Крыж заслугі

 

8 гадоў людзі перахоўвалі ксяндза
ад саветаў і нацыстаў

Восем год жыхары вёсак Дарава, Макееўшчына, Літва, што на Баранавіччыне, перахоўвалі ксяндза Шаплевіча ад НКВД і ад немцаў. Пасля ГУЛАГу сьвятар вярнуўся ў сваю парафію. Пра ягонае жыцьцё распавядае айцец Ян Глінка, які стварыў у вёсцы Літва музэй ксяндза Станіслава Шаплевіча.

 

“Калі я ў 95-м упершыню наведаў хатку ксяндза Шаплевіча ў Макееўшчыне, мне падалося, быццам айцец Станіслаў яшчэ жыве і толькі нядаўна некуды выйшаў. Але ж ён памёр 20 гадоў таму, а за хаткай прыглядала спадарыня Ганна Янкоўская. Ад гэтае кабеты, дый ад іншых людзей, я пачаў дазнавацца пра жыцьцё ксяндза і ягоную працу ў парафіі.

Станіслаў Шаплевіч нарадзіўся 14 лістапада 1902 г. у Сэрадзкім павеце Калішаўскай губэрні. У 1920 г. з гімназіі пайшоў у войска, бараніў Варшаву ад Чырвонай Арміі. У 1926 г. паступіў у Пінскую духоўную сэмінарыю, а 24 траўня 1931-га яго пасьвяцілі ў сан сьвятара і накіравалі ў Дараўскую парафію.

 

На той час у Дараве не было касьцёлу. Драўляны згарэў у вайну, у 1915-м. Давялося будаваць новы храм. Каб зарабіць грошы на будоўлю, ладзіліся лятарэі, ставіліся спэктаклі. Але сродкаў усё адно не хапала, давялося пазычыць аж 24 тысячы злотых.

Айцец Станіслаў прапанаваў высякаць цагляныя блёкі для сьценаў касьцёлу зь нямецкіх бліндажоў, што засталіся ад першай сусьветнай вайны (фронт тады йшоў зусім побач, па рацэ Шчары). Блёкі звозілі на сваіх вазах да будоўлі простыя людзі. Праект храму распрацаваў інжынэр з Баранавіч Браніслаў Іванчык. Дарэчы, у 1944 г. у касьцёл трапіла некалькі савецкіх снарадаў, але сьцены вытрымалі — на іх засталіся толькі невялікія паглыбленьні.

15 жніўня 1938 г. Дараўскі касьцёл быў урачыста асьвечаны. Ксяндза Станіслава за ягоную працу ўзнагародзілі Залатым Крыжам Заслугі.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР Шаплевічу давялося хавацца ад НКВД. Дапамагалі простыя людзі з навакольных вёсак, якія перахоўвалі яго спачатку ў Макееўшчыне, пасьля — у Малым Вадзяціне. Не палепшала сытуацыя і пры немцах, якія неўзабаве западозрылі ксяндза ў сувязях з польскай партызанкай. Вернікі адправілі Шаплевіча ў Вадзяцін, аточаны з усіх бакоў балотамі. Там айцец Станіслаў і праводзіў набажэнствы.

Пасьля вяртаньня саветаў у 1944 г. яго зноў пачынаюць шукаць. Ксяндза хаваюць у вёсцы Гарбачы. У хаце спадарыні Арлоўскай пад падлогай для яго была зробленая схованка. Пасьля айца Станіслава перахоўвалі ў Цітоўшчыне. Тамака, у хаце Крывеняў, мелася схованка ў падвойнай сьцяне між кухняй і каморай. НКВДысты толькі праз паўгоду, замераўшы сьцены звонку і ўсярэдзіне, выявілі яе. Але айцец Станіслаў быў ужо ў іншым месцы.

Схапілі яго 1 траўня 1947 г. у вёсцы Літва. Сьцягнулі з гарышча, зьбілі, нацкавалі сабак, якія яго страшэнна пакусалі. Пасьля Шаплевіча завезьлі ў Баранавічы, у турму Крывое Кола. Праз паўгоду яго, як амэрыканскага шпіёна, засудзілі на 25 год і вывезьлі на Інту.

