Руслан Равяка
Двайнік
Стафан жабраваў каля базарнага муру. Сядзеў і ў гарачыню, і ў маразы на радзюзе, схіліўшы галаву долу. Побач ляжаў падзёрты капялюш для падаянкі ды счарнелы абраз.
Маразы сёлета былі злыя. Жабрак курчыўся на сіверы ды лавіў момант, каб глынуць непрыкметна гарэлкі. У гэты час ля яго нячутна спыніўся вялізны цёмна-сіні джып, адтуль вылезьлі два лысыя здаравякі, моўчкі падышлі, падхапілі Стафана й прыўзьнялі. Потым адзін зь іх абцёр рукою ў мяккай скураной пальчатцы твар валацугі. Здаравякі пераглянуліся, кіўнулі адзін аднаму і, ні слова ня кажучы, павалаклі небараку да машыны.
Стафан інстынктыўна памкнуўся быў назад — забраць капялюш і абраз. Яму сунулі пад дых і ўпіхнулі ў джып. Праз імгненьне машына дала газу.
Гэта бачылі ўсе, але ніхто не сьпяшаўся ратаваць старога жабрака. Ні міліцыянты, што стаялі ля ўваходу на кірмаш, хоць ім Стафан сплачваў нейкія працэнты з нажабраванага. Ні бандыты, яшчэ адны валацугавы “кампаньёны” ў часе дзяльбы грошай. Тыя толькі праводзілі джып зьдзіўленымі поглядамі. А Стафанавы калегі, зь якімі ён ня раз куляў у падвалах брудныя, пакамечаныя аднаразовыя стаканчыкі з рознымі вадкасьцямі, не ўзьнялі нават галоваў. Працягвалі выпрошваць у мінакоў грошы, і кожны радаваўся, што забралі Стафана, а не яго.
У часы перабудовы Стафан быў у Баранавічах вядомым апазыцыянэрам. Са сваімі прамовамі й прапановамі сядзеў ён як костка ў горле раённага начальства. На пачатку 90-х нават у дэпутатах пахадзіў. Пры канцы 96-га яго пагналі з працы, а жонка празь нейкі час вытурыла з кватэры. Прычынаю быў ці то Стафанаў запой, ці то намесьнік старшыні гарвыканкаму, які хутка заняў ягонае месца ў сям’і. Слынны беларускі патрыёт апынуўся на вуліцы. Пра гэта пісалі ўсе апазыцыйныя газэты, сябры пускалі яго да сябе пажыць пару дзён, налівалі чарку пры сустрэчы. Нават прапаноўвалі грошы. Ён спачатку ня браў. Тым больш што займеў сталы прытулак у дзеда, які адседзеў пры Сталіне “дзясятку” за СБМ. Калі стары памёр, Стафана з той кватэры пагналі.
Пачалося цяганьне па электрычках. Шмат хто з нас бачыў там жабрака, які прасіў па-беларуску: “Паважаныя паны й паненкі, спадары й спадарыні, ахвяруйце, калі ласка, чалавеку, што апынуўся ў нястачы, каб неяк перажыць гэты дзень!” Былыя сябры па барацьбе ўсё часьцей адварочвалі галовы, сустракаючы Стафана ля кірмашу. Некаторыя зь іх зарабілі на змаганьні добрыя грошы, а Стафан — адно жабрацкую торбу. А хутка, відаць, заробіць і сьмерць.
Стафана везьлі некалькі дзён. Спыняліся толькі, каб пакарміць яго хот-догамі, піцай, ды па патрэбе. Нарэшце джып уехаў на падворак вялізнага палацу. Стафана моўчкі завялі ўсярэдзіну, пакармілі, пастрыглі, далі мыла, нажнічкі, шампунь і завялі ў душ. Пасьля яму выдалі чыстую бялізну, новыя порткі, кашулю, ручнік, джылетаўскі станок для галеньня, пену, мыла, адэкалён, зубную пасту й шчотку. Пасялілі ў асобны пакой з душам і прыбіральняй.
Дзьверы ўвесь час былі замкнёныя. Адчынялі іх тройчы на дзень, каб упіхнуць столік на колцах з харчам. Стафан глядзеў тэлевізар, прымаў душ па чатыры разы на дзень, піў піва з арэшкамі й увесь час разважаў, каму і навошта ён спатрэбіўся.
