспэрымэнтаў польскай культуры.

“Свабода безь цябе” – гэта нязьдзейсьнены ідэал, чарговая ўтопія, мроя, якая ператварылася ў дым пры сутыкненьні з суровай рэальнасьцю.

Па сутнасьці, гаворка ідзе пра мадэль грамадзкага руху, дзе крыніцай палітычнай пазыцыі ёсьць не ідэнтыфікацыя з партыйнымі праграмамі, а дзейны нанканфармізм. Аўтары зборніка намагаюцца перагледзець дэфініцыі бунту і праграму дэмакратычнай апазыцыі ў духу школы Маркузэ і сытуацыяністаў. Палітычным абвяшчаецца ўсё пэрсанальнае. Каб маніпуляваць асобай, сыстэма (аўтарытарная сама па сабе) пранікае паўсюль: у школы, сям’ю, нават паводзіны. Вызваленьне пачынаецца на індывідуальным узроўні з парушэньня стандартаў.

Свабода безь цябе – гэта тэст. Калі вы “прапрацеся” ад зборніку, то вы яшчэ здольныя рабіць пэрфомансы, пакахаць гомасэксуаліста, падняць сялянскае паўстаньне, як Маркес у Чыяпасе. Калі не прапрацеся – маеце шанец стацца сур’ёзным палітыкам, дэпутатам у парлямэнце расейска-беларускага саюзу.

Мінусы. Не хапае кітчу на вокладцы – голай бабы або “Пагоні”. (Або голай пэрсаніфікацыі свабоды на рыцарскім кані.)

Лёлік Ушкін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0