Рада ААН у правох чалавека выключыла Беларусь ды Кубу з «чорнага сьпісу краін», якія патрабуюць сталага назіраньня. Рашэньне было прынятае позна ўначы. Паседжаньне, якое агулам працягвалася 14 гадзін, некалькі разоў спынялася ў зьвязку са спробай асобных краін блякаваць праект кампраміснага пагадненьня аб новых мэханізмах назіраньня за правамі чалавека.
Паводле дыпляматаў, Беларусь і Куба сталі гэтак званай «разьменнай картай» для сяброў Рады дзеля таго, каб гарантаваць далейшую дзейнасьць гэтага новага праваахоўнага органу ААН.
Сваё рашэньне Рада аргумэнтавала тым, што ў гэтых абедзьвюх краінах спэцдакладчыкі працавалі больш за шэсьць гадоў.
Выключыўшы Беларусь са сьпісу краін, дзе неабходна зьдзяйсьняць кантроль за правамі чалавека, Рада ААН перагледзела рашэньне, якое раней было прынятае структурай‑папярэдніцай — Камісіяй у правох чалавека .
Згодна з рашэньнямі Рады ААН, сталае назіраньне застанецца ў дзевяці праблемных краінах, уключна з Паўночнай Карэяй, Камбоджай, Суданам, Самалі. У дачыненьні да іншых краін‑сяброў ААН будзе ўжывацца практыка пэрыядычнага назіраньня за станам правоў чалавека.
***
Камэнтар Аляксандра Мілінкевіча: Рада ААН па правах чалавека павінна стала назіраць за парушэннямі правоў чалавека, інакш яна не патрэбна
«Беларусь, патрапіўшы пад новы мэханізм пэрыядычнага назіраньня ў галіне выкананьня правоў чалавека, будзе манітаравацца выключна павярхоўна і прыкладна раз на чатыры гады, — лічыць Аляксандар Мілінкевіч. — Прадстаўнікам няўрадавых праваабарончых арганізацыяў будзе немагчыма назіраць за сталымі парушэньнямі ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне. Калі дадзенае кампраміснае пагадненьне аб новым мэханізьме назіраньня за сытуацыяй з правамі чалавека будзе прынятае, Рада ААН ператворыцца ў бездапаможную структуру не маючую магчымасьцяў эфэктыўна кантраляваць выкананьне правоў чалавека ў праблематычных краінах», – заявіў заявіў ляўрэат прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава «Свабода думкі» за 2006 год.