Аднойчы, якраз калі жабрак еў вэнджаную курыцу, заціснуўшы костку ў кулак, дзьверы расчыніліся і ў пакой увайшло некалькі чалавек. Адзін зь іх, якога ўсе паважліва называлі Сяргей Данілавіч, падышоў да Стафана й загадаў яму ўзьняцца. Яны былі аднолькавага росту. Пасьля Ванюша — каржакаваты ахоўнік — працягнуў Стафану паперу й загадаў прачытаць.
— Небольшой белорусский акцент есть, но его можно исправить, — зазначыў маленькі дзядок з-за сьпіны Данілавіча. — А так голос похож, похож голос-то!
Яшчэ адзін, высокі й хударлявы, падышоў да Стафана, памацаў яму сківіцы, падбародзьдзе, нос. Потым кіўнуў Сяргею Данілавічу, маўляў, усё добра.
Ванюша ўмэнт згроб Стафана й пацягнуў з пакою. Амаль бегма праляцелі яны даўжэзнымі калідорамі, выскачылі на двор, і Стафан зноў апынуўся ў цёмна-сінім джыпе. Вуліцы, дамы, машыны, людзі, дрэвы мігцелі перад ягонымі вачыма. Зрок выхапіў з усяго гэтага тлуму старую ржавую шыльду “Свердловск”, а побач — бэтонную стэлу “Екатеринбург”. Хвілінаў празь дзесяць машына спынілася ў лесе, ля будынку, падобнага да санаторыю ці больніцы.
Стафана павялі ў палату, узялі кроў, мачу, зазірнулі ў дупу, прагледзелі сярэдзіну праз кампутар. Пасьля загадалі зьняць порткі й кашулю ды легчы на каталку. “Разьбяруць на органы”, — мільганула ў Стафанавай галаве думка, і ён кінуўся па калідоры ўбок. Але Ванюша адным ударам паклаў яго на падлогу.
Апрытомнеў Стафан ужо ў машыне. У яго ўся галава была ў бінтах. Зь люстэрка задняга віду на яго зірнула мумія.
Стафана зноў прывезьлі ў палац і зачынілі ў пакоі. Раз на дзень прыходзіў доктар Ройзман, здымаў павязкі, глядзеў, тыцкаў пальцам і задаволена цмокаў. Канчаткова бінты зьнялі праз тыдзень. Ледзьве доктар з ахоўнікам сышлі, Стафан кінуўся да люстэрка. Розум не адразу паверыў ва ўбачанае. Зь люстэрка на Стафана сумнымі вачыма пазіраў Сяргей Данілавіч…
Пасьля пачалася навука. Кожны дзень па некалькі гадзінаў Стафан працаваў зь лягапэдам, выпраўляў беларускае вымаўленьне. Калі-нікалі прысутнічаў і Сяргей Данілавіч, вучыў жабрака сваім паводзінам і манеры гаварыць. “Тебя надо было Лукашенкой сделать. Бизнес бы в Белоруссию перенесли!” — сьмяяўся расеец.
Навука, відаць, давала плён, бо аднойчы Данілавіч пасьля чарговых заняткаў павёў Стафана ў свой кабінэт і выцягнуў з сэйфу пляшку каньяку. Жабрак смакаваў пякучы напой і намагаўся згадаць, калі апошні раз каштаваў яго. Здаецца, яшчэ за дэпутацтвам. Так, у 94-м яны разам зь іншым дэпутатам-апазыцыянэрам схаваліся ў кабінэце ды залівалі каньяком прайграныя прэзыдэнцкія выбары. Пасьля той памірыўся з начальствам, кінуў баранавіцкіх нацыяналістаў, пайшоў ва ўладу й бізнэс ды працуе цяпер недзе ў Менску ў Адміністрацыі.
— Дорогой мой Степан, — перарваў хаду ягоных думак расеец. — Мне нужен двойник, который бы мог подстраховать. На встрече там или презентации. Конечно, перед этим я буду посвящать тебя во все детали… Чтобы не выставлял меня придурком…
Стафан выскаліўся й хітнуў галавою. Данілавіч дастаў яшчэ адну пляшку…
Ад таго дня ахову паслабілі. Стафан мог вольна цягацца па доме, заходзіць на кухню й замаўляць сабе ежу, сядзець за дубовым сталом у вялікай бібліятэцы, гартаць газэты й не чытаныя ніколі кнігі. Вечарамі яго зваў да сябе Данілавіч, яны пілі каньяк ды рэзаліся ў “тысячу”. Гаспадар Стафана кіраваў буйной паліўнай карпарацыяй і добра знаўся з самім прэзыдэнтам Расеі.
