Дарагія суродзічы,

Вітаю вас з Днём 25 сакавіка, нашым вялікім нацыянальным сьвятам, якое вы называеце Днём Волі, а мы тут, на чужыне, называем Днём Незалежнасьці.

Усе мы ведаем, што народ наш сёньня ня ёсьць вольным. Ці ж можна гаварыць аб волі, калі людзі зьнікаюць за тое, што думаюць інакш, як улады, калі закрываюцца незалежныя газэты ды арыштоўваюцца прадпрымальнікі за прыдуманыя праступствы, калі штрафуюць ды зьбіваюць нашую моладзь за тое, што яна дамагаецца права жыць бяз страху, калі зьдзекуюцца з нашых навукоўцаў, бо яны кажуць праўду? Баліць мне сэрца за ўсіх гэтых муча-нікаў нашых часоў – ахвяраў нялюдзкага рэжыму, які пануе над вамі. Баліць мне яно таксама за тых з вас, мае дарагія суродзічы, што яшчэ вераць чалавеку, які ня толькі ня дбае пра ваш дабрабыт, але які гатовы прадаць вас, каб утрымацца пры ўладзе. Бо ж вы, якія верыце дыктатару, таксама ахвяры несумленнасьці ды лжы гэтага рэжыму.

Але хацела б я ў гэты сьвяточны дзень папрасіць вас, каб задумаліся вы таксама над пытаньнем незалежнасьці Рэспублікі Беларусі.

Ці забаранялася б вам сьвяткаваць 25 Сакавіка, каб край наш быў незалежным? Ці баяліся б вы гаварыць па-беларуску ў прысутнасьці ўніформаў, калі б вы сябе адчувалі жыхарамі незалежнай беларускай дзяржавы? Ці ўважалі б вы, што карысьней для вашых дзетак вучыцца на чужой мове, каб даць сабе рады ў жыцьці, калі б сапраўды верылі, што жывяце ў сваёй уласнай краіне, у сваім уласным доме, дзе толькі вы гаспадары? І ці трэба было б бараніць магілы сваякоў і суродзічаў, закатаваных у часы сталінскага тэрору, калі б Беларусь была незалежнай дзяржавай? Бо ж якая незалежная дзяржава будавала б дарогу на касьцях продкаў?

На жаль, край наш і надалей пад ботам чужакоў ды іхных паплечнікаў. Таму і змушаныя мы працягваць змаганьне за незалежнасьць. Бо толькі ў незалежнай Беларусі пазнае наш народ, што такое сапраўдная воля, што такое сапраўды быць гаспадаром у сваім доме.

Дарагія мае суродзічы, у нашых руках і толькі ў нашых руках будучыня нашага народу і нашага прыгожага краю. Бог нам дапаможа, сьвет нам паспрыяе, але толькі мы зможам зрабіць Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай ды выратаваць яе ад сьмерці. Гэта наш сьвяты абавязак перад Богам, Бацькаўшчынай ды тысячамі папярэднікаў-патрыётаў, што змагаліся за справядлівасьць і свабоду.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0