Ксёндз працаваў газамернікам у шахтах. Тамсама праводзіў патаемныя набажэнствы для сваіх сяброў. Маліўся па тых, хто гінуў ад нялюдзкіх умоваў. Пасьля сьмерці Сталіна зрабілася лягчэй, Шаплевіч пачаў ліставацца са сваімі парафіянамі.

Людзі да гэтага часу памятаюць таго, хто выдаў ксяндза ўладам. Вярнуўшыся з ГУЛАГу, айцец Станіслаў сустрэўся з тым чалавекам і прабачыў яму. Пазьней меў зь ім нармальныя адносіны, наведваў ягоны дом.

Пасьля вызваленьня Шаплевіч ня зьехаў у Польшчу, дзе б меў усе выгоды, а застаўся тут, пад пастаянным наглядам органаў. Ён быў зьвязаны з тутэйшымі людзьмі. Яны сталіся ягонай сям’ёю — асабліва пасьля 8-гадовых пераховаў. Вернікі тады аддавалі айцу Станіславу ўсё, каб толькі выратаваць ягонае жыцьцё. Ён разам зь імі працаваў і маліўся. Яму даводзілася нават даіць кароў, пераапрануўшыся ў жаночую вопратку.

Нядаўна я размаўляў з чалавекам, які сустракаў Шаплевіча з ГУЛАГу. Ксёндз ня ведаў, куды падацца, але пра вяртаньне ў Польшчу не хацеў і чуць. Дараўскі касьцёл на той час (1956 г.) быў зачынены: там месьціўся склад. Улады дазволілі ксяндзу працаваць у Макееўшчыне, дзе засталася драўляная капліца.

Вернікі сабралі грошы і збудавалі яму там хатку. У ёй айцец Станіслаў і пражыў усё жыцьцё. Усе грошы і рэчы, якія яму прыносілі, ён аддаваў людзям у патрэбе, жабракам. Калі што і меў, дык гэта кнігі. З усяго навакольля людзі зьяжджаліся да яго на імшу.

Уладам была недаспадобы гэткая актыўнасьць ксяндза, і 11 верасьня 1960 г. яму забаранілі ладзіць набажэнствы. Давялося рабіць гэта патаемна, у сваёй хатцы.

Вернікі пісалі ў Менск і ў Маскву, патрабавалі дазволіць сьвятару служыць. Тады ўлады нагналі ў Макееўшчыну тэхнікі, каб разбурыць капліцу, але вернікі не далі яе зьнішчыць. Тады ў вёску прыехала міліцыя ды пажарнікі, лю-дзей разагналі з дапамогай вадаліваў, актывістаў пахапалі, а пасьля зьнішчылі драўляную каплічку з саламяным дахам.

Ксяндзу Шаплевічу прапанавалі парафію ў Менску, дзе за ім было б лягчэй сачыць, прапанавалі пераезд у горад, абы адарваць яго ад парафіянаў. Ён адмовіўся. Застаўся разам са сваімі вернікамі. Працягваў таемна ладзіць набажэнствы, хрысьціў, спавядаў, хаваў нябожчыкаў.

З Макееўшчыны яго й забрала хуткая ў ноч з 7 на 8 жніўня 1975 г. У тую самую ноч ён памёр у Баранавіцкай больніцы. Ня вытрымала сэрца.

Мы пачалі апытваць людзей, запісваць успаміны пра ксяндза. Аднаўлялі гісторыю жыцьця і працы сьвятара. А пасьля сьмерці Ганны Янкоўскай, якая захоўвала ягоныя рэчы і сама была крыніцай інфармацыі, мы перанесьлі сьціплы ксяндзоў набытак з хаткі ў Макееўшчыне ў Дараўскі касьцёл. А пазьней у вёсцы Літва, у плябані, цалкам аднавілі пакой ксяндза — зрабілі тамака музэй, які кожны можа наведаць.

Дзяржаву не цікавіць такога кшталту гісторыя. Яна была раней нават забароненай. Наступства таго — страх. Людзі баяцца дагэтуль. Нават цяпер праблематычна ўзяць інтэрвію, запісаць успаміны. Тут столькі год жылі бяз Бога, веры, бяз памяці. Гісторыя яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў”.

Запісаў Руслан Равяка, Баранавічы

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0