Лісты ў рэдакцыю

 

Слаўная не гнілымi шапікамi

Рэспублiканскiя газэты летась не адну публiкацыю прысьвяцiлi намеру Камiтэту архiтэктуры Менгарвыканкаму на чале з галоўным архiтэктарам Менску Чадовiчам пабудаваць аўтапаркiнг на месцы гiстарычнай забудовы па вулiцы Нямiга. Cпэцыялiсты адзначалi заганнасьць такой iдэi як з экалягiчнага, так i з культурнага боку, і на пэўны час нашэсьце на Нямiгу было спынена. Аднак намер зруйнаваць унiкальны асяродак археалёгii працягвае iснаваць. На адной з прэсавых канфэрэнцыяў, што адбылася ўвосень мiнулага году, камэнтуючы сытуацыю вакол будаўнiцтва паркiнгу, галоўны архiтэктар Менску сказаў: “Вы няправiльна зразумелi. Пратэст грамадзкасьцi быў разгледжаны, i грамадзкасьць зьняла свой пратэст. ...Што мы зруйнавалi? Там няма нiчога, акрамя старых гнiлых шапікаў”.

Нягледзячы на тое, што летась Мiнiстэрства культуры падвысiла статус Нямiгi, надаўшы ёй (як аб’екту мiжнароднага значэньня) першую ахоўную катэгорыю, намер пабудаваць на ёй гараж ня зьнiк. Камiтэт па архiтэктуры працягвае распаўсюджваць iнфармацыю пра тое, што будаўнiцтва гаражу непазьбежна. Дэманструецца праект, які археолягi й гiсторыкi ня бачылi й не аналiзавалi. Зрэшты, пакуль увага грамадзкасьцi адцягваецца на будаўнiцтва паркiнгу, на рагу вул.Камсамольскай i Нямiгi цiха расьце новы офiсны будынак, якi цалкам парушае гiстарычны характар гэтай часткi старога Менску...

Тысячы прыватных аўтамабiляў захоўваюцца ў Менску пад адкрытым небам. Імi забiтыя ўсе пад’езды да дамоў у мiкрараёнах, чарга на адкрытую стаянку расьпісаная на некалькi гадоў наперад. Праблема з аўтатранспартам сапраўды патрабуе вырашэньня. Але не лякальнага, а кардынальнага, якое б дазволiла зьняць пытаньне назаўсёды. Для аўтааматараў з цэнтру гораду павiнны будавацца падземныя гаражы за межамi ахоўнай зоны, якая рана цi позна будзе аб’яўленая свабоднай ад аўтатранспарту.

Вiктар Хурсiк, Менск

Страчаны правадыр

Знайшоў надоечы ў сваёй паштовай скрыні ўлётку, якая заклікае ісьці 15 сакавіка на дэманстрацыю з нагоды Дня Канстытуцыі. Улётка напісана па-расейску, а запрашае ня хто іншы, як сам Мікалай Статкевіч, лідэр адной з сацыял-дэмакратычных партыяў. Тэкст улёткі настолькі нэўтральны, абцякальны, памяркоўны, што нават і ня верыш, што гэта той самы Статкевіч, які вадзіў нас калісьці па забароненых уладамі маршрутах, той самы Статкевіч, які крычаў на незалежніцкіх мітынгах, “зваў зь цемры да сьвятла”. Як нам падабаліся ягоныя сьмелыя прамовы! Як мы лавілі кожнае слова! Нам быў патрэбны страчаны правадыр, і ўжо здавалася, што мы яго дачакалі. Але дзе што дзелася?

Ён – мужны, малады мужчына, вайсковец – заклікае нас адстойваць свае правы… з кветкамі ў руках. Пра сьцяг ужо гаворка і ня йдзе. Мажліва, ёсьць нейкія падводныя плыні, невядомыя нам, мажліва, ёсьць нейкія апраўданьні ягоным новым словам і ўчынкам. Ня ведаю… Адно толькі ведаю – за Статкевічам я больш не пайду, бо я яму ня веру.

Лявон Г., Менск

* * *

Віншую вас вось з чым. У пятніцу, 22 лютага, а 12-й у нашым шапіку не было ніводнага нумару “НН”. Разабралі літаральна за пару гадзін! І гэта другі тыдзень запар. Дык пайду й падпішуся! А вам жадаю плённай працы й добрага настрою!

Жыве Беларусь!

Юля, Баранавічы

грамадзкі клопат

Ганьба, “Камунарка”!

Хачу выказаць прапанову на тэму абструкцыі ўсяго “небеларускамоўна-назоўнага”. Мяне гэта ніколі моцна не кранала, але пасьля атрыманьня ад прафкаму свайго прадпрыемства дзіцячых навагодніх падарункаў – цукерак фабрыкі “Камунарка”, сярод якіх не было ніводнай, што звалася б па-беларуску, – я зразумела раптам агромністую вагу гэтага пытаньня. Бо гэта ж наш знак, наш твар, а мы яго зрабілі суцэльна расейскім. ААТ “Камунарка” абараніла ад расейскай навалы свае адкрытыя акцыі, але па назвах цукерак ужо даўно цалкам прадалася расейцам. Яны ніводнай капейкі ня ўклалі, а купілі нашую “Камунарку”!

Прапанова ў мяне такая. Давайце, калі нам усім часу не стае на агульнаграмадзянскі супраціў, згодна з нашым беларускім мэнталітэтам “схаваемся” за тэлефонную слухаўку і будзем весьці абструкцыю па тэлефоне. Давайце будзем званіць на прадпрыемствы, якія не выкарыстоўваюць беларускае мовы на ўпакоўках сваёй прадукцыі, і патрабаваць, каб яны яе выкарыстоўвалі. Ведаеце, сучасны бюракрат ці чынуша вельмі ня любіць, як яго “дастаюць”. Я ведаю гэта са сваёй працы тэлефоннай, бо гэта мой асноўны працоўны інструмэнт на працягу апошніх гадоў. Кожны дзень хоць пару разоў “падастаеш” гэтых “камандзіраў вытворчасьці” – можа, што-небудзь і зварухнецца. Дзецям нашым беларускіх цукерак хочацца.

А.Сачыловіч-Жалязоўская, Менск

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0