ВОДГУКІ
Дзёньнікавая загадка Максіма Багдановіча
Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька,
Каб лепей скрыдлы разглядзець:
Ударыўшы, памне іх сець,
І яркі пыл сатрэ няспрытная рука.
Максім Багдановіч
Палеміка, якая разгарнулася вакол рукапісу Максіма Багдановіча, так званага “інтымнага дзёньніка” паэта, прымушае нас, супрацоўнікаў музэю Багдановіча, выказаць свае меркаваньні. Распачаў увесь гэты ажыятаж Адам Глёбус, які з нагоды 110-годзьдзя з дня нараджэньня паэта напісаў нататку ў газэту “Звязда” (8 сьнежня 2001 г.), у якой сьцьвярджае, што “трымаў у руках сьпісаныя простым алоўкам пажоўклыя невялікія аркушы”. Было гэта ў 1979 г. у Літаратурным архіве, дзе ў сп.Глёбуса была свая нагода і дзе яму на разьвітаньне прапанавалі “чый-небудзь архіў зірнуць”. “Дзеля прыстойнасьці я назваў архіў Максіма Багдановіча”. Прынесьлі яму кардонную каробку з газэтай за 1927 г. з успамінамі Бядулі пра Максіма Багдановіча і “сшытак зь дзёньнікавымі запісамі паэта”. “Газэту я прачытаў, а дзёньнік ня стаў чытаць”. Ну што ж Вы так, паважаны Адам Глёбус, – трымаць у руках сшытак самога Максіма Багдановіча і не прачытаць! Відаць, тады Вы яшчэ ня так ясна адчувалі сваю “вялікую місію” на гэтай зямлі, як сёньня: “Я, як беларус, маю права на спадчыну клясыкаў сваёй літаратуры і ўсё павінен зрабіць...”
Несумненна, вы маеце права на спадчыну клясыкаў беларускай літаратуры, як, між іншым, усе беларусы. Сумненьне выклікае толькі Ваша права як пісьменьніка, выдаўца, проста чалавека гаварыць, мякка кажучы... няпраўду. Магчыма, Вы і трымалі ў руках сшытак, але які? Калі б гэта быў так званы “дзёньнік” паэта, дык ён і сёньня знаходзіўся б у Літаратурным архіве, а не ў музэі Багдановіча. Людзі дасьведчаныя ведаюць, як няпроста трапляюць экспанаты ў музэі, тым больш з архіваў. Архівы таксама захоўваюць каштоўныя матэрыялы, таму ў музэі яны могуць перадаваць экспанаты хіба ў часовае карыстаньне. Літаратурны музэй Багдановіча вельмі ўдзячны Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музэю літаратуры і мастацтва за тыя матэрыялы, якія ён даваў нам па меры неабходнасьці ў часовае карыстаньне.
Але на сёньняшні дзень фонды нашага музэю ня маюць на часовым захаваньні экспанатаў з вышэйназванага архіву. Што тычыцца рукапісу Багдановіча, які зь нечай “лёгкай” рукі сталі называць “дзёньнікам”, дык ён трапіў у музэй у 1981 г. ад прыватнай асобы. Уявіць сабе, што гэты “дзёньнік” нейкім чынам мог з архіву трапіць да прыватнай асобы, зусім немагчыма. Таму атрымліваецца, што Адам Глёбус трымаў у руках ня “дзёньнік” паэта, а нейкі сшытак, які ён нават не пажадаў прачытаць…
Літаратурны музэй Максіма Багдановіча з поўнай адказнасьцю заяўляе: на самай справе ніякага дзёньніка ці сшытка не існуе! У фондах музэю захоўваецца аўтограф, рукапіс Багдановіча – гэта найпершая каштоўнасьць тых аркушаў, якія так “старанна” ахоўваюцца супрацоўнікамі, як, дарэчы, і ўсе астатнія амаль 16 тысяч адзінак захаваньня.
Што ж уяўляе сабой аўтограф з запісамі накшталт дзёньнікавых, які так гучна называюць “эратычным”, ці “інтымным”, дзёньнікам паэта? Вось даведка, зробленая галоўным захавальнікам фондаў музэю Багдановіча: “Рукапіс уяўляе сабой два лісты паперы. Першы ў разгорнутым выглядзе мае памеры 17,5 см х 44,0 см. Ён складзены 4 разы і ўтварае такім чынам 8 старонак памерам 17,5 см х 11,0 см. Усе 8 маленькіх старонак запоўнены рукапісным тэкстам па 16 радкоў на кожнай старонцы. Другі ліст у разгорнутым выглядзе мае памер 35,5 см х 44,0 см. Ён складзены, як і папярэдні, да памераў 17,5 см х 11,0 см, утварае 16 старонак, зь якіх рукапісам запоўнены толькі 5. Усе запісы зроблены простым алоўкам, напісаныя вельмі дробна, са скарачэньнямі, дрэнна бачныя і амаль нечытэльныя. Папера моцна пажоўкла. У 1983 г. тэкст расчытваўся ў Навукова-дасьледчым інстытуце судовай мэдэкспэртызы Міністэрства юстыцыі БССР, аб чым маецца адпаведная даведка, заключэньне, павялічаная фатакопія рукапісу, зробленая мэтадам сэраграфаваньня, і тэкст расчыткі (машынапіс). Тэкст расчытаны менш чым напалову, цэласнага ўражаньня не стварае”.
