Лукашэнка ў Альпах

Аляксандар Лукашэнка ўзяў тыднёвы адпачынак, які працягнецца да 18 сакавіка. Дзе і як ён яго бавіць, спачатку не паведамлялася. Але прэзыдэнцкі самалёт пабачыў у венскім аэрапорце адзін зь пілётаў авіякампаніі “Белавія”. Радыё “Свабода” пачало капаць — і зьвесткі пра тое, што Лукашэнка ў Аўстрыі, пацьвердзіў прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі. Дарэчы, сам ён у гэты час не выконвае прэзыдэнцкіх абавязкаў: “Канстытуцыя гэтага не прадугледжвае”, — мяркуе ён.

 

Цяпер асноўныя спрэчкі ідуць вакол таго, што Лукашэнка ў Аўстрыі робіць і дзе менавіта ён там адпачывае. Афіцыйныя крыніцы кажуць, што ён “займаецца спортам”. У Аўстрыі шмат дарагіх гарналыжных курортаў, на якіх любяць бываць як арабскія шэйхі, так і кіраўнікі азіяцкіх краінаў СНД. Падчас апошняга саміту лідэраў СНД у Алматы Лукашэнка выказваў зацікаўленьне горнымі лыжамі. Радыё “Свабода” выказвае падазрэньне, што тайм-аўт кіраўніка дзяржавы зьвязаны зь неабходнасьцю падлячыцца: паводле адных чутак, Лукашэнку даймае хвароба прастаты, згодна з другімі — галаўныя болі. Аднак гэтую інфармацыю нідзе ніхто не пацьвердзіў.

Няма пакуль і адказу на пытаньне, за свае грошы адпачывае ў Аўстрыі Лукашэнка ці за дзяржаўныя, а таксама які штат аховы і абслугі знаходзіцца зь ім у дунайскай рэспубліцы. Тэлефоны беларускага пасольства ў Вене маўчаць. Аўстрыйскае МЗС не ўпаўнаважанае даваць камэнтары аб прыватных візытах.

Па нашых зьвестках, дзяржаўным газэтам увогуле забаранілі пісаць на тэму горнага адпачынку Лукашэнкі, каб не псаваць вобразу кіраўніка дзяржавы.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0