меркаваньне

Да злучэньня

АГП сёньня – найбольш прафэсійная беларуская палітычная партыя. Вельмі праўдападобна, што АГП цалкам самастойна здолела б сфармаваць урад краіны, калі б мела такую магчымасьць, і што гэты ўрад кіраваў бы краінай больш пасьпяхова, чым цяперашні. Палітычныя партыі ў Беларусі вымушаныя прасякацца іншай праблемай – як пашырыць магчымасьці свайго ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў увогуле, дабіцца хоць якога ўдзелу.

Да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. асоба Лукашэнкі засьціла далягляды палітычнай апазыцыі. Пасьля выбараў стала ясна, што супрацьпастаўленьне “за Лукашэнку – супраць Лукашэнкі” ў недастатковай ступені адлюстроўвае настроі беларусаў. Нават калі б Лукашэнка сышоў, гэта далёка не гарантавала б перамогі дэмакратаў на выбарах безь ягонага ўдзелу. Партыя, якая хоча прыйсьці да ўлады, мусіць абапірацца найперш на сваіх прыхільнікаў, а ня толькі на чужых праціўнікаў.

Становішча палітычных партыяў, і ў прыватнасьці АГП, вельмі цяжкае. Адзіны спосаб прапаганды, даступны цяпер ім, – гэта праца з насельніцтвам на ўзроўні асабістага кантакту. Напярэдадні выбараў партыі натуральна аб’ядноўваць свае рэсурсы і структуры, каб як мага больш эфэктыўна ладзіць такую працу, каб зачапіць як мага шырэйшыя масы выбарцаў. Адбываецца збліжэньне левацэнтрыстаў – вельмі верагодна, што да наступных выбараў з груповак Шушкевіча, Караля і Палевіковай сфармуецца адзіная сацыял-дэмакратычная партыя альбо вельмі шчыльны хаўрус.

АГП цягам апошніх гадоў таксама натуральна збліжалася з БНФ. Гэтыя дзьве партыі ўтварылі ядро КРДС і ў 2001 г. найбольш пасьлядоўна настойвалі на вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі. За апошнія колькі гадоў паміж гэтымі партыямі не было істотных разыходжаньняў. Якім будзе працяг гэтага супрацоўніцтва? Ці магчымае аб’яднаньне АГП і БНФ?

У 1991 г. краіны не было. Былі розныя бачаньні краіны. Інтэлігенцкія асяродкі, якія спарадзілі АДПБ і згуртаваліся вакол АГП, напачатку ўяўлялі Беларусь зусім ня так, як яе ўяўляла сабе нацыянальна сьвядомая інтэлігенцыя, якая арганізавала БНФ. Цяпер наяўнасьць у Беларусі дзьвюх правацэнтрысцкіх партыяў зь вельмі падобнымі пазыцыямі яшчэ адлюстроўвае наяўнасьць дзьвюх розных групаў. Розьніца паміж імі ўсё больш зводзіцца да расейскамоўнасьці/беларускамоўнасьці. Але з кожным годам беларускай незалежнасьці ўсё больш вагі набірае супольная гісторыя, супольная рэальнасьць, досьвед супольнага жыцьця ў адных дзяржаўных межах. Рэспубліцы Беларусі ўжо 10 гадоў. Людзі прызвычайваюцца жыць у незалежнай краіне. У 2003 г. права голасу атрымае моладзь, якая пайшла ў школу ўжо ў незалежнай дзяржаве. Усім дэмакратычным палітыкам і пераважнай бальшыні насельніцтва ўжо ня трэба даводзіць, што сувэрэнітэт Беларусі – гэта важна.

Так што з гледзішча найноўшай гісторыі Беларусі аб’яднаньне расейскамоўнай АГП і беларускамоўнага БНФ ужо не падаецца чымсьці абсалютна выключаным. І АГП, і БНФ пазыцыянуюць сябе як агульнанацыянальныя партыі. Дык ці ёсьць апраўданым палітычны падзел беларусаў на расейскамоўных і беларускамоўных?

Але падзел палітыкаў на расейскамоўных і беларускамоўных існуе. Мова, якой карыстаецца палітык, у Беларусі – адна з істотных рысаў ягонай характарыстыкі, ягонага вобразу ў вачах выбарцаў. Лукашэнка – агульнабеларускі лідэр яшчэ й таму, што паводле сваёй мовы беспамылкова ідэнтыфікуецца як беларус, хоць гаворыць нібыта па-расейску.

Чужы посьпех скапіяваць немагчыма, Лукашэнка непаўторны. Але да спэцыфічнай Лукашэнкавай “агульнабеларускасьці”, яго прымальнасьці для вельмі розных групаў насельніцтва можна імкнуцца калі не на ўзроўні асобы, дык на ўзроўні арганізацыі.

І ў АГП, і ў БНФ ёсьць праціўнікі такога аб’яднаньня. Адны мяркуюць, што беларуская мова (БНФ) адстрашвае выбарцаў. З другога боку, лідэр БНФ, які б агучыў ідэю такога аб’яднаньня, сутыкнуўся б з абвінавачаньнямі ў здрадзе нацыянальным ідэалам. Але гэтыя страхі перабольшаныя. І надта ж яны на руку рэжыму. Аб гэтыя камяні ўжо разьбіўся колішні БНФ.

Абедзьве партыі больш выйгралі б ад зьліцьця. БНФ яно дазволіла б выгадна ўкласьці свой палітычны капітал, не ператварыцца ў нейкае палітычнае крыло Таварыства беларускай мовы.

АГП ж для посьпеху бракуе беларускасьці, безь якой немагчыма перамагчы ў гэтай краіне (пагатоў, перамагчы супэрбеларуса Лукашэнку) і якую магло б забясьпечыць зьліцьцё з БНФ. Усім вядома, што 40% беларусаў падчас перапісу насельніцтва назвалі беларускую мовай, на якой яны гавораць штодня. Але вынікі перапісу, раскладка гэтых 40% па слаях насельніцтва чамусьці не супастаўляюцца з вынікамі і раскладкай галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Можа, нехта мяркуе, што гэтыя 40% і 40% супраць Лукашэнкі – тыя самыя людзі? Не. Паводле перапісу, беларускую сваёй штодзённай мовай назвалі 74,9% вясковага насельніцтва і 19,8% – гарадзкога. Ганчарык найбольш прайграў менавіта ў вёсцы. Не з-за тупасьці вяскоўцаў, а праз тупую небеларускасьць сваіх дарадцаў.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары далёка, а выбары ў парлямэнт па партыйных сьпісах заканадаўствам не прадугледжваюцца. Але гэта ня значыць, што іх ня будзе ніколі. Сьмешна будзе, калі пасьля наступных выбараў хтосьці з апазыцыйных палітыкаў зноў будзе казаць: “У нас было замала часу на падрыхтоўку”.

Алесь Пяткевіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0