З усёй краіны

 

Адпачыў на ўсю катушку

Аляксандар Лукашэнка праводзіў свой адпачынак у 5-зоркавым гатэлі “Клястэрброй”, інтэрнэт-сайт якога рэклямуе гэтую ўстанову як “самы шалёны гатэль у Альпах”. Лукашэнка прабыў там да нядзелі 17 сакавіка. Адны суткі ў апартамэнтах, што заняў беларускі прэзыдэнт, каштуюць 780 эўра (звыш 700 даляраў). Дзесяцідзённае пражываньне А.Лукашэнкі пад Інсбрукам абышлося ў суму, якая перавышае ягоны афіцыйны гадавы заробак.

Б.Т.

СТРАЧАНЫЯ АШЧАДЖЭНЬНІ ўсім грамадзянам мае кампэнсаваць Нацбанк. Выплаты распачнуцца налета й будуць цягнуцца недзе 20 гадоў. Штогод на кампэнсацыю будзе выдаткоўвацца ад 50 да 100 млн. даляраў. Эканамісты непакояцца, што падобны праект можа прывесьці да скачка інфляцыі.

НА 6% патаньнелі крэдыты. Цяпер за іх трэ будзе плаціць 60% у год. Гэта сталася вынікам утаймаваньня інфляцыі. У студзені яна складала 6,1%, у лютым — 3,6%, у першы тыдзень сакавіка — 0,8%. Гэта на некалькі дзясятых працэнта менш, чым у тыя ж месяцы мінулага году.

СПАЖЫВЕЦКІЯ ВЫДАТКІ сярэдняй беларускай сям‘і пры канцы мінулага году склалі каля 110 даляраў у месяц. Найболей грошай на харчаваньне, адзеньне, транспарт, камунальныя паслугі, адукацыю і культуру выдаткоўвалі сем‘і ў Менску (155 даляраў), а найменш — у вёсках (76).

КВАТЭРЫ падаражэюць на 500—1000 даляраў у найбліжэйшыя месяцы. Рыэлтары тлумачаць гэта падвышэньнем кошту новабудоўляў. Калі дамы, што будуюцца за льготныя крэдыты, у параўнаньні зь мінулым годам патаньнелі на 6%, дык дамы, што будуюцца за асабістыя сродкі насельніцтва, падаражэлі на столькі ж. Як вынік, сёньня цана “квадрату” ў новабудоўлях Менску вагаецца ад 290 да 420 даляраў.

СЬПІРТОВЫМ НАПОЯМ нізкае якасьці аддаюць перавагу беларусы. Статыстыка сьведчыць, што сёлета ў студзені (адносна студзеня мінулага году) грамадзяне краіны купілі на 22,8% болей таннага віна, але затое на 6,9% меней шампанскага, на 4,1% — гарэлкі і на 2,1% — піва.

ДА 15 ЧЭРВЕНЯ забаронены рух на ўчастку Менскай кальцавой дарогі ад ЦЭЦ-4 да гарадзенскай трасы: рамонт.

КОЖНУЮ ДВАНАЦЦАТУЮ краму мадэрнізуюць сёлета ў Менску. Апроч рамонтаў, у іх усталююць сьветлавую рэкляму.

СТАЎКІ АРЭНДЫ ПАМЯШКАНЬНЯЎ у сталіцы сёлета ня зьменяцца. Выключэньне Менгарвыканкам зрабіў толькі для “абменьнікаў” — за квадратны мэтар іх арэнды адгэтуль трэба плаціць ня 30, а 15 даляраў.

АСОБНЫЯ ПРАЯЗНЫЯ на аўтобусы і тралейбусы ўводзяць з 1 красавіка ў Гомелі. Кошт кожнага з гэтых праязных ацэньваецца ў 40 паездак. Дагэтуль адзін камбінаваны праязны “аўтобус-тралейбус” разьлічваўся на 60 паездак.

