Лісты ў рэдакцыю

 

Як выхоўваць салдатаў

Я, як былы вайсковец, цікаўлюся становішчам нашага войска, слухаю радыёперадачу “Служу Айчыне”. Гавораць там ня толькі аб дасягненьнях і посьпехах войска, але і аб нэгатыўных зьявах. Так, з году ў год парушальнікаў службовай дысцыпліны ня меншае, а нават дзе-нідзе большае. Вайсковае кіраўніцтва ўсіх рангаў б’ецца як рыба аб лёд, а становішча з дысцыплінай у казармах ня лепшае. Я, як прафэсіянал, ня веру, што кіраўніцтва ня ведае прычынаў гэтага. Уявіце сабе, што 18–19-гадовыя хлопцы зь сярэдняй альбо сярэдняй тэхнічнай адукацыяй, зь неблагім інтэлектам, прыходзяць у казарму “беларускага войска”. І бачаць ня маці-радзіму, якую павінны абараняць, а штосьці незразумелае і чужое іхнаму сэрцу. Іх апранаюць па-ранейшаму ў эсэсэраўскую форму з тымі ж вайсковымі адзнакамі, зорачкамі. Жаўнер хоча ў казарме пачуць дый пачытаць беларускае слова, а яно тутака забаронена. Жаўнера ставяць ахоўваць сьцяг часьці. Сэрца адукаванага хлапца не прымае гэтага сьцяга ісламскіх колераў. Жаўнеру дзяўбуць, што вакол ворагі скрыгочуць зубамі, хочуць зьнішчыць усю СНД, таму ён хутчэй павінен аб’яднацца з расейскім жаўнерам і г.д. Салдат у роспачы, ён ужо не разумее, якой краіне ён служыць, каго абараняе і дзеля чаго ахвяруе. Малады хлопец ведае адно, а бачыць і чуе другое. У выніку адны спаганяюць сваю злосьць на “маладых”, другія з роспачы п’юць гарэлку, трэція ўцякаюць да бацькоў, а шустрэйшыя робяць усё магчымае, каб зусім ня трапіць у войска. А зараз уявіце сабе другую карціну. У войску пануе дзяржаўная мова. Афіцэры – шляхетныя. У казарме вісяць патрэты Сапегі, Астроскага, Семяновіча, Касьцюшкі, Каліноўскага. Свае песьні накшталт “Пагоні”, не чужыя, сапраўды будуць уздымаць пачуцьцё годнасьці.

Як усё проста. І гэтае простае называецца – Беларуская нацыянальная ідэя. Ва ўсім сьвеце жаўнераў выхоўваюць перш-наперш на нацыянальнай ідэі, гэта галоўны стрыжань. На жаль, у беларускім войску пануе чужая ідэя, а чужароднае яшчэ нідзе ніколі не прыжывалася. Калі мы будзем жыць сваім розумам, а не скакаць пад чужую дуду, тады ў нашым войску ня будзе ні парушальнікаў, ні ўцекачоў, бо будзе гонар за Бацькаўшчыну.

Мікола Жук, Пружаны

Гімн мове

8 кастрычніка 2001 г. у газэце “Наша Ніва” ў літаратурным сэмінары “Варштаты” я прачытаў: “Апанасу Цыхуну: “Верш “Родная мова” правільны ва ўсіх сэнсах. Відаць, гэта і псуе яго. Хаця калі над ім яшчэ папрацаваць, то можа атрымацца гімн роднай мове. Паспрабуйце!”

Вось я і пастараўся над ім папрацаваць. І не адзін, а разам з кампазытарам Аляксандрам Шыдлоўскім. Дасылаю яго вам, на ваш суд. Добра было б, каб ён пайшоў у людзі.

Апанас Цыхун, Горадня

 

Родная мова

Музыка Аляксандра Шыдлоўскага

Словы Апанаса Цыхуна

 

О, матчына мова! Крывіцкая мова!

У роднай старонцы красуй, маладзей!

Хоць нелюдзі сыкаюць, ладзяць аковы,

А ты нам на славу зьвіні, прыгажэй!

Хай злыдні лютуюць, грымяць навальніцы –

Цябе не заглушаць ніколі, о не,

бо выткана ты нам са звону крыніцаў,

дзе сын Беларусі спрадвеку жыве.

Дзе шлях свой цярэбіць да Балтыкі Нёман,

Дзе дрэмле ўрачыста ў вяках Белавеж,

Дзе клікала ў бой з крыжакамі Пагоня –

там, родная мова, між нас не засьнеш!

Ты, родная мова, як звон жаўруковы,

Як неба прываблівых думак і мар!

Ты нацыі нашай жыцьцё і аснова –

бясцэнны скарб сэрцаў, прадзедаўскі дар!

Апанас Цыхун (нар.1910) — заслужаны настаўнік Беларусі, жыве ў Горадні.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0