Калёнка Алеся Бяляцкага

Суд у Шклове

Ужо месяц у Шклове ідзе суд над актывістамі “Зубра”: Міхаілам Кісялёвым, Максімам Патупчыкам, Алесем Паўловічам, Дзянісам Сенакосавым, Зьмітром Шалашковым.

Увечары 14 жніўня маладыя людзі, апрануўшы маскі лысага чалавека з вусамі, хадзілі па шклоўскіх крамах і праводзілі агітацыю. Абяцалі заробак у 100 даляраў, зьнізіць цэны, пасадзіць усіх жулікаў і прадпрымальнікаў, а таксама тых, хто ня будзе галасаваць за “вусатую маску” на будучых выбарах. Ужо праз паўгадзіны яны былі затрыманыя міліцыяй, іх адвезьлі ў пастарунак, сканфіскавалі маску, фотаапарат і зуброўскія кашулькі, склалі пратаколы аб адміністрацыйным парушэньні па арт.156 (дробнае хуліганства). Але празь дзень на “зуброў” завялі справу па арт.368, ч.1 Крымінальнага кодэксу “Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”. Вырак можа быць розны — ад штрафу да пазбаўленьня волі да 2 год. Гэта першы выпадак, калі крымінальная справа за абразу прэзыдэнта дайшла да суду.

 

Ужо паўгоду, як скончыліся прэзыдэнцкія выбары, а рэха гуляе па Беларусі дасюль. Так, цяпер ідзе судовы працэс над пяцьцю землякамі Аляксандра Рыгоравіча са Шклова. Маладых хлопцаў (двое зь іх — непаўналетнія) судзяць за “абразу прэзыдэнта”.

З гумарам у сёньняшніх уладаў цяжкавата. А неўспрыманьне палітычнага гумару — першая прыкмета аўтарытарызму і сталіншчыны. Уладу павінны паважаць і баяцца яе — аксіёма казарменнага сацыялізму. Гэта як і ў жыцьці: кпінаў ня любяць зласьлівыя і закамплексаваныя асобы.

Раздражняльнікамі ў Беларусі выступаюць найперш творчыя людзі. Першым пацярпеў Славамір Адамовіч за вершык “Убей президента”. Вершык падкрэсьлена нелітаратурны, але надзіва асацыятыўны. Гэта была пэўная правакацыя, своеасаблівая бляшня, вырабленая падкрэсьлена няўклюдна. Але ўлады клюнулі, і Славамір атрымаў за свае “гульні ў пацеркі” восем месяцаў зьняволеньня.

Наступным быў Алесь Пушкін з “падарункам прэзыдэнту” за пяць гадоў улады ў выглядзе вазка з гноем, вываленым перад рэзыдэнцыяй. За гэты бліскучы, бездакорны з мастацкага боку пэрформанс ён атрымаў два гады ўмоўна.

Вылучэньне Яўгена Крыжаноўскага кандыдатам у прэзыдэнты я таксама лічу палітычным пэрформансам, у выніку якога тэатар, якім кіруе Крыжаноўскі, цяпер мае праблемы з пляцоўкай...

А што ж адбылося ў Шклове? Лепей за пастанову шклоўскай пракуратуры ня скажаш. Цытую з захаваньнем стылю: “Дзейнічаючы ў адпаведнасьці з распрацаваным плянам, Паўловіч А.В., на твары якога была апранутая маска, імітуючая твар Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р., падышоў да знаходзячыхся на вуліцы вёскі Гарадзец грамадзянкам Усьцінавай В.М. і Ігнатковай М.Я., а Кісялёў М.М. і Шалашкоў Д.А. прадставілі яго жыхаркам вёскі як Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. Празь нейкі час Сенакосаў Д.А. і Патупчык М.Я., на якіх былі апранутыя мэдыцынскія халаты і якія выдавалі сябе за мэдыцынскіх работнікаў, убачыўшы знаходзячагася каля грамадзянак Ігнатковай М.Я. і Ўсьцінавай В.М. Паўловіча А.В., сталі перасьледаваць яго, спрабуючы затрымаць.

Працягваючы свае злачынныя дзеі у мэтах рэалізацыі задумкі, накіраванага на прыніжэньне гонару і годнасьці Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Лукашэнка А.Р., Паўловіч А.В., на твары якога была апранутая маска, імітуючая твар Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Лукашэнка А.Р., выдаючы сябе за указанага главу дзяржавы, увайшоў у гандлёвую залю крамы №36, якая знаходзіцца ў вёсцы Гарадзец, і, зьвяртаючыся да прысутных там грамадзянаў, сказаў: “Вы што, мяне не пазналі? Я — Ваш Прэзыдэнт”. Пасьля чаго ў гандлёвую залю ўвайшлі Патупчык М.Я. і Кісялёў М.М., якія, выдаючы сябе за мэдыцынскіх работнікаў, загадзя ведаючы, што іх дзеяньні назіраюць пабочныя асобы, са словамі “Ўбярэм псіха” завялі Паўловічу А.В. рукі за сьпіну і вывелі з крамы”.

Амаль усе сьведкі, якія выступалі ў судзе, падумалі, што гэта артысты, якія мусілі выступаць увечары ў Гарадцы.

Пракурорка, хрэсьніца Канаплёва, фармальна трымаючыся абвінавачаньня, сама гучна сказала: “Дзеці…” Але судзьдзя адмовіла адвакату ў мастацтвазнаўчай, мовазнаўчай і псыхалягічнай экспэртызе дзеяньняў падсудных. Так што, разумеючы ўсю абсурднасьць гэтага суду, зацугляная шклоўская фэміда, мабыць, усё ж хлопцаў асудзіць.

Сьмех — вось чаго баяцца сёньняшнія ўлады. Значыць, трэба сьмяяцца.

Алесь Бяляцкі

Меркаваньні аўтараў-калюмністаў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0