ЗЬМЕНШЫЛАСЯ КАМПЭНСАЦЫЯ асобам, якіх звальняюць па скарачэньні штатаў. Раней у такім выпадку выплачвалася 6 сярэдніх заробкаў, цяпер — 3. Гэтая пастанова Міністэрства працы тычыцца дзяржаўных службоўцаў і “бюджэтнікаў”.

КВОТУ НА АДЛОЎ 50 тыс. тонаў рыбы ў сваёй марской зоне абяцае сёлета даць нашай краіне Расея. Пакуль у Беларусі вырашаюць, што выгадней: купляць караблі або арандаваць іх у расейцаў. Усяго цягам мінулага году беларусы спажылі 140 тыс. тонаў рыбы.

АД 140 ДА 280 МЛН. ДАЛЯРАЎ цягам найбліжэйшых трох гадоў дасьць Беларусі Сусьветны банк. Сума залежыць ад таго, ці распачне беларускі ўрад рэформы. Грошы пойдуць на праграмы ашчаджэньня паліўных рэсурсаў, прафіляктыкі СНІДу і сухотаў, а таксама зьмяншэньня наступстваў Чарнобылю.

ПРОДАЖ АМЭРЫКАНСКІХ курыных кумпячкоў хочуць забараніць і ў Беларусі. Каштуюць яны каля 1,5 даляра, тады як беларускія — 2. З-за розніцы цэнаў айчынныя птушкафабрыкі сёньня працуюць са стратамі — ня могуць прадаць сваіх бройлераў.

УМОВЫ ПРЫВАТЫЗАЦЫІ “КРЫНІЦЫ” акрэсьліў беларускі ўрад. Ён згодны прадаць “Балтыцы” 30% акцыяў бровару за 24,5 млн. даляраў, 37,9% — за 50 млн. Кантрольны пакет каштуе тыя самыя 50 млн., але атрымаюць яго расейцы, толькі калі мадэрнізаваная “Крыніца” будзе працаваць на поўную сілу. Яшчэ “Балтыка” мусіць абавязацца пабудаваць лядовы палац на базе стадыёну Трактарнага заводу і вырошчваць ячмень для піва ў беларускіх гаспадарках.

Сяржук Іваноўскі

пацярпелыя за Беларусь

У Маладэчне 15 сакавіка за распаўсюд незалежных выданьняў затрыманыя маладафронтаўцы Максім Гурскі і Алесь Рыдзеўскі. У Віцебску за тое самае 15 сакавіка затрыманы сябра КХП БНФ Уладзімер Плешчанка. Мікола Статкевіч за арганізацыю шэсьця ў Дзень Канстытуцыі атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Скончылася крымінальная справа аб абразе прэзыдэнта шклоўскімі “зубрамі”. Непаўналетнія Максім Патупчык і Алесь Паўловіч аштрафаваныя на 20 мінімалак, паўналетнія Міхаіл Кісялёў, Дзяніс Сенакосаў, Зьміцер Шалашкоў – на 100. Між тым, мінімальны заробак (17 тыс. рублёў) з 1 сакавіка не зьяўляецца вызначальнікам штрафу, дзейнічае т.зв. базавая адзінка ў 10 тыс. рублёў. У ноч з 16 на 17 сакавіка абрабавалі офіс берасьцейскага аддзяленьня “Вясны”. Зладзеі зламалі дзьверы й вынесьлі два сыстэмныя блёкі, два маніторы, прынтэр, тэлефон-факс, ксэракс, мадэм, сканэр, два дыктафоны, фотаапарат, магнітафон.

На 27 сакавіка перанесены разгляд крымінальнай справы Натальлі Брэль, якая абвінавачваецца па двух артыкулах – публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт.368. Ч.1 КК РБ) і паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт.367. Ч.1). Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Суд мусіў пачацца 18 сакавіка ў Рэчыцы, але быў перанесены, бо абвінавачваная не прыйшла. Суд вырашыў прывесьці Натальлю прымусова.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0