АГП у пошуках базы

ПКБ заўсёды застанецца камунiстычнай, БНФ — нацыянальна-дэмакратычным. Ці здолее АГП стацца гэтакім неабходным для Беларусі дэмакратычным цэнтрам — пакажа зьезд партыі, што адбудзецца ў красавіку.

АГП утварылася ў 1995 г. шляхам аб’яднаньня Грамадзянскай партыi Шлындзiкава i Аб’яднанай дэмакратычнай партыi Дабравольскага. Старшынём быў абраны былы кiраўнiк Нацбанку Станіслаў Багданкевiч. Потым, калi пачаліся рэфэрэндумы, саюзныя пагадненьнi й нэгатыўны погляд на афiцыйную палiтыку стаўся для апазыцыi больш прынцыповым, ягонае месца заняў больш радыкальна настроены Лябедзька. Радыкалiзацыя выклікала рэпрэсіі з боку ўладаў. Прэсiнг у адносiнах да АГП падчас прэзыдэнцкiх выбараў быў адным з самых моцных.

АГП мае дастаткова добрыя для Беларусi партыйныя структуры ва ўсiх абласьцях, аднак пытаньне колькасьцi сяброў i рэальнай наяўнасьцi партыйных структураў вельмi спрэчнае: сытуацыi зь “мёртвымi душамi” ў партыйным жыцьцi Беларусi ўжо вядомыя. Цiкава параўнаць лiчбы, прыведзеныя на сайце АГП i пададзеныя партыяй у Мiнiстэрства юстыцыi. Так, сайт запэўнiвае, што АГП налiчвае 271 арганiзацыю рознага ўзроўню, сярод якiх 6 абласных i Менская гарадзкая, 95 раённых i гарадзкiх, 170 нізавых. А Мiністэрства юстыцыi мае наступныя зьвесткі: 6 абласных, 16 гарадзкiх, 58 раённых, 105 першасных, на ўлiку пры гэтым знаходзiцца толькi 75. Відаць, што ў існаваньні значнай часткі сваiх структураў кiраўнiцтва ня пэўнае нават само. Пры гэтым у Мiнюсьце не хаваюць, што нават да атрыманых iмi зьвестак можна прад’явiць заўвагi. Яшчэ большую трывогу выклiкае рэальны ўплыў партыйных структур у рэгiёнах. Таму верагодна, што чарга паражэньняў апазыцыйных партый далёка ня скончана.

Апошнiм часам стала модным гаварыць пра абнаўленьне партыйнага складу. Але пра яго рэальна можна казаць толькi часткова, адносна радавых сяброў партыi. На чале ж застаюцца адныя i тыя людзi. Наўрад цi што iстотна зьменiцца i пры перавыбары кiраўнiцтва АГП. Шанцы Лябедзькi зноў стаць старшынём вялікія. Тое ж датычыць i пэрсанальнага складу ягоных намесьнiкаў, хаця якое-небудзь прозьвiшча можа i зьмянiцца. Напрыклад, Данэйкi, якi на прэзыдэнцкiх выбарах пры дамоўленасьцi працаваць на адзiнага кандыдата спрабаваў раскручваць Ярашука. Больш адчувальныя зьмены могуць адбыцца ў складзе Палiтычнай рады i Нацыянальнага камiтэту, куды ўваходзяць звыш 20 i 80 чалавек адпаведна. Але гэтыя зьмены наўрад цi можна будзе назваць сэнсацыйнымi.

Валянцiн Паўлоўскi

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0