Ахова ставілася да Стафана з павагай. Вось толькі Данілавіч забраў у жабрака ўсю вопратку, пакінуўшы два аднолькавыя спартовыя строі — каб служкі ведалі, дзе пан, а дзе двайнік.
Тую размову Сяргея Данілавіча з Ванюшам Стафан падслухаў якраз у той вечар, калі пайшоў прасіць, каб яму выпісалі пару беларускіх газэтаў.
— Рассадишь своих здесь, здесь и здесь. Бульбаш приедет к горсовету в 11 ровно. Понял? Потом сразу доложишь мне, я подписываю перевод денег, и мы едем к Ройзману на операцию. Встречаемся там в 17:00. Ты забираешь меня, и сваливаем… Мой новый фэйс помнишь? Узнаешь без карточки?
Стафан ціхенька адышоў ад дзьвярэй. Выцягнуў зь бібліятэчнай паліцы нейкую кнігу, сунуў пад паху, каб ніхто не заўважыў, як дрыжаць у яго рукі, ды падаўся ў свой пакой.
Праз паўгадзіны Данілавіч выклікаў яго ў кабінэт. На стале стаяла пачатая пляшка гарэлкі. Стафан прысеў. Выпілі па кілішку. Сяргей Данілавіч доўга ўглядаўся ў жабрака і нарэшце пачаў:
— Завтра, Степан, ты выполнишь первое суперответственное поручение. Мне надо быть в одном месте, а видеть меня должны совсем в другом. Тебя отвезут к мэрии, там ты выйдешь на улицу. К тебе подойдёт мой человек, передаст пакет…
— Добра…— сказаў Стафан, але адразу паправіўся: — Хорошо.
У гэты час у Данілавіча запікаў сотавы.
— Нормально… завтра буду у вас навсегда… смотрите, чтоб все было готово… до встречи.
Данілавіч наліў сабе яшчэ кілішак са словамі: “Твой белорусский министр звонил, привет тебе передавал, ха-ха!”. Потым заплюшчыў вочы й перакуліў стопку. Стафан кінуўся на расейца, даў кулаком у нос, схапіў за шыю. Той не пасьпеў апамятацца, пырхнуць ад гарэлкі, бо Стафан з усяе сілы абхапіў горла боса й пачаў сьціскаць-сьціскаць-сьціскаць. Бос яшчэ выцяў яго ў жывот. Яны пакаціліся па падлозе… У гэтай барацьбе перамагло дзікунства. У такіх умовах Стафан выжываў ужо колькі год.
Ён распрануў яшчэ цёплага Данілавіча, нацягнуў на яго свой спартовы касьцюм, а сам убраўся ў гарнітур. Асьцярожна перанёс гальштук, каб той не разьвязаўся. Стафан ужо ня памятаў, як яны завязваюцца, тыя гальштукі. Верхняя шуфляда пісьмовага стала была прыадчыненая. У ёй ляжаў новенькі беларускі пашпарт, тыдзень як выпісаны, са Сьцяпанавай фатакарткай і на яго ж прозьвішча. Прапіска ў Менску на вуліцы імя аўтара “Хлопчыка і лётчыка”. Глыбей у шуфлядзе ляжаў прыгожы бліскучы пісталет. Стафан узяў яго, зьняў з засьцерагальніка й стрэліў у труп.
Праз імгненьне ў пакой уляцеў Ванюша, а зь ім бугаі зь пісталетамі. Стафан тыцнуў руляй у труп:
— Уберите…. Сучара, видно, пронюхал… Запихните в мою машину и оставьте за городом. Ванюша, мы с тобой сейчас к бухгалтеру, а потом в косметический салон. План из-за этого придурка немного меняем…
Ноччу Стафан зь перавязанай галавою драмаў на пярэднім сядзеньні аўто. Побач Ванюша круціў руль. Фары расьсякалі цемру, вецер разьбіваўся аб шкло. Жабрак вяртаўся на Радзіму. Вяртаўся самім сабою. Вяртаўся багатым і паважаным. Ягоныя грошы ляжалі ў беларускіх і швайцарскіх банках. Стафан ехаў у новае жыцьцё.
У прыемнай дрымоце (хоць і балелі крыху скулы) ён думаў, куды ўкладзе грошы, разважаў пра новую апазыцыйную партыю, якую ўзначаліць.
Пасьля нечакана ўсьміхнуўся й спытаў у кіроўцы:
— Ну, Ванюша, как жить думаешь в чужой стране? Придётся учить белорусский язык. Будешь теперь Янкам или Яначкам…