А вось заключэньне Навукова-дасьледчага інстытуту судовай экспэртызы Міністэрства юстыцыі БССР (17.05.1983 г.): “Цалкам тэкст прачытаць немагчыма з прычыны невыразнасьці почырку, спрошчанай яго будовы, у выніку чаго цэлы шэраг розных літараў выконваецца аднастайна, а таксама ў сувязі са скарочаным выкладаньнем тэксту (недапісваньнем літараў)”.
Прыведзеныя вышэй характарыстыкі рукапісу сьведчаць пра тое, што, па-першае, гэтыя пажоўклыя аркушы, сьпісаныя дробным, пасьпешлівым, невыразным почыркам, не зьяўляюцца дзёньнікам (маецца на ўвазе сшытак з мэтадычна запоўненымі старонкамі), а па-другое, гэтыя нататкі, безумоўна, рабіліся паэтам для сябе, а не для нечага цікаўнага вока. Выснова гэтая ўзьнікае сама сабой нават пры простым параўнаньні гэтых аркушаў зь любым іншым аўтографам Максіма Багдановіча. Почырк у яго дробны, вытанчаны, літаральна бісэрны, але абсалютна выразны і ніякіх асаблівых намаганьняў пры чытаньні не патрабуе. Выдатна чытаюцца лісты паэта, аўтографы твораў і нават занатоўкі. А тут Максім сьпяшаўся… Сьпяшаўся даверыць паперы сваю таямніцу, сваю загадку, свой любоўны парыў… Сьпяшаўся ўлавіць і занатаваць імгненьні нязьведанага дагэтуль каханьня, каб потым яшчэ і яшчэ перачытваць, перажываць, асэнсоўваць усё тое, што падаравала яму тое крымскае лета 1915 г. Таму, відаць, і ўхапіў першае, што трапілася пад руку, – выпадковыя лісты паперы, а ня ўзяў нейкі сшытак і ня стаў акуратна і ўдумліва выкладаць на ягоных старонках свае адчуваньні, каб потым пакінуць яго нашчадкам як сапраўдны дзёньнік.
Не хацеў Максім на той час адкрыта дзяліцца сваімі ўражаньнямі, магчыма, і сабе баяўся прызнацца ў тым, як глыбока кранулі яго блізкія адносіны з замужняй жанчынай… Эмоцыі ўсё ж ірваліся на волю, і вось вынік – просьценькі вершык “Забудзецца многае, Клава…” Гэты “несур’ёзны” вершык – сьведчаньне таго, што паэт не хацеў выносіць “на публіку” свае сапраўдныя пачуцьці. З успамінаў сябра Максіма Багдановіча па яраслаўскай газэце “Голас” А.Цітова: “…Знаходзячыся на поўдні (1915 г.), Максім Адамавіч сустрэў даму і пакахаў яе, але, на жаль, распавядаў ён, гэтае каханьне прынесла многа журбы і, магчыма, адбілася на здароўі: яна была замужняя і яны не маглі жыць разам”. А ў друку пасьля зьявіўся прыгожы нарыс “Из летних впечатлений”, дзе няма ніякай канкрэтыкі, ніякіх імёнаў, адны толькі сьветлыя пачуцьці і “ўражаньні”. Вось сапраўдны доказ рыцарскага стаўленьня мужчыны да жанчыны. Ня толькі гэты твор, уся паэзія Багдановіча таму доказ.
Жанчына, узьведзеная да вышыні Мадонны, каханьне, узьведзенае да вышыні зоркі Вэнэры, – хіба гэта ня спраўджаньне Максіма Багдановіча як Паэта і Максіма Багдановіча як Мужчыны?! З такіх вышыняў разважаньні аб фізіялягічнай цнатлівасьці паэта, ягоным жаданьні сваім “інтымным дзёньнікам” давесьці адваротнае і такім чынам “уратаваць свой уласны пасьмяротны вобраз” падаюцца сама меней дробязнымі і недарэчнымі. Гэта да публікацыі ў “НН” ад 25 студзеня “Інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча. Для друку/не для друку”. Шкада, што тая гаворка пра высокія матэрыі зьвялася да банальнага: Максім Багдановіч памёр мужчынам ці цнатлівым юнаком?..
Хочацца пажадаць асобным прадстаўнікам беларускай нацыі, якія так імкнуцца вырашыць гэтае пытаньне шляхам шырокай дыскусіі, скіраваць сваю цікаўнасьць да самой Багдановічавай паэзіі і быць больш далікатнымі ў сваіх высновах. Зрэшты, пра гэта гаварыў і сам Максім Багдановіч:
У адным музэі я бачыў
Над японскаю вазаю надпіс:
“Просяць рукамі не датыркацца”.
Тое ж скажу і аб каханьні,
Бо гэта – задушэўная справа,
А чалавецкай душы таксама
Няхораша мацаць рукамі.
Далікатныя людзі самі ведаюць гэта,
А недалікатным аб гэтым напамінаюць.
Цяпер да таго, што “гэты дзёньнік патрабуе камэнтароў, навуковай публікацыі. На сёньня ў музэі няма навукоўцаў адпаведнага ўзроўню, але ў музэю ёсьць амбіцыі мець першую публікацыю. Тут не супадаюць магчымасьці й рэальнасьць”. Што тычыцца навуковага ўзроўню і магчымасьцяў музэю, дык гэта пытаньне спрэчнае, паважаны Адаме Глёбус, а вось рэальнасьць на сёньняшні дзень наступная: перш чым рабіць навуковыя дасьледаваньні, камэнтары і тым больш друкаваць рукапіс, яго неабходна расчытаць цалкам. Думаецца, пры сёньняшняй тэхніцы гэта магчыма. Толькі канчатковая расчытка тэксту дазволіць мець поўнае ўяўленьне пра аўтограф паэта і, у сваю чаргу, ня дасьць магчымасьці некаторым “лірыкам-цынікам” замест шматкроп’я “дадумваць” сваё.
Пра “амбіцыі мець першую публікацыю”. Калі гаварыць пра цытаваньне “дзёньніка”, ніякія амбіцыі тут не дапамогуць, бо радкі зь яго ўжо цытаваліся, і ня раз (часопіс “Нёман”, №3, 1980 г., кніга Алеся Бачылы “Дарогамі Максіма”, 1983., кн. Леаніда Зубарава “Максім Багдановіч”, 1989 г. і інш.). Зусім іншая справа – першая грунтоўная публікацыя з навуковымі камэнтарамі, заўвагамі й г.д. Тут Літаратурны музэй Максіма Багдановіча мае ня толькі “амбіцыі”, але й права пакінуць за сабой вырашэньне пытаньня, дзе, калі, у якім выглядзе будзе (ці ня будзе) надрукаваны так званы “інтымны дзёньнік” паэта, тым больш што права гэтае замацавана Законам Рэспублікі Беларусі (1996 г.) “Аб музэях і музэйным фондзе Рэспублікі Беларусі” (разьдзел VІІІ, артыкул 22).
Супрацоўнікі Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча
Мы
Сярод усіх варыянтаў, прапанаваных на галоўную песьню нацыі, сур’ёзна можна разглядаць толькі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. У гэтым вершы ёсьць усё: ад першага слова “мы” (нашая адказнасьць, “Мы дамо! Мы сіла! Мы права!”) да “Браты, да шчасьця мы падходзім…” (акрэсьленасьць адвечнай чалавечай дарогі) ды “Ў крывавых муках мы адродзім…” — што і ёсьць насамрэч ужо цягам колькіх соцень гадоў нашай гісторыі. Я чуў аргумэнты супраць крывавасьці. Але ж хіба нашая сёньняшняя гісторыя не замяшаная на сёньняшняй крыві? Хіба эстэтыка гімну ня мусіць адпавядаць рэчаіснасьці?
Іншыя варыянты гімну не пасуюць. “Магутны Божа” – геніяльны твор, але ня гімн краіны. Можаце сабе ўявіць, як уся краіна ўздымаецца і сьпявае гімн, у якім апорныя словы: рассып, пашлі, зрабі (двойчы), дай (тройчы). Cем просьбаў на 12 радкоў тэксту. Выкананы не як малітва, гэты твор робіцца жабрацка-спажывецкім. Выканаўцы спадзяюцца на Бога. Яны здымаюць зь сябе адказнасьць за лёс краіны і народу. Калі ж Бог ня дасьць – у чым нашая віна? Мы хоць нічога й не рабілі, але прасілі шчыра.
У “Пагоні” Багдановіча ўжо ёсьць дзеяньне, ёсьць рух, але няма нас саміх. Гэта мастацкае апісаньне беларускага гербу. Неваяўнічы Багдановіч пакідае свайго лірычнага героя пасіўным назіральнікам, які таксама спадзяецца, што, пакуль ягонае “сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць”, літоўская Пагоня зьнішчыць здраднікаў. Дый тое ня пэўна, бо ў творы ёсьць вялікае мо – “Мо яны, Беларусь, панясьліся…” Гэтая няўпэўненасьць аўтара абуджае яго да дзеяньня, але да якога: “за цябе яму ўмерці дазволь”.
Пра “Разьвітаньне з Радзімай” нават няма чаго й казаць. Твор ужо паводле назвы ня можа быць гімнам. І ў ім зашмат лірыкі.
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага